Беларусь у заходнім кіно: турма, дыктатура, сілы зла. 21.by

Беларусь у заходнім кіно: турма, дыктатура, сілы зла

15.07.2011 12:39 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларусь у заходнім кіно: турма, дыктатура, сілы зла

  • Кастусь ЛАШКЕВІЧ, ТUT.BY

Заходняя кінаіндустрыя ўсё часцей згадвае пра Беларусь. Прычым у большасці выпадкаў наша краіна фігуруе ў негатыўным кантэксце і асацыюецца толькі што не з апірышчам зла.
 
“Беларуская сакрэтная паліцыя”
 
На гэтым тыдні ў ЗША прэзентавалі чарговую серыю папулярнага шпіёнскага серыялу “Таемныя сувязі” (Covert Affairs), які ўжо другі сезон з поспехам ідзе на канале USA Network. Галоўная дзеючая асоба фільма - стажорка ЦРУ Эні Ўолкер (Пайпер Перабо), якая размаўляе на шасці мовах і выконвае сакрэтныя заданні па ўсім свеце. У 6-м эпізодзе 2-га сезону “Чужыя” (Outsiders) Уолкер разам з тэхнічным экспертам Рэвай Клайн выпраўляюцца на беларуска-польскую мяжу, дзе павінны ўсталяваць камеры назірання. Падчас выканання задання іх арыштоўвае “беларуская сакрэтная паліцыя”. На вызваленне прывабных дзяўчат камандзіраваны спецагент ЦРУ...
 
 
Гэта апошні прыклад таго, калі Беларусь фігуруе ў заходніх кінапрадуктах у негатыўным кантэксце. З улікам папярэдніх згадак складваецца ўжо цэлая “антыбеларуская” фільмаграфія
 
Беларускамоўныя кілеры
 
На прыканцы мінулага года на амерыканскія экраны выйшла экшн-стужка Фларыяна Хенкеля фон Донэрсмарка "Турыст" (The Tourist) з Джоні Дэпам і Анджэлінай Джолі ў галоўных ролях. Мудрагелісты сцэнар фільма закручаны вакол знакамітага злодзея і ягонай каханай жанчыны, якія абкралі на вялікую суму шэфа-мафіёзі. Самае цікавае, што кілеры мафіёзі, якія называюць рускімі, размаўляюць у арыгінальным кіно на чысцюткай беларускай мове.
 
Такім чынам, у Галівудзе стала магчымым тое, чаго не існуе ў прыродзе!
 
Турма
 
Першы сезон брытанскага тэлесерыяла на тэлеканале BBC выйшаў на экраны летась (другі чакаецца ўвосень). Падзеі фільма разгортваюцца паводле твораў Артура Конана Дойля пра легендарнага лонданскага сышчыка Шэрлака Холмса і ягонага асістэнта доктара Ватсана. Аднак героі жывуць у нашым часе.
 
Заключная з трох серый першага сезону пачынаецца з тытраў: "Minsk, Belarus". Шэрлак Холмс размаўляе ў беларускай турме з суайчыннікам. Той прыехаў у Мінск з сяброўкай і падчас сцэны рэўнасці забіў яе ў гатэлі. Сышчыка гэтая “бытавуха” не зацікавіла і ён вярнуўся дамоў.
 
- А як жа справа ў Расіі? - запытаўся ў яго доктар Ватсан.
 
- У Беларусі, - удакладніў Холмс. - Простае побытавае забойства. Не вартае, каб ім займацца.
 
Турэмшчыкі з “Пагоняй”
 
У 2007 годзе на экраны выйшаў баявік Скота Вайпера "Асуджаны" (The Condemned).
 
Тэлепрадзюсар задумвае звышжорсткае рэаліці-шоў на незаселенай выспе. Для гэтага ён выкупляе з турмаў краін трэцяга свету 10 забойцаў, прысуджаных да смяротнага пакарання, якія пад прыцэлам тэлекамер змагаюцца за адзінае жыццё. Прычым першага ўдзельніка смяротнай гонкі вывуджваюць з Беларусі. На экране так і напісана: "Беларусь, Дзяржынск, Віцебская калонія". Забаўна, што беларускія турэмшчыкі носяць незразумелую ваенную форму, на якой вылучаюцца кукарды і шаўроны з ... "Пагоняй".

Застаецца толькі здагадвацца, як ў Галівуд трапіла бутафорыя з гістарычным гербам Беларусі, які перастаў быць дзяржаўным пасля рэферэндуму 1995 года.
 
Сілы зла ў Мінску
 
Шпіёнскі серыял з Джэніфер Гарнер ў галоўнай ролі ішоў на канале ABC пяць сезонаў (2001-06). У кожнай новай серыі "шпіёнкі" двайны агент СД-6 і ЦРУ, супергерой Сідні Брыстоў выконвала неверагодна складаныя заданні ў розных канцах зямной кулі.

У адным з фільмаў заключнага сезону шпіёнка расследуе дзейнасць сакрэтнай арганізацыі уплывовых людзей з усяго свету "Прарок Пяць", якія шукаюць рэцэпт неўміручасці. Тайная сустрэча сяброў таямнічага таварыства адбываецца ... у адной з заходніх амбасадаў у Мінску.
 
“Жорсткая дыктатура”
 
"Заходняе крыло" (The West Wing) - амерыканскі тэлесерыял, што распавядае аб дзейнасці прыдуманага прэзідэнта ЗША ад партыі дэмакратаў Джэдая Бартлета (Марцін Шын). Фільм, які ішоў на NBC на працягу сямі сезонаў (1999-2006), сабраў вялікую калекцыю ўзнагарод, сярод якіх тры "Оскары" і 27 "Эмі".

 
Адну з серый шостага сезону аўтары амаль цалкам прысвяцілі Беларусі. Па сюжэце дырэктар па сувязях з грамадскасцю Белага дома Тобі Цыглер і прафесар канстытуцыйнага права Лоўрэнс Лесіг прымаюць дэлегацыю з Беларусі, якая хоча напісаць Канстытуцыю для новага дэмакратычнага рэжыму накшталт амерыканскай.
 
"У вашай краіны ў мінулым жорсткая дыктатура, і я не думаю, што моцная выканаўчая ўлада - такая ўжо добрая ідэя... Палова юрыдычнага факультэта Ельскага ўніверсітэта лічыць амерыканскую прэзідэнцкую сістэму адным з самых небяспечных прадуктаў для экспарту... Гэта рэцэпт для канстытуцыйнага калапсу, - кажа ў фільме прадстаўнік Белага дому. - Толькі чатыры прэзідэнцкія дэмакратыі пратрымаліся даўжэй за 30 год... Вам патрэбна сістэмная абарона, гарантыі, якія будуць дзейнічаць не адно пакаленне ... ".
 
Потым, звяртаючыся да прафесара, Цыглер кажа:
 
- Гэтыя хлопцы павінны выйсці адсюль у пятніцу са зборам законаў, якія яны змогуць забраць дадому ў Мінск.
 
- Не са зборам законаў, а з пачуццём вяршэнства закону, - адказвае Лесіг.
 
- Дык вы не плануеце скончыць Канстытуцыю на гэтым тыдні?
 
- Дакумент - гэта толькі пачатак. Канстытуцыйная дэмакратыя толькі тады мае поспех, калі Канстытуцыя адлюстроўвае дэмакратычныя каштоўнасці саміх грамадзян. Менавіта таму наша галоўная задача - прышчапіць гэтыя каштоўнасці іх лідэрам шляхам дыскусій і абмеркаванняў. 
 
Боегалоўкі са зніжкай
 
У блокбастары 2001 года "Пароль" Рыба-меч" (рэжысёр Дамінік Сена) былы шпіён ЦРУ Гэбрыэл Шыр (Джон Траволта) задумвае скрасці 9 мільярдаў долараў з нелегальных урадавых фондаў. Шляхам падману ён уцягвае ў афёру суперхакера Стэнлі Джобсана (Х'ю Джэкман). Падчас іх гутаркі герой Траволты прамаўляе наступную фразу: "Ведаеш, я магу купіць у Мінску ядзерныя боегалоўкі па 40 мільёнаў за штуку. Чорт! Ды калі я вазьму тузін, дык яны мне нават зніжку зробяць!"
 
Зрэшты нічога дзіўнага. Здагадкі пра тое, што Беларусь таемна гандлюе зброяй, ўсплывае ў замежных СМІ ледзь не кожны год.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заходняя кінаіндустрыя ўсё часцей згадвае пра Беларусь. Прычым у большасці выпадкаў наша краіна фігуруе ў негатыўным кантэксце і асацыюецца толькі што не з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика