Вільнюс: кватэры ёсць, кватэр няма. 21.by

Вільнюс: кватэры ёсць, кватэр няма

07.02.2012 09:44 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вільнюс: кватэры ёсць, кватэр няма

  • Вітаўтас Жэймантас, уласны карэспандэнт у Літве. Фота аўтара, Звязда

Кожны дзень, ідучы дахаты, я праходжу вялікі глыбокі катлаван. Раней тут стаялі тры аднапавярховыя драўляныя дамы. Жыхароў з іх выселілі, і закіпела праца. Панаехала будаўнікоў, дамы знеслі, вырылі катлаван, пачалі заліваць бетонны падмурак, узводзіць першы паверх... Аднойчы тут усё сціхла. Будаўнікі зніклі, застаўся толькі вялікі рэкламны шчыт, на якім красаваўся, прыкрываючы ўвесь квартал, малюнак вялікага пяціпавярховага жылога дома, што павінен быў тут узняцца. Застаўся і глыбокі катлаван, які ўвечары становіцца змрочным і пагрозлівым. І ўсё гэта адбывалася не дзе-небудзь на далёкіх ускраінах, а ў цэнтры прэстыжнага раёна літоўскай сталіцы. І вось ужо чацвёрты год тут нічога не мяняецца. Толькі пампезны шчыт знік. Ці то ветрам яго здзьмула, ці то самі будаўнікі вырашылі не цвяліць жыхароў.



Праходзячы міма гэтага катлавана, я не магу не задумацца і пра стан нашага жыллёвага будаўніцтва. А ён даволі трывожны. У Вільнюсе ўсё радзей можна ўбачыць дзейны будаўнічы кран. У іншых раёнах Літвы — тым больш.

Вось сухая статыстыка. За 1990 год у Літве было пабудавана 22 100 кватэр. У 2001 — ужо толькі 3 785. Пасля аб'ёмы будаўніцтва жылля паволі павялічваліся. Але, пачынаючы з 2009 года, сталі рэзка зніжацца. У 2010-м было пабудавана толькі 3 667 кватэр — то бок, нават менш, чым у 2001-м. Звестак за мінулы год пакуль няма, але вялікіх змен там не чакаецца.

Прычына такой сумнай сітуацыі — фінансава-эканамічны крызіс, які распачаўся. Ён вельмі сур'ёзна ўдарыў і па будаўнічым сектары, і, асабліва, па нашых кішэнях.

— На шчасце, падчас крызісу можна было карыстацца сродкамі ЕС. Калі б іх не было, банкруцтва не пазбеглі б прыкладна 60 адсоткаў будаўнічых кампаній. А так абанкруцілася толькі 30 адсоткаў, — кажа прэзідэнт Асацыяцыі будаўнікоў Літвы Адактас Шаштакаўскас.

У Літве ўжо даўно няма дзяржаўных будаўнічых арганізацый. А прыватныя фірмы не настолькі моцныя, каб маглі будаваць, не зважаючы на хістанні рынку збыту. Маўляў, пабудуем, а пасля як-небудзь прададзім кватэры. Так не атрымліваецца. Статыстыка паказвае, што цяпер у Вільнюсе пустуе каля 2000 новапабудаваных кватэр, якія яшчэ не прададзены. У Каўнасе такіх кватэр каля 400, але там і будуюць нашмат менш.

Грошы замарожаны, аддачы няма, няма і жадання пачынаць новае будаўніцтва. Тым больш што і банкі насцярожыліся, вельмі неахвотна даюць пазыкі для будаўнічых фірмаў. Калі будзеш будаваць жыллё ў перспектыўным раёне Вільнюса, яшчэ можаш разлічваць на прыхільнасць банка. А калі задумаў будаваць на ўскраіне ці, крый Божа, у якім-небудзь далёкім раёне Літвы, надзея атрымаць пазыку становіцца мізэрнай.

Надзеі на павелічэнне аб'ёмаў будаўніцтва жылля змяншае і палітыка Банка Літвы. Перасцерагаючы прыватныя банкі ад валюнтарызму, з леташняга лістапада ён вырашыў забараніць ім выдаваць пазыкі на будаўніцтва жылля, калі ў будаўнікоў не назапашана 15 адсоткаў кошту будаўніцтва. А непрададзеныя кватэры не дазваляюць назбіраць патрэбныя сумы грошай.

Хто-небудзь можа сказаць, што няма каму іх засяляць, бо каля паловы мільёна маладых грамадзян Літвы эмігравала ў іншыя краіны ў пошуку добрых заробкаў. Так, эмігравала, і гэта адчувальна, але ахвотнікаў набыць сваё жыллё яшчэ вельмі шмат. Толькі яны не могуць купіць кватэру.

Я вывучыў цэны на новыя кватэры. Яны вагаюцца ад 1300 — 1500 долараў за квадратны метр на ўскраінах Вільнюса да больш як 3500 долараў за квадратны метр у прэстыжным раёне сталіцы.

Новыя кватэры шмат гадоў даражэлі, бо рос кошт будаўнічых матэрыялаў, сантэхнікі, зямельных участкаў, павышаліся заробкі будаўнікоў. Ну, і самі фірмы накручвалі цану, нават тады, калі якасць новага жылля станавілася ўсё горшай. На якасць работ уплывала не толькі імкненне хутчэй здаць дамы, "пракруціць" грошы, але і аб'ектыўныя прычыны. Аднымі з першых за мяжу па вялікія заробкі рушылі высокакваліфікаваныя будаўнікі. Паводле слоў прэзідэнта Асацыяцыі будаўнікоў Літвы А.Шаштакаўскаса, за мяжу выехала амаль 50 тысяч высокакваліфікаваных будаўнікоў. Іх месца займае нявопытная моладзь, якую яшчэ трэба доўга вучыць.

Відаць, таму нашы будаўнікі прыдумалі новаўвядзенне — сталі прадаваць неўладкаваныя кватэрныя каробкі. Узводзяць толькі сцены, перакрыцці. А ўсё астатняе — устаноўку сантэхнікі, падлогі, унутраных дзвярэй, пабелку сцен, столяў — пакідаюць заканчваць новаму гаспадару кватэры.

Пакупнікі, якія пераважна ўзялі пазыкі ў банках, былі, але да таго часу, пакуль не пачаўся крызіс. Банкі раней выдавалі пазыкі пад заклад будучых кватэр даволі свабодна, нават падахвочвалі. Крызіс разваліў гэты картачны домік. Многім быў зменшаны заробак, усім урэзаны пенсіі, некаторыя наогул засталіся без работы. Расплачвацца за банкаўскія пазыкі стала нашмат цяжэй, павісла пагроза непажаданых візітаў судовых прыставаў.

Калі банкі ў адпаведнасці з падпісанымі дагаворамі паднаціснуць на сваіх даўжнікоў, яны могуць стаць самымі буйнымі ўласнікамі жылля. Але ім столькі кватэр без жыхароў таксама не патрэбна. Пераважна яны адкладваюць плацяжы, ствараюць умовы для даўжнікоў, каб тыя выкараскаліся самі і рубяць з пляча толькі ў бязвыхадных сітуацыях.

А што рабіць маладым, якія жадаюць жыць самастойна? Грошай яны не назбіралі, банкаўскую пазыку атрымаць амаль немагчыма. Застаецца адна надзея — станавіцца ў чаргу на арэнду сацыяльнага жылля.

У Літве дзейнічае дзяржаўная праграма па забеспячэнні маламаёмных сацыяльным жыллём. Для іх будуюцца шматпавярховыя дамы, і кватэры здаюцца ў арэнду. Але аб'ёмы гэтай праграмы невялікія, а цяперашні крызіс звузіў яе яшчэ больш.

— З 2004 года было пабудавана толькі 2915 кватэр у рамках праграмы сацыяльнага жылля. Такія тэмпы будаўніцтва не могуць забяспечыць сацыяльным жыллём усіх, хто мае ў ім патрэбу. А аб'ёмы будаўніцтва пакідаюць жадаць лепшага, — кажа загадчык аддзела жылля Дэпартамента будаўніцтва і жылля Э.Радавічэне.

Колькасць ахвотнікаў атрымаць такія кватэры, наадварот, істотна павялічваецца. Паводле звестак Дэпартамента статыстыкі Літвы, у 2006 годзе ў чарзе на сацыяльнае жыллё было 16 314 чалавек, а ў 2010 годзе — ужо 26 461 чалавек.

— У канцы мінулага года намецілася невялікае ажыўленне ў будаўнічым сектары. Гэта радуе, і працэнт росту здаецца вялікім. Аднак не варта забывацца, у якую яму мы трапілі. У 2009 годзе аб'ёмы будаўнічых работ зменшыліся ажно на 50 адсоткаў. У 2010 годзе спад склаў яшчэ 5 адсоткаў. Мы толькі пачалі выкарасквацца з гэтай вялікай ямы, — адзначае А.Шаштакаўскас.

Калі нашы будаўнікі жылля выкараскаюцца з гэтай вялікай ямы? На жаль, пакуль эксперты не абяцаюць нічога суцяшальнага на бліжэйшы час.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны дзень, ідучы дахаты, я праходжу вялікі глыбокі катлаван. Раней тут стаялі тры аднапавярховыя драўляныя дамы. Жыхароў з іх выселілі, і закіпела праца.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика