Знаёмцеся: Пiпi!
Знаёмцеся: Пiпi!
Кніжная палiца На беларускай мове цяпер можна прачытаць пра дзяўчынку, у якой мама анёл, а тата афрыканскi прынц, а сама яна марыць стаць пiратам i завуць яе Пiпi Доўгаяпанчоха. Гэта першае беларускае выданне гэтай кнiгi шведскай пiсьменнiцы Астрыд Лiндгрэн, якое ажыццявiла выдавецтва Змiцера Коласа. I можна сказаць, што беларуская мова стала 64-й па лiку, на якой загаварыла "Пiпi Доўгаяпанчоха". Менавiта Пiпi — таму што так насамрэч завуць дзяўчынку па-шведску, настойвае перакладчык Дзмiтрый Плакс. Былы мiнчанiн, якi цяпер жыве ў Швецыi, зрабiў пераклад на беларускую мову з мовы арыгiнала. Якасць свайго перакладу ён праверыў самым надзейным чынам: чытаў пра Пiпi свайму пяцiгадоваму сыну. Хлопчык смяяўся, а тата працаваў. Не вельмi проста гэта было, таму што пераклад — гэта заўсёды кампрамiс. З гэтым пагадзiлася дачка славутай шведскай пiсьменнiцы, Карэн Нюман, якая сама з’яўляецца перакладчыцай. Яна спецыяльна прыехала на прэзентацыю ў Мiнск, каб прадставiць кнiжку сваёй мацi. Беларусь стала, бадай, адзiнай краiнай у свеце, дзе Карэн сама распавяла гiсторыю з’яўлення дзяўчынкi па iменi Пiпi: — Мама многа чытала мне i майму старэйшаму брату. Гэта быў добры спосаб знаходзiцца разам з дзiцем. Аднойчы я захварэла i вымушана была ляжаць у ложку, а гэта было не надта весела. I тады ў мяне ўзнiкла iдэя. Калi мама прыходзiла чытаць мне, каб утрымаць яе даўжэй, я прасiла яе расказаць пра дзяўчынку па iменi Пiпi. Я прыдумала яе зiмой. А ўвесну, калi на мой дзень нараджэння прыйшлi дзяўчаты з майго класа, сярод iх мама ўбачыла адну рудую, вяртлявую, якая нiяк не хацела гуляць з iншымi. Менавiта гэтая дзяўчынка завяршыла вобраз Пiпi Доўгайпанчохi. Але напiсала пра Пiпi Астрыд толькi тады, калi ў яе з’явiўся час: мама працавала сакратаркай, але аднойчы на шпацыры вывiхнула нагу, вымушана была знаходзiцца дома. Потым рукапiс выдавецтвы не хацелi браць. Астрыд не вельмi расстроiлася, але ўсё-такi перарабiла кнiжку, трошкi "пастрыгла" Пiпi Доўгуюпанчоху. Для мяне Пiпi — гэта сама Астрыд, я ў дзяцiнстве iх не падзяляла. Аднак калi кнiгу выдалi, то на вокладцы была я з мамай... Яна была цудоўнай бабуляй, у яе было шмат унукаў, яна з задавальненнем з iмi гуляла. У гэтых гульнях яна была ведзьмай. Дзецi яе вельмi любiлi. У самой Карэн Нюман чацвёра дзяцей i дзесяць унукаў, але яна нiколi не хацела пiсаць дзiцячыя кнiгi. Але калi ёсць нагода, то яна пагаджаецца чытаць кнiгi мацi перад аўдыторыяй па-шведску, як гэта было ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi. Нiбыта гэта рабiла сама Астрыд Лiндгрэн — вельмi ўжо дачка падобная на мацi, асаблiва голас. Не дзiва, што дзецi з бацькамi выстраiлiся ў доўгую чаргу, каб атрымаць аўтограф... цi не ад самой Пiпi. Напэўна, i Карэн Нюман павiнна запомнiць свой прыезд у Беларусь. Яна наведала цэнтральную дзiцячую бiблiятэку, дзе ёй вельмi спадабалася, мела экскурсiю па Мiнску. Але галоўнае, што ўдалося за два днi вiзiту — даць магчымасць беларускiм дзецям палюбiць незвычайную дзяўчынку "Пiпi Доўгуюпанчоху". Таму што цяпер яна будзе жыць у нашых бiблiятэках. Ларыса ЦIМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На беларускай мове цяпер можна прачытаць пра дзяўчынку, у якой мама анёл, а тата афрыканскi прынц, а сама яна марыць стаць пiратам i завуць яе Пiпi До
|
|