«Будзе панаваць свята пісьменства…». 21.by

«Будзе панаваць свята пісьменства…»

09.08.2018 17:24 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У г. Іванава адбылася чарговая рабочая сустрэча па падрыхтоўцы Дня беларускага пісьменства. У ёй прынялі ўдзел міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч (на здымку трэці злева), намеснік міністра Ігар Іванавіч Бузоўскі, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Іванавіч Вялічка (на здымку другі справа), творчая група па падрыхтоўцы свята пад кіраўніцтвам рэжысёра Ніны Віктараўны Осіпавай, а таксама супрацоўнікі міністэрства, Брэсцкага аблвыканкама, Іванаўскага райвыканкама, кіраўнікі абласных і раённых арганізацый і ўстаноў.


Пачынаючы размову, А.М. Карлюкевіч падзякаваў аблвыканкаму і райвыканкаму за ўжо праведзеную працу: «Мы бачым, як вядуцца работы па падрыхтоўцы да свята, аднаўляюцца вуліцы, аб’екты сацыяльнай сферы, парк. Ужо зацверджана праграма Дня пісьменства, іванаўцаў і гасцей чакае шмат сюрпрызаў». Аляксандр Мікалаевіч азнаёміў прысутных з асноўнымі мерапрыемствамі, якія адбудуцца напярэдадні, першага верасня, і што цікавага чакае ў асноўны дзень свята. Так, першы дзень, Дзень ведаў, будзе амаль цалкам прысвечаны літаратуры. Адбудзецца фінал рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка», у якім прымуць удзел 12 таленавітых, творчых маладых людзей. «Мастацкая літаратура, як шлях адзін да аднаго» – пад такой назвай у музейным комплексе імя Напалеона Орды пройдзе «круглы стол» з удзелам замежных і беларускіх пісьменнікаў, прадстаўнікоў пасольстваў з 15 краін свету. У раённай бібліятэцы імя Панфёрава збяруцца ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі «Іванаўскія чытанні». На гарадской плошчы будуць разгорнуты павільёны традыцыйнага Фестывалю кнігі і прэсы. Жыхарам Іванава і гасцям свята ў першы дзень восені будуць прапанаваны кніжныя прэзентацыі, выставы, канцэртныя праграмы.

Другога верасня ў гарадскім парку на спецыяльна ўстаноўленай вялікай сцэне з самым сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем адбудзецца афіцыйнае адкрыццё Дня беларускага пісьменства. У вялікай святочнай пра-граме прымуць удзел зоркі беларускай эстрады: Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян, групы «Беларускія песняры», «PROвакацыя», ансамбль «Бяседа», Дзяржаўны ансамбль танца і многія іншыя.

Таксама ў рамках Дня пісьменства адбудзецца прэзентацыя экспедыцыі «Дарога да Святыняў» з удзелам святароў, пісьменнікаў, прапагандыстаў духоўнай літаратуры.

Гаворачы пра канцэпцыю святочнай праграмы, галоўны рэжысёр свята Н. В. Осіпава, галоўны рэжысёр Белдзяржфілармоніі, адзначыла, што 25-ты, юбілейны, Дзень беларускага пісьменства ў Іванаве павінен стаць сапраўды эксклюзіўным. Ён праходзіць у Год малой радзімы, і асноўны акцэнт будзе накіраваны менавіта на гэта. Напрыклад, для ўдзелу ў святочнай канцэртнай праграме запрашаюцца артысты родам з Брэсцкай вобласці. Так, карані Арцёма Саладухі, вакаліста групы «PRОвакацыя», – з Драгічына, нават у «Беларускіх песнярах» адзін з удзельнікаў – наш зямляк.

Канешне, каб свята прайшло сапраўды на самым высокім узроўні, неабходна яшчэ зрабіць вялікі аб’ём работ па падрыхтоўцы горада. Якія справы ўжо скончаны і над чым яшчэ патрэбна папрацаваць, паведаміў намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Віталь Рыгоравіч Клышко. Ён адзначыў, што большасць запланаваных аб’ектаў ужо ў бліжэйшы час будуць завершаны. Гэта рэканструкцыя вуліцы 17 Верасня, часткі вуліц Леніна, Кірава, Савецкай. Аднаўляюцца фасады пошты, Дома быта, вядуцца рамонтныя работы аб’ектаў культуры і адукацыі, чыгуначнага вакзала. А. М. Карлюкевіч заўважыў, што яны павінны быць завершаны да 20 жніўня. Пасля гэтага пачнецца непасрэдная работа тэхнічных і творчых груп па падрыхтоўцы пляцовак правядзення мерапрыемства. Адным са значных момантаў надыходзячага свята стане адкрыццё кніжнага магазіна ў г. Іванава. У тэставым рэжыме кнігарня з прыгожай назвай «Верасень» ужо працуе з першага жніўня на першым паверсе «Універмага». Пазнаёміліся з работай кнігарні і кіраўнікі Мініс-тэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Брэсцкай вобласці. Сустракаў высокіх гасцей генеральны дырэктар ААТ “Белкніга” Аляксандр Аляксандравіч Вашкевіч. Ён паведаміў, што ў сістэме «Белкніга» ўсяго па краіне да  сённяшняга дня працавала 108 гандлёвых аб’ектаў, 12 з іх – у Брэсцкай вобласці: 6 – у Брэсце і па 3 – у Пінску і Баранавічах. Такім чынам Іванава – першы з невялікіх гарадоў вобласці, дзе адкрылася кнігарня. Магазін размешчаны на 57 м кв. гандлёвай плошчы. На абсталяванне памяшкання затрачана 56 тыс. рублёў.


Прадстаўлены шырокі выбар беларускай, мастацкай, дзіцячай і вучэбна-метадычнай літаратуры, развіццёвых дапаможнікаў для школьнікаў, канцылярскіх тавараў і набораў для творчасці. Нядзіўна, што першымі наведвальнікамі кнігарні сталі школьнікі горада.

Асаблівасць іванаўскай кнігарні ў тым, што з 5000 найменняў прадстаўленай літаратуры 15% – кнігі беларускіх выдавецтваў. На гэта звярнуў увагу і міністр.  Немалаважна і тое, што з адкрыццём магазіна з’яві-ліся тры новыя рабочыя месцы, на работу прыняты два прадаўцы і адміністратар.

Члены рабочай групы па падрыхтоўцы свята агледзелі асноўныя аб’екты горада, на якіх праводзяцца рамонтныя работы, абмеркавалі праблемныя пытанні непасрэдна па падрыхтоўцы і правядзенні свята.

Адказваючы на пытанне, чым будзе адметны 25-ты, юбілейны, Дзень беларускага пісьменства, А.М. Карлюкевіч адказаў: «Па-першае, я хацеў бы падкрэсліць, што сёлета, як і раней, будзе панаваць свята пісьменства, кнігадрукавання, перыядычных выданняў. Парадуюць сваёй творчасцю беларускія артысты, дзе, безумоўна, увага будзе звернута на беларускае паэтычнае слова. І напярэдадні, і ў асноўны дзень будзе многа цікавага, адметнага, прыгожага. Я запрашаю іванаўцаў, берасцейцаў ды ўсіх, хто жадае, на Дзень беларускага пісьменства».

Дзіяна КРЭС. Фота Валерыя Міхальчука, г. Иванава.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У г. Іванава адбылася чарговая рабочая сустрэча па падрыхтоўцы Дня беларускага пісьменства. У ёй прынялі ўдзел міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика