21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Куды ж мне замуж, як узбярэцца мужык — дык i задушыць!..

19.09.2009 14:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Куды ж мне замуж, як узбярэцца мужык — дык i задушыць!..

Самая старая беларуска:

 

Ганна Рагель з Маладзечна святкуе 120-годдзе! Доўгажыхарка распавяла карэспандэнту "Звязды", як правiльна займацца сэксам, захаваць сямейнае шчасце i нiколi не звяртацца да лекараў.

Упершыню я прыехаў у Маладзечна да Ганны Паўлаўны Рагель два гады таму. У маiм тэлефоне яе нумар так i занатаваны — "Hаnnа 118". Яшчэ тады я ашалеў ад маштабу яе жыцця. У пашпарце значыцца дата нараджэння — 1889 год. Цяжка ўявiць, але тады яшчэ не было на белым свеце нi Максiма Багдановiча, нi Барыса Пастарнака. Янку Купалу i Якубу Коласу было па сем гадоў. Ганне Ахматавай было два тыднi!..

Таму гэтым разам, у днi яе 120-годдзя, мы з Ганнай Паўлаўнай сустракаемся як старыя знаёмыя. Стаўлю на стол торцiк, дачка доўгажыхаркi Любоў Аляксандраўна запарвае гарбатку.

— Як пажываеце? — пытаюся ў Ганны Рагель, якая старэйшая за мяне на 98 гадоў.

— пытаюся ў Ганны Рагель, якая старэйшая за мяне на 98 гадоў.

— Кепска... — уздыхае бабуля. — У нас хату ўкралi... Харошая хата гэна мая... Мы з мужыком маiм рабiлi, рабiлi... А яны ўкралi — гэтыя зладзеi, ёсьць тут такiя...

Я кладу бабулi кавалак торта, яна пачынае аб'ядаць свежы крэм зверху, а Любоў Аляксандраўна тым часам тлумачыць мне падрабязнасцi.

— У вёсцы Дубiна-Баярская, што пад Валожынам, была хата, дзе я нарадзiлася. Мацi прыйшла туды замуж, i пасля вайны яны з мужам-кавалём збудавалi гэтую хату. У свой час, калi мацi ўжо стала старэнькая i занемагла, я перавезла яе да сябе сюды, у Маладзечна. Даглядаць тую хату асаблiва часу неставала — усё-ткi трыццаць кiламетраў адсюль. Людзi розныя бываюць — расцягалi адтуль вокны, дзверы, раскiдалi печ... Але сам зруб быў у выдатным стане, мы меркавалi прадаць яго каму пад лецiшча. I вось да нас прыходзiць такая навiна — сельсавет хату раскiдаў, а месца тое засыпалi пясочкам — што i не пазнаць, дзе была тая хата...

Ганна Паўлаўна вельмi моцна засмуцiлася ад усёй гэтай гiсторыi — i стала сябе значна горш пачуваць...

— Я жыла нiчога... Але як укралi ў нас гэную хату, дык як за сьцяну я заступiла. Вось — бяз палак нiдзе i не пайду. Нiдзе — не-не!.. Толькi на ганак выйду, калi дажджу няма i ня сьлiзка. Пахаджу трохi — i сяду. Вот якая жысьць цяпер мая. Але вось як вы прыехалi i пабылi — можа, дасьць Бог, мне i лепей будзе. Во!..

Фенаменальна, але ў 120 гадоў у Ганны Паўлаўны засталiся свае зубы, а чытае доўгажыхарка без акуляраў (хоць i па лiтарах)!.. Прапаную Ганне Паўлаўне яшчэ кавалачак торцiку.

— Вой, я дык ела ўжо, дык можа ўжо i ня буду... Але зьем троху! Ужо ж вы дамоў не павезяцё!

Разам з сабой у Маладзечна я ўзяў сваю сяброўку Янку — паглядзець на ўнiкальную 120-гадовую бабулю. Ганна Паўлаўна глядзiць на яе i пытаецца ў мяне:

— А гэта баба твая?

Паколькi бабуля дрэнна чуе — ды i ўвогуле, каб не напружваць яе тлумачэннямi, што гэта не "баба", а сяброўка, адказваю, што так.

— Як тваю бабу зваць? — ажыўляецца Ганна Паўлаўна.

— Янка.

— Ленка?

— Янка!

— Ленка?

— Янка!!

— Жэнька?

— Так!!!

— I жывiце харашо! — дабраслаўляе Ганна Паўлаўна. — Каб вы жылi так, як я са сваiм жыла!.. Але нiчога ж не зробiш: пара прыйшла — i пайшоў. А баба з тваёй вёскi цi так адкуль?..

Ну што ж, тэатр дык тэатр. Адказваю, што з маёй вёскi.

— I правiльна! I жывiце харашо! Толькi ўсяго гарэлкi ня пiце!..

— А вы нiколi не пiлi гарэлку?

— Не-а! Не пiла i ня п'ю. Вiна магу капельку ўзяць — а то крэпкае. Тры каплi вазьму — i ўсё.

— А есцi што любiце?

— А есьцi — што ёсьць! У нас хватае есьцi. Скварачак насмажылi... Сьвiньню закалолi, а яшчэ ж парсюк ё ў мяне ў хляве. Дык у нас мяса хватае — ёсьць, дзякуй Богу, у нас. I казёл, маладая козачка i старая каза ё. Нам малака хватае...

Пытаюся, чаго тады не хапае. Кажа, што здароўя. Пра грошы доўгажыхарка адказвае па-фiласофску.

— Пэнсыi хватае.

Мова Ганны Паўлаўны — салодкi спеў для вуха многiх беларусаў. Яе не кранулi нiякiя моўныя рэформы: гаворыць Ганна Рагель так, як казалi i пiсалi беларусы стагоддзе таму, у пару яе маладосцi — "пэнсыя", "Маладэчна", дадае мяккасць, якая ў многiм знiкла падчас рэформаў — "ёсьць", "сьцiхнуць", "павезьлi"...

— А памятаеце, колькi вам гадоў? — вяртаю я суразмоўцу да святочнае нагоды.

— вяртаю я суразмоўцу да святочнае нагоды.

— Любка, сколькi нам... мне гадоў? — паварочваецца Ганна Паўлаўна да дачкi. — Я ўжо нiчога ня знаю. Ужо я забываюся ўсё. Любка, дзе мая кнiжачка (Ганна Паўлаўна мае на ўвазе пашпарт. — Аўт.). Мне шмат гадоў... Ужо мае гады... I маладзейшыя ў землях ляжаць... А я — дзякуй Богу!

Ганна Паўлаўна зноў пераключаецца на цiкавую ёй тэму.

(Заканчэнне. Пачатак на 1-й стар.)

— Ты бабы свае не заганяй. Сам харошы, а яна худзенькая. Ну, але нiчога. Толькi гарэлкi ня пiце. Во гэтак во, вiна трохi выпiў — i будзеш чалавекам. Я каб пiла, дык даўно б не было на сьвеце. Але хаця каб яшчэ пажыць. Надта ж хочацца жыць! Калi дасьць Бог, каб от пахадзiць. А так во з палкай — дык i не справа... А дзецi ў вас ё ўжо?..

Паводле майго сцэнару дзяцей у нас няма.

— Ага.. Шмат дзяцей ня трэба — адно цi двое, i ўсё, — раiць Рагель. — Дай Божа, з харошымi дзецьмi жыць — як мая Любка...

Матаю на вус i пытаюся ў 120-гадовага чалавека пра сакрэт захавання здароўя.

— А вы таблеткi прымаеце якiя-небудзь?

— Толькi гэтыя во чырвоненькiя капелькi.

— Ад чаго?

— Сама ад сябе! Мне дахторак ня трэба нiякiх! Цяперака знаяш дахторкi якiя...

— А што ў вас, нiчога не балiць?!

— Нiчога ў мяне не балiць! Косьцi гэныя як патрашчаць — ды i сьцiхнуць. От як. Я колькi жыву, дык нi разу ў дохтара не была. У мяне ад галавы ёсьць таблетачкi. Я вазьму, панюхаю iх добранька — i ўсё. Каб ня хата — дык мне хоць бы што было. А так — праз яе... Недзе ж павезьлi...

Пасля расповедаў пра цудоўнае здароўе на язык само просiцца пытанне:

— Ганна Паўлаўна, а замуж не думаеце iсцi? Здароўе ёсць, хата ў вас добрая...

— Оооо!. Не!...

— А чаго?

— Ну хто ж мяне возьме?..

— Дык столькi мужыкоў добрых!..

— Аааа!.. Гэтакi мой мужык быў... А цяпер — невядома, хто яны... Ужо старая... Ён мяне задуша!.. Гэтакi жанiх... Як узьбярэцца — дык я ж i ня выраблюся.. От!.. Хаця ты шануй бабы свае таксама...

— Каб не задушыць?

— Не задушыш... Ужо глядзi... Калi ж яна з табой жыць будзе, дык ужо — як табе сказаць — свой... I каб вы жылi абое роўненька разам.

— А што трэба, каб доўга жыць?

— Што трэба? Здароўе трэба...

— А дзе яго ўзяць?

— А не губляй свайго!..

Чорт, якая ж яна мудрая — самая старая беларуска Ганна Паўлаўна Рагель!.. На развiтанне бабуля яшчэ раз настаўляе мяне, як трэба жыць "са сваёй бабай":

— Глядзi яе як сябе, яшчэ i лепей. Гэта — жысьць твая. Жывi з жонкай на сто. Бо яна мне скажа, як ня так будзеш жыць. I не глядзi на другiх. Бо другiя — гэта, браце... Яна маладзенькая яшчэ, дзяўчына. I глядзi яе — i жывi зь ёю... I я яшчэ хачу пажыць — два гады альбо i трэцi. I помнi — каб нi з кiм не займаўся больш, нiкакiх бабаў каб ты ня вiдзеў. Калі там баба твая да цябе — дык увайдзі ціхенька і ўсё....

Мясцовыя ўлады да 120-годдзя далi Ганне Паўлаўне 150 тысяч рублёў. Па 1250 рублёў за кожны пражыты год... А пенсiя ў самай старой жыхаркi Беларусi — усяго 250 тысяч... Бо працавала ў калгасе — i каэфiцыент мае маленькi. А за ўзрост, нават за такi салiдны, даплочваць у нас не паложана...

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота аўтара.

Маладзечна—Мiнск.

 

Даведка "Звязды"

Ганна Рагель — самы стары чалавек на Зямлi?..

"Яны тут гадоў трыццаць не з'яўлялiся!.."

Каб разабрацца ў сiтуацыi са зруйнаваным домам, я затэлефанаваў старшынi Узбалоцкага сельскага Савета, да якога належыць вёска Дубiна-Баярская:

— Ды яны тут гадоў трыццаць не з'яўлялiся!.. — апавяла Алена Мiкалаеўна САК. — Я сама жыву ў Дубiне ад 1986 года — i нi разу iх не бачыла. А ў 2006 годзе выйшаў Указ Прэзiдэнта № 70, паводле якога закiнутыя будынкi, дзе больш за тры гады нiхто не з'яўляўся, трэба было зносiць. У нас такiх будынкаў была мо сотня — я ўсiм пiсала лiсты, людзi адгукалiся. Па гэтай хаце ў мяне нiякiх звестак не было — я i ў суседак пыталася, казалi толькi, што тут некалi кавалiха жыла... Дакументаў у сельсавеце няма нiякiх. Таму мы склалi камiсiю, якая прызнала гэты дом небяспечным. Тым больш, што ён стаяў ля самага скрыжавання — i мог абрынуцца ў любы момант. А калi я даведалася, што гаспадары жывуць так блiзка, у Маладзечне, дык крыўдна стала!.. У нас жа аўтобус чатыры разы на тыдзень ходзiць! Чаму ж яна не прыехала, не паглядзела свой дом?! Да таго ж, у Любовi Аляксандраўны тут бацька пахаваны... Я ведаю, што ёй трэба — грошы! Яна патрабуе ад мяне 25 мільёнаў рублёў!..

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ганна Рагель з Маладзечна святкуе 120-годдзе! Доўгажыхарка распавяла карэспандэнту "Звязды", як правiльна займацца сэксам, захаваць сямейнае
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика