Рэпарцёр атрымаў заданне... ...Даведацца, дзе вучаць на жонку
Рэпарцёр атрымаў заданне... ...Даведацца, дзе вучаць на жонку
"Ранiцай яешня, днём яешня, вечарам яешня, а ноччу — амлет! Хутка я буду квахтаць, як кураня!" — гэтымi словамi адзiн з герояў фiльма "Адзiнокiм даецца iнтэрнат" тлумачыў жаданне вярнуць "прафнепрыдатную жонку", адкуль узяў. Хто ведае, цi зрабiў бы ён гэта, калi б яго другая палавiнка прайшла курс навучання ў Школе маладой жонкi? Можаце не верыць, але такая школа iснуе, i запiсваюць у яе не гвалтам, а выключна па жаданнi. А жадаючых, як паказала практыка — хоць адбаўляй, зараз прайшоў ужо чацвёрты набор. І гэта толькi ў Мiнску, а яшчэ створаны аддзяленнi ў Гродне i Мазыры, у перспектыве запрацуе вялiкая рэгiянальная сетка такiх школ... Але давайце пра ўсё па парадку. "Школа маладой жонкi" — праграма курсаў, якiя прапануе дзяўчатам i жанчынам розных узростаў Рэспублiканскi iнстытут прафесiйнай адукацыi — складаецца з трох ступеняў i 54 гадзiн розных заняткаў. Першая — самая вялiкая, 24 вучэбныя гадзiны — псiхалогiя сямейных адносiнаў (фармiраванне сямейнай пары, крызiсныя перыяды, стасункi памiж бацькамi i дзецьмi i г.д.). На гэтай ступенi з "курсiсткамi" займаецца сямейны псiхолаг-практык, якая працуе ў школе з моманту яе заснавання. Другi блок мае агульную назву "Жаночы свет", заняткi ў iм вядуць чатыры спецыялiсты: вiзажыст, гiнеколаг, псiхатэрапеўт i нават астролаг, якi расказвае таксама пра нумаралогiю i ўплыў выбранага бацькамi iмя на лёс чалавека. Апошняя ступень — майстэрня "Утульны дом", дзе маладых жонак кансультуе спецыялiст па дамаводстве — выкладчык кулiнарнага каледжа, якая навучыць i смачны абед з чатырох страў за паўгадзiны прыгатаваць, i прыгожа сервiраваць стол, i падабраць здаровае харчаванне для ўсiх членаў сям’i. Сюды ж па просьбах вучанiц уключаны некалькi заняткаў па фэн-шуй i азеляненнi пакояў. Напрыканцы курсаў адбываецца... не, зусiм не галоўны экзамен, а выпускны вечар — "круглы стол" з удзелам псiхолага, дзе выпускнiцы дзеляцца сваiмi ўражаннямi i пажаданнямi. Для тых, хто "ўжо" i "яшчэ не" — Як з’явiлася iдэя адкрыць школу маладой жонкi? Гэта беларускае ноу-хау або рэiнкарнацыя школьных урокаў этыкi i псiхалогii сямейнага жыцця? — удакладняю ў кiраўнiка аддзела вучэбнага цэнтра РIПА Ганны Iвановай. — Нельга сказаць нi тое, нi другое. Напэўна, гэта — павеў часу i чалавечая патрэба стаць больш шчаслiвым нягледзячы нават на шалёны тэмп жыцця. Прыгадайце — у школе, у гуртках i секцыях, у iншых навучальных установах нас вучылi, як стаць прафесiяналам у выбранай прафесіі, як развiваць у сабе тыя цi iншыя здольнасцi... Але нiхто не вучыў, як быць добрай жонкай — гэта значыць, быць шчаслiвай i здаровай ва ўсiх сэнсах, быць задаволенай жыццём. Як правiла, адбываецца перакос: альбо жанчына запоўненая цалкам работай i рабочымi праблемамi, i забываецца на тое, што яна яшчэ — жонка, мацi; альбо, наадварот, паглыбляецца ў хатнiя справы i перастае расцi прафесiйна, дый развiццём сябе як асобы не займаецца. Дапамагчы знайсцi гармонiю, баланс — у гэтым i заключаецца задача школы. — Мы працуем ужо на працягу дзесяцi гадоў. Для таго, каб сёння заставацца на плыву, канкурыраваць з iншымi адукацыйнымi цэнтрамi i навучальнымi ўстановамi, трэба прапанаваць людзям штосьцi новае, цiкавае i карыснае, — дадае куратар курсаў Людмiла Плякiна. — Школа маладой жонкi, iдэю якой прапанавала Ганна Вiктараўна, узнiкла ў межах мiжнароднага праекта, супрацоўнiцтва з Iнстытутам мiжнароднага супрацоўнiцтва Нямецкай асацыяцыi Народных унiверсiтэтаў. Падобны накiрунак запатрабаваны не толькi ў нашай краiне, бо гэта па сутнасцi сацыяльная падтрымка жанчын. — Тэрытарыяльна школа маладой жонкi знаходзiцца толькi ў Мiнску? Л.П: Пачынаем адкрываць школы маладой жонкi i ў рэгiёнах. Напачатку восенi я наведвала ў Гродне каледж лёгкай прамысловасцi, таксама нядаўна была ў Мазыры — там, праўда, асаблiвая ўстанова, карэкцыйна-развiваючы цэнтр для дзяцей з паталогiямi псiхафiзiчнага развiцця, куды прывозяць дзяцей з усяго раёна. Псiхолагi i сацыяльныя педагогi хочуць адкрыць там школу для жанчын, якiя выхоўваюць дзiця-iнвалiда. Зразумела, для гэтай школы будзе скарэктаваная праграма, каб жанчыны, многiя з якiх цяпер разведзеныя i сутыкаюцца з дадатковымi цяжкасцямi ў жыццi, не адчувалi сябе ў пастаянным прэсiнгу. Акрамя таго, у нас i ў Мiнску крыху змянiлася сiтуацыя: з цэнтра горада мы пераехалi ў iндустрыяльна-педагагiчны каледж. У яго iнтэрнаце пражываюць 400 дзяўчат, i для iх гэта школа маладой жонкi актуальная ўжо сёння, таму з намеснiкам дырэктара па выхаваўчай рабоце мы вырашылi зрабiць у школе два класы: адзiн — сямейны, для тых, хто ўжо замужам (будзем звяртаць асноўную ўвагу на фармiраванне сямейных стасункаў, канфлiкталогiю, на адносiны дзяцей i бацькоў), другi — для дзяўчат, якiя толькi збiраюцца выйсцi замуж (разгледзiм дашлюбныя стасункi i фармiраванне сямейных стасункаў на першай стадыi, будзем звяртаць увагу на рознiцу мужчынскай i жаночай псiхалогii, каб дзяўчаты не рабiлi распаўсюджанай памылкi — не спрабавалi перарабiць другога чалавека, але навучылiся перакiдваць мост узаемаразумення). Г.I.: Пасля таго, як мы выступалi на радыё, быў шквал тэлефонных званкоў з многiх iншых гарадоў, цiкавiлiся, цi можна адкрыць падобныя школы, напрыклад, у Вiцебску, Магiлёве... Таму ў нас у планах — выдаць метадычны дапаможнiк "Школы маладой жонкi" для тых, у каго не атрымалася па нейкiх прычынах да нас дабрацца. Мы — розныя. I мы — разам ...Калi муж прыходзiць дадому, не варта на яго адразу накiдвацца з просьбай вынесцi смецце, са скаргамi, папрокамi — увогуле нi з чым. Бо мужчынскi мозг адначасова можа займацца толькi адной справай, i ўнутрана ён яшчэ знаходзiцца на працы. Трэба даць хоць бы паўгадзiны на тое, каб ваша другая палавiнка "пераключылася" з рабочага рытму ў дамашнi, тады муж без праблем вас выслухае i дапаможа. Здавалася б, гэта так проста! Чаму ж гэтаму неабходна вучыцца? Бо ў жыццi не папросiш: "Каханы, пачакай хвiлiнку, я ў канспект зазiрну", — падобныя рэчы трэба рабiць аўтаматычна. Г.I.: Усе мы знаходзiлiся цi знаходзiмся ў шлюбе, маем жыццёвы вопыт сутыкнення з рэальнымi праблемамi ў сям’i, i таму нават самi для сябе зрабiлi высновы, што вельмi не хапае парад — не сяброўкi, не мамы, а спецыялiста. Калi ты ў лёгкiм рэжыме адзiн-два разы на тыдзень наведваеш своеасаблiвы жаночы клуб, гэта, мне здаецца, дазваляе ўспрымаць iнфармацыю больш свядома. Да таго ж спецыялiст, у адрозненне ад блiзкiх людзей, бачыць твае праблемы бесстароннiм вокам, i можа даць аб’ектыўную ацэнку сiтуацыi. ...Мы "набегамi" наведалi некаторыя лекцыi, i зрабiлi столькi адкрыццяў, што нават крыху крыўдна становiцца: чаму мы ўсе гэтыя рэчы не пачулi тады, калi нашы ўласныя сем’i толькi пачыналi свой шлях? Колькi нервовых клетак было спалена ў спрэчках, хто пачысцiць бульбу альбо зачынiць дзверы! — Калi класцi партрэт наведвальнiцы курсаў — гэта выключна маладыя дзяўчаты, або ёсць i сталыя жанчыны? Цi ўсе прыходзяць самi, цi кагосьцi прыводзяць блiзкiя? Л.П.: Бывае па-рознаму — хтосьцi прыходзiць сам, кагосьцi прыводзiць муж, хтосьцi разам з мужам пабываў на прэзентацыi курсаў i вырашыў займацца. Адна дзяўчына ў нас летась займалася, сказала, што абавязкова прывядзе дзвюх сябровак. Наконт узросту: "маладая жонка" — гэта ўмоўнае паняцце, прыходзяць i 18-гадовыя дзяўчаткi, якiя толькi рыхтуюцца ўзяць шлюб, а летась сярод вучанiц была 45-гадовая жанчына. Сёлета асноўны кантынгент — ад 20 да 35 гадоў, пераважна тыя, хто ўжо мае сямейны вопыт, але хацеў бы штосьцi змянiць. Я зусiм не адношу сябе да махровых фемiнiстак. Але ўсё ж у падсвядомасцi паўстае абурэнне: чаму за парту ўсаджваюць толькi дзяўчат? Што — муж, атрымлiваецца, "здаў" жонку на павышэнне квалiфiкацыi — i ўмыў рукi? Сям’я ўсё ж — гэта штодзённая праца ДВАIХ людзей... Можа, варта i для мужчын адкрыць падобную школу? Г.I.: Пытанне абсалютна нармальнае. Але справа ў тым, што жанчына — больш актыўны ўдзельнiк у сямейнай пары. I мужчыну нiколi не ўдасца падштурхнуць да актыўнасцi, калi яму не надасць паскарэння жанчына. Таму спачатку яна насычаецца iнфармацыяй, спрабуе данесцi гэта меркаванне ў грамадскую свядомасць, i калi ў грамадстве сфармiруецца адпаведнае разуменне, тады справа пакрысе зрушыцца з месца. Першыя ластаўкi, зазначу, ужо ёсць — хтосьцi прысутнiчаў з жонкай на прэзентацыi курсаў, хтосьцi задаваў пытаннi па тэлефоне. Напэўна, пройдзе не адзiн год, пакуль мы дойдзем да мужчынскай часткi насельнiцтва, але ёсць шанц гэту працу паскорыць. Нават з нашым пераездам у iндустрыяльна-педагагiчны каледж, бо тут больш за палову студэнтаў — хлопцы. Галоўнае, трэба ў гэта асяроддзе запусцiць адукаванага спецыялiста-мужчыну, якi лепш знойдзе падыход да юнакоў. I яшчэ трэба зняць псiхалагiчны бар’ер перад жанчынай-выкладчыкам. Iнакш нiчога не атрымаецца — узгадайце, як у школе мужчынская палова класа рагатала на ўроках бiялогii! —- Усё адно, атрымлiваецца, на занятках будуць хлопчыкi асобна, дзяўчаты асобна? Цi ў перспектыве адкрыюцца агульнасямейныя курсы? Л.П.: Безумоўна, пры разглядзе некаторых пытанняў — стасункi дзяцей i бацькоў, канфлiкталогiя, псiхалагiчныя трэнiнгi — трэба, каб прысутнiчалi абодва: i муж, i жонка. Каб усе прэтэнзii, памылкi, крыўды i пажаданнi выказвалiся адразу ў прысутнасцi партнёра i вырашалiся на практыцы. Г.I.: Хто б нi наведваў заняткi (муж, жонка цi абодва), наша задача — зрабiць iх дуэт гарманiчным. Як заўжды адзначае псiхолаг, сямейныя адносiны — гэта танец: ведаючы правiлы, ты не наступiш на нагу партнёру. Давайце вучыць правiлы! Улiчваючы пажаданнi ўдзельнiц курсаў, у Школе маладой жонкi наладзiлi яшчэ два псiхалагiчныя мiнi-трэнiнгi — "Парадкi кахання" i "Развiццё жаночай iнтуiцыi". Таксама плануюць дабавiць у праграму прававое поле — кансультацыi юрыста, якi распавядзе пра многiя карысныя рэчы, ад шлюбнага кантракта да льгот i дапамог маладым сям’ям. Арганiзатары, здаецца, маглi б расказваць пра "жаночыя ўнiверсiтэты" бясконца. Але галоўнае, думаю, я зразумела нават у гэты кароткi вiзiт — Школу маладой жонкi наведваюць не тыя, у каго абавязкова стос нявырашаных праблем у сям’i, але тыя, хто хоча сваю сям’ю ад гэтых праблем засцерагчы... Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Ранiцай яешня, днём яешня, вечарам яешня, а ноччу — амлет! Хутка я буду квахтаць, як кураня!" — гэтымi словамi адзiн з герояў фiльма "
|
|