Злоўжыў на 97 млн?..
Злоўжыў на 97 млн?..
Адказная асоба цэха па вытворчасці камбiкорма ААТ "Александрыйскае" падазраецца ў злоўжываннi службовым становiшчам. 38-гадовы жыхар вёскi Александрыя Шклоўскага раёна раней займаў iншую адказную пасаду ў гэтым таварыстве i, як мяркуецца, тады i аступiўся. У прыватнасцi, ён падазраецца ў тым, што ў жнiўнi 2006 года нанёс урон свайму ТАА ў памеры 97 мiльёнаў 800 тысяч рублёў. "Спецыялiзавалiся" на бiтуме?.. Пракуратурай Брэсцкай вобласцi па матэрыялах упраўлення па барацьбе з карупцыяй i эканамiчнымi злачынствамi, а таксама ўпраўлення Дэпартамента фiнансавых расследаванняў КДК па Брэсцкай вобласцi ўзбуджана крымiнальная справа ў дачыненнi да асобаў, якiя падазраюцца ў крадзяжы ў буйным памеры. У следства ёсць прэтэнзii да адказнай асобы асфальта-бетоннага завода ДБУ-15, жыхара Жабiнкi, а таксама адказнай асобы СВК "Астрамечава" i рабочага гэтай жа гаспадаркi. У прыватнасцi, яны падазраюцца ў тым, што з мая па кастрычнiк мiнулага года ўчынiлi крадзеж бiтуму на 108 мiльёнаў 300 тысяч рублёў. Дзмiтрый СТАНКОВІЧ. Мясапрадукты пад выглядам... яблыкаў Iндывiдуальны прадпрымальнiк з Лiды ў пункце мытнага афармлення "Брузгi-2" пры ўездзе з Польшчы прад’явiў таварасуправаджальныя дакументы на груз "яблыкi свежыя" агульнай вагой брута 4032 кiлаграмы. Насамрэч, паводле iнфармацыi прэс-службы Гродзенскай рэгiянальнай мытнi, у грузавiку знаходзiлася каля 8 тон мясных прадуктаў розных вiдаў у вакуумнай упакоўцы. Акрамя таго, яшчэ 1480 кг мясапрадуктаў было выяўлена ў пустацелай прасторы прыстасаванага пад тайнiк спальнага месца вадзiцеля. Матэрыялы гэтай справы перададзены ў суд, якi вырашыць далейшы лёс затрыманых тавараў i аўтамабiля. Гэтыя прадукты, паводле тлумачэння iх перавозчыка, прызначалiся для рэалiзацыi ў Лiдзе i на сталiчным рынку "Ждановiчы". Хоць апазнавальная маркiроўка на большай частцы тавару адсутнiчала альбо сведчыла аб тым, што тэрмiн прыгоднасцi ўжо скончыўся. Па гэтай прычыне ўся партыя мясапрадуктаў будзе знiшчана. Барыс ПРАКОПЧЫК. Адна аварыя — трое ахвяраў Трое маладых людзей сталi ахвярамi дарожна-транспартнага здарэння, якое зафiксавана ў ноч з пятнiцы на суботу на дарозе паблiзу вёскi Гардзiшкi Ашмянскага раёна. Вадзiцель аўтамабiля "Субару" не справiўся з кiраваннем, з’ехаў у кювет, дзе машына перакулiлася. Двое чалавек — 24-гадовы хлопец i 20-гадовая дзяўчына — загiнулi на месцы здарэння. Яшчэ двое пасажыраў аўто з цялеснымi пашкоджаннямi былi дастаўлены ў бальнiцу, дзе, на жаль, 25-гадоваму пацярпеламу ўрачы не змаглi нiчым дапамагчы. Усе, хто трапiў у гэту аварыю, — непрацуючыя жыхары Ашмянаў. Студэнт наехаў на лiцэiста Каля дзвюх гадзiн ночы паблiзу вёскi Ланькова Бялынiцкага раёна з прыметамi наезду аўтатранспартам быў знойдзены 17‑гадовы навучэнец лiцэя, якога даставiлi ў бальнiцу. Аднак урачам выратаваць юнака не ўдалося. Адразу ж пасля здарэння ў 7 раёнах Магiлёўскай вобласцi быў уведзены план "Перахоп": праўда, па гарачых слядах затрымаць вiнаватага ў наездзе не ўдалося. У ходзе ж аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў праваахоўнiкам удалося ўстанавiць, што наезд, кiруючы "Фольксвагенам", учынiў 20-гадовы студэнт адной з навучальных устаноў Магiлёва. А ў Гродне бухгалтар фiлiяла аднаго з банкаў у суботу вечарам на аўтамабiлi "Опель" наехала на 13-гадовую дзяўчынку, вучанiцу 7-га класа адной з гiмназiй. На наступны дзень у бальнiцы дзiця памерла. Iгар ГРЫШЫН. Выжыў? У Брэсце, у адным з двароў па вул. Маскоўскай, выпiвалi трое. Узнiк скандал, i адзiн з кампанii схапiўся за нож. Малодшаму (1977 г. н.) ён нанёс рэзана-колатыя раны шыi i паяснiцы, а старэйшага (1972 г. н.) паранiў у грудзi. Як устанавiла судова-медыцынская экспертыза, апошняму нож закрануў сэрца. Злачынца затрыманы. Чарпак — гэта сур’ёзна... У кватэры па вул. Луцкай, што ў Брэсце, селi выпiваць двое — гаспадар i госць-пенсiянер. А далей вядомы сцэнарый — скандал закончыўся бойкай. I хоць гаспадар быў на адзiнаццаць гадоў маладзейшы за свайго кампаньёна, але той кухонным чарпаком так "адхадзiў" гаспадара, што небараку з цяжкiмi траўмамi галавы даставiлi ў бальнiцу абласнога цэнтра. Свой злодзей З тэрыторыi торфапрадпрыемства, якое знаходзiцца ў в. Калоднае Столiнскага раёна, невядомы ноччу ўкраў аўтамашыну. А ранiцай легкавушку знайшлi каля в. Цмень. Машына была разбiтая i спаленая. Мiлiцыя неўзабаве ўстанавiла, што ўкраў i разбiў аўтамабiль 22-гадовы хлопец, якi працуе на гэтым жа прадпрыемстве. Сымон Свiстуновiч. Прычына аварыi — лось У Верхнядзвiнскiм раёне, кiламетраў за пяць ад райцэнтра, лось стаў прычынай дарожна-транспартнага здарэння. Каля чатырох гадзiн ранiцы на аўтадарозе Вiцебск — Полацк — мяжа Латвii жывёла раптам выбегла з лесу i сутыкнулася з "Аўдзi-100". 23‑гадовы кiроўца атрымаў цялесныя пашкоджаннi i быў шпiталiзаваны. Лось загiнуў. Аляксандр ПУКШАНСКI. На каго ён працаваў? Такое пытанне паставiлi супрацоўнiкi ўпраўлення КДБ Рэспублiкi Беларусь па Гомельскай вобласцi перад кiраўнiкамi абласнога аддзялення Беларускай чыгункi, калi выявiлi, што прадпрыемства панесла дадатковыя расходы ў суме звыш 80 мiльёнаў рублёў. Справа ў тым, што яно набывала запасныя часткi для рамонту вагонаў у камерцыйных структур па больш высокiх цэнах, чым гэта можна было зрабiць на электрамеханiчным заводзе, што знаходзiцца ў Гомелi i падпарадкоўваецца той жа Беларускай чыгунцы. А ўсё гэта адбылося па волi першага намеснiка начальнiка абласнога аддзялення чыгункi, якi падазраецца ў тым, што, заключаючы загадзя стратныя дагаворы на пастаўку запасных частак, ён дзейнiчаў далёка не бескарыслiва для сябе асабiста. Крымiнальная справа перададзена ў пракуратуру. Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ. Брудная "салянка" Як мяркуецца, гiбель рыбы на рацэ Салянка Старадарожскага раёна адбылася ў вынiку залпавага скiдвання неачышчаных сцёкавых водаў з ачышчальных збудаванняў КУП "Старадарожская ЖКГ". Дзяржiнспектары абследавалi гэта месца, знайшоўшы больш за сотню асобiнаў загiнулай рыбы. Канчатковая выснова будзе зроблена пасля аналiзу вады, якi праводзiць Слуцкая мiжраённая лабараторыя аналiтычнага кантролю. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адказная асоба цэха па вытворчасці камбiкорма ААТ "Александрыйскае" падазраецца ў злоўжываннi службовым становiшчам.
|
|