Фолк-фэст «Камяніца» адбыўся!. 21.by

Фолк-фэст «Камяніца» адбыўся!

16.09.2012 14:40 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Апошні open-air гэтага году, фолк-фэст “Камяніца”, што адбыўся 15 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў пасёлку Азярцо, застаўся без “Крамбамбулі” ды сабраў дзіцячыя спеўныя і танцавальныя калектывы з усёй краіны.



Пакаштаваць любанскі хлеб і займець тканы пояс

Нягледзячы на надвор’е, якое з самага ранку пагражала дажджом, у Азярцо да самага вечара з’язджаліся людзі з усёй Беларусі. Паглядзець было на што: агромністая тэрыторыя музея з унікальнымі рэканструяванымі будынкамі па ўзоры дойлідства XIX стагоддзя (асабліва многіх зацікавілі чаротавыя дахі – гэта самае дарагое пакрыццё для будынкаў), была запоўненая сярэднявечнымі танцамі, спевамі ды прыгожымі дзяўчатамі і хлопцамі ў нацыянальных строях. Адной з прапановаў арганізатараў фестываля была наступная: калі вы прыязджаеце на “Камяніцу” у нацыянальным строі, то праходзіце бясплатна. Іншыя ж заплацілі за дзевяцігадзінны фестывальны марафон з магчымасцю агляду капазіцыі музея сімвалічныя грошы: 25 000 рублёў.

Істотную частку фестывальнага дня склала ярмарка, што разгарнулася на шляху ад аматарскай сцэны да галоўнай. Прадавалі кнігі і кружэлкі беларускіх творцаў, магніцікі і налепкі з беларускімі гарадамі, скураныя бранзалеты і тканыя паясы, ільняную вопратку і вырабы з дрэва і гліны… Асаблівай цікавасцю наведнікаў адзначылася кропка, на якой Ірына Жудрык прадавала любанскі хлеб, які сама выпякае. Я набыла два кавалачкі. Што сказаць? Смачны! Не параўнаць з тым, што мы ў крамах штодня купляем. Ніхто не сыйшоў з ярмаркі з пустымі рукамі: дзеткі займелі новую класную забаўку – сверасцелку альбо буслянятаў на даўгой драўлянай палцы, дзяўчаты набывалі ільняныя яркія торбы, хлопцы цікавіліся скужэлкамі беларускіх выканаўцаў, людзі сталага веку не праходзілі міма паясоў з беларускімі арнаментамі.

“Крамбамбуля непрыстойна абыйшлася з арганізатарамі фэсту!”

Зменай фармату, пра якую гаварыў Алег Хаменка на прэс-канферэнцыі 5 верасня, стала дадатковая аматарская сцэна. Паўдзельнічаць у “Камяніцы”, сябе паказаць ды на іншых паглядзець прыехала 157 дзяцей з розных куткоў Беларусі. Дырэктар музея Святлана Лакотка на прэс-канферэнцыі, што адбылася падчас фестываля, адзначыла, што “Камяніца” ў гэтым годзе, чацвёртая па ліку, выйшла за экватар. Фестываль вырас і ўшыркі, і ўверх. Мы не запрашалі асабіста калектывы, якім далі магчымасць выступіць на аматарскай малой сцэне, мы проста далі інфармацыю аб тым, што яны могуць прыехаць і выступіць. Мы былі вельмі ўражаныя, калі да нас прыйшоў ліст ад фальклорнага калектыву сада-школы з Гомельскай вобласці! Канечне, мы паспрыялі размяшчэнню, харчаванню дзетак… Гэта была вялікая арганізацыйная работа”.

Прэс-канферэнцыя, зладжаная падчас фестываля, мела адбыцца а шостай вечара ў будынку школы XIX стагоддзя, у якой… няма святла. “Ну а што вы хацелі? – звярнулася да некалькіх журналістаў, якія зябка паціралі рукі, Святлана Лакотка, - у нас поўная рэстаўрацыя побыту таго часу, мы імкнуліся цалкам захаваць гістарычны музейны асяродак. Тады не было ў хатах святла, вось і мы не праводзілі”. Было вырашана паразмаўляць “па-прэзідэнцку”, стоячы каля будынку школы. Алег Прохарчык, намеснік старшыні праўлення ААТ "Банк БелВЭБ", які стаў генеральным партнерам фестываля, зазначыў, што “для нас істотным з’яўляецца пытанне, каб грошы банка заставаліся тут, у Беларусі, а не з’язджалі за мяжу разам з замежнымі калектывамі”. Таму было вырашана запрасіць па магчымасці беларускія гурты.

Кіраўнік аргамітэта фестываля Сяргей Чэгрынец адзначыў: “Мы імкнуліся разнастаіць праграму нашых фестываляў, каб не прыязджалі адны і тыя гурты. Мы маглі, напрыклад, зноў запрасіць “Троіцу” і вырашыць гэтым усе пытанні, але мы думаем аб тым, каб былі розныя, свежыя імёны на нашай сцэне”. Адказваючы на пытанне пра адсутнасць на сцэне “Камяніцы” гурта “Крамбамбуля”, Сяргей адзначыў, што “яны проста непрыстойна абыйшліся з намі як з арганізатарамі. Гэта ўсё, што я магу вам сказаць”.

Карагоды ды кадрыль пад хэдлайнераў

Што да музыкаў на асноўнай сцэне… Па-сапраўднаму завесці публіку змаглі толькі беларускі гурт Vuraj ды хэдлайнеры фэсту рускі гурт “Иван Купала”. Падчас выступаў астатніх калектываў людзі шукалі, дзе б набыць алкаголь, які не прадаваўся на тэрыторыя фестываля, выходзілі папаліць ў спецыяльна адведзенае для гэтага месца ды зноў і зноў праходзіліся па ярмарачных шэрагах… Міліцыянаты і амапаўцы, якіх гэтым разам была проста неверагодная колькасць, ад няма чаго рабіць перакідвалі адно адному мабільнікі (хто не злавіў, той лузер) ды заглядаліся на прыгожых дзячат у нацыянальных строях.


Народ доўга стаяў ля галоўнай сцэны і маяўся. Разварушыць людзей, прымусіць іх пайсці ў пляс змог басаногі саліст гурта Vuraj. Калі музыкі зайгралі рытмічную польку ў рытм словаў “Камяніца” і “дыско”, гледачы зладзілі сапраўдную беларускую дыскатэку. Пасля такога гурт не хацелі адпускаць са сцэны, доўга скандуючы гучнае “яшчэ-яшчэ!”, але вядучы Алег Хаменка супакоіў разагарачыўшыхся маладзёнаў: “Я і сам бы паскокаў яшчэ, але ў нас час падціскае”.

Пасля гурта Vuraj калекцыю беларускіх строяў “Купалле” паказалі дзяўчаты з цэнтру традыцыйных рамстваў “Скарбніца”. Незразумелым было толькі, чаму кожны другі строй з …аголеным пупком.

Па ўжо склаўшайся традыцыі адбыўся і конкурс на найлепшую пару ў нацыянальным строі. На сцэну падняліся пяць пар. “Музыкі не ўлічваюцца! Паспяваў – і да пабачэння!” – заклікаў прыгожыя пары на сцэну вядучы Хаменка. Ён наагул шмат жартаваў, разнявольваючы не надта жывую атмасферу фестываля ля галоўнай сцэны (варта аддаць нележнае новай аматарскай сцэне: там быў сапраўдны жывы інтарэс, у пляс пускаліся нават журналісты і фатографы, пакідаўшы свае камеры). Журы конкурса склалі партнёры і агранізатары фестываля. На пытанне: “Адкуль ваш сторой?” маладыя людзі адказвалі “Не ведаю, дзяўчына даставала”, “Мабыць, з Міншчыны…” Толькі адна дзяўчына ведала, што я строй з Цэнтральнай Беларусі. А ў яе хлопца нацыяльнальным абуткам былі лідскія красоўкі… Атрымаць прыз – паход у страўню “Камяніца”, што ў Мінску, у рэжыме “усё ўключана і аплочана”, хацелі людзі з Мінска, Віцебска, Магілёва, Брэста, Івянца ды Наваполацка. Журы ў выніку абмеркавання вырашыла не крыўдзіць удзельнікаў конкурса і аддала адзін запрашанік на вячэру адной пары, а другі запрашальнік дастаўся адразу двум парам, ператварыўшы вячэру з інтымнай у калектыўную.

Акрамя нечаканай для многіх адсутнасці на канцэрце “Крамбамбулі”, была і яшчэ адна неспадзяванка. Прыемная. Алегу Прохарчыку, намесніку старшыні праўлення ААТ "Банк БелВЭБ", была ўручаная Крыштальная карона за найлепшы музычны фестываль году ў 2011 годзе.

Ужо сцямнела, калі на сцэну выйшаў доўгачаканы госць фестываля гурт “Иван Купала”. Музыкі з першай песні стварылі сапраўдную святочную атмасферу. “Мы проста вельмі любім Беларусь і фестывалі!” – выгукнула са сцэны вакалістка гурта, атрымаўшы добрую порцыю апладысментаў удзячнай публікі. Пад новую песню “Канарэйка” было прапанавана зладзіць вялікі карагод. У выніку ўтварыўся шматузроўневы карагод, у якім удзельнічала некалькі сотняў чалавек. Вакалістка гурта Наталья Котава зазначыла пасля песні: “Вы такія класныя карагоды зладзілі, што мы нават часам забываліся, што спяваць трэба, загледзеўшыся на вас!” А пасля была кадрыль, на якую арганізавала публіку тая ж Наталья. Нягледзячы на тое, што Алег Хаменка быў вядучым, ён усё ж спеў разам з “Иваном Купалой”, выклікаўшы бурныя авацыі публікі. Такім чынам, жаданне лідара гурта Аляксея Румянцава, якое ён агучыў у інтэрв’ю для Naviny.by, ажыццявілася.



Ася ПАПЛАЎСКАЯ, фота Яўгена ЕРЧАКА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошні open-air гэтага году, фолк-фэст “Камяніца”, што адбыўся 15 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў пасёлку Азярцо, застаўся без “Крамбамбулі”...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика