Многім у дзяцінстве бацькі і сябры казалі аб тым, як трэба паводзіць сябе з птушкамі. Напрыклад, ніколі не браць у рукі птушаняці, якога знайшлі на дарозе, альбо заўседы хадзіць зімой у парк з батонам, каб карміць лебедзяў, і шмат іншага. Але не ўсе з гэтага аказваецца праўдай. І некаторымі сваімі «добрымі» справамi мы можам зрабіць для птушак нешта благое. Аб найбольш распаўсюджаных міфах і праўдзе пра птушак «АіФ» распавеў арнітолаг, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях «АПБ» Максім НЯМЧЫНАЎ.
- Мiф 1. Усіх птушак можна карміць хлебам.
- Насамрэч, зусім нельга. Хлеб - гэта ежа расліннага паходжання, у складзе якой выключна многа вугляводаў. Такая ежа прынцыпова не падыходзіць птушкам, якія прыстасаваны да жывёльнага корму цалкам, або, напрыклад, падчас кармлення птушанят. Сярод такіх птушак, паводле практыкі АПБ, людзі намагаліся карміць хлебам белых буслоў, чапляў, слонак, драздоў, сініц, свіргулёў. Зразумейце: калі нават птушка нешта склявала, гэта яшчэ не азначае, што ежа засвоіцца, а калі засвоіцца - не заўжды на карысць!
Тут мы пераходзім да птушак з пераважна ці поўнасцю раслінным рацыёнам. Ім хлеб таксама амаль не падыходзіць. Гэта з-за прапарцыйна вялікай часткі вугляводаў у складзе: яны даюць птушцы адчуванне сытасці, але не забяспечваюць усім спектрам рэчываў і кампанентаў: бялкоў, аміна- і тлушчавых кіслот, мінеральных іонаў, баластнай часткi. У выніку парушаецца абмен рэчываў, што асабліва небяспечна для маладых птушак, цела якіх яшчэ працягвае фармавацца.
Драпежнiкi
- Мiф 2. Усе драпежныя птушкі, а менавіта каршуны, цягаюць курэй.
- Не ведаю чаму, але па вёсках звычайна любую драпежную птушку клічуць каршуном і абвінавачваюць у крадзяжах курэй, адпаведна - імкнуцца звесці. Насамрэч, у фаўне Беларусі больш за 25 відаў дзённых драпежных птушак, і толькі два віды з’яўляюцца каршунамі - чорны і чырвоны каршуны. Абодва ўключаны ў Чырвоную кнігу.
Апроч гэтага, большасць драпежнікаў не палююць на птушак памеру курэй. Аснову ix харчавання складаюць зусім іншыя жывёлы: насякомыя, гады, рыба, дробныя птушачкі і, канешне, дробныя грызуны - мышы і палёўкі, як у самага шматлікага і распаўсюджанага драпежніка, які і назву атрымаў адпаведную: канюх-мышалоў. Курэй, як дзікіх (цецерукоў), так і свойскіх, можа лавіць сярод усіх нашых драпежных птушак толькі шуляк-галубятнік. Асноўная ж яго ежа - гракі, дразды ды галубы.
- Мiф 3. Усіх вадаплаўных трэба карміць узімку.
- Качак і гусей, у тым ліку лебедзяў, прынцыпова не варта карміць. Адзінае экстрэмальнае выключэнне - рэзкія нечаканыя маразы каля 30°C (выключна рэдкая з’ява).
Чаму так? Сезонныя міграцыі - частка тысячагоддзямі выверанай біялогіі гэтых відаў. Тут і фізічны стрэсс, і барацьба з паразітамі, і пытанні падрыхтоўкі да размнажэння. Адсутнасць ежы ўзімку - галоўны рухавік такiх міграцый. Ствараючы падкормку, мы прымушаем віды заставацца і мяняцца. Мы і сёння не можам прадугледзець усе наступствы для асобных відаў і для асяроддзя ў цэлым.
І яшчэ адзін «цвік»: кормяць звычайна… хлебам! Тым каляводным птушкам, што засталіся, павінна хапаць натуральных кармоў. Калі не - міграцыі на 300 з лішкам кіламетраў цягам сутак для здаровай качкі - не празмерная цяжкасць! Гэта ўжо шматкратна пацверджана для нашых гусей і качак кальцаваннем і іншымі метадамі.
Асабліва шкоднае кармленне ўвосень, калі людзі такім чынам завабліваюць птушак у экалагічную пастку.
Жылля не хапае
- Мiф 4. Толькі шпакі маюць патрэбу ў гнездавых скрынях.
- Шпакоўня - найбольш шырока вядомы, самы «раскручаны» від штучнага гняздоўя для птушак. Шпакоўня замяняе для птушкі дрэва з дуплом, якіх стала мала. Рабіць шпакоўні - справа добрая. Але, з аднаго боку, колькасць шпакоў не выклікае сёння турботы: гэта звычайная і даволі шматлікая птушка.
З іншага боку, у нашай фаўне дзясяткі відаў птушак, якім патрэбныя штучныя гнездавыя скрыні: сініцы, мухалоўкі, рудахвосткі, паўзункі, белая пліска, каўка, голуб-клінтух, свіргуль, совы і нават некалькі відаў качак: гогаль і савукі! Нават для кажаноў можна зрабіць адмысловую скрыню. Удзень насякомых з вашага лецішча будуць збіраць птушкі, а ноччу - кажаны! Раней у прыродзе хапала лясоў, старых дрэваў з дупламi і іншых прыдатных месцаў. Але чалавек радыкальна перарабіў навакольнае асяроддзе. І многім птушкам не стала хапаць жылля… Таму, калі збярэцеся рабіць гнездавы домік, паспрабуйце надзяліць iм не толькі шпакоў.
- Мiф 5. Не варта абараняць ніякія віды птушак, бо ў прыродзе ўсё ідзе так, як трэба.
- Гэта вялікая памылка. Мы ўжо згадалі, што за невялічкі час свайго тэхнагеннага этапу эвалюцыі чалавек моцна змяніў асяроддзе. Яловыя лясы, напрыклад, складалі калісьці трэцюю частку лясоў на тэрыторыі Беларусі. Зараз - менш за 10% усіх лясоў. Самі лясы яшчэ некалькі стагоддзяў таму пакрывалі каля дзвюх трацiн нашай краіны. Зараз агульная плошча, пакрытая дрэвамі, не дасягае і адной трэцяй часткі. І большая колькасць гэтых дрэў - пасадкі, то бок, зусім не натуральныя лясы! Яшчэ горш з балотамі… Такіх прыкладаў ня варта і шукаць - яны паўсюль! У выніку сувязі і сістэмы, якія ствараліся і ўраўнаважваліся дзясяткі тысяч год, руйнуюцца за лічаныя гады. Прырода не паспявае рэагаваць!
Зараз ідзе шостае масавае выміранне відаў, справакаванае чалавекам. Яно звязана з рэзкiм скарачэннем арэалаў пасялення для большасці відаў жывых істот, і 30% з іх зараз знаходзяцца на наўпростым шляху да знікнення. Знікненне віда - гэта дзірка ў экасістэме. Гэта назаўжды абарваныя сувязі з іншымі відамі.
Чужы пах
- Мiф 6. Калі да птушаняці дакранаўся чалавек, то бацькі яго больш не прымуць.
- Існуе версія, што маці пачуе «чужы пах» і не ўспрыме дзіцё як свае. Гэта справядліва для звяроў. Большасць жа птушак не мае вострага нюху. Дык цi можна чапаць кожнае птушаня? Не!
Калі вы турбуеце птушку каля гнязда ці птушанят, вы парушаеце моцную прыродную ахову: маскіроўку! Месцазнаходжанне гнязда або безабароннага малога робіцца вядома драпежнікам: калі вы не заўважылі, што за вамі сочаць дзясяткі вачэй, гэта не азначае, што пагрозы няма. Для некаторых відаў гэтыя драпежнікі і парушэнне маскіроўкі - настолькі моцная пагроза, што дарослая птушка сапраўды можа кінуць яйкі або птушанят - настолькі высокай становіцца рызыка загінуць самой. Самыя чуйныя - як рэдкі вялікі арлец - могуць кінуць гняздо, калі чалавек проста пройдзе ўбаку ў сотні метраў! Таму галоўны прынцып абыходжання з гнёздамі і птушанятамі - не набліжацца і не турбаваць!
Але і тут ёсць сваё «але!»: калі вы бачыце птушаня-подлетка на дарозе, дзіцячай пляцоўцы, у людным кутку парка, то варта яго падсадзіць у густую траву, кустоўе, на дрэўца ці дах як мага бліжэй да таго месца, дзе сустрэлі: малое схаваецца ад непажаданых позіркаў, а бацькі працягнуць яго даглядаць. І ні ў якім выпадку не варта цягнуць здаровае птушаня дамоў!