"Трэба мяняць або савецкія праграмы або Белакоза". Расказваем пра аднаго з лепшых беларускіх настаўнікаў. 21.by

"Трэба мяняць або савецкія праграмы або Белакоза". Расказваем пра аднаго з лепшых беларускіх настаўнікаў

11.11.2018 09:42 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

90 гадоў таму, 11 лістапада 1928 года нарадзіўся грамадскі дзеяч, музеязнаўца, настаўнік і краязнаўца Алесь Белакоз. Пра яго жыццё і жыццёвую філасофію расказвае фільм «Роспач і надзея», які захоўваецца ў фондах архіва кінафотафонадакументаў.


Алесь Белакоз. Фото: svaboda.org

Алесь Белакоз нарадзіўся на Гродзеншчыне, у вёсцы Ляткі Ваўкавыскага павета (цяпер Мастоўскі раён), якая з часам злілася з вёскай Гудзевічы. Ён пражыў там амаль усё жыццё, працуючы настаўнікам роднай мовы і літаратуры (атрымаў завочную адукацыю ў Гродзенскім педуніверсітэце).

У 1948 годзе малады Алесь Белакоз пачаў дысідэнцкую дзейнасць. Ён напісаў на лістках заклік «Змагайцеся за незалежную Беларусь!» ды раскідаў іх з цягніка па дарозе ў Мінск. Пазней ён раздабыў шрыфт і надрукаваў антысавецкія ўлёткі, якія з сябрамі распаўсюджваў у Гродне. Белакоз цудам пазбег арышту. Але з-за яго было затрымана шмат невінаватых людзей, таму настаўнік адмовіўся ад сваёй дзейнасці.

Справай жыцця Алеся Белакоза стала стварэнне ўнікальнага Гудзевіцкага літаратурна-гістарычнага музея — спачатку школьнага, а з 1990 года — дзяржаўнага. Нават у савецкія часы ў яго экспазіцыі можна было ўбачыць экспанаты, наяўнасць якіх не віталася.


Фото: TUT.BY

Як расказваў сам Белакоз, аднойчы загадчык раённага аддзела адукацыі загадаў яму замяніць стэнд, прысвечаны «недобранадзейнай» паэтэсе Ларысе Геніюш. Маўляў,
«не знімеце — зачынім музей».

— А тады якраз беларус Клімук пабываў у космасе. Жонка мая выткала для яго гальштук, вучні напісалі ліст, а я даслаў зборнік вершаў Ларысы Геніюш «Невадам з Нёмана» і папрасіў, каб касманаўт падпісаў яго нашаму музею. Ён прыгожа па-беларуску падпісаў: «Гудзевіцкай сярэдняй школе ад Пятра Клімука. Пётр Клімук. 06.08.1975 года». Яшчэ даслаў ліст і свой фотаздымак з надпісам. І мы ўсё гэта прыклалі да стэнда Ларысы Геніюш: і ліст, і здымак, і кнігу з подпісам, і канверт «Пошта касманаўта». Хто пасля такога загадае стэнд здымаць?

Той самы стэнд. Фота: TUT.BY

Алесь Белакоз не шкадаваў уласных грошай на папаўненне экспазіцыі.

— За першую скульптуру — мясцовага паэта Міхася Явара — у нашым тады яшчэ школьным музеі я аддаў 76 рублёў, — згадваў ён у інтэрв'ю «Салідарнасці». — Тады я атрымліваў зарплату 64 рублі, жонка — 57. З гэтай нагоды склікалі Савет раённага аддзела адукацыі. «Как это Белакоз за свои собственные деньги приобрел бюст какого-то Михася Явара и установил в школьном помещении?! Кто ему дал право?!» — лямантавалі чыноўнікі.

У пратаколе запісалі: «Белакозу указать на самовольные действия». Дырэктару далі строгую вымову за тое, што пусціў у школьнае памяшканне «бюст какого-то Михася Явара», бюст загадалі прыбраць…

Па маёй персоне за пяць год, з 1970-га па 1975-ы, было праведзена чатыры пасяджэннi Савета раённага аддзела адукацыі. Нарэшце была вынесена вымова з апошнім папярэджаннем: за тое, што замест таго, каб згодна з савецкай школьнай праграмай прайсці тры тэмы, я цэлы ўрок расказваў вучням пра Францыска Скарыну. Загадчык района сказаў, што трэба мяняць альбо савецкія праграмы, альбо Белакоза.

Час пацвердзіў слушнасць ідэй і перакананняў Белакоза, які атрымаў ганаровыя званні заслужанага настаўніка Беларусі і заслужанага дзеяча культуры, адным з першых быў ушанаваны медалём імя Францыска Скарыны. Паводле ўласнага прызнання, ён усё жыццё размаўляў па-беларуску.

Алесь Белакоз памёр 1 снежня 2016 года. Гудзевіцкі музей, які налічвае больш за 13 тысяч экспанатаў, працягвае сваю працу.

Кінафільм «Роспач і надзея», 1988 год, рэжысёр В. Сіпягін, аператар Г. Хлабыстоў; кінастудыя «Беларусьфільм».

Матэрыялы падрыхтавала галоўны архівіст аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі БДАКФФД Алена Паляшчук.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
90 гадоў таму, 11 лістапада 1928 года нарадзіўся грамадскі дзеяч, музеязнаўца, настаўнік і краязнаўца Алесь Белакоз. Пра яго жыццё і жыццёвую філасофію расказвае фільм...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика