Стрэлка, якая спявае
Стрэлка, якая спявае
Незвычайную ролю прымерала на сябе спявачка Жанэт. У новым клiпе на песню "Я не хацела...", паводле задумы рэжысёра Аляксандры Бутар, артыстка ўвасобiла вобраз... гадзiннiкавай стрэлкi. Натурны эпiзод, якi здымаўся ноччу ў цэнтры Мiнска непадалёк ад ГУМа, прыцягнуў увагу выпадковых гледачоў. Адзiн з аўтааматараў нават, загледзеўшыся на дзяўчыну з тэлеэкрана, трапiў у невялiкую аварыю. Паводле сюжэта, Жанэт патрэбна было выстаяць з парасонам пад пралiўным дажджом. Прычым сапраўднымi ападкамi рэжысёр не задаволiлася — спявачку дадаткова палiвалi "штучным дажджом", але так, каб вада не перашкаджала бачыць фон — вежу з гадзiннiкам. "Гадзiннiк — гэта неад’емная частка клiпа, — патлумачыла Аляксандра Бутар. — Бо галоўная гераiня (Жанэт) будзе прадстаўлена ў вобразе гадзiннiкавай стрэлкi, а яе выбраннiк сыграе секундную. Ён будзе з дзяўчынай толькi адну хвiлiну, потым пабяжыць далей, а яна застанецца чакаць каханага". Нягледзячы на холад, вецер i звязаныя з гэтым перажываннi за сваю прычоску i вопратку, спявачка засталася вельмi задаволеная гэтай працай: "Вулiцы Мiнска ў начны час вельмi прыгожыя, а Аляксандра Бутар i ўся здымачная група, як я пераканалася, працуюць якасна ў любое надвор’е i любы час сутак". Другая частка здымак адбывалася ў павiльёне i прайшла без эксцэсаў. На тэлеэкранах, як разлiчвае каманда спявачкi, гэта вiдэа з’явiцца напрыканцы кастрычнiка. Пакуль жа падрабязнасцi здымак, а таксама расклад блiжэйшых канцэртаў i ўвогуле ўсе навiны, якiя датычацца Жанэт, можна знайсцi на афiцыйным сайце www.jаnеt.bу, якi з’явiўся ў Інтэрнэце зусiм нядаўна, у якасцi падарунка да дня нараджэння спявачкi. "Сямейны падрад" Iрыны ДарафеевайДнямi заслужаная артыстка прадставiла ў Беларусi свой новы альбом "Дзяўчына на беразе", усе 10 песень на якiм напiсаныя вядомым расiйскiм кампазiтарам i прадзюсарам Кiмам Брэйтбургам. Ён, дарэчы, спецыяльна прыехаў на прэзентацыю, каб расказаць пра далейшыя планы супрацоўнiцтва з Iрынай. Акрамя таго, падтрымаць спявачку прыйшлi сябры i калегi па сцэне — Iна Афанасьева, Аляксей Хлястоў, Ната Раманава, Сяргей Сухамлiн, Георгiй Калдун, тэлевядучы Сяргей Дарафееў i iншыя. Ганаровым госцем на прэзентацыi стаў Уладзiмiр Бядуля — двойчы Герой Сацыялiстычнай Працы, старшыня Камянецкага СВК "Савецкая Беларусiя", якога Iрына называе не iнакш, як "мой духоўны настаўнiк". Кiм Брэйтбург расказаў, што альбом задуманы як частка вялiкай канцэртнай праграмы, у якую варта было б уключыць таксама народныя песнi, песнi беларускiх аўтараў, рэтра-хiты. Але наконт канкрэтных канцэртаў у Расii маэстра гаварыў асцярожна — маўляў, спачатку трэба знайсцi спонсараў, да таго ж трывала замацавацца на эстрадзе. "На працягу 2—3 гадоў трэба запускаць у эфiры добрыя песнi, клiпы — толькi тады артыстку можна "ўкаранiць" у расiйскую эстраду, — лiчыць Кiм Аляксандравiч. — Але гэта не звышзадача, гэта цалкам рэальна — прыгадайце прыклад Таiсii Павалiй. Таму наша супрацоўнiцтва будзе працягвацца". "Няхай гэты беларуска-расiйскi праект стане маленькiм укладам у вялiкую агульную будучыню нашых народаў", — пазначана на дыску. У сваю чаргу, беларускi прадзюсар спявачкi Юрый Саваш лiчыць, што на расiйскай эстрадзе спявачкi, падобнай да Iрыны Дарафеевай, цяпер няма: "Мы распрацоўвалi iмiдж Iрыны некалькi месяцаў, стараючыся не трапiць у чыесьцi сляды, а знайсцi сваю гераiню. I гэта атрымалася. У Iрыны вобраз рамантычны, цнатлiвы, у стылiстыцы Грына. Нам удалося падкрэслiць жаноцкасць, але без празмернай аголенасцi, як гэта зараз многiя робяць". Сама Iрына расказала, што ў запiсе альбома "Дзяўчына на беразе" ёй вельмi дапамаглi Валерыя Шост — вопытны педагог па вакале i, мiж iншым, жонка Кiма Брэйтбурга; Аляксей Брэйтбург (сын) выконваў функцыi гукарэжысёра, дыджэй Дэрвiш удзельнiчаў у аранжыроўцы некаторых песень. Атрымаўся гэткi сямейны падрад, але гэта, перакананая артыстка, пайшло рабоце толькi на карысць. У кожнай песнi ёсць свае ноу-хау — цi па гуку, цi ў музычным матэрыяле, цi ў выканальнiцкiх прыёмах Iрыны Дарафеевай. Замужам не прапасцiГэту задачу трэба выканаць спявачцы Дарыi, якая нядаўна змянiла статус з зайздроснай нявесты на маладую жонку, але вырашыла не ахвяраваць дзеля радасцяў сямейнага жыцця сцэнiчнай кар’ерай. Мужам Дарыi — Дар’i Урызчанка, гэта пашпартнае iмя спявачкi — стаў малады чалавек па iменi Яўген, якi ў свой час скончыў факультэт мiжнародных адносiнаў БДУ па спецыяльнасцi сусветная эканомiка, а цяпер займаецца банкаўскiм бiзнэсам. Пазнаёмiлiся маладыя, дарэчы... таксама на вяселлi. — Нягледзячы на занятасць, я не магла прапусцiць тое вяселле, бо замуж выходзiла мая сяброўка, — узгадвае Дарыя. — А Жэня ўвогуле трапiў туды выпадкова — ён не быў у лiку гасцей, проста на некалькi хвiлiн заехаў, каб забраць сябра. Я ў гэты момант якраз раздавала аўтографы, i апошнiм, хто да мяне падышоў, стаў якраз Яўген... Выбраннiк спявачкi сцвярджае, што з яго боку гэта было каханне з першага погляду. А вось Дарыi спатрэбiўся час — некалькi гадоў, каб пераканацца ў сваiх пачуццях i нарэшце згадзiцца на шлюб. 2008 год стаў для артысткi напружаным: па-першае, здзейснiлася даўняя мара сыграць у мюзiкле (Дарыя выканала ролю Элеаноры ў мюзiкле Уладзiмiра Кандрусевiча "Байкер"), па-другое, маладая спявачка праявiла сябе таксама як аўтар песень, нарэшце, графiк канцэртаў, у тым лiку выязных, быў вельмi насычаным. Увесь гэты час Яўген быў побач, цярплiва чакаў каханую, сустракаў пасля выступленняў, даваў карысныя парады... I Дарыя нарэшце зразумела, што не ўяўляе далейшага жыцця без сваёй "другой палавiнкi". На вяселле вырашылi запрасiць толькi самых блiзкiх людзей, сярод якiх апынулiся, напрыклад, Iван Вабiшчэвiч (ён жа "дзядзька Ваня", прадстаўнiк нашай краiны на конкурсе "Новая хваля"), спявачка Вольга Змуршчык, калегi па прадзюсарскiм цэнтры "Спамаш" Iван Буслай i Алена Ланская, футбалiст Дзмiтрый Парфёнаў. Дарыя, рыхтуючыся да вяселля, не забывалася i пра творчасць, i падрыхтавала сюрпрыз — прадставiла гасцям новую песню "У небе маiм гары". У блiжэйшы час, як чакаецца, яна загучыць таксама ў эфiры мiнскiх радыёстанцый. Вядучая рубрыкi Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Незвычайную ролю прымерала на сябе спявачка Жанэт. У новым клiпе на песню "Я не хацела...", паводле задумы рэжысёра Аляксандры Бутар, артыст
|
|