Старыя і новыя песнi
Старыя і новыя песнi
Зайшоў знаёмы на стары Новы год i з парога пытаецца: а што яшчэ можа быць старым i новым адначасова? І сам жа адказвае, што кавалер у дзяўчыны можа быць такiм, калi ён, кавалер, новы, але не малады. Гэта, аказваецца, жарт такi. Але, як у кожным жарце, ёсць доля... вы ведаеце чаго. У жыццi ўсяляк бывае, i вялiкае пытанне, якi ж будзе мiлейшы — стары цi новы. Як i песня, з якой словы не выкiдваюцца. I не толькi словы. Першым днём новага Новага года зранку "гартаю" каналы тэлевiзара — глядзець няма чаго. I раптам спыняюся, натыкаюся на магутны голас Зыкiнай, на канале АНТ паказваюць перадачу "Хай гавораць" Андрэя Малахава, галоўнай дзейнай асобай якой стала каралева песнi савецкай эпохi. Нiколi не з’яўлялася вялiкай прыхiльнiцай названага тэлевядучага, але павiнна прызнаць, што перадача атрымалася добрая, сама фiгура гераiнi таго вымагала. Гасцей, мяркуючы па ўсiм, падбiрала сама Людмiла Георгiеўна, таму ўсе яны аказалiся з галасамi, выступленнi ўсiх прыемна было слухаць. Ну а песнi самой народнай артысткi, хоць i гучалi з фанаграмы, акрылялi i заварожвалi. I станавiлася так крыўдна за цяперашнюю эстраду, у якой неверагодныя тэхнiчныя магчымасцi, але бракуе галасоў, сэнсу, душы. Мне часта кажуць: ты не любiш музыку. Так, i не проста не люблю, я хварэю ад яе. Асаблiва калi еду ў камандзiроўку таксiчкай. Цяпер вадзiцелi ўзялi за моду ўключаць песнi на ўвесь салон, альбо рабiць моцны гук якога-небудзь канала радыё, якi бясконца перадае песнi, што ў маёй свядомасцi нагадваюць дошку для мыцця бялiзны нашых бабуль. Вадзiцелi, вiдаць, мяркуюць, што робяць ласку пасажырам. А я заўсёды здзiўляюся таму, якая моцная псiхiка i цвёрдыя мазгi ў таго, хто можа пяць гадзiн запар (дарога, напрыклад, ад Брэста да Гродна) слухаць аднатыпныя гукi, як удары матыкi святога Францыска, што абрабляе свой надзел. Так было падчас адной з апошнiх камандзiровак у Пружаны. Пасля дзвюх гадзiн язды "з музыкай" давялося выпiць дзве таблеткi, пасядзець з гадзiну, а потым ехаць за 50 кiламетраў далей да народнага майстра. Але ж увесь фокус у тым, што гэтыя песнi гучаць, бо яны запатрабаваныя, яны маюць свайго слухача. Яны лёгкiя, амаль пустыя, нiчога не пакiдаюць пасля сябе, акрамя, можа, галаўнога болю. Цяпер — час не толькi такiх песень. Мая даўняя прыяцелька, паспяховая бiзнэс-лэдзi, замуж анiяк не хоча. Пра знаёмцаў свайго кола яна кажа: яны ж усе пластыкавыя, штучныя. Сапраўды, лягчэй рабiць кар’еру, прасоўвацца па жыццi, як умееш, сказаць, што iншым будзе прыемна пачуць, i прамаўчаць, калi гэтым зробiш прыемнасць каму трэба. Iрына Хакамада ў сваёй кнiжцы напiсала, што лiслiвасць — галоўны рухавiк на шляху да кар’ернага поспеху. Яна ведае, пра што кажа, прайшла па вельмi высокiх кабiнетах. А чым кабiнецiкi меншыя, тым, здараецца, болей любяць iх гаспадары ўзвышэнне, ну хоць бы хлуслiвае, вiртуальнае. Чалавек жа, якi добра ўвайшоў у гэту ролю, потым i ў стасунках з блiзкiмi становiцца ненатуральным, як трапна прыдумала Веранiка, пластыкавым. Пластыкавыя душы, камп’ютарныя песнi, фальшывыя словы становяцца арганiчнай часткай той субстанцыi, да якой няспынна па сваёй волi рухаецца чалавецтва. I ў супрацьвагу ёй асаблiва каштоўным становiцца ўсё натуральнае, сапраўднае, некрывадушнае. Нядзiва, чаму на Новы год, бывае, хочацца сапраўднай ялiны, якiя б прыгожыя нi прапаноўвалi нам штучныя. Хоць усе i пасмейваюцца, iранiзуюць з галоўнага навагодняга фiльма, усё роўна дзясяты i дваццаты раз памiж уборкай i прыгатаваннем глядзяць на Жэню Лукашына, бо лепшага фiльма пакуль нiхто не зняў. I песень хочацца хоць у свята, каб хоць крышку зачаплялi струны душы, а не толькi слухавыя нервы. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зайшоў знаёмы на стары Новы год i з парога пытаецца: а што яшчэ можа быць старым i новым адначасова? І сам жа адказвае, што кавалер у дзяўчыны можа бы
|
|