21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Такая тут служба

26.08.2009 10:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Такая тут служба

Рэспублiканскае ўнiтарнае прадпрыемства "Белдзяржлес"

Калi вы сустрэнеце ў лесе чалавека не з кузаўком або з нейкай iншай ёмiстасцю (а адпаведны сезон для шматлiкай армii лясных аматараў, па сутнасцi, ужо пачаўся), а чалавека з планшэтам — ведайце: гэта — лесаўпарадкавальнiк. Для яго лес — не месца для адпачынку i розных там забаў, а амаль пастаяннае месца працы. Напрыклад, сёлета спецыялiсты гэтай службы рушылi ў лес, ужо пачынаючы з 15 красавiка, i адпаведны сезон для iх будзе доўжыцца да 15 лiстапада.

Лесаўпарадкавальнiк прыходзiць у лес для таго, каб ацанiць яго стан, дакладна апiсаць пародны i ўзроставы склад, дыяметр, вышыню дрэў, шчыльнасць насаджэнняў i г.д., занатаваць усё гэта ў спецыяльных картках, абазначыць на лясных картах межы насаджэнняў таго цi iншага пароднага складу i ўзросту, словам — прыходзiць для таго, каб з максiмальнай дакладнасцю вызначыць усю так званую лясную сiтуацыю. Кожны з папярэдне выдзеленых участкаў, на якiя разбiваецца ўвесь лясны масiў, лесаўпарадкавальнiк павiнен абследаваць з максiмальнай дакладнасцю, прайсцi гэтыя ўчасткi, што называецца, уздоўж i ўпоперак. Да 10 тысяч лясных гектараў абследуе такiм чынам лесаўпарадкавальнiк за сезон, накручвае на свае ногi да 50 кiламетраў за дзень. Але, як зазначаюць у рэспублiканскiм унiтарным прадпрыемстве "Белдзяржлес", якое i накiроўвае гэтых людзей у лес, "такая ў нас служба".

Як зразумела ўжо, менавiта на прадпрыемстве "Белдзяржлес" i займаюцца лесаўпарадкаваннем. Для чаго патрэбна гэта лесаўпарадкаванне i ў чым яго сутнасць? Пра многiя аспекты дзейнасцi "Белдзяржлесу" i, адпаведна, — непасрэдна самога лесаўпарадкавання крыху нiжэй раскажуць спецыялiсты прадпрыемства, тут жа зазначым: у Лясным кодэксе, якiм кiруюцца ўсе лесагаспадарнiкi, запiсана: без праекта лесаўпарадкавання лесагаспадарчая дзейнасць забаронена. Гэта значыць, што, напрыклад, пры плануемых лесанарыхтоўках у лес спачатку, на кожны яго ўчастак, павiнен прыйсцi менавiта лесаўпарадкавальнiк i ўжо потым, пасля яго, пасля яго "рэзюме", могуць з’явiцца лесанарыхтоўшчыкi.

Як зазначаюць спецыялiсты прадпрыемства "Белдзяржлес", яно з’яўляецца дзяржаўнай спецыялiзаванай службай, якая валодае выключным правам на правядзенне лесаўпарадкавальных работ, а таксама лесатыпалагiчных абследаванняў i iншых iнвентарызацыйных i лесаўлiковых работ. Матэрыялы лесаўпарадкавання, якiя рыхтуе "Белдзяржлес", служаць асновай для дзяржаўнага ўлiку ляснога фонду краiны, ажыццяўлення ляснога манiторынгу i вядзення ляснога кадастру. На службу "Белдзяржлесу" ўскладаюцца таксама функцыi па ацэнцы стану лясоў, вырабу картаграфiчных матэрыялаў i некаторыя iншыя. Аднак складанне праектаў лесаўпарадкавання — гэта цi не асноўны накiрунак ва ўсёй дзейнасцi "Белдзяржлесу".

Для чаго патрэбна лесаўпарадкаванне?

На гэта пытанне адказвае начальнiк 2-й Мiнскай лесаўпарадкавальнай экспедыцыi прадпрыемства "Белдзяржлес" Аляксандр Сандрозд:

— Спачатку, напэўна, пра саму сутнасць гэтага мерапрыемства. А сутнасць заключаецца ў складаннi праектаў развiцця i вядзення лесагаспадарчай дзейнасцi для лясгасаў краiны; лесаўпарадкаванне патрэбна для планавага, навукова, эканамiчна i экалагiчна абгрунтаванага вядзення ўсёй гэтай дзейнасцi, для нармiравання лесакарыстання i лесааднаўлення.

Лесаўпарадкавальнiк прыходзiць у лес i дэталёва апiсвае ўсе яго ўчасткi, на аснове гэтых апiсанняў i складаецца праект лесаўпарадкавання для пэўнага лясгаса, або дакладны план дзейнасцi гэтага лясгаса: дзе, на якiх участках i ў якiх маштабах праводзiць рубкi лесу, дзе садзiць i г.д. Гэтыя праекты разлiчаны на 10 гадоў i з’яўляюцца свайго роду законам для лясгасаў ва ўсёй iх рабоце.

Для таго, каб правiльна выканаць лесаўпарадкаванне, каб дакладна апiсаць лес — па пародах, па ўзросце, ацанiць яго запасы, створана цэлая сiстэма iнвентарызацыi лясоў. Спачатку робiцца дэталёвая аэрафотаздымка ляснога масiву. Потым матэрыялы гэтай аэрафотаздымкi ўважлiва вывучае той жа лесаўпарадкавальнiк, пры гэтым ён разбiвае лясны масiў на больш-менш аднародныя ўчасткi (дзе лiставыя пароды, дзе хвойныя, дзе спелы лес, а дзе маладняк), i ўжо з гэтымi апрацаванымi матэрыяламi аэрафотаздымкi iдзе ў лес, каб апiсаць усе яго асаблiвасцi, так сказаць, у натуры. Апiсваецца лес па спецыяльных макетах, на кожны ўчастак складаецца картка. На гэтым работа лесаўпарадкавальнiка, або, як яшчэ яго называюць, — таксатара, заканчваецца. А ўжо потым гэтыя карткi пры дапамозе спецыяльных камп’ютарных праграм апрацоўваюцца iншымi спецыялiстамi — работнiкамi нашага iнфармацыйна-вылiчальнага цэнтра, уся адпаведная iнфармацыя дэталёва аналiзуецца ў цэху так званай камеральнай вытворчасцi. У вынiку i нараджаецца той жа праект лесаўпарадкавання.

Як бачна ўжо, гэта — калектыўная праца многiх людзей, але праца лесаўпарадкавальнiка, безумоўна, найбольш адметная. Гэтыя людзi вымушаны надоўга адрывацца ад дому; яны працуюць не ў самых камфортных умовах, ды i жывуць у гэты перыяд палявых работ (так у нас называюць адпаведны перыяд) больш па-паходнаму — нярэдка спыняюцца ў гасцявых домiках пры ляснiцтвах, часам здымаюць вясковыя хаты. Ну, а для тых, хто трапляе ў сiбiрскiя лясы, месцам прыстанку ўвогуле становiцца палатка. Словам, той жа рамантыкi ў нас хоць адбаўляй...

Адразу патлумачым: прадпрыемства "Белдзяржлес" выконвае нямала заказаў i для расiйскiх лясных ведамстваў, зарабляючы такiм чынам расiйскую валюту. Пры гэтым прадпрыемству найбольш часта даводзiлася "ўпарадкоўваць" лясы басейна возера Байкал i Заходняй Сiбiры. Сам Аляксандр Сандрозд правёў на Байкале 5 сезонаў, ды яшчэ столькi ж сезонаў матляўся па iншых расiйскiх рэгiёнах. Пры гэтым схема ўладкавання на месца працы — зусiм простая: закiнулi з верталёта групу людзей разам з iх рознымi тэхнiчнымi прыладамi ды разам з харчовымi канцэнтратамi, i з цывiлiзацыяй потым — толькi радыёсувязь. Верталёт са "свежым" хлебам i "свежымi" газетамi — раз за два тыднi, блiжэйшы населены пункт — за 500 кiламетраў. Затое рамантыкi, сапраўды, — з лiшкам. Ды яшчэ рыбы з чыстых сiбiрскiх рэк i вадаёмаў.

У мiнулым годзе прадпрыемства "Белдзяржлес" зарабiла на экспарце сваiх паслуг 416,4 тысячы долараў ЗША. Геаграфiя гэтых паслуг наступная: Рэспублiка Бурацiя, Ленiнградская, Смаленская, Пскоўская, Іркуцкая, Разанская вобласцi.

— Аляксандр Iванавiч, вядома, што ваша экспедыцыя ў мiнулым годзе праводзiла лесаўпарадкаванне Нацыянальнага парку "Браслаўскiя азёры". Але ж у парках лесагаспадарчая дзейнасць як быццам забаронена...

— Тым не меней, i для нацыянальных паркаў лесаўпарадкаванне абавязковае. Прычым у дадзеных выпадках ухiл робiцца на iх ахову, абарону, на iх найлепшае выкарыстанне для рэкрэацыйных мэтаў, адпачынку. Недзе прызначаюцца ландшафтныя высечкi, недзе дэкаратыўныя пасадкi. Напрыклад, цяпер нямала ўвагi надаецца пасадкам еўрапейскай лiстоўнiцы, пiхты, бярозы карэльскай, каштана. Словам, лесаўпарадкаванне на такiх тэрыторыях мае свае асаблiвасцi.

— Цi ўлiчваецца пры лесаўпарадкаваннi аб’яўлены ў краiне курс на выкарыстанне мясцовых палiўных рэсурсаў?

— Так, цяпер сярод задач прадпрыемства стаiць i наступная: весцi ўлiк палiўных рэсурсаў. У сувязi з гэтым скажу: мы маем велiчэзныя масiвы шэрай вольхi, якая абсалютна нiякай каштоўнасцю для вытворчасцi не з’яўляецца, прыдатная толькi для палiва. Гэту работу па ўлiку мы праводзiлi ў пазамiнулым i мiнулым годзе, пераважна ў Вiцебскай i Гомельскай абласцях: сотнi тысяч кубаметраў шэрай вольхi налiчылi. Iншая справа, што калi ўзяць гэту вольху, прывезцi ды перапрацаваць у шчэпку — вельмi дарагая энергiя атрымаецца.

— Дзе цяпер працуюць людзi вашай экспедыцыi?

— Цяпер асноўнае базавае лесаўпарадкаванне выконваецца нашым прадпрыемствам у Гродзенскай вобласцi — адпаведна, пераважная частка экспедыцыi там. Акрамя таго, адна партыя працуе ў Смаленскай вобласцi. Займаемся таксама апрацоўкай матэрыялаў i складаннем праектаў, рэгламентаў асваення лясоў для ўсiх ляснiцтваў Наўгародскай вобласцi.

"На нашых картах можна ўбачыць усю лясную сiтуацыю"

Аляксандр Рублеўскi, начальнiк цэха камеральнай вытворчасцi:

— Планшэты, лясныя карты, схемы, а таксама сам праект лесаўпарадкавання, яго канчатковае складанне i афармленне ў выглядзе аб’ёмiстага фалiянту, дзе ўсё дакладна прадпiсана, што пэўнаму лясгасу трэба рабiць у наступныя 10 гадоў яго дзейнасцi, — асноўны наш прадукт. Дарэчы, гэтыя праекты праходзяць абавязковую экспертызу ў Мiнiстэрстве прыродных рэсурсаў, зацвярджаюцца на Навукова-тэхнiчным савеце Мiнiстэрства лясной гаспадаркi. Асновай для вырабу картаграфiчнай прадукцыi служаць кадры той жа аэрафотаздымкi, якiя, пасля пэўнай дапрацоўкi iх нашымi iнжынерамi — з абазначэннем усiх дарог, населеных пунктаў, — пры дапамозе камп’ютарнай тэхнiкi i пераносяцца на паперу. На нашых картах можна дакладна ўбачыць усю лясную сiтуацыю: дзе растуць маладнякi, дзе спелыя дрэвы i г.д., што дасягаецца розных адценняў адлюстраваннем лясных масiваў. У адным сантыметры карты "ўтрымлiваецца" адзiн кiламетр, планшэта — 100 метраў.

Чакаем нашу "Белку"

Мiхаiл Iльючык, начальнiк аддзела прыёму i апрацоўкi касмiчнай iнфармацыi, кандыдат сельскагаспадарчых навук:

— Пры правядзеннi лесаўпарадкавання яго можна выканаць з дапамогай матэрыялаў аэрафотаздымкi i спецыяльных прыбораў шляхам пэўных наземных работ, а можна атрымаць iнфармацыю са спадарожнiка. Апошнi шлях — i прасцейшы, i лягчэйшы. У дадзеным выпадку мы атрымлiваем матэрыялы ў выглядзе касмiчнага здымка, на якiм можна ўбачыць дакладна прывязаны да мясцовасцi аб’ект. Можна мець дакладны маштаб, каардынаты ўсiх аб’ектаў, што важна, напрыклад, пры стварэннi карты. У прыватнасцi, калi апрацаваць гэты здымак, ужо адразу можна атрымаць гатовы фрагмент той жа карты. З дапамогай касмiчных апаратаў можна таксама вельмi аператыўна даведацца аб пашкоджаннях у лесе пры нейкiх непагодных з’явах, аб пажарах. Карацей кажучы, выкарыстанне касмiчнай iнфармацыi ў мэтах лесаўпарадкавання — гэта вельмi перспектыўная справа, што мы ўжо паспелi няблага адчуць. Для таго, каб атрымаць тую ж касмiчную iнфармацыю, заключаем дагаворы са станцыямi прыёму касмiчнай сувязi на прадастаўленне даных дыстанцыйнага зандзiравання.

Наш аддзел ужо адразу быў створаны як навукова-вытворчы аддзел для распрацоўкi розных метадаў i тэхналогiй па прыняццi касмiчнай iнфармацыi для мэтаў лясной гаспадаркi. Пры гэтым менавiта мэты лесаўпарадкавання былi пастаўлены на першы план. Разам з тым працуем над шэрагам праектаў навуковага характару — такiмi, як "Лясы Беларусi" (аб кiраваннi лясамi i рацыянальным лесакарыстаннi) i некаторымi iншымi.

У заключэнне хачу сказаць: нам для нашай работы ў галiне лесаўпарадкавання вельмi патрэбен наш айчынны спадарожнiк. Мы ў вынiку выйгравалi б i грошы, i час. Прычым было б добра, каб гэта быў спадарожнiк з высокай вырашальнай здольнасцю — да аднаго метра i лепей. Словам, чакаем нашу "Белку". Цяпер мы атрымлiваем iнфармацыю з iншых спадарожнiкаў, але яны вельмi перагружаныя, i каб атрымаць заказ, даводзiцца чакаць, пакуль яны вызваляцца i здымуць нашу тэрыторыю, да 2 месяцаў. Прычым на своечасовасць выканання заказу могуць паўплываць умовы надвор’я, напрыклад, вялiкая воблачнасць.

Усё — па навуцы

Мiхаiл Кузьмянкоў, намеснiк генеральнага дырэктара па навуцы:

— Лесаўпарадкаванне — гэта шматвектарная дысцыплiна, дзе практычна няма такога накiрунку, якi не быў бы звязаны з навуковымi распрацоўкамi або з выкарыстаннем гэтых распрацовак. У нас ёсць спецыяльныя планы навукова-даследчых работ, на iх штогод выдзяляецца да 500 мiльёнаў рублёў, прычым гэтыя работы маюць больш прыкладны характар.

Асноўнае ў нашай рабоце — гэта, безумоўна, збор самай актуальнай iнфармацыi аб лясах, якая дазволiла б вызначыць правiльныя падыходы да лесакарыстання, да захавання лясных рэсурсаў i iх аднаўлення. Пры гэтым вельмi важнае значэнне ва ўсёй нашай навуковай рабоце мае мадэляванне лясоў будучага — з улiкам пэўных параметраў лесакарыстання, пэўных змяненняў клiмату, эканамiчных патрэбнасцяў у драўнiне i г.д. Мы ўжо завяршылi гэту вялiзную работу i цяпер распрацоўваем зводныя матэрыялы. Адпаведныя рэкамендацыi ўжо знаходзяць адлюстраванне ў нашых лесаўпарадкавальных праектах.

Калi гаварыць пра iншыя навуковыя распрацоўкi, у якiх мы ўдзельнiчаем у сёлетнiм i будзем удзельнiчаць у наступным годзе, у першую чаргу варта назваць рэспублiканскую праграму лесааднаўлення i лесаразвядзення, аптымiзацыi лясiстасцi ў краiне. У нас ёсць раёны, дзе лясоў шмат, а разам з тым i такiя раёны, дзе лясiстасць тэрыторыi меншая за 15 працэнтаў. Гэта зусiм мала. А добра вядомае значэнне лясоў для сельскагаспадарчага сектара, папярэджання ў iм эрозii глебы, для паляпшэння клiмату. Вось мы i будзем глядзець у кожным раёне стан зямельных рэсурсаў, i там, дзе яны не задзейнiчаныя або задзейнiчаны не ў сельскагаспадарчых, а ў iншых мэтах, будзем у гэтай праграме падключаць iх для лесаразвядзення.

Другая наша важная работа — гэта падтрымка i актуалiзацыя, або ўдасканаленне iнфармацыйнай сiстэмы лясгасаў. Гэта датычыцца сiстэмы так званых АРМаў, якiя маюць на ўвазе аўтаматызаваную выдачу iнфармацыi па многiх працэсах.

I, нарэшце, наша работа на перспектыву — гэта асваенне сучасных тэхналогiй у лесаўпарадкаваннi, звязаных з выкарыстаннем матэрыялаў касмiчнай здымкi. Гэта работа тым болей важная, што прадпрыемству стала вельмi праблематычна заказваць для аэрафотаздымкаў авiяцыйную тэхнiку. А без такiх здымкаў — нiякай iнфармацыi, нiякую iнвентарызацыю лесу правесцi нельга.

— Мiхаiл Васiльевiч, агульная ацэнка стану лясоў таксама ўваходзiць у сферу вашых iнтарэсаў, якiм чынам вы ахарактарызавалi б iх цяперашнi стан?

— Агульная ацэнка стану лясоў — гэта, па сутнасцi, наша асноўная задача. Прычым мы павiнны штогод на пачатак студзеня даваць аб гэтым поўную iнфармацыю. "Белдзяржлесам" вядзецца так званы лясны кадастр, што, у прыватнасцi, прадугледжана лясным заканадаўствам, а спецыяльная пастанова Савета Мiнiстраў прадпiсвае парадак яго вядзення. Згодна з iнструкцыяй Мiнiстэрства лясной гаспадаркi, кожны лясгас, кожная лесагаспадарчая ўстанова павiнны збiраць усю адпаведную iнфармацыю i прадастаўляць яе нам. А мы яе апрацоўваем, аналiзуем i атрымлiваем дэталёвыя звесткi аб стане лясоў. Цяпер стан лясоў Беларусi ў цэлым нармальны. Мы маем у краiне неблагую агульную лясiстасць, якая складае 38 працэнтаў (дарэчы, ва ўжо ўказанай праграме, якую мы распрацоўваем, намечана павысiць агульную лясiстасць, — за кошт зямель, што не выкарыстоўваюцца, — на 2 працэнты). Далей: у мiнулым годзе загiнула (ад знiжэння ўзроўню грунтовых водаў, ад засухi, хваробаў, дзеянняў шкоднiкаў, ад пажараў) каля 5 тысяч гектараў лясных насаджэнняў. Гэта няшмат, калi мець на ўвазе, што апошнiя 15 гадоў мы штогод страчвалi 15—16 тысяч гектараў. Дарэчы, мы прадастаўляем адпаведную аналiтычную iнфармацыю аб стане лясоў (у тым лiку iнфармацыю аб тым, як сябе "паводзяць" асобныя пароды дрэў — дуб, хвоя, елка, колькi iх маецца ў працэнтных суадносiнах i г.д.) рэгiёнам, лясгасам. Гэту iнфармацыю яны выкарыстоўваюць пры выкананнi тых або iншых мерапрыемстваў.

— Мiхаiл Васiльевiч, iнфармаванне лясгасаў — гэта добра, але цi не зарэгулявана iх дзейнасць тымi ж праектамi лесаўпарадкавання. Усё ў гэтых праектах дэталёва распiсана: дзе сячы, дзе i што садзiць i г.д. А дзе iнiцыятыва самiх лясгасаў?

— Пытанне тут, безумоўна, ёсць. Сапраўды, лясгасам, ляснiцтвам трэба даваць больш самастойнасцi, каб iх работнiкi максiмальна выкарыстоўвалi свой вопыт, назiраннi. Разам з тым, такiя найважнейшыя паказчыкi, як аб’ёмы высечак лесу, нарыхтовак, аб’ёмы яго пасадак, або ўсё, што звязана з лесакарыстаннем i лесааднаўленнем, — тут усё павiнна быць цэнтралiзавана, павiнна з’яўляцца законам для лясгасаў. А вось якiя пры ўсiм гэтым прымяняць тэхналогii, метады — пазбаўляць лясгасы такой iнiцыятывы, сапраўды, нельга. Iх спецыялiстам непасрэдна на месцы, безумоўна, усё бачна лепш. Варта пры гэтым дадаць: цяпер у галiне шмат доследных лясгасаў i ляснiцтваў, у якiх на практыцы будуць адпрацоўвацца новыя тэхналогii, падыходы да вядзення лясной гаспадаркi, прычым, што вельмi важна, з улiкам мясцовых умоў. Адпаведна, тая ж зарэгуляванасць будзе змяншацца.

"Людзi ў нас правераныя на ўсе сто"

Мiкалай Стасевiч, намеснiк генеральнага дырэктара па iдэалагiчнай рабоце:

— Ужо зразумела, у нас павiнны працаваць здаровыя, фiзiчна развiтыя людзi. Адпаведна, на прадпрыемстве вялiкая ўвага надаецца ўмацаванню здаровага ладу жыцця. I на першым месцы тут, вядома, стаяць заняткi спортам. Калектыў прадпрыемства — пастаянна ўдзельнiчае ва ўсiх спартыўных мерапрыемствах Маскоўскага раёна Мiнска i Мiнiстэрства лясной гаспадаркi. Пры гэтым, напрыклад, па спартыўных вынiках мiнулага года мы занялi ў раёне 4-е месца. На прадпрыемстве ў мiнулым годзе адкрыта трэнажорная зала, якую наведвае прыкладна кожны чацвёрты наш работнiк, устаноўлены тэнiс; арандуем для заняткаў спартыўную залу ў Рэспублiканскiм вучэбным цэнтры "Лес". Сярод нашых работнiкаў папулярныя многiя вiды спорту, але, напэўна, адзiн з найбольш папулярных вiдаў — гэта, вядома ж, лясное арыентаванне. Зусiм нядаўна нашы аматары хаджэння ў лесе па азiмуце (цi — дакладней — аматары бегу па азiмуце, бо каб выйграць, трэба наведаць у лесе некалькi кропак як мага хутчэй) вярнулiся з мiжнародных спаборнiцтваў у Германii, дзе выступалi ў складзе каманды мiнiстэрства i, увогуле, выступiлi нядрэнна (тут жа ўдакладнiм: у складзе гэтай каманды быў i непасрэдна сам М. Стасевiч).

Як зразумела ўжо, нашы людзi працуюць у вельмi нялёгкiх умовах, яны бываюць падоўгу адарваныя ад усiх даброт жыцця, праходзяць сапраўдную школу на выжыванне. I адпаведны клопат пра iх, увага да ўсiх iх праблем павiнны з’яўляцца (i з’яўляюцца) неад’емнай часткай усёй нашай работы. Пры гэтым у першую чаргу хачу зазначыць пра вельмi добразычлiвы, цёплы клiмат у калектыве. Увогуле ж, iначай i не магло быць. Людзi ж у нас добра правераныя. Як кажуць, на ўсе сто.

Некаторыя вынiкi работы прадпрыемства "Белдзяржлес"

Агульная плошча базавага лесаўпарадкавання за мiнулы год склала 1096,4 га, тэмпы росту аб’ёмаў базавага лесаўпарадкавання — 102,1 працэнта. 

Лесапаталагiчнай партыяй прадпрыемства сабрана i апрацавана iнфармацыя аб стане цвёрдалiставых насаджэнняў на плошчы 22,8 тысячы га, у тым лiку 21,2 тысячы дубовых i 1,6 тысячы га ясеневых лясоў. 

Манiторынг агульнага стану лясоў: у 2007 годзе праводзiлiся назiраннi на 400 пастаянных пунктах улiку i 77 пастаянных пробных плошчах. 

Аэрафотаздымачнымi работамi было ахоплена 20 019 квадратных кiламетраў тэрыторыi Гродзенскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання i Лоеўскага лясгаса. 

У 2007 годзе распрацаваны лесаўпарадкавальныя праекты па наступных лясгасах: Пружанскiм, Багушэўскiм, Глыбоцкiм, Гарадоцкiм, Верхнядзвiнскiм, Аршанскiм, Гродзенскiм, Скiдальскiм, Барысаўскiм i Чэрвеньскiм. 

Работы па кадастравай ацэнцы лясных рэсурсаў i вядзеннi ляснога кадастру выкананы на тэрыторыi 9394,2 тысячы га. 

Іван БАРАНОЎСКІ.

 

На здымках:

1. генеральны дырэктар УП "Белдзяржлес" Аляксей Кулагін.

2. У інфармацыйна-вылічальным цэнтры прадпрыемства.

3. Падчас таксацыі.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi вы сустрэнеце ў лесе чалавека не з кузаўком або з нейкай iншай ёмiстасцю (а адпаведны сезон для шматлiкай армii лясных аматараў, па сутнасцi, ужо
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика