Незапатрабаваная вяршыня
Незапатрабаваная вяршыня
Да 210-гадавiны з дня нараджэння Адама Мiцкевiча Усе ягоныя вершы — пра Радзiму: родную Лiтву. А ўсё ягонае жыццё — служэнне на хвалу Бацькаўшчыне. Хай сабе незваротна страчанай, але тым больш жаданай. "Прыпасцi ў слязах да сырой зямлi, // Сляды цалаваць дарагiя, // Хвароба гэтая ў дактароў // Завецца настальгiя" (Г.Гейнэ). І гэты выбар, асэнсаваны i пройдзены iм да канца, не пакiдаў яму анiчога iншага, апроч несмяротнасцi. Бо "жыццё кароткае — Радзiма вечная". Цi хай сабе iначай: "жыццё кароткае — Мастацва вечнае". I так яно ёсць пад вечным небам: збудаванае на Духу — неўмiручае. Зямля навагрудская нарадзiла яго. 25-гадовым выгнаннiкам ён прамераў абсягi расiйскай iмперыi, пасябраваў з Пушкiным. Правандраваў па Германii, дзе ў Веймары наведаў старога Гётэ. Прайшоўся ля Капiтолiя плошчамi Вечнага места. Затрымаўся ў Парыжы. Жыццёвы шлях скончыў у Канстанцiнопалi. Прах яго навекi спачыў у сталiцы Пястаў пад скляпеннямi каралеўскай рэзiдэнцыi на Вавелi. Не жыўшы на зямлi Кароны (этнiчнай Польшчы) — стаўся яе генiем. Такiм быў зямны шлях паэта-рамантыка i пiлiгрыма Адама Мiцкевiча. На тым пакутным шляху вiфлеемскай зоркай яму ззяла Навагрудчына — Радзiма. Тут, 24 снежня (на Куццю) 1798 года, генiй пабачыў свет. Ён прыйшоў, каб вырваць з нябыту цэлы край, што паволi занепадаў на задворках Еўропы, стаўшы геаграфiчна ўскраiнай царскай iмперыi, якой пачала лiчыцца Беларусь у вынiку трох заборчых падзелаў канца ХVIII ст. Занепадаў эканамiчна, але не духоўна. Бо, як засведчылi яшчэ старажытныя грэкi, дзяржава павiнна абапiрацца больш на мужнасць духу, чым на сiлу зброi. Дзякуючы таленавiтым сынам (у сузор’i iх, апроч зоркi Мiцкевiча, iмёны Яна Баршчэўскага, Яна Чачота, Юзафа Крашэўскага, Уладзiслава Сыракомлi, Элiзы Ажэшкi), зноў i зноў выплывала Атлантыда старадаўняй Беларусi-Лiтвы з еўрапейскай культурай. Атлантыда старажытная i вечна новая, бо нязводна хвалюючая. Краiна Вялiкага Княства Лiтоўскага, якая за тры з паловай гады да нараджэння славянскага тытана слова ў вынiку згаданых падзелаў перастала iснаваць на карце Еўропы, — працягвала жыць у мастацкiх палотнах. Гэтаксама як працягвала жыць Карона — Рэч Паспалiтая ў творах Ю.Славацкага, З.Красiнскага, Ц.Норвiда, С.Жаромскага, Б.Пруса, Г.Сянкевiча, М.Канапнiцкай... Праўдзiва: дзецi не выбiраюць сабе бацькоў, а паэты — народаў. Бацька генiя Мiкалай Мiцкевiч, эканом, шляхецкi радавод якога пецярбургскi Сенат так i пакiнуў пад пытаннем, зрабiўся адвакатам у Наваградку, куды пераехала сям’я ў 1801 годзе, i змалку першая сталiца Вялiкага Княства Лiтоўскага, Рускага i Жамойцкага стала для Адама зямлёй запаветнай. Адарваны ад яе падчас рэпрэсiй над фiламатамi-фiларэтамi (1824-1825 гг.), ён ужо так i не бачыў больш Радзiмы. Але яе непаўторныя краявiды сталi "нязводнымi снамi" (Янка Купала) для паэта, якi ў салонным Парыжы выснiў адну з найвялiкшых славянскiх паэм "Пан Тадэвуш". Скрупулёзныя французскiя бiблiёграфы занатавалi выхад у свет "Пана Тадэвуша" 28 чэрвеня 1834 года. Наклад выдання склаў тры тысячы асобнiкаў. У адрозненне ад папярэдняй кнiгi "Дзяды. Частка III" (1832), якая на працягу двух гадоў двойчы перавыдавалася, новая кнiга паэта разыходзiлася вельмi марудна. Здарылася нават наступнае: калi ў 1838 г. рыхтаваўся першы збор твораў Адама Мiцкевiча, выдаўцы яго ў V—VI тамах змясцiлi "Пана Тадэвуша", змянiўшы папярэдне толькi вокладку экзэмпляраў першавыдання, што заставалiся на складах кнiгарняў. "Пан Тадэвуш" — вечна жывая кветка, перанесеная з парыжскага бруку на шляхетную Атлантыду Бацькаўшчыны. Колькi нябеснага нектару, зямнога водару, сыноўскай тугi i святла ў гэтай кветкi? Не ведаю. Спытайцеся ў жытнiх хваляў, "у лугоў духмяных, Шырока над блакiтным Нёмнам разасланых", у сонца, якое штодня ўзыходзiць, як у часы Адася, з-за волатаўскiх плячэй навагрудскiх узгоркаў над Вiльняй, Завоссем, Рутай i Туганавiчамi, над руiнамi навагрудскага замка, над крыжамi Навагрудскага фарнага касцёла, дзе быў ахрышчаны Адам Бернард Мiцкевiч — наш зямляк, наш суайчыннiк, аўтар аднаго з найцудоўнейшых твораў сусветнай паэзii. У родным краi паэзiя Адама Мiцкевiча шанавалася свята. Трапяткi пiiтэт падтрымлiваўся i тым, што ў адрозненне ад еўрапейскага чытача, жыхары найвялiкшай iмперыi (нават прадстаўнiкi "пануючай"нацыi) былi пазбаўлены права вольна знаёмiцца з творамi аўтара "Гражыны" i "Конрада Валенрода". Царскi ўрад спецыяльнымi загадамi ад 13 верасня 1834 г. i 14 красавiка 1839 г. забаранiў перадрукоўваць выдадзеныя ў 1829 г. у Санкт-Пецярбургу вершы А. Мiцкевiча i перавозiць у Расiю аддрукаваныя ў Парыжы, Кракаве, Варшаве зборнiкi паэта. Смерць заспела генiя 25 лiстапада 1855 года ў далёкiм Канстанцiнопалi, дзе набiралiся апалчэнцы на змаганне з расiйскiм войскам. Цела вялiкага Адама ляжала на знятых з завесаў дзвярах, як на катафалку. Паабапал палалi грамнiчныя свечкi. I ляжаў той вялiкi Лiтвiн у чамарцы, з канфэдэраткай на галаве, як ваяр. Такi строй паплечнiкi паэта абралi невыпадкова. "Вы насiце чамаркi паўстанцкiя, i старыя, i маладыя, бо ўсе вы з’яўляецеся жаўнерамi паўставання Айчыны... I шмат хто з вас памрэ ў паўстанцкiм строю. Таму няхай ўсе будуць гатовыя памерцi". Смерць Адама Мiцкевiча ў далёкай Турэччыне дазволiла яму вярнуцца на радзiму духоўна. Пра гэта сiмвалiчна выказаўся ягоны вялiкi наступнiк У.Караткевiч ("Слова Мiцкевiчу (Верш у прозе)"): "Кажуць, што ў ноч на дваццаць шостае лiстапада ты з’яўляешся на зямлю, якая цябе нарадзiла, i ходзiш па ёй, заглядаючы ў кожную хату..." I калi натрапiш на немаўля, дык тое дзiцятка "маўчыць i ўсмiхаецца, бо яно бачыць тое, чаго не бачаць дарослыя: не прывiд, а проста добры чалавек, толькi больш маўклiвы, больш паглыблены ў сябе, нахiлiўся над iм. А ты глядзiш на яго i калi бачыш, што сумленныя вочы ў яго бацькоў, даеш яму добры i сумленны лёс..." I мяркуючы па тым, што ў краiне паэтаў не пераводзяцца паэты (наша зямлi i напрыканцы ХIХ стагоддзя паўтарыла цуд, падараваўшы свету яшчэ аднаго Мiцкевiча — Якуба Коласа), дух Мiцкевiча апякуецца каханай Лiтвой-Беларусяй Толькi са спадчынай ягонай, хацелася б, каб больш было азнаёмлена ягоных суродзiчаў. Глоткi, якiя крычаць за народ, збрыдзяць нарэшце народу, Твары, якiя цешаць народ, палiчыць народ за шкоду. Рукi, што цягнуцца за народ, народ адсячэ па локаць. Iмёнамi, што палюбiў народ, будуць народ палохаць. Стомiцца тлум i ацiшыцца шум, скрогат свае адбудзе, Спадчыну цiха возьмуць сабе цемныя людзi. (Пераклад Рыгора Барадулiна) На радзiме спадчына вялiкага лiтвiна належным чынам пакуль не засвоеная. "Беларускаму мiцкевiчазнаўству яшчэ трэба будзе вярнуцца да паэта, каб вярнуць яго не толькi ў кантэкст нашай гiсторыi культуры, але i ў свядомасць яго землякоў — нашых сучаснiкаў. Адам Мiцкевiч гэта пакуль аддаленая ад нас вяршыня. Мы яе бачым i як быццам вызначаем абрысы, але не наблiжаемся i тым больш не ўзыходзiм на яе... Да Мiцкевiча яшчэ трэба прыйсцi. Яго творчасць — няспынны рух на вышынi чалавечага духу i разам з тым выпрабаванне беларускага духу польскаю моваю" (Ул. Мархель). Праўдзiва: з усiх духоўных вяршыняў чалавецтва, што засталiся чалавецтву ў спадчыну ад ХIХ стагоддзя (Байран, Гётэ, Гейнэ, Мiцкевiч, Пушкiн, Шаўчэнка) — наш зямляк найблiжэйшы да нас. I не толькi па месцы нараджэння, але i па духоўнасцi, скандэнсавана выяўленай у ягонай немалой спадчыне, па-ранейшаму ў нас невядомай, бо не запатрабаванай. Язэп Янушкевiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да 210-гадавiны з дня нараджэння Адама Мiцкевiча. Усе ягоныя вершы — пра Радзiму: родную Лiтву. А ўсё ягонае жыццё — служэнне на хвалу Бацькаўшчыне.
|
|