На мінулым тыдні ў рамках акцыі “Нашы дзеці” адбылося навагодняе свята для навучэнцаў Гарадзейскай дапаможнай школы-інтэрната. Дзякуючы таленавітаму педагагічнаму калектыву школы, сіламі якога быў падрыхтаваны сапраўдны казачны навагодні спектакль, і добрым падарункам ад гасцей, мерапрыемства атрымалася па-сапраўднаму святочным і яскравым.
Дзеці і іх педагогі прымалі віншаванні ад намесніка старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандра Балцянкова, начальніка аддзела па рабоце са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблканкама Святланы Кісель, прадстаў-нікоў выдавецкага дома “Беларусь сегодня” — намесніка дырэктара — галоўнага рэдактара Галіны Тарапецкай і старшыні прафкама Германа Маскаленкі, генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб’яднання “Белрэсурсы” — упраўляючай кампаніі холдынга “Белрэсурсы” Паўла Семянюка, дырэктара ААТ “Гара-дзея” Мікалая Салаўя, намесніка начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святланы Шатрун, старшыні Нясвіжскага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людмілы Крупец.
Гарадзей-ская дапаможная школа-інтэрнат стала другім домам для 105 дзяцей з асаблівасцямі ментальнага развіцця, якія тут не толькі вучацца і жывуць, але ў старэйшых класах могуць яшчэ і атрымаць прафесію сталяра, швачкі, рабочага зялёнага будаўніцтва, агародніка-садавода. Як і ўсе дзеці, яны былі вельмі рады святу. Яно пачалося з відовішчнага казачнага прадстаўлення, падчас якога навучэнцы школы даведаліся, што адбываецца ноччу ў чароўным лесе, хто падмяніў падарункі, як помсціла сястрыца Сцюжа сваёй сястрыцы Завеі за тое, што яе не запрасілі на навагодняе свята, ці хочацца пабегаць Снегавіку і ці ўмее ён танцаваць.
Усё гэта выклікала нямала смеху ў гледачоў, якія і самі нібы прыйшлі з казкі, апрануўшыся ў карнавальныя ўборы. Іх рыхтавалі з асаблівым стараннем — кожнаму хацелася перамагчы ў конкурсе на лепшы касцюм.
Калі ж у рэшце рэшт прадстаўленне (на фота) закончылася, як і належыць, перамогай дабра над злом, на Ёлцы загарэліся агеньчыкі і святочны карагод закружыў і гаспадароў, і гасцей свята.
Апошнія, дарэчы, прыйшлі не толькі з віншаваннямі — школа атрымала два тэлевізары і пыласос, шмат кніг і вучэбных прылад, кожнае дзіця — салодкі падарунак. Цудоўным дапаўненнем да свята стаў вялікі торт ад выдавецкага дома “Беларусь сегодня” і каштоўныя падарункі ад мінскіх журналістаў.
У гутарцы з прадстаўнікамі СМІ дырэктар школы-інтэрната Алена Бялькевіч адзначыла, што традыцыя такіх віншаванняў даўняя, але са з’яўленнем акцыі “Нашы дзеці” яна набыла іншы маштаб.
— Вядома, дзеці заўсёды чакаюць свята, радуюцца яму і гасцям, якіх і сустракаюць як родных, — сказала Алена Анатольеўна. — Дзякуючы акцыі ў нас стала многа сяброў, якія заўсёды рады дапамагчы.
І сапраўды, навагодняя ёлка ў гарадзейскай дапаможнай школе-інтэрнаце стала для яе выхаванцаў яскравым і запамінальным святам, а для дарослых — выдатнай магчымасцю акунуцца ў свет шчаслівых дзіцячых усмешак.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.