21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

На хлеб з маслам

26.08.2009 10:45 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На хлеб з маслам

Бiяфермеры ўпэўненыя, што ўнёсак ва ўзнаўляльную энергетыку лепшы за банкаўскiя дэпазiты

Падчас стажыроўкi давялося паездзiць па гарадах Паўночнага Рэйна-Вестфалii, атрымаць нейкае ўяўленне пра краiну, лад жыцця жыхароў, сёе-тое занатаваць. Што прыцягнула маю ўвагу? Ну напрыклад, рух электрычак. Ён можа сур’ёзна ўдарыць па нямецкай пунктуальнасцi: рэдка калi цягнiк прыходзiць у час. Проста так заведзена, што адны цягнiкi прапускаюць iншыя — больш важныя. Таму рэальны расклад можна пабачыць толькi на вакзале — iнфармацыя пра тое, наколькi спазняецца цягнiк, рэгулярна абнаўляецца на адпаведным табло. Вялiкiм попытам карыстаюцца латкi з фастфудам: тыя, каго чакае працяглая паездка на працу, маюць звычку снедаць у электрычцы. За ежай часцяком абмяркоўваюць у дарозе якраз беспрацоўе — якiя буйныя прадпрыемствы (асаблiва ў сферы аўтаiндустрыi) скарачаюць штат альбо наогул закрываюцца. У рэгiянальных i экспрэс-цягнiках таксама можна паласавацца, а вось у гарадскiм грамадскiм транспарце гэта забаронена. Каляровыя плакаты з апетытнай выявай бульбы i вялiзным надпiсам "Тут нельга!" цяжка не заўважыць. Арыгiнальна змагаюцца з вандаламi ў транспарце — не пужаюць вялiзнымi сумамi штрафаў, а проста абяцаюць 250 еўра таму, хто... "здасць" парушальнiка!

У Дортмундзе ў свой час вырашылi змагацца са злачыннасцю... культурай. Пабудавалi тады ў непаспяховым раёне канцэртную залу, а разам з тым сталi паўсюдна ўсталёўваць насарогаў (нiбыта гэта жывёла з найлепшым слыхам) з крыламi — як сiмвал творчасцi i ўзнёсласцi. І што б вы думалi, парушэнняў парадку стала менш! А насарогаў у Дортмундзе сёння незлiчоная колькасць — крамы ды iншыя камерцыйныя ўстановы сталi заказваць устаноўку сiмвалiчных жывёлiн... з лагатыпам кампанii. Так натхняльнiкi горада сталi яшчэ i рэкламiстамi...

Энергазберажэнне ў памяшканнях спрацоўвае па максiмуме. Асвятленне ўключаецца па сiгналах датчыкаў руху. Аўтаматызаванае i ацяпленне — падтрымлiваецца пэўная тэмпература, таму батарэi то цёплыя, то халодныя. Ноччу яно аўтаматычна адключаецца. Тыя, хто не хоча эканомiць на цяпле, падманваюць сiстэму — перастаўляюць там час, нiбыта зараз не ноч... А ў адмiнiстрацыйных будынках заўжды пануе лёгкая прахалода. Пры гэтым нават у халодную пару года ў Германii можна павячэраць на адкрытай тэрасе кавярнi. Там вельмi цёпла, бо звонку да будынка прымацаваныя спецыяльныя абагравальнiкi, якiя фактычна грэюць вулiцу. Унутры курыць нельга, вось рэстаратары i знайшлi выйсце, каб не пазбавiцца клiентуры.

Немцы, нават заўзятыя наведвальнiкi кавярняў, — вельмi ашчадныя, таму тут карыстаюцца попытам каталогi з рэкламнымi прапановамi тых цi iншых пунктаў харчавання. Уладальнiк каталога, заплацiўшы 12 еўра, год можа атрымліваць бонусы ў пэўных кавярнях. Напрыклад, замовiўшы дзве стравы, заплацiць толькi за адну, больш дарагую — каталог акупiцца за адну вячэру.

Для аматараў натуральнага харчавання ў нямецкiх крамах ёсць цэлыя аддзелы. Надпiс "бiя" — гэта безумоўны знак якасцi: ён гарантуе, што пры вытворчасцi абышлiся без "хiмii". Аднак i цэны ў такiм аддзеле значна вышэйшыя. Адкуль натурпрадукт трапляе на прылаўкi? З бiягаспадарак. У адну з такiх мы завiталi "на каву i выпечку" — так традыцыйна кажуць у Германii, выпраўляючыся да каго-небудзь у госцi.

Цiкава, што гаспадарка размясцiлася па сутнасцi не ў сельскай мясцовасцi, а на ўскраiне горада Бергкамэна. Галоўны арыенцiр на бiяферму — вялiзны вятрак, а адтуль да паказальнiка "Бiядвор Остэндорф" зусiм блiзка. Гэта ферма — сямейны бiзнэс Фрыдрыха i Ульрыкэ Остэндорфаў. Муж апроч сельскай гаспадаркi займаецца яшчэ i палiтыкай — ён прадстаўнiк партыi Зялёных у ландтагу. Увосень у Германii маюць адбыцца выбары ў Бундэстаг, i Фрыдрых плануе лабiраваць iнтарэсы фермераў ужо там. Тым больш, што такi вопыт у яго ёсць. Поспех яго фактычна залежыць ад месца ў партыйным спiсе — чым вышэйшае яно, тым больш шанцаў трапiць у парламент. У мiнулы раз Зялёныя атрымалi квоту ў 10 чалавек, а Фрыдрых быў дванаццатым...

"Самае галоўнае адрозненне бiятэхналогiй ад традыцыйных сродкаў вытворчасцi ў тым, што мы не выкарыстоўваем хiмiчныя ўгнаеннi, пестыцыды i гэтак далей", — кажа Ульрыкэ. Аб тым, каб выкарыстоўваць насенне генна-мадыфiкаваных прадуктаў нават i размовы быць не можа. У распараджэннi сямейнай пары — 70 гектараў зямлi (30 з iх — уласныя, астатнiя — арандаваныя), 28 дойных кароў ды яшчэ цяляты, 100 кур, парсюкi. Цi трэба казаць, што i бiяпарсючкi з цялятамi харчуюцца выключна бiяпрадуктамi... Гаспадыня расказала нам, што ўсё гэта заканадаўча ўрэгулявана: "Ёсць шэраг прадпiсанняў, якiх трэба прытрымлiвацца пры вытворчасцi бiя". Еўрасаюз ўсталёўвае рамачныя ўмовы, апроч гэтага свае правiлы ўводзяць i бiя-аб’яднаннi — саюзы людзей, якiя займаюцца такой вытворчасцю. Бiяланд, удзельнiкамi якога з’яўляюцца Остэндорфы, — адна са шматлiкiх арганiзацый, што пазiцыянуе сябе на рынку Германii. Iснуе яна ўжо больш за два дзясяткi гадоў. Каб уступiць у такi саюз, трэба прытрымлiвацца вызначаных iм правiлаў.

Ураджаi бiявытворцаў, паводле слоў бiзнэсвумэн, значна меншыя, чым у традыцыйных фермераў. "З гектара мы збiраем каля 20 тон бульбы. Я ведаю, што ў Беларусi, магчыма, звычайным спосабам збiраюць i менш, аднак у параўнаннi з традыцыйным вядзеннем гаспадаркi, гэта рознiца вельмi вялiкая". Што не можа не адбiцца на кошце прадукцыi. Цэны на малочныя прадукты бiягаспадарак працэнтаў на 20 вышэйшыя, астатнiя могуць быць даражэйшымi ў два-тры разы. Аднак ва ўласнай краме Остэндорфаў (якраз на тэрыторыi фермы, тут жа знаходзiцца i iх дом) цэны крыху нiжэйшыя, чым у супермаркетах, да таго ж, ладзяцца сезонныя акцыi — тады ў краму зазiрае больш ахвотнiкаў. Зразумела, тутэйшы асартымент — толькi невялiкая частка таго, што рэалiзуецца. Бiядвор Остэндорф можа прапанаваць пакупнiкам злакi, бульбу, хлеб з мукi грубага памолу, выпечку, садавiну i гароднiну, яйкi, малако i малочныя прадукты, ялавiчыну i свiнiну, а таксама пiва i вiно.

Ульрыкэ расказала нам, што з-за крызiсу людзi сталi набываць менш бiяпрадуктаў. Аднак пераходзiць на звычайны спосаб Остэндорфы не збiраюцца: "Для нас гэта прынцыпова, у нас такiя маральныя ўстаноўкi. Мы пераарыентавалiся на бiялагiчную сiстэму 25 гадоў таму". Пры гэтым выбар фермерам даецца нялёгка: "Буйныя карпарацыi хочуць зрабiць сялян залежнымi ад iх уласнага ўраджаю. Кампанii выйграюць шмат грошай на вытворчасцi генна-мадыфiкаванай прадукцыi, i iх задача — уцягнуць усiх сялян у гэту сiстэму. I гэта самая галоўная барацьба тут, камень спатыкнення ўсiх палiтычных баталiй, супраць чаго, уласна кажучы, змагаюцца Зялёныя. Тут iдзе размова пра вялiкiя грошы i барацьбу двух полюсаў: на адным баку — буйныя карпарацыi, а на другiм — простыя сяляне".

Экалагiчны падыход у бiяфермераў адчуваецца ва ўсiм. Яны не толькi выкарыстоўваюць натуральныя ўгнаеннi i корм для жывёлы, але i экалагiчна чыстую энергiю. На кароўнiках — фотагальванiчныя ўстаноўкi, печ, якая ацяпляе дом, працуе на драўнiне. Аднак уладальнiкi бiядвара рабiлi разлiк i на эканамiчныя бонусы: "Лепш зрабiць унёсак у фотагальванiку i гэтым зарабляць, чым проста пакласцi грошы ў банк, — карысць i сабе, i экалогii. Кошт электрычнасцi, якую мы прадаём, вышэйшы, чым той, што мы плацiм за выкарыстаную намi. I гэта рознiца — наш прыбытак". Бiяфермеры займаюцца выпрацоўкай электрычнасцi ўжо гады тры, аднак выгаду ацэньваць пакуль не бяруцца — маўляў, гэта будзе вiдаць гадоў праз 12. Аднак лiчаць, што ў мiнусе не застануцца: "Цэны на энергiю вырастаюць. Гэта выгадна для сялян, бо ў iх ёсць вялiкiя плошчы дахаў, якiя можна аддаць пад фотагальванiку". Да таго ж, фотагальванiчныя модулi простыя ў абслугоўваннi: з шлангу крыху палiў, каб не забруджвалiся асаблiва, — i збiрай сабе энергiю. Гаспадары задумваюцца i аб тым, каб цалкам перайсцi на аўтаномнае энергазабеспячэнне — з дапамогай узнаўляльных крынiц, зразумела.

Ну вось, здаецца, i дабралiся мы да лiтары "Я" ў нашых вышуках. I няхай гэта толькi малая доля таго, што варта было б абмяркоўваць у сферы ўзнаўляльных крынiц, але усё ж нагода для разважанняў. Наша падарожжа па Германii на гэтым заканчваецца, час развiтвацца. Аўтар выказвае ўдзячнасць Беларускаму саюзу журналiстаў, Мiнскаму мiжнароднаму адукацыйнаму цэнтру iмя Ёханэса Рау, а таксама Дортмундскаму мiжнароднаму адукацыйнаму цэнтру за магчымасць паўдзельнiчаць у даследчыцкай стажыроўцы.

Ала МАЧАЛАВА.

Мiнск—Дортмунд—Дзюсельдорф—Бохум—Кёльн—Мiнск.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бiяфермеры ўпэўненыя, што ўнёсак ва ўзнаўляльную энергетыку лепшы за банкаўскiя дэпазiты Падчас стажыроўкi давялося паездзiць па гарадах Паўночнага Р
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика