Атара Пятроўскага
Атара Пятроўскага
Былы баксёр адраджае авечкагадоўлю і марыць стварыць турыстычны цэнтр Авечкагадоўляй людзi займаюцца вельмi даўно. Захавалiся звесткi аб тым, што за некалькi стагоддзяў да нашай эры ў раёнах Малой Азii былi выведзены жывёлы, якiя мелi тонкае руно. Здзейснiлася даўняя мара: такi прыродны матэрыял прыраўноўваўся да золата (варта ўзгадаць падарожжа легендарных арганаўтаў). У ХVII—ХIХ стагоддзях у Вялiкабрытанii з’явiлiся высокапрадуктыўныя пароды, якiя паклалi пачатак сучаснаму напрамку селекцыi — мяса-воўнаваму. Зараз найбольшае пагалоўе авечак у Аўстралii, Аргенцiне, Новай Зеландыi, Уругваi, ЗША i ПАР. Менавiта на гэтыя дзяржавы прыпадае палова сусветных аб’ёмаў вытворчасцi воўны. А першае месца па экспарце баранiны традыцыйна займае Новая Зеландыя. Усяго налiчваецца каля 600 парод, сусветны статак, паводле статыстыкi, перавышае мiльярд галоў. З авечак атрымлiваюць каштоўную воўну (лепшая сыравiна для вытворчасцi тканiны, трыкатажу, дываноў, валенай прадукцыi), шкуры для выдатных кажухоў, футравых вырабаў (для iх выкарыстоўваюцца шкуркi нованароджаных ягнятак), а таксама сала, мяса i малако. Нездарма развiццю гэтай галiны многiя дзяржавы надаюць вялiкую ўвагу. I прымаюць меры па падтрымцы айчынных вытворцаў: да прыкладу, у Вялiкабрытанii, ПАР, Аўстралii, Канадзе, Новай Зеландыi, Нарвегii, Швецыi i Iсландыi захоўваецца дзяржаўная манаполiя на закупку i продаж воўны — айчыннай i iмпартнай. У гэтых краiнах дзяржава перыядычна завышае закупачныя цэны на сыравiну, паўфабрыкаты, гатовыя вырабы, а таксама на 50—70 працэнтаў субсiдзiруе працэнтныя стаўкi па адпаведных камерцыйных крэдытах (дарэчы, стаўкi не перавышаюць 11,5 працэнта гадавых). Выдзяляецца i прамая фiнансавая дапамога — у Новай Зеландыi такiя "бонусы" дасягаюць 140 мiльёнаў долараў у год, яшчэ каля 75 млн долараў выдаткоўваецца на навуковыя распрацоўкi i эксперыменты. Як заўважаюць спецыялiсты, кан’юнктура рынку ў гэтай сферы цяжка прагназуецца. Тым не менш, авечкагадоўля па-ранейшаму шмат у чым застаецца сапраўды стратэгiчнай галiной аграпрамысловага комплексу. Апошнiм часам павышаным попытам на сусветным рынку карыстаецца баранiна. Па заключэннях экспертаў Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, гэтае мяса лiчыцца адным з найбольш каштоўных па сваiх спажыўных якасцях. Таму звычайна кошт баранiны на 34—38 працэнтаў вышэйшы за ялавiчыну, на 26—40 — за свiнiну, на 39—45 працэнтаў — за мяса птушкi. Адпаведна сярод былых рэспублiк СССР меншыя страты панеслi тыя, дзе авечкагадоўля была скiравана на атрыманне малака i мяса (Малдова, Азербайджан, Узбекiстан, Туркменiстан). Попыт на бавоўну ўвесь час знiжаўся, таму ў дзяржавах з адпаведнай спецыялiзацыяй паступова змяншалася i пагалоўе. Дапамогуць афрыканцы? Усiм вядома, што ў Беларусi авечак разводзiлi спрадвеку. У прыватнасцi, актыўнае развiццё гэтая справа атрымала ў Панямоннi. У Паўночна-Заходнiм краi авечкагадоўля мела нават не сялянскi характар, гэтых жывёл трымалi ў многiх панскiх гаспадарках. На базе такiх фальваркаў развiвалася тагачасная лёгкая прамысловасць. Тады баранiна не была рэдкасным далiкатэсам на стале — у структуры харчавання насельнiцтва яна займала нават больш важнае месца, чым ялавiчына i свiнiна. Шырока выкарыстоўвалася воўна, са шкур шылi цёплыя кажухi. Кажуць, што ў 1930—40-я гады беларускiя атары налiчвалi каля двух мiльёнаў авечак. Пасля галiна чамусьцi была прызнана нерэнтабельнай. Можна назваць некалькi прычын — цяжкасцi ў лёгкай прамысловасцi, складаны стан сельскагаспадарчых прадпрыемстваў i г.д. У вынiку атрымалася так, што адзiн з адметных нацыянальных промыслаў аказаўся ў заняпадзе. Як паведамiлi ва ўпраўленнi жывёлагадоўлi Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання, цяпер у айчынных гаспадарках налiчваецца толькi каля 4 тысяч (!) авечак. Аднаўляць такую дзейнасць у межах аграпрамысловых прадпрыемстваў пакуль нiхто не бярэцца — кажуць, што нявыгадна. Да справы пакрысе падключаюцца фермеры. Сярод iх — Мацiяс Уолес Тэрон, для сяброў i знаёмых проста Тайс. Гэты фермер, якi разгарнуўся на Брэстчыне, 13 гадоў таму разам з сям’ёй пераехаў у Беларусь з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублiкi. Цяпер займаецца авечкагадоўляй: баранiну рэалiзуе на сталiчным рынку, а з воўны плануе наладзiць выпуск лёгкiх i цёплых коўдраў. Цяпер да Тайса многiя па вопыт прыязджаюць. Завiтаў да цёмнаскурага фермера i яго калега з Мiнскага раёна Аляксандр Пятроўскi, якi вельмi зацiкавiўся гэтай справай, паверыў у яе перспектыўнасць. Спартыўны характар Аляксандр Мiхайлавiч да фермерства прыйшоў не адразу. У свой час скончыў iнстытут фiзкультуры. 10 гадоў прафесiйна займаўся боксам, працаваў iнструктарам па спорце. Шмат зрабiў для таго, каб стварыць належную базу ў адной з вёсак Мiнскага раёна. I стварыў: узгадвае, што прыходзiлi на заняткi i дзятва, i iх бацькi. Злачыннасць у акрузе амаль адразу зменшылася на парадак. Аднак насталi цяжкiя часы i Пятроўскаму "мякка намякнулi": маўляў, не патрэбен тут твой спорт, неабходна мяса i малако. Так баксёр апынуўся ў сельскай гаспадарцы — у 1993 годзе ўзяў зямлю ў тагачасным саўгасе "Заслаўскi". Сялянская фермерская гаспадарка "Пятроўскi" пачыналася з сямi гектараў. Зразумела, што на такiм кавалку асаблiва не разгорнешся. Аляксандр спачатку асвойваў традыцыйныя накiрункi — займаўся раслiнаводствам. Вырошчваў ячмень, авёс, а таксама гароднiну. I ўвесь час марыў аб тым, каб заняцца нечым, на яго думку, "больш сур’ёзным". — Спартыўны характар у сельскай гаспадарцы вельмi дарэчы, — лiчыць Пятроўскi. — Ужо колькi было складаных момантаў, калi хацелася ўсё кiнуць, аднак я не прывык скарацца перад цяжкасцямi i калi паставiў перад сабой якую-небудзь мэту, то абавязкова яе дасягну. Няма тых вяршынь, якiя нельга было б пакарыць. Аляксандр Мiхайлавiч прыйшоў да высновы, што пры першай магчымасцi пачне займацца жывёлагадоўляй. I нарэшце такi шанц з’явiўся — у 2001 годзе фермер выкупiў базу непадалёк ад вёскi Дзiчкi, якая дагэтуль належала Мiн- скаму райспажыўтаварыству. Не спынiлi прыватнiка i даволi жорсткiя ўмовы продажу: былыя гаспадары запатрабавалi, каб усе будынкi набывалiся разам з пагалоўем свiней, якiх тут трымалi. Жывёлы атрымалiся сапраўды "залатыя" — сабекошт па тых грашах складаў 5743 рублi за кiло жывой вагi. Цяжка нават уявiць, у якую капейчыну выйшла Пятроўскаму тая пакупка. Аднак былы баксёр нiводнага разу не пашкадаваў аб сваiм выбары. Да бараноў — як да людзей Пятроўскi пачаў з вялiкай ахвотай даводзiць да ладу тую "спадчыну", якая яму так нятанна дасталася. Да яго нават звярталiся многiя гаспадары, каб спасцiгнуць тонкасцi справы. Статак свiней у дзiчкаўскага фермера даходзiў да тысячы галоў. Тым больш, адначасова даводзiлася ўсяму самому вучыцца. Аляксандр нарадзiўся i вырас у вёсцы, бацькi трымалi вялiкую гаспадарку. Аднак гэтых ведаў для вядзення ўласнай справы, вядома ж, было недастаткова. Праз колькi часу Пятроўскаму прыйшла яшчэ адна iдэя наконт спецыялiзацыi сваёй гаспадаркi. — Ялавiчыны i свiнiны на рынку ў дастатку, нават з лiшкам, — заўважае фермер. — Многiя сельгаспрадпрыемствы апошнiм часам актыўна мадэрнiзуюць вытворчую базу, пачынаюць працаваць па сучасных тэхналогiях, павялiчваюць пагалоўе. З iмi на роўных канкурыраваць прыватнiкам не ўдаецца, таму трэба шукаць свае нiшы. Адна з такiх — авечкагадоўля. Баранiна даражэй, чым ялавiчына i свiнiна. I карысней: калi ў баранiне ўтрымлiваецца 27 працэнтаў халестэрыну, то ў свiнiне — 59. Пасля 30 гадоў кожны чалавек павiнен ужываць як мага больш здаровай ежы i многiя цяпер iмкнуцца адпавядаць гэтаму правiлу. Адпаведна, расце попыт на такiя прадукты, у прыватнасцi, на баранiну, ягняцiну. Таму павiнна быць i прапанова. Аляксандр Мiхайлавiч пачаў разводзiць авечак год таму — у красавiку 2007-га. Зараз у яго адносна невялiкая атара — каля 200 галоў. Аднак, лiчыць прыватнiк, гэта толькi пачатак: Пятроўскi закупiў некалькi пародных бараноў i ўсур’ёз займаецца селекцыйнай работай. Авечкагадоўля — надзвычай далiкатная, нават можна сказаць, фiлiгранная работа. Жывёлу трэба старанна даглядаць: да прыкладу, стрыгчы трэба не радзей, чым раз у пяць месяцаў. Iнакш замаруджваецца прыбаўленне ў вазе. — Да бараноў неабходна ставiцца, як да людзей — тады будзе вынiк, — перакананы фермер. — А на нуль як не памнажай усё роўна нуль атрымаецца. Там, дзе чаплi У кожнай авечкi ў хуткiм часе будзе свая шыльдачка, дзе будуць дакладна пазначаны ўсе "пашпартныя даныя", у тым лiку асабiсты нумар. Пакуль уся чарада пасецца без нумароў. Пашы створаны з дакладным падборам траў, якiм аддаюць перавагу жывёлы. Дарэчы, авечкi непераборлiвыя — могуць есцi 500 вiдаў траў, у той час як каровы — толькi 50. Аднак гэта зусiм не абазначае, што iх можна кармiць чым заўгодна. Цяпер у рацыёне пераважна "зелянiна", а ў стойлавы перыяд удосталь атрымлiваюць спецыяльных канцэнтратаў. У перспектыве, кажа Пятроўскi, варта набыць уласны невялiкi камбiкормавы цэх, каб рабiць усё самастойна. На зiмоўку назапашваецца сена — духмянае, нарыхтаванае ў належныя тэрмiны. Фермер прытрымлiваецца праверанага правiла: касiць трэба да васьмi гадзiн ранiцы, iнакш губляюцца каштоўныя спажыўныя рэчывы (у прыватнасцi, карацiн). У прыватнiка ёсць неабходная тэхнiка — сучасныя трактары, усё навясное абсталяванне. Плануе набыць новую касiлку, паколькi да той, якой карыстаецца цяпер, ужо цяжка знайсцi запасныя часткi. Працуюць усёй сям’ёй: дапамагаюць жонка i двое сыноў. Алена Аркадзьеўна ўжо з самага ранку завiхаецца па гаспадарцы, кажа, што iнакш нельга. Хоць i цяжка, аднак ужо прывыкла i не ўяўляе свайго жыцця без сялянскай працы. Старэйшы сын Дзянiс вучыцца ў Вiцебскай ветэрынарнай акадэмii. Малодшы Аляксей паступае ў сталiчны iнстытут прадпрымальнiцтва. Iх веды абавязкова знойдуць прымяненне на практыцы — прынамсi, бацька на гэта спадзяецца. Пакуль 44-гадовы Аляксандр Пятроўскi i сам добра з усiм спраўляецца — яго энергiчнасцi многiя маладыя пазайздросцяць. Аднак свой бiзнэс у перспектыве ўсё роўна трэба будзе перадаваць у добрыя рукi. Каму ж пакiдаць, як не дзецям? Зараз фермер разам з сям’ёй апрацоўваюць 47 гектараў зямлi. Калi павялiчваць пагалоўе (а прыватнiкi задумваюцца аб тым, каб у перспектыве давесцi сваю атару да 3—5 тысяч авечак), то гэтага кавалку будзе малавата. Тое ж i з памяшканнямi: Пятроўскi вядзе перамовы аб тым, каб яму дазволiлi выкупiць будынкi, якiя доўгi час пустуюць i не выкарыстоўваюцца па прызначэннi. Аднак пакуль якога-небудзь зразумелага адказу не атрымаў. Запаветная мара фермера — стварыць турыстычны цэнтр з аўтастаянкай, крамай, кавярняй, узвесцi гатэль у форме карабля на 16 месцаў. Заяву аб тым, што мае намер займацца агратурызмам, прыватнiк ужо занёс у сельсавет. — Гэтыя мясцiны быццам створаны для адпачынку, — кажа Аляксандр Мiхайлавiч, — маляўнiчая прырода, возера, дзе можна з задавальненнем з вудай пасядзець, у лесе цэлая калонiя чапляў пасялiлася. Тутэйшы ландшафт гарманiчна дапаўняе атара Пятроўскага: каб паглядзець на чараду авечак i сфатаграфаваць рэдкiх па сённяшнiм часе жывёлiн, многiя спыняюцца. Гаспадар зусiм не супраць, паколькi лiчыць, што цiкавасць да таго, чым ён займаецца — надзейная прымета далейшага поспеху праекта. Мiкалай ЛIТВIНАЎ. Мiнскi раён. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Былы баксёр адраджае авечкагадоўлю і марыць стварыць турыстычны цэнтр |
|