21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Закон Рэспублiкi Беларусь

26.08.2009 10:27 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Закон Рэспублiкi Беларусь

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў 24 чэрвеня 2008 года

Адобраны Саветам Рэспублiкi 28 чэрвеня 2008 года

Глава 1 Агульныя палажэннi

Артыкул 1. Сфера дзеяння гэтага ЗаконаГэтым Законам рэгулююцца грамадскiя адносiны, якiя ўзнiкаюць пры ажыццяўленнi дзейнасцi па ўнясеннi персанальных даных фiзiчных асобаў у рэгiстр насельнiцтва, iх актуалiзацыi, выключэннi, захоўваннi, аднаўленнi, прадастаўленнi, выкарыстаннi i ахове.

Артыкул 2. Асноўныя тэрмiны, што прымяняюцца ў гэтым Законе, i iх азначэннi

Для мэтаў гэтага Закона прымяняюцца наступныя асноўныя тэрмiны i iх азначэннi:

рэгiстр насельнiцтва (далей — рэгiстр) — дзяржаўная цэнтралiзаваная аўтаматызаваная iнфармацыйная сiстэма, аснову якой складае база персанальных даных грамадзян Рэспублiкi Беларусь, а таксама iншаземных грамадзян i асобаў без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць у Рэспублiцы Беларусь (далей — фiзiчныя асобы);

распарадчык рэгiстра — дзяржаўны орган, якi выконвае функцыi па вядзеннi i кiраваннi рэгiстрам;

рэгiструючая служба — структурнае падраздзяленне распарадчыка рэгiстра, якое ўпаўнаважана на вядзенне рэгiстра;

персанальныя даныя фiзiчных асобаў (далей — персанальныя даныя) — сукупнасць асноўных i дадатковых персанальных даных, а таксама даных аб рэквiзiтах дакументаў, якiя пацвярджаюць асноўныя i дадатковыя персанальныя даныя канкрэтных фiзiчных асобаў;

запiс у рэгiстры — персанальныя даныя i звязаныя з iмi адзнакi, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры;

iдэнтыфiкацыйны нумар — лiтара-лiчбавая паслядоўнасць, якая з’яўляецца асноўнай iдэнтыфiкуючай прыметай фiзiчнай асобы ў працэсе ўнясення яе персанальных даных у рэгiстр, iх актуалiзацыi, выключэння, захоўвання, аднаўлення, прадастаўлення, выкарыстання i аховы.

Артыкул 3. Мэты i задачы рэгiстра

1. Мэтамi рэгiстра з’яўляюцца:

1.1. ахова правоў i свабод фiзiчных асобаў;

1.2. фармiраванне адзiнай iнфармацыйнай прасторы ў Рэспублiцы Беларусь.

2. Задачамi рэгiстра з’яўляюцца:

2.1. забеспячэнне ўлiку фiзiчных асобаў;

2.2. аператыўнае забеспячэнне дакладнымi i актуальнымi персанальнымi данымi дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый (далей — арганiзацыi), натарыусаў i фiзiчных асобаў;

2.3. забеспячэнне iнфармацыйнага ўзаемадзеяння i супрацоўнiцтва арганiзацый, у тым лiку ў ходзе мiждзяржаўнага i мiжнароднага iнфармацыйнага абмену.

Артыкул 4. Прынцыпы функцыянавання рэгiстра

Функцыянаванне рэгiстра грунтуецца на прынцыпах:

законнасцi;

захоўвання правоў i свабод чалавека;

адзiнкавасцi рэгiстрацыi;

прымянення адзiнага ўнiкальнага фармату запiсаў пры ўнясеннi персанальных даных у рэгiстр i прадастаўленнi персанальных даных з рэгiстра;

бесперапыннасцi вядзення рэгiстра;

паўнаты, дакладнасцi i актуальнасцi персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры;

забеспячэння аховы персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры;

кантролю за вядзеннем рэгiстра i выкарыстаннем персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры.

Артыкул 5. Прававая аснова функцыянавання рэгiстра

Прававую аснову функцыянавання рэгiстра складаюць Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь, гэты Закон i iншыя акты заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 6. Фiнансаванне i матэрыяльна-тэхнiчнае забеспячэнне мерапрыемстваў, звязаных з рэалiзацыяй палажэнняў гэтага Закона

Фiнансаванне i матэрыяльна-тэхнiчнае забеспячэнне мерапрыемстваў, звязаных з рэалiзацыяй палажэнняў гэтага Закона, ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў, у тым лiку прадугледжаных на ўтрыманне распарадчыка рэгiстра, iншых дзяржаўных органаў i iншых дзяржаўных арганiзацый (далей — дзяржаўныя арганiзацыi), якiя забяспечваюць унясенне ў рэгiстр персанальных даных, а таксама за кошт iншых крынiц, не забароненых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Глава 2 Запiс у рэгiстры. Парадак вядзення рэгiстра

Артыкул 7. Запiс у рэгiстры

1. Запiс у рэгiстры складаецца з наступных персанальных даных (пры iх наяўнасцi) i звязаных з iмi адзнак:

1.1. асноўныя персанальныя даныя;

1.2. дадатковыя персанальныя даныя;

1.3. даныя аб рэквiзiтах дакументаў, якiя пацвярджаюць асноўныя i дадатковыя персанальныя даныя;

1.4. адзнакi аб унясеннi персанальных даных у рэгiстр, iх актуалiзацыi, выключэннi, перадачы на захоўванне ў электронны архiў, аднаўленнi, прадастаўленнi арганiзацыям, натарыусам i фiзiчным асобам.

2. Кожны запiс у рэгiстры валодае статусам электроннага дакумента ў адпаведнасцi з Законам Рэспублiкi Беларусь ад 10 студзеня 2000 года "Аб электронным дакуменце" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2000 г., № 7, 2/132).

Артыкул 8. Асноўныя персанальныя даныя

1. Да асноўных персанальных даных адносяцца:

1.1. iдэнтыфiкацыйны нумар;

1.2. прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку;

1.3. пол;

1.4. чысло, месяц, год (далей — дата) нараджэння;

1.5. месца нараджэння;

1.6. лiчбавы фотапартрэт;

1.7. даныя аб грамадзянстве (падданстве);

1.8. даныя аб рэгiстрацыi па месцы жыхарства i (або) месцы знаходжання;

1.9. даныя аб смерцi або аб’яўленнi фiзiчнай асобы памерлай, прызнаннi без вестак адсутнай, недзеяздольнай, абмежавана дзеяздольнай.

2. Данымi аб грамадзянстве (падданстве) з’яўляюцца:

2.1. грамадзянства (падданства);

2.2. падставы набыцця або спынення грамадзянства Рэспублiкi Беларусь;

2.3. дата набыцця або спынення грамадзянства Рэспублiкi Беларусь.

3. Данымi аб рэгiстрацыi па месцы жыхарства i (або) месцы знаходжання з’яўляюцца:

3.1. месца жыхарства i (або) месца знаходжання;

3.2. дата рэгiстрацыi па месцы жыхарства i (або) месцы знаходжання;

3.3. дата зняцця з рэгiстрацыйнага ўлiку па месцы жыхарства i (або) месцы знаходжання.

4. Данымi аб смерцi або аб’яўленнi фiзiчнай асобы памерлай, прызнаннi без вестак адсутнай, недзеяздольнай, абмежавана дзеяздольнай з’яўляюцца:

4.1. дата, месца i прычына смерцi, месца пахавання;

4.2. дата аб’яўлення фiзiчнай асобы памерлай, прызнання без вестак адсутнай, дата адмены адпаведнага рашэння;

4.3. дата прызнання фiзiчнай асобы недзеяздольнай, абмежавана дзеяздольнай, дата адмены адпаведнага рашэння;

4.4. дата ўстанаўлення апекi, папячыцельства;

4.5. дата спынення апекi, папячыцельства;

4.6. дата адхiлення апекуноў, папячыцеляў ад выканання iх абавязкаў.

Артыкул 9. Iдэнтыфiкацыйны нумар

1. Iдэнтыфiкацыйны нумар фармiруецца ў цэнтралiзаваным парадку па спецыяльнай методыцы, якая вызначана Мiнiстэрствам унутраных спраў Рэспублiкi Беларусь.

2. Iдэнтыфiкацыйны нумар застаецца нязменным на працягу ўсяго перыяду iснавання запiсу ў рэгiстры, за выключэннем выпадкаў змянення даты нараджэння, полу фiзiчнай асобы, памылкова генерыраванага iдэнтыфiкацыйнага нумару. Iдэнтыфiкацыйны нумар указваецца ў дакументах, якiя сведчаць фiзiчную асобу.

Артыкул 10. Дадатковыя персанальныя даныя

1. Да дадатковых персанальных даных адносяцца даныя:

1.1. аб бацьках, апекунах, папячыцелях, сямейным становiшчы, мужу (жонцы), дзiцяцi (дзецях) фiзiчнай асобы;

1.2. аб групе крывi;

1.3. аб прыжыццёвай нязгодзе на забор органаў i (або) тканак для трансплантацыi пры наступленнi смерцi;

1.4. аб вышэйшай адукацыi, вучонай ступенi, вучоным званнi;

1.5. аб родзе заняткаў;

1.6. аб пенсii, штомесячным грашовым забеспячэннi па заканадаўстве аб дзяржаўнай службе (далей — штомесячнае грашовае забеспячэнне), штомесячнай страхавой выплаце па абавязковым страхаваннi ад няшчасных выпадкаў на вытворчасцi i прафесiйных захворванняў;

1.7. аб падатковых абавязацельствах;

1.8. аб выкананнi воiнскага абавязку.

2. Данымi аб бацьках, апекунах, папячыцелях, сямейным становiшчы, мужу (жонцы), дзiцяцi (дзецях) фiзiчнай асобы з’яўляюцца:

2.1. прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння i iдэнтыфiкацыйны нумар бацькi;

2.2. прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння i iдэнтыфiкацыйны нумар мацi;

2.3. прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння i iдэнтыфiкацыйны нумар апекуна, папячыцеля;

2.4. дата i месца рэгiстрацыi заключэння шлюбу, скасавання шлюбу, прызнання шлюбу несапраўдным;

2.5. прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння i iдэнтыфiкацыйны нумар мужа (жонкi);

2.6. прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння i iдэнтыфiкацыйны нумар дзiцяцi (дзяцей);

2.7. дата пазбаўлення бацькоўскiх правоў, аднаўлення ў бацькоўскiх правах.

3. Данымi аб вышэйшай адукацыi i вучонай ступенi, вучоным званнi з’яўляюцца:

3.1. назва вышэйшай навучальнай установы;

3.2. дата залiчэння ў вышэйшую навучальную ўстанову;

3.3. дата заканчэння вышэйшай навучальнай установы;

3.4. атрыманая спецыяльнасць;

3.5. вучоная ступень, вучонае званне;

3.6. дата прысуджэння вучонай ступенi, прысваення вучонага звання.

4. Данымi аб родзе заняткаў з’яўляюцца:

4.1. статус працуючага, беспрацоўнага, непрацуючага;

4.2. месца працы;

4.3. дата працаўладкавання, пастаноўкi на ўлiк у якасцi беспрацоўнага;

4.4. дата звальнення, зняцця з улiку ў якасцi беспрацоўнага;

4.5. звесткi аб тым, цi з’яўляецца фiзiчная асоба заснавальнiкам (удзельнiкам, уласнiкам маёмасцi) юрыдычнай асобы (за выключэннем адкрытых акцыянерных таварыстваў, таварыстваў уласнiкаў, спажывецкiх кааператываў, садаводчых таварыстваў, гандлёва-прамысловых палат), iндывiдуальным прадпрымальнiкам.

5. Данымi аб пенсii, штомесячным грашовым забеспячэннi, штомесячнай страхавой выплаце па абавязковым страхаваннi ад няшчасных выпадкаў на вытворчасцi i прафесiйных захворванняў з’яўляюцца:

5.1. вiд пенсii;

5.2. дата прызначэння, спынення выплаты пенсii, штомесячнага грашовага забеспячэння, штомесячнай страхавой выплаты па абавязковым страхаваннi ад няшчасных выпадкаў на вытворчасцi i прафесiйных захворванняў.

6. Данымi аб падатковых абавязацельствах з’яўляюцца:

6.1. дата пастаноўкi на ўлiк у па-датковым органе;

6.2. улiковы нумар плацельшчыка;

6.3. наяўнасць запазычанасцi па падатковых абавязацельствах.

7. Данымi аб выкананнi воiнскага абавязку з’яўляюцца:

7.1. дата прыёму на воiнскi ўлiк;

7.2. дата зняцця (выключэння) з воiнскага ўлiку.

Артыкул 11. Даныя аб рэквiзiтах дакументаў, якiя пацвярджаюць асноўныя i дадатковыя персанальныя даныя

Разам з асноўнымi персанальнымi данымi i дадатковымi персанальнымi данымi ў запiсе ў рэгiстры змяшчаюцца даныя аб рэквiзiтах дакументаў, якiя пацвярджаюць указаныя персанальныя даныя:

назва дакумента;

серыя;

нумар;

дата выдачы (прыняцця);

тэрмiн дзеяння;

назва арганiзацыi, якая выдала (прыняла) дакумент.

Артыкул 12. Дзяржаўныя арганiзацыi, якiя ўносяць персанальныя даныя ў рэгiстр

1. Фармiраванне рэгiстра i наступная актуалiзацыя персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў iм, ажыццяўляюцца дзяржаўнымi арганiзацыямi ў парадку, устаноўленым гэтым артыкулам i артыкуламi 13 i 14 гэтага Закона.

2. У рэгiстр уносяцца персанальныя даныя:

2.1. Мiнiстэрствам унутраных спраў Рэспублiкi Беларусь:

iдэнтыфiкацыйны нумар;

прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку;

пол;

дата нараджэння;

месца нараджэння;

лiчбавы фотапартрэт;

аб грамадзянстве (падданстве);

аб рэгiстрацыi па месцы жыхарства i (або) месцы знаходжання;

аб пенсiях фiзiчных асобаў, пенсiйнае забеспячэнне якiх ажыццяўляецца гэтым мiнiстэрствам у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

2.2. Фондам сацыяльнай абароны насельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь:

месца працы;

дата працаўладкавання;

дата звальнення;

2.3. Мiнiстэрствам юстыцыi Рэспублiкi Беларусь — аб тым, цi з’яўляецца фiзiчная асоба заснавальнiкам (удзельнiкам, уласнiкам маёмасцi) юрыдычнай асобы (за выключэннем адкрытых акцыянерных таварыстваў, таварыстваў уласнiкаў, спажывецкiх кааператываў, садаводчых таварыстваў, гандлёва-прамысловых палат), iндывiдуальным прадпрымальнiкам;

2.4. Вышэйшай атэстацыйнай камiсiяй Рэспублiкi Беларусь:

вучоная ступень, вучонае званне;

дата прысуджэння вучонай ступенi, прысваення вучонага звання;

2.5. Мiнiстэрствам абароны Рэспублiкi Беларусь — аб пенсiях фiзiчных асобаў, пенсiйнае забеспячэнне якiх ажыццяўляецца гэтым мiнiстэрствам у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

2.6. ваеннымi камiсарыятамi — аб выкананнi воiнскага абавязку;

2.7. Мiнiстэрствам па падатках i зборах Рэспублiкi Беларусь — аб па-датковых абавязацельствах;

2.8. Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь:

назва вышэйшай навучальнай установы;

дата залiчэння ў вышэйшую навучальную ўстанову;

дата заканчэння вышэйшай навучальнай установы;

атрыманая спецыяльнасць;

2.9. Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь:

аб групе крывi;

аб прыжыццёвай нязгодзе на забор органаў i (або) тканак для трансплантацыi пры наступленнi смерцi;

2.10. Мiнiстэрствам па надзвычайных сiтуацыях Рэспублiкi Беларусь — аб пенсiях фiзiчных асобаў, пенсiйнае забеспячэнне якiх ажыццяўляецца гэтым мiнiстэрствам у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

2.11. Камiтэтам дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь — аб пенсiях фiзiчных асобаў, пенсiйнае забеспячэнне якiх ажыццяўляецца гэтым камiтэтам у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

2.12. Генеральнай пракуратурай Рэспублiкi Беларусь — аб пенсiях фiзiчных асобаў, пенсiйнае забеспячэнне якiх ажыццяўляецца Генеральнай пракуратурай Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

2.13. Беларускiм рэспублiканскiм унiтарным страхавым прадпрыемствам "Белдзяржстрах" — аб штомесячных страхавых выплатах па абавязковым страхаваннi ад няшчасных выпадкаў на вытворчасцi i прафесiйных захворванняў, забеспячэнне якiх ажыццяўляецца гэтым прадпрыемствам у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

2.14. мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi:

аб статусе працуючага, беспрацоўнага, непрацуючага;

дата пастаноўкi на ўлiк у якасцi беспрацоўнага;

дата зняцця з улiку ў якасцi беспрацоўнага;

аб пенсiях, не ўказаных у абзацы дзесятым падпункта 2.1, падпунктах 2.5, 2.10—2.12 гэтага пункта, а таксама аб штомесячным грашовым забеспячэннi;

дата ўстанаўлення апекi, папячыцельства;

прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння i iдэнтыфiкацыйны нумар апекуна, папячыцеля;

дата спынення апекi, папячыцельства;

дата адхiлення апекуноў, папячыцеляў ад выканання iх абавязкаў;

месца пахавання;

2.15. агульнымi судамi:

дата аб’яўлення фiзiчнай асобы памерлай, прызнання без вестак адсутнай, дата адмены адпаведнага рашэння;

дата прызнання фiзiчнай асобы недзеяздольнай, абмежавана дзеяздольнай, дата адмены адпаведнага рашэння;

дата пазбаўлення бацькоўскiх правоў, аднаўлення ў бацькоўскiх правах;

дата i месца рэгiстрацыi скасавання шлюбу, прызнання шлюбу несапраўдным;

2.16. органамi, якiя рэгiструюць акты грамадзянскага стану:

iдэнтыфiкацыйны нумар;

прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку;

пол;

дата нараджэння;

месца нараджэння;

прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння i iдэнтыфiкацыйны нумар бацькi;

прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння i iдэнтыфiкацыйны нумар мацi;

прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння i iдэнтыфiкацыйны нумар мужа (жонкi);

прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння i iдэнтыфiкацыйны нумар дзiцяцi (дзяцей);

дата i месца рэгiстрацыi заключэння шлюбу, скасавання шлюбу (да 1 верасня 1999 года);

дата, месца i прычына смерцi.

3. Персанальныя даныя, указаныя ў абзацах другiм—шостым падпункта 2.1 пункта 2 гэтага артыкула, уносяцца ў рэгiстр Мiнiстэрствам унутраных спраў Рэспублiкi Беларусь;

у дачыненнi да грамадзян Рэспублiкi Беларусь — пры выдачы пашпарта грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь;

у дачыненнi да iншаземных грамадзян i асобаў без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць у Рэспублiцы Беларусь, i iх няпоўнагадовых дзяцей — пры выдачы пасведчання на права жыхарства ў Рэспублiцы Беларусь;

у дачыненнi да няпоўнагадовых дзяцей, якiя набываюць грамадзянства Рэспублiкi Беларусь у парадку рэгiстрацыi ў адпаведнасцi з Законам Рэспублiкi Беларусь ад 1 жнiўня 2002 года "Аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2002 г., № 88, 2/885) або па падставах, якiя прадугледжаны мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь, — пры набыццi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь.

Персанальныя даныя, указаныя ў абзацах другiм—шостым падпункта 2.16 пункта 2 гэтага артыкула, уносяцца ў рэгiстр органамi, якiя рэгiструюць акты грамадзянскага стану:

у дачыненнi да грамадзян Рэспублiкi Беларусь, iншаземных грамадзян i асобаў без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць у Рэспублiцы Беларусь, — пры рэгiстрацыi нараджэння;

у дачыненнi да няпоўнагадовых дзяцей, якiя нарадзiлiся i не атрымалi пашпартоў грамадзян Рэспублiкi Беларусь да ўступлення ў сiлу гэтага Закона.

Артыкул 13. Унясенне персанальных даных у рэгiстр

1. Унясенне персанальных даных у рэгiстр ажыццяўляецца бесперапынна ў рэжыме рэальнага часу праз сiстэму каналаў сувязi ў храналагiчным парадку дзяржаўнымi арганiзацыямi, якiя ўносяць персанальныя даныя ў рэгiстр у адпаведнасцi з артыкулам 12 гэтага Закона.

2. Персанальныя даныя, якiя ўносяцца ў рэгiстр, сведчацца электронным лiчбавым подпiсам упаўнаважанага работнiка дзяржаўнай арганiзацыi, якая iх уносiць. Пры гэтым адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь за паўнату, дакладнасць i актуальнасць персанальных даных, якiя ўносяцца ў рэгiстр, нясе кiраўнiк дзяржаўнай арганiзацыi, якая ўносiць гэтыя даныя.

3. Пры ўнясеннi персанальных даных у рэгiстр кожнага запiсу ў рэгiстры аўтаматычна прысвойваецца парадкавы нумар, а таксама робяцца наступныя адзнакi:

3.1. дата i час унясення персанальных даных;

3.2. назва дзяржаўнай арганiзацыi, якая ўнесла персанальныя даныя ў рэгiстр.

Артыкул 14. Актуалiзацыя персанальных даных

1. Актуалiзацыя персанальных даных — замена персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры, актуальнымi персанальнымi данымi.

2. Актуалiзацыя персанальных даных ажыццяўляецца бесперапынна ў рэжыме рэальнага часу праз сiстэму каналаў сувязi дзяржаўнымi арганiзацыямi, якiя ўносяць персанальныя даныя ў рэгiстр у адпаведнасцi з артыкулам 12 гэтага Закона.

3. Актуальныя персанальныя даныя, якiя ўносяцца ў рэгiстр, сведчацца электронным лiчбавым подпiсам упаўнаважанага работнiка дзяржаўнай арганiзацыi, якая iх уносiць.

4. Пры актуалiзацыi персанальных даных у запiсе ў рэгiстры робяцца наступныя адзнакi:

4.1. дата i час актуалiзацыi персанальных даных;

4.2. назва дзяржаўнай арганiзацыi, якая ўнесла актуальныя персанальныя даныя ў рэгiстр.

5. Пры актуалiзацыi персанальных даных новыя персанальныя даныя ўносяцца без знiшчэння папярэднiх.

6. Пры выяўленнi недакладнасцяў у персанальных даных распарадчык рэгiстра накiроўвае запыт у дзяржаўную арганiзацыю, якой былi ўнесены персанальныя даныя ў рэгiстр, для праверкi iх дакладнасцi i ўнясення ў рэгiстр актуальных персанальных даных.

Артыкул 15. Выключэнне персанальных даных з рэгiстра

1. Персанальныя даныя з рэгiстра выключаюцца рэгiструючай службай у выпадку парушэння ўстаноўленага гэтым Законам парадку ўнясення персанальных даных у рэгiстр, а таксама ў мэтах забеспячэння нацыянальнай бяспекi, правоў i свабод фiзiчных асобаў.

2. Пры выключэннi персанальных даных з рэгiстра ў запiсе ў рэгiстры робяцца наступныя адзнакi:

2.1. дата i час выключэння персанальных даных;

2.2. падстава для выключэння персанальных даных;

2.3. прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку i электронны лiчбавы подпiс упаўнаважанага супрацоўнiка або асобы з лiку грамадзянскага персаналу (далей — упаўнаважаны супрацоўнiк) рэгiструючай службы, якi выключыў персанальныя даныя.

3. Пры выключэннi персанальных даных з рэгiстра яны не знiшчаюцца i могуць быць прачытаны рэгiструючай службай.

Артыкул 16. Захоўванне персанальных даных

1. Персанальныя даныя ў рэгiстры захоўваюцца на беларускай i (або) рускай мовах, а прозвiшчы i ўласныя iмёны таксама i ў лацiнскай транскрыпцыi. Правiлы транслiтарацыi прозвiшча i ўласнага iмя грамадзян Рэспублiкi Беларусь устанаўлiваюцца Мiнiстэрствам унутраных спраў Рэспублiкi Беларусь. Прозвiшчы, уласныя iмёны iншаземных грамадзян i асобаў без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць у Рэспублiцы Беларусь, указваюцца ў лацiнскай транскрыпцыi ў адпаведнасцi з праязнымi дакументамi, якiя выдадзены гэтым асобам замежнымi дзяржавамi.

2. Персанальныя даныя, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры, захоўваюцца пастаянна. Распарадчык рэгiстра забяспечвае захоўванне электронных копiй рэгiстра па-за памяшканнямi рэгiструючай службы i абнаўленне персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў копiях, не менш як адзiн раз у год.

3. Перадача персанальных даных на захоўванне ў электронны архiў ажыццяўляецца ў выпадку:

3.1. смерцi або аб’яўлення фiзiчнай асобы памерлай;

3.2. выхаду з грамадзянства або страты грамадзянства Рэспублiкi Беларусь грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь, якiя пастаянна пражываюць за мяжой;

3.3. выезду iншаземных грамадзян i асобаў без грамадзянства, якiя пастаянна пражывалi ў Рэспублiцы Беларусь, на пастаяннае жыхарства за межы Рэспублiкi Беларусь;

3.4. анулявання дазволу на пастаяннае пражыванне ў Рэспублiцы Беларусь.

4. Пры перадачы персанальных даных на захоўванне ў электронны архiў у запiсе ў рэгiстры робяцца наступныя адзнакi:

4.1. дата i час перадачы персанальных даных на захоўванне ў электронны архiў;

4.2. прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку i электронны лiчбавы подпiс упаўнаважанага супрацоўнiка рэгiструючай службы, якi перадаў персанальныя даныя на захоўванне ў электронны архiў.

Артыкул 17. Аднаўленне персанальных даных

1. Аднаўленне персанальных даных у рэгiстры ажыццяўляецца рэгiструючай службай у выпадках пашкоджання або знiшчэння запiсаў у рэгiстры.

2. Персанальныя даныя могуць быць адноўлены цалкам або часткова на падставе персанальных даных, якiя ўнесены дзяржаўнымi арганiзацыямi ў адпаведнасцi з артыкулам 12 гэтага Закона.

3. Пры аднаўленнi персанальных даных у запiсе ў рэгiстры робяцца наступныя адзнакi:

3.1. дата i час аднаўлення персанальных даных;

3.2. назва дзяржаўнай арганiзацыi, якая ўнесла персанальныя даныя ў рэгiстр;

3.3. прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку i электронны лiчбавы подпiс упаўнаважанага супрацоўнiка рэгiструючай службы, якi аднавiў персанальныя даныя ў рэгiстры.

Артыкул 18. Вядзенне рэгiстра на электронных носьбiтах. Сертыфiкацыя камп’ютарных праграм i тэхнiчных сродкаў для вядзення рэгiстра

1. Вядзенне рэгiстра ажыццяўляецца рэгiструючай службай на электронных носьбiтах.

2. Камп’ютарныя праграмы i тэхнiчныя сродкi для вядзення рэгiстра павiнны быць сертыфiкаваны ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Глава 3 Кiраванне рэгiстрам. Функцыi дзяржаўных арганiзацый па забеспячэннi функцыянавання рэгiстра

Артыкул 19. Кiраванне рэгiстрам

Кiраванне рэгiстрам ажыццяўляе распарадчык рэгiстра — Мiнiстэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 20. Функцыi распарадчыка рэгiстра

Распарадчык рэгiстра выконвае наступныя функцыi:

распрацоўвае тэхнiчныя рэгламенты, звязаныя з работай рэгiстра;

устанаўлiвае ўзоры электронных дакументаў для вядзення рэгiстра;

устанаўлiвае парадак i ажыццяўляе абязлiчванне персанальных даных у адпаведнасцi з артыкулам 30 гэтага Закона;

забяспечвае ахову персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры;

ажыццяўляе метадычнае кiраўнiцтва i кантроль у межах сваёй кампетэнцыi за вядзеннем сiстэм улiку асобных катэгорый фiзiчных асобаў, што ствараюцца дзяржаўнымi арганiзацыямi, i ўзаемадзеяннем гэтых сiстэм з рэгiстрам;

заключае дагаворы з арганiзацыямi, натарыусамi аб рэгулярным прадастаўленнi iм персанальных даных з рэгiстра ў парадку, устаноўленым артыкулам 24 гэтага Закона;

ажыццяўляе кантроль за вядзеннем рэгiстра i выкарыстаннем персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў iм;

ажыццяўляе кантроль у межах сваёй кампетэнцыi за парадкам унясення дзяржаўнымi арганiзацыямi, указанымi ў артыкуле 12 гэтага Закона, персанальных даных у рэгiстр.

Артыкул 21. Функцыi рэгiструючай службы

Рэгiструючая служба выконвае наступныя функцыi:

стварае ўмовы для бесперапыннага ўнясення дзяржаўнымi арганiзацыямi, указанымi ў артыкуле 12 гэтага Закона, персанальных даных у рэгiстр, iх актуалiзацыi, ажыццяўляе выключэнне, захоўванне, аднаўленне персанальных даных у парадку, устаноўленым гэтым Законам;

прадастаўляе персанальныя даныя, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры, арганiзацыям, натарыусам i фiзiчным асобам у парадку, устаноўленым гэтым Законам;

прымае меры па ахове персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры.

Артыкул 22. Функцыi iншых дзяржаўных арганiзацый па забеспячэннi функцыянавання рэгiстра

1. Дзяржаўныя арганiзацыi, указаныя ў артыкуле 12 гэтага Закона, у межах сваёй кампетэнцыi забяспечваюць:

1.1. стварэнне неабходнай iнфраструктуры для ўнясення ў рэгiстр персанальных даных;

1.2. унясенне ў рэгiстр дакладных персанальных даных, iх актуалiзацыю ў парадку, прадугледжаным артыкуламi 12—14 гэтага Закона;

1.3. прыняцце неабходных мераў па захоўваннi i ахове персанальных даных, якiя ўносяцца ў рэгiстр.

2. Дзяржаўныя арганiзацыi ў мэтах забеспячэння iнфармацыйнага ўзаемадзеяння з рэгiстрам пры стварэннi сiстэм улiку асобных катэгорый фiзiчных асобаў павiнны будаваць iх на аснове iдэнтыфiкацыйнага нумара, папярэдне ўзгаднiўшы праекты такiх сiстэм з Мiнiстэрствам сувязi i iнфарматызацыi Рэспублiкi Беларусь i Мiнiстэрствам унутраных спраў Рэспублiкi Беларусь.

Глава 4 Прадастаўленне персанальных даных з рэгiстра

Артыкул 23. Прадастаўленне, адмова ў прадастаўленнi персанальных даных з рэгiстра

1. Персанальныя даныя з рэгiстра прадастаўляюцца арганiзацыям, натарыусам i фiзiчным асобам у парадку i тэрмiны, прадугледжаныя артыкуламi 24—28 гэтага Закона.

2. Невыкананне парадку, прадугледжанага артыкуламi 24 i 26 гэтага Закона, з’яўляецца падставай для адмовы ў прадастаўленнi персанальных даных з рэгiстра.

Адмова ў прадастаўленнi персанальных даных з рэгiстра можа быць абскарджана ў распарадчыка рэгiстра.

Абскарджанне ў судовым парадку адмовы ў прадастаўленнi персанальных даных з рэгiстра ажыццяўляецца пасля абскарджання такой адмовы ў распарадчыка рэгiстра.

3. Замежным дзяржавам, а таксама мiжнародным або замежным арганiзацыям персанальныя даныя, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры, прадастаўляюцца ў адпаведнасцi з мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 24. Парадак прадастаўлення персанальных даных з рэгiстра арганiзацыям, натарыусам

1. Прадастаўленне персанальных даных (у тым лiку абязлiчаных) з рэгiстра арганiзацыям, натарыусам ажыццяўляецца рэгiструючай службай бясплатна, калi выкарыстанне такiх персанальных даных неабходна для выканання задач, што ўваходзяць у кампетэнцыю гэтых арганiзацый, натарыусаў, якая вызначана заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

У iншых выпадках арганiзацыям, натарыусам прадастаўляюцца абязлiчаныя персанальныя даныя на платнай аснове. За прадастаўленне такiх даных збiраецца дзяржаўная пошлiна ў парадку i памерах, устаноўленых заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

2. Прадастаўленне персанальных даных з рэгiстра арганiзацыям, натарыусам ажыццяўляецца па пiсьмовым або электронным запыце аб прадастаўленнi, засведчаным у парадку, што вызначаецца Мiнiстэрствам унутраных спраў Рэспублiкi Беларусь, i (або) дагаворы аб рэгулярным прадастаўленнi персанальных даных з рэгiстра, заключаным у адпаведнасцi з грамадзянскiм заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

3. У запыце аб прадастаўленнi персанальных даных з рэгiстра ўказваюцца:

3.1. назва арганiзацыi, арганiзацыйная форма ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасцi i прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку натарыуса, якiя звяртаюцца па прадастаўленне персанальных даных з рэгiстра;

3.2. падставы i мэта атрымання персанальных даных;

3.3. склад i аб’ём персанальных даных, якiя запытваюцца;

3.4. парадак i тэрмiны выкарыстання персанальных даных.

4. У дагаворы аб рэгулярным прадастаўленнi персанальных даных з рэгiстра акрамя звестак, прадугледжаных пунктам 3 гэтага артыкула, таксама ўказваюцца:

4.1. форма рэгулярнага прадастаўлення персанальных даных (на папяровых носьбiтах, у электронным выглядзе);

4.2. парадак i тэрмiны рэгулярнага прадастаўлення персанальных даных.

Артыкул 25. Тэрмiны прадастаўлення персанальных даных з рэгiстра арганiзацыям, натарыусам

1. Прадастаўленне персанальных даных з рэгiстра па запыце арганiзацыi ажыццяўляецца не пазней чым праз дзесяць каляндарных дзён з дня падачы такога запыту ў рэгiструючую службу альбо ў тэрмiны, вызначаныя дагаворам аб рэгулярным прадастаўленнi персанальных даных з рэгiстра.

2. Тэрмiн прадастаўлення персанальных даных з рэгiстра па запыце арганiзацыi можа быць падоўжаны да аднаго месяца кiраўнiком (намеснiкам кiраўнiка) рэгiструючай службы ў выпадку, калi запыт аб прадастаўленнi персанальных даных з рэгiстра датычыцца вялiкага аб’ёму персанальных даных, якiя патрабуюць адбору.

3. Арганiзацыi, якая запытвае персанальныя даныя з рэгiстра, паведамляецца ў пiсьмовай форме аб падаўжэннi тэрмiну прадастаўлення персанальных даных з рэгiстра i аб прычынах яго падаўжэння не пазней чым за тры каляндарныя днi да заканчэння тэрмiну iх прадастаўлення па запыце.

4. Прадастаўленне персанальных даных з рэгiстра па запыце натарыуса ажыццяўляецца не пазней чым праз два тыднi з дня атрымання запыту натарыуса аб iх прадастаўленнi альбо ў тэрмiны, вызначаныя дагаворам аб рэгулярным прадастаўленнi персанальных даных з рэгiстра.

Артыкул 26. Парадак прадастаўлення персанальных даных з рэгiстра фiзiчным асобам

1. Персанальныя даныя з рэгiстра прадастаўляюцца фiзiчным асобам рэгiструючай службай у форме даведак (выпiсак).

2. Фiзiчная асоба мае права запытваць i атрымлiваць даведкi (выпiскi) з рэгiстра ў дачыненнi да:

2.1. сваiх персанальных даных i персанальных даных фiзiчных асобаў, законным прадстаўнiком якiх яна з’яўляецца;

2.2. персанальных даных iншых фiзiчных асобаў, законным прадстаўнiком якiх яна не з’яўляецца, — з пiсьмовай згоды фiзiчных асобаў (iх законных прадстаўнiкоў), персанальныя даныя якiх запытваюцца.

3. Фiзiчныя асобы, якiя не валодаюць грамадзянскай дзеяздольнасцю ў поўным аб’ёме, удзельнiчаюць ва ўказаных адносiнах праз законных прадстаўнiкоў, калi iншае не ўстаноўлена заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

4. Даведкi (выпiскi) з рэгiстра прадастаўляюцца па пiсьмовай заяве фiзiчнай асобы аб прадастаўленнi даведкi (выпiскi). Пры гэтым фiзiчная асоба, якая жадае атрымаць даведку (выпiску) з рэгiстра, не павiнна абгрунтоўваць свой iнтарэс да персанальных даных, якiя запытвае.

5. Форма пiсьмовай заявы аб прадастаўленнi персанальных даных з рэгiстра вызначаецца распарадчыкам рэгiстра.

6. Пiсьмовая згода фiзiчнай асобы (яе законнага прадстаўнiка), прадугледжаная падпунктам 2.2 пункта 2 гэтага артыкула, можа выражацца шляхам:

6.1. афармлення натарыяльна засведчанай даверанасцi на атрыманне персанальных даных з рэгiстра;

6.2. натарыяльнага засведчання сапраўднасцi подпiсу на заяве фiзiчнай асобы (яе законнага прадстаўнiка) аб згодзе на атрыманне персанальных даных аб ёй з рэгiстра;

6.3. засведчання ўпаўнаважаным супрацоўнiкам рэгiструючай службы заявы фiзiчнай асобы (яе законнага прадстаўнiка) аб згодзе на атрыманне персанальных даных аб ёй з рэгiстра.

7. Даведкi (выпiскi) з рэгiстра, якiя запытваюцца фiзiчнай асобай адзiн раз у межах каляндарнага года, прадастаўляюцца бясплатна. Прадастаўленне такiх даведак (выпiсак) больш як адзiн раз у межах каляндарнага года ажыццяўляецца на платнай аснове. За прадастаўленне такiх даведак (выпiсак) збiраецца дзяржаўная пошлiна ў парадку i памерах, устаноўленых заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Перыядычнасць запытаў фiзiчнай асобай даведак (выпiсак) у дачыненнi да сваiх персанальных даных вызначаецца асобна ад перыядычнасцi запытаў ёю даведак (выпiсак) у дачыненнi да персанальных даных фiзiчных асобаў, законным прадстаўнiком якiх яна з’яўляецца, а таксама iншых фiзiчных асобаў.

Артыкул 27. Тэрмiны прадастаўлення даведак (выпiсак) з рэгiстра

1. Прадастаўленне даведкi (выпiскi) з рэгiстра ажыццяўляецца не пазней як праз пяць каляндарных дзён з дня падачы ў рэгiструючую службу заявы фiзiчнай асобы аб прадастаўленнi даведкi (выпiскi) з рэгiстра.

2. Тэрмiн прадастаўлення даведкi (выпiскi) з рэгiстра можа быць падоўжаны да пятнаццацi каляндарных дзён кiраўнiком (намеснiкам кiраўнiка) рэгiструючай службы ў выпадку, калi заява фiзiчнай асобы аб прадастаўленнi даведкi (выпiскi) з рэгiстра датычыцца вялiкага аб’ёму персанальных даных, якiя патрабуюць адбору.

3. Фiзiчнай асобе, якая запытвае даведку (выпiску) з рэгiстра, павiнна быць паведамлена ў пiсьмовай форме аб падаўжэннi тэрмiну прадастаўлення даведкi (выпiскi) з рэгiстра i аб прычынах яго падаўжэння не пазней чым за тры каляндарныя днi да заканчэння тэрмiну прадастаўлення даведкi (выпiскi) з рэгiстра.

Артыкул 28. Адзнакi аб прадастаўленнi (аб адмове ў прадастаўленнi) персанальных даных з рэгiстра арганiзацыям, натарыусам, фiзiчным асобам

1. Усе факты прадастаўлення персанальных даных з рэгiстра фiксуюцца ўпаўнаважанымi супрацоўнiкамi рэгiструючай службы i (або) спецыяльнымi праграмна-тэхнiчнымi сродкамi ў рэгiстры ў аўтаматычным рэжыме.

2. Пры прадастаўленнi персанальных даных з рэгiстра арганiзацыям, натарыусам у запiсе ў рэгiстры робяцца наступныя адзнакi:

2.1. дата i час прадастаўлення персанальных даных;

2.2. назва арганiзацыi, арганiзацыйная форма ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасцi i прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку натарыуса, якiм прадастаўлены персанальныя даныя;

2.3. падстава для прадастаўлення персанальных даных (запыт аб прадастаўленнi персанальных даных, дагавор аб рэгулярным прадастаўленнi персанальных даных), дата i рэгiстрацыйны iндэкс указаных дакументаў;

2.4. прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку i электронны лiчбавы подпiс упаўнаважанага супрацоўнiка рэгiструючай службы, якi прадаставiў персанальныя даныя.

3. Пры прадастаўленнi даведкi (выпiскi) з рэгiстра фiзiчным асобам у гэтай даведцы (выпiсцы), а таксама ў запiсе ў рэгiстры робяцца наступныя адзнакi:

3.1. дата i час выдачы (складання) даведкi (выпiскi) з рэгiстра, яе рэгiстрацыйны iндэкс;

3.2. iдэнтыфiкацыйны нумар фiзiчнай асобы, якая запытвае даведку (выпiску) з рэгiстра;

3.3. iдэнтыфiкацыйны нумар фiзiчнай асобы, у дачыненнi да персанальных даных якой складалася даведка (выпiска);

3.4. прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку фiзiчнай асобы, у дачыненнi да персанальных даных якой складалася даведка (выпiска);

3.5. прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку i электронны лiчбавы подпiс упаўнаважанага супрацоўнiка рэгiструючай службы, якi склаў даведку (выпiску).

4. Пры адмове ў прадастаўленнi персанальных даных з рэгiстра ў запiсе ў рэгiстры ўказваюцца падставы для такой адмовы.

5. Адзнакi, указаныя ў пунктах 2—4 гэтага артыкула, захоўваюцца пастаянна.

Глава 5 Выкарыстанне персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры

Артыкул 29. Выкарыстанне персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры

1. Рэгiстр з’яўляецца афiцыйнай крынiцай персанальных даных.

2. Выкарыстанне персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры, — дзеяннi, што ажыццяўляюцца арганiзацыямi, натарыусамi, якiм прадастаўлены персанальныя даныя з рэгiстра, па прымяненнi гэтых персанальных даных у сваёй дзейнасцi.

3. Персанальныя даныя, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры, прызначаны для выкарыстання iх арганiзацыямi, натарыусамi ў мэтах:

3.1. ажыццяўлення дзейнасцi на аснове заяўнага прынцыпу аднаго акна;

3.2. iнфармацыйнага забеспячэння дзейнасцi арганiзацый, натарыусаў у межах iх кампетэнцыi;

3.3. манiторынгу i планавання сацыяльна-эканамiчнага развiцця дзяржавы;

3.4. рацыянальнага размеркавання даходаў бюджэту памiж адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнымi адзiнкамi i па асноўных сферах эканамiчнага развiцця дзяржавы;

3.5. планавання i рэалiзацыi мерапрыемстваў па сацыяльнай абароне i ахове здароўя фiзiчных асобаў;

3.6. складання спiсаў прызыўнiкоў для ваенных камiсарыятаў (мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў у населеных пунктах, дзе няма ваенных камiсарыятаў);

3.7 забеспячэння воiнскага ўлiку ваеннаабавязаных;

3.8. вызначэння колькасцi i складання спiсаў выбаршчыкаў, iншых спiсаў асобных катэгорый фiзiчных асобаў;

3.9. аптымiзацыi размяшчэння арганiзацый гандлю, бытавога абслугоўвання, арганiзацый аховы здароўя i ўстаноў адукацыi;

3.10. забеспячэння рэалiзацыi правоў i свабод фiзiчных асобаў;

3.11. ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасцi;

3.12. вядзення дэмаграфiчнай статыстыкi, правядзення перапiсаў i сацыяльна-дэмаграфiчных абследаванняў фiзiчных асобаў;

3.13. ажыццяўлення кантролю за выкананнем плацельшчыкамi падатковага заканадаўства Рэспублiкi Беларусь;

3.14. у iншых мэтах у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 30. Абязлiчванне персанальных даных

Абязлiчванне персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры, можа ажыццяўляцца ў навуковых, статыстычных, сацыялагiчных, медыцынскiх i iншых мэтах шляхам выключэння з персанальных даных iдэнтыфiкацыйнага нумара, прозвiшча, уласнага iмя, iмя па бацьку фiзiчнай асобы, яе бацькоў, апекуноў, папячыцеляў, мужа (жонкi), дзiцяцi (дзяцей), лiчбавага фотапартрэта. Акрамя ўказаных даных пры абязлiчваннi з персанальных даных могуць быць выключаныя i iншыя персанальныя даныя ў парадку, устаноўленым распарадчыкам рэгiстра.

Глава 6 Ахова персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры

Артыкул 31. Ахова персанальных даных. Прававы рэжым персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры

1. Ахова персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры, — дзейнасць распарадчыка рэгiстра, накiраваная на прадухiленне несанкцыянаванага ўмяшання ў працэс вядзення рэгiстра, у тым лiку спробаў незаконнага доступу да персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры, iх блакiравання, капiравання, прадастаўлення, распаўсюджвання, скажэння, знiшчэння, а таксама iншых неправамерных дзеянняў у дачыненнi да гэтых персанальных даных.

2. Персанальныя даныя i звязаныя з iмi адзнакi, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры, з’яўляюцца канфiдэнцыйнымi.

Патрабаванне канфiдэнцыйнасцi не распаўсюджваецца на абязлiчаныя персанальныя даныя.

3. Парадак аховы персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры, вызначаецца распарадчыкам рэгiстра ў адпаведнасцi з гэтым Законам, iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, у тым лiку аб дзяржаўных сакрэтах.

Артыкул 32. Забеспячэнне канфiдэнцыйнасцi персанальных даных i звязаных з iмi адзнак, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры

1. Упаўнаважаныя супрацоўнiкi рэгiструючай службы маюць права выключаць, захоўваць, аднаўляць i прадастаўляць персанальныя даныя, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры, толькi ў парадку, прадугледжаным гэтым Законам.

2. Упаўнаважаныя супрацоўнiкi рэгiструючай службы нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь за незаконнае прадастаўленне або распаўсюджванне персанальных даных, якiя сталi iм вядомымi ў сувязi з выкананнем iмi службовых (працоўных) абавязкаў, у тым лiку пасля спынення выканання такiх абавязкаў.

Глава 7 Кантроль, нагляд i адказнасць у сферы функцыянавання рэгiстра

Артыкул 33. Кантроль за вядзеннем рэгiстра i выкарыстаннем персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры

Кантроль за вядзеннем рэгiстра i выкарыстаннем персанальных даных, якiя ўтрымлiваюцца ў рэгiстры, ажыццяўляецца распарадчыкам рэгiстра.

Артыкул 34. Нагляд за дакладным i аднолькавым выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у сферы функцыянавання рэгiстра

Нагляд за дакладным i аднолькавым выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у сферы функцыянавання рэгiстра ажыццяўляюць Генеральны пракурор Рэспублiкi Беларусь i падпарадкаваныя яму пракуроры.

Артыкул 35. Адказнасць за парушэнне патрабаванняў гэтага Закона

Парушэнне патрабаванняў гэтага Закона цягне адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Глава 8 Заключныя палажэннi

Артыкул 36. Прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам

1. Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь на працягу шасцi месяцаў:

падрыхтаваць i ўнесцi ва ўстаноўленым парадку на разгляд Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь план унясення ў рэгiстр дзяржаўнымi арганiзацыямi асноўных персанальных даных, указаных у падпункце 1.9 пункта 1 i пункце 4 артыкула 8 гэтага Закона, а таксама дадатковых персанальных даных, указаных у артыкуле 10 гэтага Закона;

падрыхтаваць i ўнесцi ва ўстаноўленым парадку на разгляд Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь праект палажэння аб рэгiструючай службе, а таксама прапановы па яе штатнай колькасцi;

сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства i прававых даследаванняў Рэспублiкi Беларусь падрыхтаваць i ўнесцi ва ўстаноўленым парадку прапановы па прывядзеннi заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесцi рашэннi Ўрада Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць прывядзенне рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання, якiя падпарадкаваны Ўраду Рэспублiкi Беларусь, iх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць iншыя меры па рэалiзацыi палажэнняў гэтага Закона.

2. Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь на працягу трох гадоў забяспечыць стварэнне рэгiстра i ўнясенне ў рэгiстр асноўных персанальных даных, указаных у падпунктах 1.1—1.8 пункта 1, пунктах 2 i 3 артыкула 8 гэтага Закона, i прадугледзець у рэспублiканскiм бюджэце выдзяленне сродкаў на гэтыя мэты.

Артыкул 37. Уступленне ў сiлу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сiлу праз тры гады пасля яго афiцыйнага апублiкавання, за выключэннем гэтага артыкула i артыкула 36, якiя ўступаюць у сiлу з дня афiцыйнага апублiкавання гэтага Закона.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. Лукашэнка.

21 лiпеня 2008 года, г. Мiнск. № 418—З

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб рэгiстры насельнiцтва
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика