Добрыя людзі
Добрыя людзі
Погляды i натуральнасць
Мужчына глядзiць на жанчыну, правiльны погляд. Жанчына пазiрае на мужчыну, нармальная з’ява. Мужчына ўтаропiўся на мужчыну, жанчына зiркае на жанчыну... Такое таксама прымаецца, бо прырода праявiлася так, а не iнакш, i гэта з’ява прыроды, а не хiмера, народжаная ўзбудараджаным розумам. Мы мусiм прымаць прыроду такой, якая яна ёсць. Калi мы ўжо зразумелi, што вялiкi скульптар адно частка прыроды, i не ён стварыў яе, а яна спарадзiла яго, тады наракаць i спадзявацца на скульптара, якi зляпiў Адама i Еву, ужо не выпадае. Але хворы розум бунтуецца: жанчына пачынае глядзець на мужчыну, якi паглядае на iншую жанчыну, i замест таго, каб знайсцi сабе другi аб’ект, яна лямантуе, яна спрабуе давесцi, што Адам няправiльна глядзiць на Еву. Тым часам Адам бярэ човен, садзiць у яго сваю Еву i выпраўляецца ў плаванне, а з берага, услед човену, ляцяць лаянка i праклёны, ляцiць лаянка дурной нiкому не патрэбнай бабы, якая нiяк не можа навучыцца глядзець на свет натуральна. Параўнанне i лiшнi кругАдно з самых недарэчных параўнанняў — гэта калi побач з мастаком ставiцца спартовец. Наогул, усе параўнаннi i метафары кульгавыя, бо няма ў прыродзе роўнасцi, але нiчога лепшага за параўнанне лiтаратара з бегуном я не магу знайсцi, прынамсi зараз. Таму, каб распавесцi пра лiтаратурную працу, згадаю спартоўца, якi прабег на алiмпiйскiм стадыёне лiшнi круг. Стаяла жудасная гарачыня, i алiмпiйцы мусiлi прабегчы ў ёй дзесяць тысяч метраў. Яны беглi. Гарачыня была такая, што адзiн бягун памёр ад абязводжвання проста на дарожцы. Упаў i памёр. Астатнiя, каб не сканаць, сыходзiлi з дыстанцыi. Сышлi ўсе, акром аднаго, якi бег i бег. Суддзi перасталi судзiць, гледачы пакiнулi стадыён, а спартовец бег, бег i бег. Ён прабег лiшнi круг. Пазней у яго спыталiся, што ён думаў, калi бег. "Трэба бегаць да канца! — Сказаў спартовец i яшчэ раз паўтарыў: — Трэба бегаць да канца, да канца!" Пiшучы сваю кнiгу, я пiшу яе да канца. Выдаю я кнiгу, не дапiсаўшы. Рэцэнзенты яе пiяраць, пакупнiкi яе набываюць, чытачы яе прачытваюць. А я, тым часам, дапiсваю кнiгу i перавыдаю. Журналiсты яе не заўважаюць, пакупнiкi яе амаль не набываюць, чытачоў у дапiсанай кнiгi мала. Але я ўсё адно дапiсваю кнiгу да канца, я пiшу больш, чым трэба пакупнiкам, рэцэнзентам i чытачам, я прабягаю лiшнi круг у сваiм маленкiм прыватным лiтаратурным пекле, бо iнакш не магу, я павiнен выпiсаццца да рэшты, да пустаты. Дзяржава i жонкiЦяжка пагадзiцца на тое, што твая ўласная жонка непрыгожая; а вось знешнiя заганы суседавай жонкi не выклiкаюць анiякiх сумневаў. Падобнае атрымлiваецца i з дзяржавамi: свая дзяржава заўсёды прыгажэйшая за суседнiя. Нiякiя аб’ектыўныя доказы нi ў першым, нi ў другiм выпадку не спрацоўваюць. Бродскi i райЯзэп Бродскi ў нататнiку за 1970 год мае такую максiму: "Страшны суд — страшным судом, але наогул чалавека, якi пражыў жыццё ў Расii, варта было б без размоў змяшчаць у рай". Уяўляецца, колькi ахоўнiкаў канцэнтрацыйных лагераў i рознарэжымных турмаў патрапяць у такi рай без суда ды следства. Малюючы рай, Бродскi намаляваў пекла. Пэўна, той, хто пражыў жыццё ў Расii, iнакшы, бестурэмны i бессудовы, рай i ўявiць сабе не можа. Пустэльнiк i сонцаАдзiн хрысцiянскi пустэльнiк кожны суботнi вечар станавiўся спiнаю да сонца, каб, узняўшы рукi да нябёсаў, малiцца да той пары, пакуль сонца не асвецiць ягоны твар. Прачытаўшы пра такую самаахвярнасць старажытнага пустэльнiка, я падумаў, што галоўнымi героямi ў гэтай гiсторыi з’яўляюцца ўсё ж не пустэльнiк з нябёсамi, а зямля i сонца. Крымiнальнiкi i замаральнасцьДробны крымiнальнiк Максiм выказаўся так: "Мiлiцыянты з бандытамi жывуць разам у замаральным свеце, бо калi ў звычайнага чалавека сям’я з’яўляецца паказчыкам моцы, дык у гэтых людзей сям’я — самае слабое месца..." Больш аўтарытэтны крымiнальнiк Уладзiслаў паспрабаваў падправiць выказванне калегi i параўнаў бандытаў з вайскоўцамi. На мой розум, абодва параўнаннi кепскiя, бо сям’я ва ўсiх варыянтах адымае ў чалавека значна меней, чым яму ж дадае. Салдаты i нагавiцыНа атрыманыя за прададзеную карцiну грошы набыў спартовыя нагавiцы. Думаў: з самай ранiцы пабягу па зялёным парку ў абнове, i ўсе знаёмыя парадуюцца за маю новую рэч. Мо каму i непрыемна глядзець на чалавека ў абноўках, а ў мяне ад падобнага вiдовiшча ўздымаецца настрой. Прачынаюся, за вокнамi такi дождж, што добры гаспадар i сабаку на вулiцу не павядзе выгульваць. Але я надзеў абнову i ў парк пабег. Нiкога са знаёмых я там не пабачыў. Парк быў надзiва пусты. Тут з-пад моста выбегла чалавек трыццаць салдатаў. Так я i прабегаў пад моцным дажджом з маладымi салдатамi, якiм усё роўна, якiя на мне нагавiцы. Джун i святыЗавiтаў на дзень народзiнаў да Лёшы. Той прапанаваў мне пачаставацца гарачым супам, прыгатаваным Джунам. "Смачны суп!" — пахвалiў я пачастунак. "Заўваж, прыгатаваны ён проста з яйка i памiдора..." — "Ён такi густы, мусiць, тут ёсць нешта акрамя памiдора i яйка..." — "Курыны булён i крышку белага курынага мяса..." — "А я бачу яшчэ i перкi зялёнае цыбулi..." — "Цыбуля i нейкiя кiтайскiя траўкi..." — "Траўкi i майстэрства кiтайца Джуна, усё проста. Купляеш памiдор i яйка, выклiкаеш кiтайскага кухара i запрашаеш гасцей на смачны суп!" — "Прыблiзна так..." — "А дзе Джун?" — "У яго неадкладныя кiтайскiя справы..." — "Ты так гаворыш, што можна пачуць: усе кiтайскiя справы неадкладныя..." — "Так i ёсць..." — "Нешта халодна ў цябе, нават гарачы суп не дапамагае сагрэцца..." — "Сапраўды халодна. Нават мой карлiкавы трус пачаў абрастаць зiмовым футрам. Адключаецца ацяпленне, i ў труса наступае зiма, такi ўрбанiстычны трус. А ноччу ён вылазiць з клеткi i садзiцца на вагi. Я выключаю святло, трус цiхенька выбiраецца з клеткi, "шчоўк" — сеў на вагi, i да самай ранiцы на вагах сядзiць, а як развiднее, трус у клетку вяртаецца". — "Твой урбанiстычны трус сочыць за сваёй вагою..." — "Напэўна..." — "Маёй знаёмай прыснiўся сон, што яна стала на вагi, а стрэлка не скранулася з месца..." — "Кепскi сон!" — "Ведаю. Трэба будзе ў Джуна спытацца, што ў кiтайцаў азначае такi сон пра адсутнасць уласнай вагi. Зрэшты, iх кiтайская трактоўка сноў наўрад цi нешта нам праяснiць..." Джуна я так i не дачакаўся, каб пахвалiць ягонае кухарскае майстэрства. Ідучы дамоў, я думаў пра лета i пра пучок свежай травы, якi трэба прынесцi з вулiцы майму кату Чарлiку, хай i ў ката будзе маленькае свята. Адам ГЛОБУС.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мужчына глядзiць на жанчыну, правiльны погляд. Жанчына пазiрае на мужчыну, нармальная з’ява. Мужчына ўтаропiўся на мужчыну, жанчына зiркае на жанчыну.
|
|