21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Галерэя крыжоў у вёсцы на Камянеччыне

26.08.2009 15:31 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

4 марта 2009 Культура
Ірына АРЛОВА, Народная газета

Напэўна, нідзе на Беларусі вы не сустрэнеце гэткую багатую галерэю крыжоў і не знойдзеце такіх вытканых узораў.

Тры шляхі

Вёсачка Вугляны прытулілася ў маляўнічым куточку Камянеччыны — непадалёку ад Белавежскай пушчы на беразе рэчкі Лясной, акурат у кіламетры ад таго месца, дзе Правая Лясная сустракае Левую Лясную. Нікуды адсюль не заедзеш, кажуць тутэйшыя сяляне, — па адзін бок рака, па другі — лес. Адным словам — вугал. Таму і Вугляны.

Можа, менавіта таму пра гэты сціплы куточак Берасцейшчыны і гістарычных звестак захавалася не вельмі шмат. Аднак мясцовы краязнаўца Георгій Мусевіч сцвярджае, што праз Вугляны некалі праходзілі тры галоўныя шляхі: Каралеўскі (Вільна—Кракаў), Бурштынавы — ад берагоў Балтыйскага мора ў краіны паўднёвай Еўропы, і Зварніцкі (саляны) — ад Салотвіна, што ў Закарпацці, да Гародні, дзе меліся вялікія саляныя склады. Праз паселішча ішла дарога на Камянец і Брэст.

Вугляны — вёска ў Рэчыцкім сельсавеце, за сем кіламетраў на паўночны ўсход ад Камянца. Транспартныя сувязі — па аўтадарозе Камянец—Кобрын. 30 гаспадарак, 50 жыхароў (2005 г.)
У пачатку XIX стагоддзя вёска ў Брэсцкім павеце Гродзенскай губерні адносілася да маёнтка генерала Гальберга. У 1818—1820 гадах тут адбываліся антыпрыгонніцкія сялянскія хваляванні. У 1846 годзе ў складзе маёнтка Камянец-Літоўскі, уласнасць ротмістра Антона Касаржэўскага. 50 двароў, 365 жыхароў, 15 дзесяцін сядзібнай, 83 — ворыўнай зямлі. У 1897 годзе вёска — цэнтр Вуглянскай сельскай гміны. Дзейнічаў хлебазапасны магазін. Як сцвярджаюць даследчыкі, найбольш жыхароў тут налічвалася ў 1905 годзе — 552 чалавекі. Было народнае вучылішча. У 1921—1939 гадах — у складзе Польшчы.

У Вялікую Айчынную вайну ў 1941—1942 годзе нямецка-фашысцкія акупанты расстралялі трох жыхароў вёскі. Адзін з іх — Карп Каленікавіч Кузько — быў прафесіянальным рэвалюцыянерам. Не маючы зямлі, сялянскі батрак паступіў працаваць на лесапільны завод у Пашуцкай Будзе, дзе яго прынялі ў КПЗБ. Шмат разоў ён пераходзіў граніцу і дастаўляў з СССР палітычную літаратуру, распаўсюджваў яе сярод насельніцтва, чатыры разы арыштоўваўся польскай дэфензівай, сядзеў у турмах. Расстралялі фашысты сялянскага актывіста ў Клепачоўскім лесе. Сямёра аднавяскоўцаў загінулі на франтах і прапалі без вестак.

У 1949 годзе тут арганізаваны калгас імя Кірава. У пачатковай школе тады вучылася 48 дзяцей.

Крыжы на скрыжаванні

Колькі хвілін ад Камянца, і наш УАЗік спыняецца ў цэнтры Вуглянаў. Вуліца ідзе ўправа, вуліца — улева. А пасярод — незвычайная галерэя крыжоў. Іх восем. Рознай вышыні і таўшчыні, стаяць гуртам, абнесеныя металічнай агароджай. Самы першы крыж тут быў пастаўлены больш за сто гадоў таму. Пра гэта мы даведваемся ад адной з найстарэйшых жыхарак вёскі Ганны Кузько. У хаціне, якая месціцца акурат побач, утульным цяплом вее ад натопленай грубкі, лашчаць вока даматканыя дываны, ходнічкі.

Ганне Іванаўне — 87-мы. У Вуглянах яна нарадзілася. Расказвае, што і людок тады шмат было, і скаціны многа трымалі. Хаткі былі маленькія — гэта потым новых наставілі. У кожнай сям’і — па 8—9 душ.

— Колькі сябе памятаю — заўжды крыжы тут стаялі, — згадвае бабуля. — У суседа Івана Жука цяжка захварэла старэйшая дачка — не выратавалі нават варшаўскія дактары, потым памерла яшчэ адно дзіця. І тады ён паставіў тут вялікі крыж. Гэта я добра ведаю. Пасля таго тры дачкі здаровенькія выгадаваліся. І цяпер, дзякаваць Богу, жывуць.

Пра тое, як з’явіліся ў Вуглянах першыя абярэгі, распавядаюць з пакалення ў пакаленне. Вёску напаткала вялікая бяда — эпідэмія ці хвароба, памерла шмат людзей. Тады, каб уратавацца, сяляне прывезлі з пушчы малады дуб, за адну ноч зрабілі з яго крыж, тройчы абнеслі вакол вёскі і ўкапалі там, дзе ён стаіць і зараз. Так вёска і захавалася.

Астатнія сем крыжоў побач з галоўным з’явіліся падчас калектывізацыі. Калі сялянскія землі пачалі абагульваць у калгас, людзі перавезлі ў вёску крыжы, якія яны ставілі каля сваіх хат як абярэг ад засухі ці іншай стыхіі.

У перыяд ваяўнічага атэізму ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя раённая ўлада вырашыла крыжы знішчыць. Але пра гэта даведалася жонка аднаго з вясковых начальнікаў. Яна папярэдзіла сялян, у якую ноч прыедуць. Тады адна жанчына, накрыўшыся белаю прасціной, стала сярод крыжоў. Калі прыехалі атэісты і ўбачылі белую постаць, дужа напалохаліся ды паўцякалі. Але праз каторы час усё ж давяршылі сваю нячыстую справу — разламалі агароджу, паспільвалі крыжы і вывезлі іх у ямку за суседнімі Мартынюкамі. Толькі людзі вярнулі іх “дадому”, паўкопвалі на сваё месца і абгарадзілі зноў. Кожную вясну, звычайна перад Вялікаднем, агароджу і крыжы фарбуюць, аздабляюць стужкамі ды ручнікамі. І цяпер з малітвамі сюды ідуць. І з вераю, што ахоўваюць крыжы сяло.

Колісь бралі тут благаславенне маладыя пары, збіраючыся да шлюбу. Цяпер іншыя часы — усё больш прыпыняюцца працэсіі з нябожчыкам, адпраўляючы чалавека ў апошні шлях. А ставяць труну на даматканы падвойны дыван, ткаць якія ўмеюць толькі тут, у ваколіцах Вуглянаў.

Шарсцяныя промні сонца

З даўніх часоў захавалася ў навакольных вёсачках і яшчэ адна асаблівая традыцыя — перш чым маладых на вясельны ручнік запрасіць, на падлозе рассцілалі вялікі шарсцяны дыван, які нагадваў квітнеючы на сонцы луг — гэтак маладой сям’і зычылі шчаслівай долі.

Вёска Вугляны якраз і была старажытным цэнтрам ткацтва на Камянеччыне, дзе жылі самыя выдатныя майстрыхі. Яны і захавалі ўнікальную тэхналогію падвойнага ткацтва. Тут і сёння што ні хата — то сапраўдны музей тканых дываноў, якіх у іншых куточках Брэстчыны не сустрэнеш. Мясцовыя дываны не маюць споду — абодва бакі аднолькава прыгожыя, толькі адзін — люстэркавы адбітак другога, і толькі там, дзе вытканы ўзор на чыстым полі, два колеры пераплятаюцца паміж сабой, нібы зрастаючыся.

Ганна Жук сама родам з суседняй Пружаншчыны. З маладым зухаватым вуглянцам, які толькі-толькі вярнуўся з Германіі, пазнаёмілася на вяселлі роднай сястры. Уласнае ж вяселле з Мікалаем згулялі ў 1948-м. Шмат тады моладзі было ў Вуглянах, узгадвае Ганна Дзянісаўна. Выгадавалі трох дзетак.

Лёгка за мужам пражыла Ганна, па-добраму і цяпер зайздросцяць суседкі. На жаль, летась пайшоў з жыцця Мікалай, пакінуўшы сваю 84-гадовую Ганначку далей век векаваць. Учора абодва сыны прыехалі — такая радасць была. Пагаманілі. Снег на падворку раскідалі, у швейную машынку новую іголку паставілі. “Зінгер” заўжды павінен быць пад рукой, так ужо прывыкла бабуля — ці то дзірачку залапіць, ці фартушок змайстраваць.

Майстрыха яна вядомая не толькі ў Вуглянах. Слава пра яе падвойныя дываны далёка за межы раёна разышлася — пазнаюць руку Ганны Дзянісаўны сярод дзесяткаў іншых, не меней прыгожых посцілак. Бо мае яна свой адметны почырк. Сакрэт у тым, што пры перапляценні адну з дзвюх рознакаляровых нітак майстрыха за кроснамі прытрымлівае, а другую пускае больш вольна, і ад таго атрымліваецца малюнак рэльефны, прыгожы.

Дэманстраваліся яе творы на выставах і ў Брэсце, і ў Мінску. Вялікі стос на канапе — сапраўднае багацце.

Засеянае поле, стылізаваныя каласкі, валошкі, узыходзячае сонца — гэта ўсё элементы традыцыйнага славянскага арнаменту, які спрадвеку лічыўся абярэгам. Зрэшты, высокага сэнсу ва ўзоры бабуля не ўкладвае. Кажа, пабачыла ў некага — дый сабе захацелася выткаць. Справа гэтая няхуткая, карпатлівая, але за адно лета неяк атрымалася вырабіць адразу тры! Падоіць, бывала, калгасных каровак ранкам, прыйдзе з фермы — і за кросны. Ткаць заўжды любіла. Таму нейкім незвычайным цяплом струменіць ад кожнага яе вырабу. Прадаваць дываны тут не прынята — звычайна перадаюцца яны ад маці дачцэ. А вось родным ды знаёмым раздарыла яшчэ адзін стос.

— А найбольш мне падабаецца вось гэты дыван, з птушачкамі, — Ганна Дзянісаўна беражліва разгортвае зялёна-барвовы, на якім пазначана: 1996 год. Найпрыгажэйшыя з калекцыі рыхтуе да чарговых вяселляў — унукі жэняцца. — З шасці-сямі гадоў нас вучылі снаваць, прасці, ткаць. І гэта была асноўная навука. У вёсцы тады ўсе жылі са сваёй працы. У 12 гадоў ткалі сарочкі. І тая дзяўчына, якая не мела натканага, лічылася няўмекай альбо і ўвогуле няўдалай.

А вось падвойнае ткацтва Ганна Дзянісаўна асвоіла ўжо тут, у Вуглянах. Цётка мужа Акуліна ды мясцовыя майстрыхі дапамаглі. І з уласнага ўмення яна сакрэтаў не робіць — колькі маладзейшых жанчынак сама навучыла. Галоўнае, кажа, каб добрая пража была. Нітка ў бабулі Ганны атрымліваецца мяккая, пушыстая, бліскучая нават — потым “і палатно не злягаецца”.

Авечак тут трымалі заўжды, але да вайны, расказвае супрацоўнік аддзела культуры Камянецкага райвыканкама Тамара Пятручык, якой належаць многія знаходкі ў адраджэнні старажытнага рамяства, дзейнічала настолькі жорсткая сістэма падаткаабкладання сялянскіх гаспадарак, што трымаць авечак стала проста нявыгадна. Таму тэхналогія апрацоўкі воўны была прызабыта. Авечкагадоўля стала адраджацца пасля вайны.

І сёння ў гаспадарцы Ганны Дзянісаўны авечкі водзяцца. Пастрыгчы, памыць воўну, паскубці, занесці счасаць — спраў хапае. За кроснамі самой ужо цяжка, а вось прадзе майстрыха і сёння. Суседка, што купіла хату побач, прасіла на шкарпэткі для ўнукаў.

Цяпер майстэрству падвойнага ткацтва вучацца ў Доме культуры суседняй вёскі Падбела. Першай няпростую навуку продкаў асвоіла яго дырэктар Марыя Іванаўна Краўчук. А галоўнай настаўніцай тут — Грыцук Надзея Анатольеўна. Пераймаць яе сакрэты з навакольных пушчанскіх вёсак збіраюцца жанчыны ад 30 да 60 гадоў, у малодшай групе гуртка тэхналогію ніткі вывучаюць 10—13-гадовыя дзяўчынкі, займаецца нават адзін хлопчык — Сярожа Кузь.

— Хто толькі не наведваў наш цэнтр падвойнага ткацтва! — расказвае Марыя Іванаўна. — Вядома, нашы беларускія даследчыкі, прыязджалі госці з Польшчы, Швецыі, Італіі. Усе ў нязменным захапленні і з нязменнай просьбай навучыць. Італьянцы казалі, такі дыван у іх ці не за паўтысячы еўра можна прадаць…

Сённяшні дзень

У Вуглянах 31 жыхар, пераважна старыя. Школа — у суседніх Мартынюках. Праўда, з Вуглян сёння туды няма каму хадзіць. Не трапіла вёсачка ў шэраг перспектыўных. Можа, таму, што не шчасціла мясцоваму калгасу на сапраўдных гаспадароў — не надта падняўся ён нават у лепшыя свае 80-я гады, і новае экзатычнае імя СВК “Кансуэла” дабрабыту не прынесла, у чарговы раз рэфармаваць збіраюцца. Зрэшты, сацыяльнай увагай людзі не абдзелены — двойчы на тыдзень на галоўную вясковую плошчу прыязджае аўталаўка. Усё неабходнае можна купіць альбо пакінуць гандлярам заяўку.

Але і недагледжаных дамоў у Вуглянах амаль не сустрэнеш — пра сядзібы, узведзеныя з клопатам і любоўю, дзеці-ўнукі дбаюць, дый пад летнія дачы народ з ахвотаю купляе — чыстае пушчанскае паветра, рэчка блізка, да Камянца рукой падаць, а там і да Брэста. Але не сказаць, каб у шырокім продажы тут хаты былі — галоўным чынам, распавядаюць, начальства купляе.

Так і жыве вёсачка, не згасае. Дарэчы, у яе ваколіцах летась ажно 20 лютага заўважылі першых буслоў. Вось і цяпер дзве буслянкі каля хаты Ганны Дзянісаўны Жук чакаюць з выраю сваіх гаспадароў, ахоўнікаў жыцця.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
4 марта 2009 Культура Ірына АРЛОВА, Народная газета Напэўна, нідзе на Беларусі вы не сустрэнеце гэткую багатую галерэю крыжоў і не знойдзеце такіх вытканых узораў.Тры шляхіВёсачка Вугляны прытулілася ў маляўнічым куточку Камянеччыны — непадалёку ад Белавежскай пушчы на беразе рэчкі Лясной, акурат...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика