Спадчына на дом
Спадчына на дом
Я жыву ў вёсцы разам з мамай. Сваёй сям’i i жылля ў мяне няма. Сястра замужам i ўжо амаль дваццаць гадоў жыве ў горадзе з мужам i дзвюма дочкамi, якiя хутка закончаць школу i стануць самастойнымi. Яны часта прыязджаюць да нас пагасцiць. Нядаўна я выпадкова даведаўся, што мама завяшчала дом сваiм унучкам. Гэты дом калiсьцi я дапамагаў будаваць, набываў па месцы працы i дзе толькi магчыма будматэрыялы, працаваў на яго ўзвядзеннi. Сястра была яшчэ школьнiца i нiякай асаблiвай дапамогi ў гэтым не аказвала. Дом аформiлi на мацi i вось цяпер я магу застацца без жылля. Я ўжо пенсiянер i зноў пабудаваць сабе дом не змагу, няма нi грошай, нi здароўя. Сястра з мужам i пляменнiцы маюць у горадзе трохпакаёвую прыватызаваную кватэру. Цi маюць яны права прэтэндаваць яшчэ i на гэты дом? Анатоль Iванавiч Т., Брэсцкая вобласць. Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь, Грамадзянскi кодэкс Рэспублiкi Беларусь гарантуюць права спадчыны. Атрыманне спадчыны ажыццяўляецца па завяшчанню i па закону. Згодна з артыкулам 1032 Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, атрыманне маёмасцi ў спадчыну па закону адбываецца ў тых выпадках, калi адсутнiчае завяшчанне альбо завяшчанне вызначае лёс не ўсёй спадчыны. Артыкуламi 1044—1045 ГК устаноўлена, што завяшчанне павiнна быць складзена ў пiсьмовай форме i засведчана натарыусам. У выпадках, калi права здзяйснення натарыяльных дзеянняў дадзена законам службовым асобам органаў мясцовага кiравання i самакiравання, завяшчанне можа быць засведчана замест натарыуса адпаведнай службовай асобай. Артыкулам 1041 ГК устаноўлены прынцып свабоды завяшчання, згодна з якiм грамадзянiн можа завяшчаць усю сваю маёмасць або яе частку адной або некалькiм асобам, якiя ўваходзяць, так i не ўваходзяць у кола спадчыннiкаў па закону. Спадчынадаўца мае права без тлумачэння прычын пазбавiць спадчыны аднаго, некалькiх або ўсiх спадчыннiкаў па закону. Свабода завяшчання абмяжоўваецца правiлам аб абавязковай долi ў спадчыне (артыкул 1064), згодна з якiм, напрыклад, непрацаздольныя дзецi спадчыннiка (мужчыны i жанчыны, якiя дасягнулi пенсiйнага ўзросту, таксама лiчацца непрацаздольнымi) атрымлiваюць маёмасць у спадчыну незалежна ад зместу завяшчання ў памеры не меншым, чым палова той долi, якая належала б кожнаму з iх пры атрыманнi спадчыны па закону. Паколькi вы маеце права на абавязковую долю, то пасля адкрыцця спадчыны вы будзеце мець права на атрыманне 1/4 спадчыннай маёмасцi, бо пры адсутнасцi завяшчання спадчыну па закону атрымлiвалi б вы i сястра ў роўных долях (артыкулы 1056, 1057 ГК), гэта значыць па 1/2 спадчыннай маёмасцi, а палова гэтай часткi складае 1/4. У абавязковую долю залiчваецца ўсё, што спадчыннiк, якi мае права на такую долю, атрымлiвае ў спадчыну па якой-небудзь падставе, у тым лiку кошт маёмасцi, якую складаюць прадметы хатняй абстаноўкi i г.д. Падрабязней аб абавязковай долi вы можаце прачытаць у газеце "Звязда" за 11 чэрвеня 2008 года. Артыкулам 102 Жыллёвага кодэкса Рэспублiкi Беларусь устаноўлена, што права ўласнасцi грамадзян на жылое памяшканне пацвярджаецца праваўстаноўчым дакументам (адпаведным дагаворам, рэгiстрацыйным пасведчаннем, пасведчаннем аб праве на спадчыну i да т.п.). Як вы пiшаце, дом зарэгiстраваны на мацi i, згодна з дакументамi, уласнiк дома яна. Удзел ва ўзвядзеннi жылога памяшкання iншых членаў сям’i (акрамя жонкi з мужам), сваякоў i iншых асобаў можа быць падставай для прызнання за iмi права на долю ў праве ўласнасцi на гэта жылое памяшканне пры наяўнасцi доказаў, што памiж гэтымi асобамi i забудоўшчыкам мелася дамоўленасць аб стварэннi агульнай уласнасцi i менавiта з гэтай мэтай iмi былi ўнесены сродкi i працоўны ўклад ва ўзвядзенне жылога памяшкання. Згодна з артыкулам 1049 ГК, спадчынадаўца мае права ў любы час адмянiць сваё завяшчанне ў цэлым, альбо змянiць яго шляхам адмены, змянення або дапаўнення асобных распараджэнняў, зрабiўшы новае завяшчанне. Завяшчанне, якое складзена раней, адмяняецца наступным завяшчаннем поўнасцю або ў частцы, у якой яно яму супярэчыць. Такiм чынам, калi вы падзелiцеся сваёй трывогай з мацi, яна пры жаданнi без цяжкасцяў можа змянiць сваю волю. Аднак паколькi ў вас ёсць права на абавязковую долю, без жылля вы не застанецеся, у вас будзе права ўласнасцi на 1/4 жылога дома. Нават пры адсутнасцi ў вас права на абавязковую долю, майце на ўвазе, што артыкулам 275 Грамадзянскага кодэкса ўстаноўлена, што пераход права ўласнасцi на жылы дом або кватэру да iншай асобы (напрыклад, да вашых пляменнiц у вынiку спадчыннасцi) не з’яўляецца падставай для спынення права карыстання жылым памяшканнем членамi сям’i былога ўласнiка, калi iншае не прадугледжана жыллёвым заканадаўствам. Жыллёвым кодэксам (артыкул 120) прадугледжаны даволi сур’ёзныя падставы для высялення членаў сям’i ўласнiка жылога памяшкання, якiя не маюць права ўласнасцi на долю ў жылым памяшканнi. Паколькi на сёння ёсць завяшчанне на дом, якiм ваша мацi завяшчала яго сваiм унучкам, то ваша пытанне аб тым, цi маюць яны права на атрыманне спадчыны, здаецца недарэчным. Той, каму маёмасць завешчана, мае поўнае права атрымаць гэту маёмасць пасля смерцi спадчынадаўца. Нават калi ён не з’яўляецца яго сваяком. Ваша сястра, як i вы, незалежна ад зместу завяшчання будзе мець права на атрыманне абавязковай долi, але толькi калi яна дасягнула адпаведнага ўзросту цi з’яўляецца непрацаздольнай з‑за дрэннага здароўя. Наяўнасць у яе сваёй маёмасцi да ўвагi не прымаецца, бо права на спадчыну не залежыць ад патрэбнасцi спадчыннiкаў у гэтай маёмасцi. Гарантаваць атрыманне ўсяго дома ва ўласнасць вам можа толькi дарэнне, пры якiм пераход уласнасцi на дом адбываецца не пасля смерцi ўласнiка, а ў момант рэгiстрацыi дагавора дарэння. У гэтым выпадку права на абавязковую долю ў спадчыне не прымяняецца, па той прычыне, што дом пераходзiць ва ўласнасць iншай асобы не на праве спадчыны, а паводле дагавора дарэння.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Я жыву ў вёсцы разам з мамай. Сваёй сям’i i жылля ў мяне няма. Сястра замужам i ўжо амаль дваццаць гадоў жыве ў горадзе з мужам i дзвюма дочкамi, якiя
|
|