Тут журавінамі пахне на золку…. 21.by

Тут журавінамі пахне на золку…

09.08.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 

994 (Копировать)Адыходжу я ад вёскі, адыходжу.

Як падумаю, дык сэрца зашчыміць.

Гэту страту адчувае, мусіць, кожны,

Гэта страта, мусіць, кожнаму баліць.

Для цябе я — адыходнік твой нязлоўны,

Прызнаюся табе, вёска, не хлушу…

Заглядаю я ў вёску, як у слоўнік,

Каб упэўніцца, што правільна пішу.

Гэтыя радкі належаць беларускаму паэту Юрасю Свірку, які нарадзіўся і вырас у вёсцы, а потым выйшаў на шырокую дарогу жыцця, пераехаў у горад. Але ж думкамі і сэрцам ён зноў і зноў вяртаўся ў родныя мясціны, кожную ноч у снах ён бачыў сваіх аднавяскоўцаў, сваіх родных.

Нібы тыя птушкі, якія, стаўшы на крыло, паднімаюцца ў высь нябес, пакінулі ў розныя гады сваю родную вёску Грыблы яе маладыя жыхары, раз’ехаліся па гарадах Беларусі, па краінах былога Савецкага Саюза. Прыйшла ў заняпад калісьці вялікая вёска, якую называлі “кітаем”, бо шмат людзей жыло ў гэтым, ахінутым лясамі і балотам, населеным пункце.

Жыхароў Грыблоў не абмінулі суровыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Восенню 1943 года вёска была спалена нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Толькі дзякуючы партызанам брыгады “Спартак”, якая дыслацыравалася ў мясцовых лясах, жыхарам удалося застацца жывымі, пераехаць у іншыя вёскі. Пасля вайны пакрысе вярталіся да мірнага жыцця, будавалі дамы, абзаводзіліся гаспадаркай.

У цяперашні час у Грыблах, на вялікі жаль, пражываюць толькі трое чалавек сталага ўзросту. Іншыя выехалі да сваіх дзяцей, унукаў у гарады. Зараз яны толькі зрэдку наведваюць вёску, мясціны, дзе нарадзіліся і выраслі. Жаданне вяртацца сюды зноў і зноў было і ёсць у кожнага, але шматлікія жыццёвыя абставіны не дазвалялі гэтага зрабіць, каб сабрацца ўсім разам у адзін дзень. Тым не менш, калі ёсць вялікае жаданне — будзе і магчымасць.

У суботу, 20 ліпеня, яшчэ з ранку пачалі адна за адной прыязджаць у вёску аўтамашыны. З іх выходзілі людзі, якія нават ужо і не пазнавалі адзін аднаго, бо прайшло шмат часу з моманту апошніх сустрэч. Некаторыя не бачыліся пасля заканчэння школы, а ўжо мінулі дзесяцігоддзі. Колькі радасных пачуццяў было ў іх сэрцах пры спатканні, колькі цеплыні яны перадавалі адзін аднаму пры рукапацісканні. Усе абдымаліся, на вачах іскрыліся слёзы.

Як вядома, радзіма — гэта не толькі вуліцы і дамы, жыхары-аднавяскоўцы, знаёмыя мясціны. Гэта і могілкі — месца пахавання продкаў, якія далі нам жыццё. Ураджэнцы Грыблоў вырашылі пачаць сустрэчу з пакланення сваім родным і блізкім людзям, якія адышлі ў вечнасць. На малебен аб спачылых продках запрасілі дабрачыннага Шаркаўшчынскай акругі протаіерэя Пятра Бараноўскага. Свяшчэннаслужыцель прачытаў малітву за спакой памерлых, асвяціў святой вадой могілкі, пажадаў прысутным як мага часцей наведваць месца пахавання сваіх родных, а таксама дабрабыту і шчасця.

Амаль семдзясят чалавек — ураджэнцаў вёскі Грыблы — сабраліся ў той дзень разам на сваёй малой радзіме. Некаторыя прыехалі з Шаркаўшчыны, іншыя з Пастаўшчыны і Браслаўшчыны. Завіталі землякі амаль з усіх рэгіёнаў нашай краіны, з Прыбалтыкі і Масквы. Былі нават тыя, хто цяпер жыве ў ЗША.

Прама на вуліцы накрылі вялікі стол, бо ніводзін дом не змог бы змясціць такую колькасць людзей. Гучала сяброўская гутарка, землякі ў размове пачалі вяртацца ў часы сваёй маладосці. Успаміналі знакамітыя грыблоўскія сенакосы, сумесную працу, калі дапамагалі адзін аднаму і бульбу садзіць, і жаць збажыну, і дровы нарыхтоўваць. Прыгадалі, як, плённа папрацаваўшы, ладзілі святы, весяліліся. Кожнаму было што ўспомніць, яшчэ раз прыгадаць тыя слаўныя гады, якія, на жаль, ужо нельга пражыць нанова.

Станіслаў Балай, г. Масква:

— Я заўсёды з вялікім задавальненнем прыязджаю ў родныя Грыблы. Трапіўшы ў вёску, забываюцца на пэўны час жыццёвыя складанасці, праблемы. Тут дыхаецца зусім па-іншаму, тут набіраешся духоўнай сілы, моцы. У 1974 годзе я закончыў Слабадскую СШ. Паступіў у Разанскае лётнае вучылішча. Затым была вучоба ў Ленінградскай акадэміі грамадзянскай авіяцыі. Пачынаў працаваць другім пілотам самалёта Ан-2. Затым шмат год лятаў на пасажырскіх Ту-154, Боінг-737, Боінг-747. З’яўляўся намеснікам камандзіра эскадрыллі, пасля стаў яе камандзірам. У цяперашні час я займаю пасаду пілота-інструктара на трэнажоры. Лічу, што нам, землякам, трэба як мага часцей сустракацца. А сённяшняе свята — гэтаму яскравы доказ. Усе вельмі шчаслівыя, людзей перапаўняе радасць. Вельмі цудоўна, што арганізатарам мерапрыемства ўдалося ажыццявіць задуманае. Дзякуй ім вялікі за гэта!

Алёна Жывая (Загорская), г. Юрмала, Латвія:

— Мая маці Зоя Яўгеньеўна і цётка Рэгіна Яўгеньеўна — родныя сёстры. Яны нарадзіліся і выраслі ў Грыблах. У маладосці яны пераехалі жыць і працаваць у Прыбалтыку, у горад Юрмала. Там з’явілася на свет і я. Калі я была школьніцай, разам са сваім стрыечным братам Сяргеем кожнае лета мы прыязджалі на канікулы да бабулі і дзядулі. Гэта быў незабыўны час. На тры летнія месяцы ў Грыблы з’язджаліся дзеці са шматлікіх гарадоў Беларусі, Латвіі, Эстоніі, Малдавіі. Вёска напаўнялася дзіцячымі гарэзлівымі галасамі. Цяпер, на жаль, тут ужо няма нашых родных, але мы амаль кожны год прыязджаем у Беларусь, каб адпачыць у маляўнічых мясцінах, пагасціць у сяброў і абавязкова заязджаем у Грыблы. Гэта вёска стала часцінкай нашай душы.

Ганна Хашкоўская (Брэская), г.п. Шаркаўшчына:

— Сёння маё сэрца перапоўнена радасцю. Нават не верыцца, што сабралася такая вялікая колькасць землякоў. Ведаеце, калі мы ў пачатку свята пешшу крочылі на могілкі, каб пакланіцца спачылым нашым продкам, гэты натоўп людзей я параўнала з “бессмяротным палком”. І сапраўды, гэта нібы Грыблы атрымалі другое сваё нараджэнне, і вёска зноў ажыла, адрадзілася. Такое пачуццё нават словамі нельга перадаць. Жыву я непадалёк, у раённым цэнтры Шаркаўшчына. Працавала інжынерам, намеснікам дырэктара, а пасля кіраўніком рамонтна-будаўнічай арганізацыі. Цяпер знаходжуся на заслужаным адпачынку. Падтрымліваем цесную сувязь са сваімі аднакласнікамі, якія былі не толькі з Грыблоў, але і з іншых вёсак. Стараемся штогод сустракацца. Вось і сёння некаторыя з іх прысутнічаюць на нашым свяце. Прыемна ўсведамляць, што ніхто з нас не забывае свае карані, сваю малую радзіму, не парывае сувязі паміж сабой. Гэта вельмі важна для кожнага з нас, важна для нашых дзяцей і ўнукаў, каб яны, пабываўшы на такім мерапрыемстве, заўсёды ведалі, адкуль іх продкі, дзе іх спадчына.

Алеся Сікора (Лабуць), г.п. Шаркаўшчына:

— Я не з’яўляюся карэннай ураджэнкай гэтай вёскі, родам я з Васюкоў. З Грыблоў паходзіць мой муж Уладзімір. Але я таксама часткова лічу сябе ў нейкай ступені грыблоўскай. Лёс звязаў мяне з гэтай вёскай, з яе жыхарамі ў 1979 годзе. З дабрынёй і лагодай у сэрцы ўспамінаю грыблоўскі сенакос. Тут заўсёды пахне высушанымі травамі, па наваколлі разносіцца гаючае паветра з балотнага масіва. Гэта нельга ні з чым параўнаць. А якія цудоўныя грыблоўскія журавіны, слава пра якія ходзіць далёка за межамі нашай краіны. Вельмі рада быць сярод сваіх сяброў, бачыць іх, адчуваць атмасферу дабрыні.

Таццяна Целяпнёва (Хашкоўская), г. Віцебск:

— Я і мая сястра Вераніка цэлы год чакалі гэтай сустрэчы ў вёсцы, якая стала нам роднай. Радаваліся, калі даведаліся, што ў Грыблах будзе ладзіцца сустрэча землякоў. Загадзя ўнеслі карэктывы ў свае асабістыя і працоўныя планы, каб абавязкова трапіць сюды. Тут прайшло наша дзяцінства, сюды мы спяшаліся з Віцебска ў госці да сваёй бабулі. Мы не ўяўлялі, што столькі людзей зберыцца сёння на свята, гэта проста цудоўна. Нашы дзеці выраслі ў горадзе, яны не ведаюць, што такое вёска, сельскае жыццё. Іх вельмі ўразіла гэта свята, уразілі сяброўскія адносіны і тая душэўнасць, якая прысутнічае ў кожным з нас.

Музыку, песні і святочны настрой на “Сустрэчы землякоў” падарылі ўдзельніцы аматарскага аб’яднання “Душэўная ўтульнасць” раённага Цэнтра культуры. Усе разам з артыстамі спявалі песні мінулых гадоў, вальсіравалі ў павольных танцах, пускаліся ў скокі пад беларускія прыпеўкі.

Амаль апусцела вёска. Не чуваць тут больш гарэзлівых дзіцячых галасоў, не клякочуць ужо больш на гнёздах буслы. Таму вельмі добра, што свае родныя Грыблы не забываюць ураджэнцы гэтай вёскі, размешчанай на ўскрайку вялікага і маляўнічага балотнага масіву. Яны з ахвотай і вялікім жаданнем знайшлі час, каб сустрэцца разам тут, дзе рабілі свае першыя крокі, дзе прайшлі іх маленства і юнацтва, адкуль яны накіраваліся ў самастойнае жыццё.

Колькі ж гэтакіх вёсак з картаў знікаюць!

Іх знішчаюць і дзеянні нашы, і час…

Але зрэдку ў снах вёскі зноў ажываюць,

Каб, нібыта матулі, маліцца за нас.

На свяце ў якасці карэспандэнта і ўраджэнца в. Грыблы пабываў Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика