Арэпіцкая даўніна. 21.by

Арэпіцкая даўніна

27.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

У год, прысвечаны малой радзіме, пашыраецца цікавасць жабінкаўцаў і гасцей-турыстаў, што наведваюць наш край, да мінулага Жабінкаўшчыны, прынамсі, многіх цікавяць былыя часы нашых паселішчаў. Такіх старажытных, напрыклад, як Арэпічы.

Ад першай згадкі на пергаменце

КАЛІ ПАДАРОЖНІЧАЕШ, не часта сустрэнеш такія прыгожыя месцы, як тут. Вёска Арэпічы хаваецца ў зеляніне. Хаты аталяюць не толькі пладовыя дрэвы, але й беластволыя бярозы, меданосныя ліпы, трапяткія асіны, вечназялёныя сосны…
Вёска надзвычай старажытная. Яна хутка адсвяткуе свае 510-я ўгодкі. Пісьмовая гісторыя паселішча распачалася афіцыйна больш за паўстагоддзя таму. Канечне, існавала гожая вёсачка на мяжы Белавежскай пушчы і раней. Аднак толькі з таго нядзельнага святочнага дня 25 красавіка 1509 года, калі праз дымку вякоў раптам на старажытным пергаменце праявіліся літары, напісаныя ў вялікакняскай канцылярыі ў Кракаве невядомым пісарам, можна прасачыць гісторыю існавання на нашай зямлі Арэпічаў.
У названы дзень кароль польскі ды вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, жамойцкі Жыгімонт І, празваны Старым, паведамляў у сваёй грамаце: “Біў нам чалом дзяк наш Касцюшка Фёдаравіч і прасіў у сяльцы, ляжачым у Камянецкім павеце, людзей путных… А да таго ж прасіў у нас ворыва, і лясы, і дубраў тых, якія адсудзіў некалі людзям нашым камянецкім у Арэпічах… намеснік наш берасцейскі пан Станіслаў Осцікавіч ад Тышковай Каранёўскай і ад дзяцей яе…”
Названы ў дакуменце Касцюшка Фёдаравіч, гаспадар Камянца і вялікакняскай Белавежскай пушчы, заснаваў славуты род Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. Ад яго вёў сваё паходжанне наш славуты зямляк, нацыянальны герой Польшчы, Беларусі і Злучаных Штатаў Амерыкі, генерал Тадэвуш Касцюшка. А пані Каранёўская ўладарыла ў тыя часы над Крыўлянскім замкам – мацнейшай сярэднявечнай крэпасцю ў краі. І Жыгімонт Стары вырашыў застарэлую спрэчку, распачатую некалі берасцейскім намеснікам Осцікавічам, на карысць арэпічан. Пра тое і сведчыла грамата.
Наступнае ХVII стагоддзе ўвайшло ў айчынную гісторыю як час смуты, доўгіх, амаль бясконцых войнаў, празваных “Патопам” (толькі ўявіце: са ста гадоў, з якіх складаўся той век, 72 былі ахоплены ліхалеццем, у выніку былі разбураны большасць населеных пунктаў, а насельніцтва скарацілася ўдвая! Бо гэты “патоп” адрозніваўся ад біблейскага тым, што залівала зямлю не марская вада, а чалавечая кроў).
Пагэтаму так шмат скарбаў з тае пары хавае наша зямля: перад тым, як выправіцца ў войска, шляхціцы нярэдка давяралі ёй свае багацці. Аднак часта дамоў ужо не вярталіся, і сляды сховішчаў губляліся на доўгія гады, часам на стагоддзі. Толькі ў 1959 годзе адшукалі ў Арэпічах старыя грошы, што хаваліся ў зямлі каля трохсот гадоў. Было ў старадаўняй схованцы 211 сярэбраных манет: паўгрошай і грошай Вялікага Княства Літоўскага, ортаў Рэчы Паспалітай, драйпёлькераў Прускага Брандэнбурга і Шведскай Прыбалтыкі.
У першай чвэрці ХVIII стагоддзя арэпіцкія сяляне, сабраўшыся на сход, вырашылі ўзвесці ў сваім сяле царкву. Свята-Пакроўскі храм, у будаўніцтве якога прымалі ўдзел мясцовыя майстры, хутка ўзняўся ў цэнтры тагачаснай вёскі, апавясціўшы галасамі сваіх званоў пра нараджэнне новага храма. Прыход быў вялікі: у ім налічвалася звыш трох тысяч душ.
У XIX стагоддзі Арэпічы заставаліся адным з найбуйнейшых населеных пунктаў у межах сучаснай Жабінкаўшчыны. У часы прыгону сяло ўвайшло ў склад маёнтка Антанін, падараванага з царскіх шчадротаў памешчыку Іванову. Аднак хутка гэтыя надзелы перайшлі да роду Ляшчынскіх (з гэтай сям’і некалі паходзілі кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў і каралева Францыі Марыя Ляшчынская).

У вулічных назвах хаваецца памяць

ТОЙ, ХТО ПАБЫВАЕ ў Арэпічах, можа звярнуць увагу і на тое, як трапятліва захоўваюць вяскоўцы памяць пра сваіх землякоў. Тут няма, напрыклад, вуліц, атрымаўшых “выпадковыя” імёны. Кожная захоўвае памяць пра мінулае, пра славутых людзей, што пакінулі след на зямлі.
Шмат аб чым могуць расказаць гэтыя назвы. Ёсць, прыкладам, у Арэпічах вуліца, названая імем гвардыі старшага лейтэнанта Фёдара Яўціхіевіча Рацюка. Адважны танкіст, чыё пахаванне беражліва захоўваецца ў ляску паблізу вёскі, загінуў у ліпеньскія дні векапомнага 1944 года пры вызваленні Арэпічаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Адносна нядаўна цэнтральную вясковую вуліцу перайменавалі ў гонар старшага лейтэнанта Васіля Міхайлавіча Дудара – зямляка, які склаў галаву падчас бою ў далёкім афганскім краі.
Гэтак падобныя лёсы двух савецкіх афіцэраў, загінулых на розных войнах, злучыліся ў назвах вуліц палескага сяла…
А непадалёку ад колішняй школы, амаль у “сэрцы” сённяшняга паселішча, падарожнікаў сустракае вуліца Цімафея Карнілавіча Лася. У яе назве землякі захавалі памяць пра вядомага настаўніка, які стаў заснавальнікам Брэсцкай рускай гімназіі, а затым першым дырэктарам пасляваеннай Арэпіцкай школы.
Такім чынам, ішлі Арэпічы праз стагоддзі сваёй адметнай дарогай, падзяляючы лёс усёй нашай зямлі, яе беды і радасці. З часам мяняліся, але захоўвалі непаўторны каларыт кутка, што здавён прыцягваў падарожнікаў з блізкіх і далёкіх краін.
Ёсць у Арэпічах прыкметы і новага жыцця. Што казаць: усё гэта важна, значна. Але ж, несумненна, яшчэ важней – людзі, якія жывуць на гэтай зямлі і дораць ёй сваю працу ды паўсядзённы клопат. Так было, ёсць і будзе заўсёды. Нездарма жыхары вераць: назва іх вёскі з’явілася ад таго, што прашчуры спакон веку аралі гэтую зямлю, расцілі і пяклі хлеб, смачны і ў будні, і ў святы. Таму і спляліся, быццам у адным імені, словы “араць” ды “пячы”, утварыўшы Арэпічы…

На здымках: помнік у цэнтры Арэпічаў, прысвечаны памяці землякоў,  што не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны; магіла гвардыі старшага лейтэнанта Фёдара РАЦЮКА.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара. У год, прысвечаны малой радзіме, пашыраецца цікавасць жабінкаўцаў і гасцей-турыстаў, што наведваюць наш край, да мінулага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика