21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Аўто па восенi купляюць...

26.08.2009 10:27 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аўто па восенi купляюць...

Так склалася, што попыт на аўтамабiлi, як i на iншыя прадметы раскошы (якiмi яны ў параўнаннi з прадуктамi харчавання, адзеннем, жыллём, безумоўна, i з’яўляюцца) залежыць ад мноства прычын. Гэта i рост дабрабыту насельнiцтва, i сезоннасць, i нават чуткi аб хуткiм росце мытнай пошлiны...

Калi адкiнуць усе пабочныя фактары, то застануцца два пiкi на аўтарынкавай сiнусоiдзе: вясновае "абвастрэнне" — традыцыйнае на працягу многiх гадоў, i "постадпускны сiндром" — куды менш вядомы, але даволi важкi ўздым попыту. На першы погляд мудрагелiстая назва расшыфроўваецца даволi проста: пасля сезона адпачынкаў у людзей засталiся грошы, на якiя яны i вырашаюць набыць цi памяняць "жалезнага каня". Зараз мы знаходзiмся напярэдаднi якраз такога ўздыму. Каб палегчыць звязаныя з выбарам аўтамабiля клопаты i зменшыць верагоднасць магчымага расчаравання, прапануем вам некаторыя няхiтрыя парады. Адны з iх будуць карысныя нават поўным "чайнiкам" — людзям, якiя ўпершыню сядуць за руль, iншыя стануць падказкай тым, хто ўжо "з’ездзiў не адзiн аўто" i лiчыць сябе сапраўдным профi.

Якi аўтамабiль набыць?

На гэтае пытанне кожны павiнен адказаць сабе сам. Да прыкладу, калi ў той жа Расii з яе айчынным аўтапрамам яшчэ ёсць альтэрнатыва старэнькай iншамарцы, то ў Беларусi ўсё ж варта аддаць перавагу апошняй. Балазе, праблем з запчасткамi не будзе, ды i цэны на iх прымальныя.

Новы аўто цi патрыманы — залежыць ад таўшчынi вашага кашалька. Безумоўна, Генры Форд меў рацыю, калi сцвярджаў, што лепшы аўтамабiль — новы. Аднак далёка не ўсiм ён сёння па кiшэнi. Нават у той жа Амерыцы, дзе аўтаканцэрны нясуць велiзарныя страты. Тым жа, хто "пацягне" новенькае аўто з лёгкасцю цi з дапамогай крэдыту, на ўсялякi выпадак нагадаем, што, як толькi машына выязджае з салону, яе цана падае на 10 працэнтаў. Да таго ж такая прывабная гарантыя на два, а то i тры гады дзейнiчае толькi пры ўмове, што вы рэгулярна абслугоўваецеся на дылерскiм цэнтры. А гэта зусiм не танна. Калi ж машына набываецца ў крэдыт, давядзецца яшчэ ў абавязковым парадку раскашэлiцца на поўную страхоўку — аўтакаска. А гэта прыкладна 5 працэнтаў ад кошту аўтамабiля ў год.

"Карэйцы" цiснуць, але "немцы" нам даражэй?

Ведаеце, якi аўто празвалi нацыянальным беларускiм? "Фолькс- ваген Пасат унiверсал". Прычым абавязкова дызель. Жарты, зразумела, але "паўсвiннi, мех бульбы, сала, самагон... Што не ўвайшло ў багажнiк — залезе ў салон..." — гэта пра яго. Ну, а любоў да дызеля, хоць i даражэе ён хутчэй за бензiн, вядома адкуль расце...

Калi сур’ёзна, эксперты лiчаць крыху па-iншаму:

— лепшае спалучэнне цана/якасць: Карэя i Японiя;

— лiквiднасць (каб потым прасцей i больш выгадна прадаць): Германiя i Японiя;

— эрганомiка салона: Францыя;

— плаўнасць ходу (я б яшчэ дадаў i памеры): ЗША;

— надзейнасць: Швецыя i Японiя.

Цэнаўтварэнне

Каб мець уяўленне аб цэнах на патрыманыя аўто, сёння не абавязкова прысвячаць выхадныя паходу цi нават паездцы на аўтарынак цi ў салон — найбольш сур’ёзныя з iх маюць сайты ў iнтэрнэце. Калi ж з сусветным павуцiннем вы, прабачце, на Вы, можаце набыць спецыяльную газету цi часопiс у блiжэйшым кiёску. Назавём толькi асобныя моманты, якiя ўплываюць на цану канкрэтнага аўтамабiля:

— Кандыцыянер (клiмат-кантроль): + 500 долараў;

— Трохдзверка: — 500 долараў;

— Легкасплаўныя дыскi: + 200 долараў;

— Сучасная магнiтола/сiгналiзацыя: +100;

— Дызель: +500-1000 долараў;

— Удзел у ДТЗ (няякасны вiдавочны рамонт): -10 працэнтаў ад кошту аўто (прыкладна).

У той жа час трэба мець на ўвазе, што машын, у якiх не перафарбаваны нi адзiн элемент кузава, на другасным рынку практычна не бывае (як бы ў адваротным не бажылiся прадаўцы). Таму звяртаць увагу мае сэнс толькi на iстотнасць пашкоджанняў i якасць рамонту.

Калi выбралi рынак...

Натуральна, чытаць аб’явы ў iнтэрнэце i там жа знаёмiцца з патэнцыяльнай пакупкай — адно, а ўбачыць яе на свае вочы, "памацаць" i г.д. — зусiм iншае. Таму, калi вы не маеце часу, каб тэлефанаваць па ўсiх нумарах тых аб’яў, што вас зацiкавiлi, а пасля гэтага яшчэ i раз’язджаць па ўсiм горадзе з мэтай сустрэцца з прадаўцом i аўтамабiлем, вам прамая дарога на аўтарынак. Найбуйнейшыя з iх у Беларусi знаходзяцца ў Мiнску — гэта так званыя "Ждановiчы" i "Малiнаўка". Прынята лiчыць, што першы прапануе машыны больш даступныя. І калi ваш бюджэт на набыццё аўтамабiля абмяжоўваецца 5-6 тысячамi "нянашых" грошай, на другiм вам рабiць проста няма чаго. Цi, прынамсi, выбар у вас будзе зусiм невялiкi.

Нягледзячы на тое, што прапанова патрыманых iншамарак на рынках сёння проста агромнiстая — прадаўцам нават не заўсёды хапае месца на тэрыторыi рынку — па-сапраўднаму дастойныя экзэмпляры сустракаюцца ой як рэдка. I гэта не залежыць ад цэнавага дыяпазону: "вядро з балтамi" з аднолькавым поспехам можна набыць i за тысячу, i за 20 тысяч долараў. Прычым у другiм выпадку, каб давесцi прэстыжны аўтамабiль да ладу, спатрэбiцца куды больш фiнансавых улiванняў. Таму, калi вы ў тэхнiчных пытаннях той самы "чайнiк", вельмi раiм звярнуцца па дапамогу да прафесiяналаў. Але i тут ёсць падводныя камянi. Пры рынках ёсць людзi, якiя за пэўнае ўзнагароджанне быццам бы дапамогуць вам выбраць "самы лепшы аўтамабiль". На жаль, у iх часта на першым месцы стаiць "гешэфт", i за невялiкае ўзнагароджанне з боку прадаўца яны сябе "пяткай у грудзi" будуць бiць, што менавiта гэты аўтамабiль "лепшы за новы".

З iншага боку, не варта разлiчваць, што за даволi сцiплую суму можна набыць iдэальнае аўто. Як кажуць прафесiяналы ад перагоннага аўтабiзнэсу (у народзе — "гоншчыкi"), еўрапеец не прадасць машыну толькi з-за жадання набыць новую. Таму ў "толькi што прыгнанага" аўто ў 90 працэнтах выпадкаў ёсць нейкая праблема. Вось яе i трэба спакойна выявiць, "вылечыць", а ўжо потым з задавальненнем карыстацца аўто. I вельмi важна не прагледзець сур’ёзную "дарагую" праблему.

  Вось некаторыя даволi агульныя, але зусiм не лiшнiя рэкамендацыi па выбары аўто на аўтарынку

Перш за ўсё папрасiце паказаць дакументы на аўтамабiль, каб пераканацца, што там усё ў парадку. Затым неабходна дбайна зверыць нумар кузава ў тэхпашпарце i непасрэдна на агрэгаце. Заадно трэба пераканацца, што нумар не выклiкае сумненняў, выразна праглядаецца i побач з лiчбамi не мае нiякай дэфармацыi.

Скончыўшы з працэдурай зверкi нумароў, можна прыступаць да агляду кузава. Калi ў гэты дзень няма дажджу цi ўвогуле свецiць сонейка, лiчыце, што вам пашанцавала, бо тады на кузаве аўтамабiля добра бачная гульня святла i ценю, якая прысутнiчае ў месцах, падвергнутых дэфармацыi пасля ўдару i няўдала закамуфляваных. Вялiкую ўвага спецыялiсты раяць надаць даследаванню зазораў памiж кузаўнымi дэталямi. Неаднолькавыя зазоры сведчаць аб дэфармацыi стоек або кузава ў цэлым, што з’яўляецца вынiкам сур’ёзнай аварыi. Ад куплi такой машыны настойлiва раiм адмовiцца. Неабходна таксама па чарзе паспрабаваць адчынiць i зачынiць кожныя дзверы. Натуральна, пры выкананнi гэтай працэдуры вы не павiнны прыкладаць нiякiх звышнамаганняў. Калi пры манiпуляцыях з дзвярамi раздаецца скрыгат або яны з цяжкасцю паддаюцца вашаму ўздзеянню — гэта зноў-такi сведчыць аб аварыi. Напiсанае вышэй у поўнай ступенi адносiцца да капота i крышкi багажнiка. Акрамя таго, вам неабходна ўстанавiць, цi перафарбоўваўся аўтамабiль, i калi так, то па якiх прычынах. Вось тут прадаўцы могуць стварыць не адну легенду, пачынаючы ад выгаралай фарбы i заканчваючы "дом, побач з якiм стаяў аўто, фарбавалi i..." Цалкам магчыма, што i так. Але цi гатовы вы рызыкнуць? Нават калi якасць лакафарбавага пакрыцця iдэальная, для ачысткi сумлення вы можаце проста адхiлiць ушчыльняльнiк лабавога або задняга шкла. Калi пад iм тая жа фарба, што i на кузаве, значыць, або яна сапраўды "родная", або аўтамабiль фарбавалi з поўнай разборкай кузава, а гэта ўжо кажа аб прафесiйным падыходзе, якi гарантуе нядрэнную якасць. Нямала ўвагi варта надаць стану крылаў, парогаў, колавых арак i непасрэдна самому днiшчу аўтамабiля. Для гэтага прыйдзецца з’ездзiць на эстакаду. I паверце, гэтая ўяўная цяганiна вартая выдаткаванага на яе часу.

Салон

Скончыўшы агляд кузава, прыступайце да даследавання салона, якi таксама вельмi многа можа распавесцi аб бiяграфii аўтамабiля. Аб iнтэнсiўнай эксплуатацыi, а значыць немалым прабегу (часта ў разы большым, чым горда дэманструе прадавец на адометры) кажуць пацёртыя чахлы сядзенняў, дываны, выцертыя ў некаторых месцах да асновы, недагледжаная панэль прыбораў, вышмальцаванае рулявое кола, ручка пераключэння перадач. Калi гэта так, то аўто праехала зусiм не 130—170 тысяч кiламетраў, як вас будуць запэўнiваць, а 250—300 тысяч. Да таго ж даўно вядома, што сярэднi прабег прыватнага аўто ў Еўропе — 20 тысяч кiламетраў у год. Вось i памножце на яго ўзрост. А калi машына належала фiрме цi выкарыстоўвалася пад таксi, такi прабег магла мець ледзь не штомесяц.

Далей варта праверыць спраўнасць усiх клавiшаў, рычагоў i пераключальнiкаў, размешчаных у салоне(асаблiвая ўвага карэктару фар, абмывальнiкам шкла), бо зараз нават дробны рамонт электраабсталявання каштуе немалых грошай.

Рухавiк

Спраўны матор заводзiцца без праблем i ў спякоту, i ў холад. Праца рухавiка павiнна быць роўнай, без збояў, бо апошняе паказвае на няспраўнасць сiстэмы запальвання. Калi пры працы рухавiка з выхлапной трубы iдзе шызы дым, гэта паказвае на праблему з маслаздымнымi калпачкамi або на знос поршневых маслаздымных кольцаў. Абавязкова трэба пацiкавiцца якасцю масла, залiтага ў рухавiк. Для гэтага неабходна шчупам дастаць трохi масла i пераканацца ў тым, што яно не ўтрымлiвае староннiх прымесяў i мае стандартны для гэтай тэхнiчнай вадкасцi колер. Калi на шчупе маюцца адкладаннi бэжавага колеру, якi нагадвае маянэз, значыць, верагодней за ўсё, выйшла са строю пракладка галоўкi блока цылiндраў. Неабходна агледзець рухавiк на прадмет вонкавай цечы масла, прычынай якой часта бываюць сальнiкi каленвала, масланасоса (замена абыдзецца зусiм не ў капейкi, а для некаторых мадэляў давядзецца здымаць каробку перадач). Ну, i, натуральна, для таго каб пра рухавiк склалася поўнае ўражанне, абавязкова варта праехаць на абраным аўтамабiлi.

КПП

Каробка перадач не павiнна выдаваць нiякага груку i храбусцення пры непасрэдным пераключэннi перадач. Для поўнай праверкi КПП неабходна, вядома, выехаць на трасу, i ў вас у сувязi з гэтым могуць паўстаць рознагалоссi з прадаўцом. Маўляў, я выеду, а маё месца зоймуць. Як-небудзь дамаўляйцеся — яно таго варта. Тым больш што толькi на трасе вы зможаце ўстанавiць, цi не вядзе руль, што, як правiла, з’яўляецца сведчаннем парушэння геаметрыi кузава ў вынiку сур’ёзнага ДТЗ. Калi гэта так, то ад аўто лепш адмовiцца адразу, нягледзячы на ўсе iншыя плюсы. Калi ваш выбар выпаў на аўтамабiль з аўтаматычнай каробкай перадач, то варта ведаць, што ў спраўным "аўтамаце" пераключэнне адбываецца без рыўкоў i старонняга шуму.

Падвеска

Шматлiкiя патэнцыйныя аўтааматары не надаюць вялiкага значэння стану падвескi. Гэта з’яўляецца вялiкай памылкай, бо ад працаздольнасцi падвескi непасрэдна залежыць бяспека руху аўтамабiля. Да таго ж падвескi сучасных аўто — вельмi дарагi i даволi ненадзейны вузел. Асаблiва на нашых дарогах. Аб стане шаравых апор, падшыпнiкаў ступiцаў, шрусаў можна атрымаць поўнае ўяўленне толькi падчас руху. Выразны грукат на ямах кажа аб "смерцi" шаравых. Падшыпнiкi ступiцаў, якiя патрабуюць замены, выдаюць сябе выразным гулам, якi з’яўляецца толькi на некаторым дыяпазоне хуткасцяў. Пахрустванне пры паваротах цi крананнi з месца паказвае на неабходнасць замены шрусаў.

Усе недахопы i праблемныя месцы канкрэтнага аўто — нагода для таго, каб скiнуць цану. Але калi iх вельмi шмат цi ёсць такiя, што "несумяшчальныя з жыццём", усё ж лепш адмовiцца ад аўто, нягледзячы нават на "салодкi" цэннiк.

Сяргей АЛЯКСАНДРАЎ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так склалася, што попыт на аўтамабiлi, як i на iншыя прадметы раскошы (якiмi яны ў параўнаннi з прадуктамi харчавання, адзеннем, жыллём, безумоўна, i
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика