Выпускны ў дзіцячым садзе № 5
08.06.2018
—
Разное
|
Выпускныя вечары ў апошнія гады ладзяць не толькі ў школах вучні дзявятых і адзінаццатых класаў, цяпер такія мерапрыемствы сталі традыцыйнымі для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія заканчваюць пачатковую школу. Нават для маленькіх дзяцей, хто апошні год займаецца ў дзіцячым садзе, выхавальнікі і бацькі рыхтуюць святочную праграму, прысвечаную заканчэнню дашкольнай установы. Цікавае і насычанае мерапрыемства для сваіх маленькіх выпускнікоў правялі ў апошні дзень мая ў дзіцячым садзе № 5 гарадскога пасёлка. 19 хлопчыкаў і дзяўчынак старэйшай групы былі ў той дзень у цэнтры ўвагі ўсяго педагагічнага калектыву дашкольнай установы. Бацькі як след падрыхтаваліся да такога адказнага мерапрыемства: па-святочнаму апранулі сваіх дзетак, зрабілі ім шыкоўныя прычоскі, дапамаглі вывучыць тэкст тэатралізаванай дзеі, героямі якой і сталі самі маленькія выпускнікі. Амаль на працягу дзвюх гадзін хлопчыкі і дзяўчынкі здзяйснялі казачнае касмічнае падарожжа па далёкіх зорках разам са сваімі выхавальнікамі. Успомнілі, як упершыню, моцна трымаючы сваіх матуль за руку, прыйшлі нясмелым крокам ў дзіцячы садок, дзе знайшлі сваіх першых сяброў. Непрыкметна праляцеў гэты час. Ужо зусім хутка маленькія шасцігодкі апрануць школьную форму і стануць першакласнікамі. Як самы яркі напамін пра дні, праведзеныя ў садзе, дзяўчынкі і хлопчыкі запусцілі ў блакіт нябёс паветраныя шарыкі. Кожны з іх загадаў сваё самае патаемнае жаданне і сказаў у след адлятаючаму шарыку: “Дзяцінства наша бесклапотнае, бывай!” Сяргей РАЙЧОНАК. Оставить комментарий
|
|