Салдацка-партызанская вячэра 3 ліпеня 1944 года
Салдацка-партызанская вячэра 3 ліпеня 1944 года
"Мне споўнілася 18... Калi пераставiць лiчбы!" — гэта першае, што паведамiў пра сябе Аляксандр Аляксандравiч Мазуркевiч, патэлефанаваўшы ў "Звязду". Выдатнае пачуццё гумару ў нашага даўняга чытача, ветэрана Вялiкай Айчыннай вайны! ... А праз якую хвiлiну ён удакладняе: "Сваё 18-годдзе я адзначаў 10 мая 1945 года ў Берлiне". Аляксандр Мазуркевiч выпiсвае "Звязду" — таму што любiць беларускую мову. Дарэчы, у 1943 годзе ён быў прыняты ў склад дыверсiйна-разведвальнай групы партызанскай брыгады iмя Чкалава, якая займалася ў тым лiку i агiтацыйнай работай сярод мясцовага насельнiцтва. Паколькi Саша Мазуркевiч добра ведаў родную мову, у яго абавязкi ўваходзiла чытанне лiстовак, зводак Саўiнфармбюро, падпольных газет, сатырычных лiсткоў, iншых партызанскiх друкаваных выданняў, якiя ў асноўным выпускалiся на беларускай мове. ...А патэлефанаваў ветэран у рэдакцыю пасля публiкацыi матэрыялу пра маладую пiсьменнiцу, лаўрэата звяздоўскага конкурсу апавяданняў за 2007 год "Дар’я Лiс, зямлячка Агiнскага" (3 чэрвеня г.г.). Аляксандр Аляксандравiч напiсаў лiст i прынёс у рэдакцыю. "Дарагая ўнучачка Дашанька" (дазволь цябе так называць, таму што мая адна ўнучка закончыла, а другая вучыцца ва ўнiверсiтэце iмя М. Танка). Чытаю публiкацыю пра цябе са слязамi на вачах. Гэта былi слёзы радасцi за тваю мужнасць i аптымiзм. Я схiляю перад табой сваю галаву. Ты такая гераiня, як i герой рамана Астроўскага "Як гартавалася сталь" Паўка Карчагiн. Гэты раман я насiў як зброю, калi быў у партызанах. Мне было тады 16 гадоў... Чытаў я яго ў вольную часiну маладым партызанам i моладзi ў вёсках партызанскай зоны. Трэба дадаць, што часта слухачамi былi i дарослыя. З павагай i самымi найлепшымi пажаданнямi ў тваiм жыццi дзядуля Мазуркевiч Аляксандр Аляксандравiч". *** Разам з пiсьмом прынёс ветэран у рэдакцыю i купон для звяздоўскай латарэi. Трэба сказаць, што Аляксандр Аляксандравiч даволi ўдачлiвы падпiсчык: двойчы яму шанцавала ў латарэi — выйграў тэлевiзар i 10 трубак шпалераў. *** Дзень 3 лiпеня 1944 года для Аляксандра Мазуркевiча асаблiва памятны. Ветэран успамiнае: — Значную дапамогу ў вызваленнi Мiнска ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў аказалi дзеючай армii партызаны. У той час я быў партызанам асобнага атрада Iвянецкай зоны Баранавiцкага партызанскага злучэння. Памятаю, у апошнiя днi чэрвеня наша група — 25 партызан на чале з камандзiрам атрада П.А. Алыбiным — на конях выехалi ў накiрунку Мiнска для выканання баявой задачы. Настрой быў бадзёры. Вельмi хацелася як мага хутчэй сустрэцца са сваiмi вызвалiцелямi, якiх чакалi тры гады. Ранiцай 3 лiпеня атрымалi загад рухацца да Мiнска, да якога было амаль 25 км. Надвор’е стаяла надзвычай сухое i гарачае. Ужо добра было чуваць грукат гармат. У небе праляталi нашы знiшчальнiкi. Каля вёскi Глухое Пярхурава Дзяржынскага раёна (яна амаль цалкам была спалена разам з жыхарамi ў студзенi 1943-га, пасля вайны не адрадзiлася), непадалёк ад нас, разарвалася некалькi снарадаў. Хто i адкуль страляў — высветлiць не ўдалося. Гэты выпадак крыху затрымаў наш рух. У сярэдзiне дня (гадзiн у 14—15) пад’ехалi да вёскi Пцiч. Нам паведамiлi, што ў суседняй вёсцы Новы Двор ужо, мабыць, нашы войскi. Рушылi туды. Па дарозе давялося ўступiць у перастрэлку з невялiкай варожай групай, якая ўхiлiлася ад бою. На падыходзе да вёскi з хмызняку насустрач нам выходзяць чырвонаармейцы. Спачатку спыталi, хто мы, праверылi дакументы: партызанаў яны бачылi ўпершыню. А што пачалося потым — нават цяжка расказаць! Моцныя поцiскi рук, гарачыя абдымкi, пацалункi, падкiдванне ўгору... Гаворцы не было канца. Пыталiся, адкуль мы родам, як ваявалi, цi доўга ў партызанах... Нас шчыра частавалi трафейнымi ласункамi, а пасля запрасiлi на салдацкую вячэру. Але яна, на жаль, не адбылася. Пачалася густая стралянiна, на вёску рухалася нямецкая калона: вораг не ведаў, што гэты населены пункт ужо вызвалены Чырвонай Армiяй (думалi, што тут партызаны). Мы вымушаны былi адкласцi ўбок кацялкi з такой смачнай салдацкай кашай i ўзяцца за зброю. Разам з вайскоўцамi адбiвалi варожы нацiск... Калi стралянiна амаль спынiлася, наступiла трывожная ноч. На досвiтку, 4 лiпеня, як толькi мы крыху ад’ехалi ад вёскi, адразу трапiлi пад варожы агонь. Гэта былi немцы, якiх мы вечарам разагналi ў час бою. Трэба было тэрмiнова шукаць выйсце са складанага становiшча. Дзейнiчалi сумесна: чырвонаармейцы i партызаны. Мяне i яшчэ чатырох хлопцаў (з iх памятаю Пятра Лукашэвiча i Юзiка Мяцельскага) з двума ручнымi кулямётамi камандзiр накiраваў нанесцi ўдар па ворагу з тылу. Хутка i ўдачна выканалi загад. Сярод немцаў пачалася панiка, яны сталi разбягацца, кiдаючы зброю i параненых. I вось тут вельмi спатрэбiлiся нашы конi. Мы даганялi ворага i бралi ў палон. У гэтым баi было знiшчана i ўзята ў палон каля 100 захопнiкаў, сярод якiх было некалькi здраднiкаў са Смаленскай службы бяспекi, якiя ў апошнi час люта зверствавалi ў Мiнску. Такiм чынам, мы разам з чырвонаармейцамi двойчы вялi бой з ворагам i выйшлi пераможцамi — вечарам 3-га i ранiцай 4 лiпеня 1944 года. Пасля бою мы накiравалiся ў Мiнск, а нашы вызвалiцелi — на захад бiць ворага. *** Аляксандр Мазуркевiч прызнаецца, што гэта другi па значнасцi дзень яго жыцця. А найгалоўнейшы — Дзень Перамогi, якi ён сустрэў у Берлiне. ...Пасля вызвалення Беларусi партызанскi атрад абясшкоджваў немцаў, якiм удавалася ўцячы з "мiнскага катла", i здраднiкаў Радзiмы, якiя хавалiся ад расплаты за свае злачынствы перад народам. Давялося памяняцца з немцамi тактыкай. — Мы выйшлi з лясоў, а яны, наадварот, беглi ў лес. Узнiкалi вельмi сур’ёзныя сутычкi, некаторыя фашысты-фанатыкi супрацiўлялiся да канца. Мы неслi страты — i гэта пасля злучэння з Чырвонай Армiяй, калi была вызвалена сталiца Беларусi i нашы войскi выйшлi на дзяржаўную гранiцу... На гэтым этапе атрад знiшчыў i ўзяў у палон каля 200 нямецкiх салдатаў i афiцэраў. Пасля расфармiравання атрада ў канцы лiпеня 1944-га Мазуркевiча ў армiю не ўзялi — з-за ўзросту. Некалькi месяцаў працаваў на чыгунцы. "А як толькi пачалi прызываць мой год, адразу пайшоў добраахвотнiкам на фронт. Ад бронi, якую меў, адмовiўся". У складзе войскаў 1-га Беларускага фронту Аляксандр Мазуркевiч дайшоў да Берлiна, дзе i сустрэў Перамогу. А назаўтра, 10 мая, адзначыў 18-годдзе. ...Пасля дэмабiлiзацыi ў 1951-м — у 25 гадоў! — пайшоў у 7-ы клас вячэрняй школы. Пасля дзесяцiгодкi вячэрне скончыў тэхнiкум i завочна — iнстытут. Ён вырашыў стаць будаўнiком, таму што за вайну надта шмат бачыў разбурэнняў-руйнаванняў. Больш як 40 гадоў працаваў у будаўнiчым трэсце № 15 "Спецбуд" г. Мiнска. I цяпер Аляксандр Аляксандравiч ашчадна захоўвае шматлiкiя Ганаровыя граматы — ад самых розных высокiх структур. — Ганаруся, што мне пашанцавала працаваць больш за 30 гадоў ва ўпраўленнi механiзацыi № 70 трэста, у тым лiку 12 гадоў — кiраўнiком. Працаваў разам з таленавiтымi, высокапрафесiйнымi, заслужанымi людзьмi. Сярод iх Герой Савецкага Саюза Гiнтаўт Вiтольд Мiхайлавiч (яго iмем названа вулiца ва Ўруччы), Герой Сацыялiстычнай Працы Мiсуноў Сямён Мацвеевiч, заслужаныя будаўнiкi Беларусi Аляксандр Маграшоў, Пётр Цi-ханкоў, Максiм Семянцоў, Iван Багданаў. *** Аляксандр Аляксандравiч паказвае цiкавыя фотаздымкi сустрэч былых партызан брыгады iмя Чкалава ў вёсцы Пцiч Мiнскага раёна. Там на партызанскiх могiлках брыгады ўстаноўлены помнiк. Штогод з’язджалiся сюды былыя партызаны брыгады з усёй Беларусi i iншых рэспублiк Савецкага Саюза. — На вялiкi жаль, час бярэ сваё. На сёння жывых засталося зусiм мала... *** Самымi дарагiмi ўзнагародамi Аляксандр Аляксандравiч Мазуркевiч называе медалi "Партызану Айчыннай вайны" i "За ўзяцце Берлiна". Зусiм маладзенькi партызан дайшоў ажно да Берлiна! Ён гаворыць, што асаблiвых подзвiгаў не здзяйсняў. I тлумачыць: "Бiяграфiя i ўсё маё жыццё — тыповыя для маiх равеснiкаў, для майго пакалення...". Таццяна ПАДАЛЯК.
Фота з сямейнага архiва А. Мазуркевiча і Марыны Бегунковай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Мне споўнілася 18... Калi пераставiць лiчбы!" — гэта першае, што паведамiў пра сябе Аляксандр Аляксандравiч Мазуркевiч, патэлефанаваўшы ў & |
|