"Самалёты ляцяць ва ўсе адрасы, акрамя майго..."
"Самалёты ляцяць ва ўсе адрасы, акрамя майго..."
Малавядомыя старонкі вайны Баявым поспехам партызанскiх фармiраванняў у Беларусi ў гады Вялiкай Айчыннай вайны садзейнiчала падтрымка савецкай авiяцыi. Усяго на тэрыторыi Беларусi дзейнiчаў 41 партызанскi аэрадром i больш за 80 пляцовак для прыёму грузаў на парашутах. За час акупацыi савецкiя авiятары ажыццявiлi 5945 самалётавылетаў, даставiлi 2 мiльёны 403 тысячы тон розных грузаў, перавезлi з Вялiкай зямлi 2626 чалавек i вывезлi з партызанскiх зонаў каля 9 тысяч чалавек. Нягледзячы на афiцыйную статыстыку аб дастаўцы авiяцыяй вялiкай колькасцi грузаў, дакументы Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь сведчаць аб недастатковай арганiзаванасцi ў гэтым пытаннi з боку Беларускага штаба партызанскага руху i камандавання грамадзянскай i ваеннай авiяцыi. На жаль, i тут дзейнiчаў закон асабiстых сувязяў, знаёмстваў i нават хабару. У вынiку iшло нераўнамернае размеркаванне грузаў. Асобныя партызанскiя брыгады рэгулярна прымалi самалёты або парашуты з грузамi. Камандаванне iншых прыходзiла ў адчай ад таго, што iх шматлiкiя просьбы дапамагчы боепрыпасамi заставалiся без адказу. Звернемся да дакументаў. На трэцi дзень пачатку першага этапу "рэйкавай вайны" 5 жнiўня 1943 г. камандзiр 1-й Мiнскай брыгады Я. Iваноў накiроўвае на iмя сакратара ЦК КП(б) П. Панамарэнкi лiст наступнага зместу: "...за перыяд свайго iснавання (з 31 жнiўня 1942 г. — Заўв. аўт.) брыгада атрымала падтрымку ў выбуховых рэчывах i боепрыпасах толькi 2 разы... Жнiвень месяц пачынаю з поўнай адсутнасцю толу. Становiшча сур’ёзнае. Мае просьбы ў радыёграмах на Ваша iмя безвынiковыя. Суседнiя брыгады на працягу чэрвеня—лiпеня атрымалi 24 самалёты з грузамi. Чаму такая несправядлiвасць у дапамозе нашай брыгадзе?.." 1 жнiўня 1943 г. камандзiр партызанскай брыгады "За Радзiму" iмя А. Флягонтава Мiнскай вобласцi радзiруе начальнiку ЦПШР П. Панамарэнку: "Фiлiпскiх (камандзiр брыгады "Полымя". — Заўв. аўт.) на сваю пляцоўку атрымаў 4 самалётагрузы. Усе аўтаматы, вiнтоўкi, боепрыпасы, тол забраў сабе, нам нiчога не даў. Прашу прыняць меры". На шыфроўцы радыёграмы маецца рэзалюцыя П. Панамарэнкi: "Т. Калiнiну (начальнiк БШПР. — Заўв. аўт.) разбярыцеся. I трэба пакараць Фiлiпскiх за гэта". Аб сваiм бядотным становiшчы паведамляе ў БШПР камандзiр брыгады iмя М. Гастэлы былой Вiлейскай вобласцi В. Манохiн: "Да прыёму гатовы, палю вогнiшчы, прашу груз. Самалёты ляцяць ва ўсе адрасы, акрамя майго. Вогнiшчы палю ўжо 75 начэй". А вось як адрэагаваў П. Панамарэнка на радыёграму камандавання паўночна-заходняй групы Ленiнградскага штаба партызанскага руху з просьбай нароўнi з бое- прыпасамi i харчаваннем даставiць для партызан абутак: "Лезе не ў сваю справу, трэба забяспечыць аперацыю, а не абутак вазiць. Немцаў забiваць трэба, яны ў ботах". I такiя радыёграмы i пiсьмы паступалi ў ЦК КП(б)Б i БШПР штодзённа з усiх абласцей Беларусi. З лета 1943 года — вялiкi прыток мясцовага насельнiцтва ў партызанскiя атрады. Гэта, натуральна, патрабавала большай колькасцi ўзбраення i боепрыпасаў. А яго якраз i не хапала. Мiж тым у тыл працiўнiка працягвалi закiдваць спецгрупы па лiнii БШПР, развед- упраўленняў i iнш. Усе яны, як правiла, базiравалiся пры партызанскiх фармiраваннях. Характэрным у гэтых адносiнах з’яўляецца лiст у БШПР сакратара Дзвiнскага падпольнага райкама КП(б)Б, члена Брэсцкага абкама КП(б)П Аляксандры Iванаўны Федасюк, датаванае 16 студзеня 1944 г.: "Партызанскiя атрады Брэсцкай вобласцi выраслi ў буйны народны рух барацьбы з нямецкiмi захопнiкамi... На сёння пытанне кадраў не стаiць так востра, як гэта было першапачаткова. Сёння ў нас стаiць самым вострым пытаннем адсутнасць патронаў i ўзрыўчаткi. Людзi ледзь не плачуць ад роспачы, калi з-за адсутнасцi патронаў даводзiцца выходзiць з бою адступленнем... Пасля доўгага чакання 13 студзеня 1944 г. да нас прыбылi самалёты i выгрузiлi... людзей. Тав. Калiнiн! Калi няма боепрыпасаў у атрадзе i атрад вымушаны адседжвацца ў лесе, то i людзi, што прыбываюць з Масквы, таксама сядзяць у бяздзеяннi...". Аб гэтым жа пiша i згаданы вышэй камбрыг В. Манохiн: "Лiчу да месца параiць: людзей у вялiкай колькасцi з-за фронту закiдваць, накiроўваць няма сэнсу. Няхай лепш iдуць у армiю. Людзей тут дастаткова, дапамагайце лепш зброяй, а тых, хто можа ваяваць, але не мае вiнтовак, шмат". У нераўнамернасцi паставак грузаў можна пераканацца, азнаёмiўшыся са справаздачамi партызанскiх брыгад, у якiх маецца спецыяльны раздзел "Дапамога Вялiкай зямлi". Напрыклад: брыгада "Разгром" Мiнскай вобласцi за ўвесь перыяд сваёй дзейнасцi атрымала 17 процiтанкавых ружжаў, 22 ручныя кулямёты, 70 аўтаматаў, 181 вiнтоўку, 37 пiсталетаў, 111 тысяч вiнтовачных патронаў, 72 тысячы аўтаматных. 900 кг толу, 420 мiн, 547 гранат, вялiкую колькасць медыкаментаў i iншай маёмасцi. I ў той жа час партызанская брыгада iмя Я. Свярдлова Брэсцкай вобласцi колькасцю да 1000 чалавек атрымала толькi 7 ручных кулямётаў, 2 аўтаматы, 15 вiнтовак, 100 кг толу, 10 тысяч вiнтовачных патронаў i 30 гранат. Адной з прычын нераўнамернай дастаўкi грузаў з Вялiкай зямлi з’явiлася адлегласць ад аэрадрома да месца дыслакацыi партызанскiх брыгад. Не кожны самалёт мог без дазапраўкi злётаць, скажам, з Унукаўскага аэрадрома ў Палескую i Брэсцкую вобласцi, скiнуць груз i вярнуцца назад. У гэтых адносiнах найбольш "шанцавала" брыгадам Вiцебскай вобласцi. З аэрадрома Таропа, што ў Калiнiнскай вобласцi, вядома ж, лягчэй было забяспечваць партызан суседняй Вiцебскай вобласцi. Мелi месца выпадкi "вольнасцi" i з боку лётнага складу. 9 жнiўня 1943 г. камандзiр брыгады iмя У.I. Ленiна Пiнскай вобласцi В. Васiльеў звярнуўся да начальнiка БШПР з просьбай паспрыяць у навядзеннi парадку па вывазе на самалётах людзей у Маскву: "Камандзiры экiпажаў нас прымаць не хочуць, бяруць у самалёт людзей, якiя не патрабуюць перавозу. Падчас адпраўкi купляюць паездку за што хочуць". Прадстаўнiк БШПР I. Крывашэеў у данясеннi сакратару ЦК КП(б)Б Г. Эйдзiнаву паведамляе аб фактах безадказных адносiнаў камандзiра 19-га авiяатрада С. Сараева да выканання планаў дастаўкi грузаў партызанам: "Самалёты выходзяць у рэйс, калi захоча Сараеў i калi лётны састаў свабодны ад асабiстых заняткаў. Нагружаюць самалёты такой колькасцю грузаў, якую захоча Сараеў або лётчык, якi вядзе машыну". Кiраўнiцтва рэспублiкi ў сваю чаргу неаднаразова ставiла пытаннi аб павелiчэннi перавозкi грузаў перад камандаваннем ваенна-паветранымi сiламi Чырвонай Армii. Так, 30 лiпеня 1943 г. начальнiк БШПР П. Калiнiн накiраваў лiст на iмя камандзiра корпуса авiяцыi далёкага дзеяння аб актывiзацыi авiяперавозак для партызан Беларусi. У пiсьме адзначаецца, што з запланаваных 126 самалётавылетаў злучэннем зроблена толькi 17. 19 студзеня 1944 г. намеснiк начальнiка БШПР I. Ганенка ў пiсьме намеснiку камандуючага ВПС генерал-палкоўнiку Ф. Астахаву таксама выкладае неабходнасць узмацнення работы па дастаўцы грузаў, а 9 сакавiка 1944 г. ужо ад iмя сакратара ЦК КП(б)Б П. Калiнiн звяртаецца да камандуючага авiяцыяй далёкага дзеяння маршала авiяцыi А. Галаванава з просьбай выдзелiць для работы на партызан Беларусi тры самалёты "Сi-47". Нягледзячы на ўсе перыпетыi ў арганiзацыi перавозак, нельга недаацанiць уклад ваенна-транспартнай авiяцыi ў баявую дзейнасць партызан. Няхай не ўсе брыгады забяспечвалiся ўзбраеннем поўнасцю, але i тое, што яны атрымлiвалi, дазваляла iм наносiць адчувальныя ўдары па ворагу. За адвагу i мужнасць лётнага i тэхнiчнага саставу, якi забяспечваў дастаўку грузаў партызанам, многiя з iх узнагароджаны ордэнамi i медалямi, сем лётчыкаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. У многiх месцах былых партызанскiх аэрадромаў пастаўлены помнiкi i памятныя знакi. Генадзь БАРКУН, галоўны архiвiст Нацыянальнага архiва Беларусі.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Баявым поспехам партызанскiх фармiраванняў у Беларусi ў гады Вялiкай Айчыннай вайны садзейнiчала падтрымка савецкай авiяцыi. Усяго на тэрыторыi Белару |
|