Галіна Чумакова і яе сусвет. 21.by

Галіна Чумакова і яе сусвет

17.12.2019 10:34 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У свой час Галіна Чумакова літаральна збегла ад жыцця ў вялікім горадзе на чужыне – за некалькі гадоў так і не змагла звыкнуцца з тым, што родны куток далёка. Але жанчына ні на хвіліну не задумвалася, што прыняла няправільнае рашэнне. Сумнявацца – гэта не ў яе характары. Яна была патрэбная тут: неабыякавасць да жыцця Ганцаўшчыны, яе людзей, любоў да ўсяго навокал зрабілі Галіну Тарасаўну паважанай і вядомай фігурай на радзіме – сапраўднай постаццю.


З ЧУЖЫНОЙ НЕ СКЛАЛАСЯ…

Сваё Задуб’е Галіна Чумакова не забывае і любіць самай шчырай любоўю: менавіта тут яна з’явілася на свет у няпросты пасляваенны час, стала трэцім дзіцям у немалой сям’і.

Школьныя прадметы юнай Галіне даваліся лёгка, але была запаветная мара: стаць артысткай. Тым больш, што любіла спяваць з самых ранніх гадоў. Пасля заканчэння школы дзяўчына цвёрда вырашыла ісці да мэты, але, мабыць, у жыцця свае планы на нас… Калі наступіў час здаваць экзамены, адбылася сумная падзея.

Мама захварэла цяжкай формай менінгіту. Я засталася ў сям’і старэйшай, была гаспадарка – усё аказалася фактычна на нашых з бацькам плячах… Маці ляжала ў бальніцы два месяцы, адтуль яе прывезлі ў пачатку жніўня – якраз напярэдадні экзаменаў, – успамінае Галіна Тарасаўна. – Менавіта тады я навучылася маліцца, шчыра прасіць Усявышняга аб дапамозе – моцна перажывала за роднага чалавека. Хоць любоў да веры нам прывівалі з дзяцінства бацькі. Царквы ў Задуб’і не было, але ўсе праваслаўныя святы і традыцыі мы заўсёды шанавалі.

Хвароба матулі тады не дазволіла ехаць далёка на вучобу. У Ганцавічах арганізоўваліся двухгадовыя курсы медсясцёр для працоўнай моладзі, куды залічвалі па балах атэстата. На курсы Галіна прайшла з лёгкасцю, ды і ўмову – працаваць – таксама выканала (уладкавалася на кансервава-сушыльны завод як толькі споўнілася 17 гадоў). Вось і жыла ў гэтым шалёным рытме: днём шчыравала грузчыцай (а зімой яшчэ і чысцілі цыбулю), увечары спяшалася на вучобу… Потым працавала табельшчыцай. Сама гераіня матэрыяла лічыць, што ўсё складвалася як патрэбна – па божай волі.

Аднойчы летам у Задуб’е прыехала сваячка, якая жыла ў Калінінградскай вобласці. Галіне яна прапанавала пераехаць да сябе, а тая доўга і не думала: імгненна рашылася, тым больш, што курсы ўжо паспела скончыць.

Пасля пераезду ўладкавалася на працу ў абласны туберкулёзны дыспансер, там праз паўгода пазнаёмілася з будучым мужам Анатоліем…

Здавалася б, усе ішло сваёй чаргой – і работа была, і асабістае жыццё наладжвалася. Але нейкая невядомая сіла цягнула мяне дадому – з самага першага дня…

Жывучы на калінінградскай зямлі Галіна Тарасаўна выйшла замуж, нарадзіла старэйшага сына Алега. Там Чумаковы пражылі каля чатырох гадоў. Але домам Калініградчына так і не стала для жанчыны – усё такой жа засталася, чужой.

Бывала, як прыедзем у Задуб’е (ездзілі дастаткова часта, нават калі сынок быў зусім маленькі), мы ўсё пелі з мамай песню: «Зялёная вішня з-пад кораня выйшла, аддала мяне маці, дзе я непрывычна…». Яна вельмі ўдала адлюстроўвала мой унутраны стан на той момант, хоць і ніхто мяне не аддаваў, сама ўсё вырашыла! (смяецца). Іншы раз выйду, гляджу ў бок Беларусі і сумую – настолькі цягнула ў родныя мясціны. І мама, калі прыязджала да мяне ў госці, адчувала сябе некамфортна і заклікала ехаць дадому. Ды я і сама там не магла…

Галіна Тарасаўна ўгаворвала мужа пераехаць у Беларусь, але той не згаджаўся. Аднойчы разам з яе бацькам Анатолій паехаў на заробкі ў Белгародскую вобласць. За месяц яго адсутнасці прадпрымальная жанчына знайшла грузавую машыну, сабрала рэчы і разам з дзіцям усё ж такі рушыла туды, куды цягнулася душа – на родную Ганцаўшчыну. Мужа дома замест тысячы слоў чакала толькі лаканічная запіска: «Паехала ў Беларусь».

Анатолій за жонкай і дзіцям усё ж такі прыехаў, пажыў у Ганцавічах каля года. Але ўжо ён тут адчуваў сябе чужым… І ў выніку з’ехаў. Але ненадоўга – як ні круці, а дом там, дзе твая сям’я.

Сёння Галіна Тарасаўна з настальгіяй і гумарам успамінае першы прыезд мужа ў Беларусь, калі ён не заўсёды разумеў, што яму гавораць на адметнай трасянцы. А цяпер і сам не заўважае, як на гэтай жа трасянцы гаворыць. Усё ж такі гады жыцця тут даюць пра сябе ведаць – цяпер мужчына на Ганцаўшчыне свой.

Я вельмі люблю Задуб’е. Зараз у бацькоўскім доме жыве брат, трымае вялікую гаспадарку. Але нават калі ён вырашыць пераехаць у горад, гэты куточак мы ніколі не прададзім – як памяць пра бацькоў, пра нешта светлае і добрае.

Са слязьмі на вачах Галіна Чумакова гаворыць пра тое, што вёска вымірае, што памяняліся людзі – можа, і няма цяпер тых цёплых зносінаў паміж суседзямі, як былі раней. «Але назаўсёды Задуб’е застанецца маім вытокам – блізкім і дарагім сэрцу…». 

МЕДРАБОТНІК, ПРАДПРЫМАЛЬНІК, ТВОРЧАЯ АСОБА…

… Па прыездзе ў Ганцавічы шмат гадоў таму назад Галіна Тарасаўна ўладкавалася на працу медсястрой – у радзільным доме ёй далі пастаяннае месца. «Гэта была цяжкая работа, але і любімая – мне заўсёды падабалася працаваць з дзецьмі». Пасля гэтага трапіла ў рэнтгенкабінет, адкуль рана выйшла на пенсію – у 45 гадоў. Такі ранні заслужаны адпачнак падштурхнуў гераіню да занятку гандлем.

Канечне, у свой час давялося перажыць многае: і бандзітаў, і рабаванні… Каб гэта ўсё вытрымаць, патрэбны былі сіла волі, дапамога Усявышняга. І я ўпэўнена, што ў мяне ёсць мой анёл-ахоўнік, які заўсёды са мною па жыцці.

Пачынаючы з палатак на рынку, Галіна Тарасаўна прыйшла да рашэння паспрабаваць адкрыць стацыянарны магазін. Спачатку быў невялікі пакой у гасцініцы – вазілі якасныя, добрыя рэчы, якія аказаліся запатрабаваны ў мясцовых пакупнікоў, – і справа пайшла. Цяпер неабходна было большае памяшканне. Тады гандлёвая кропка «пасялілася» на Кастрычніцкай, 3. І тут не прагадалі – усё атрымалася.

Мне заўсёды хацелася рабіць тое, чаго няма ў Ганцавічах. І паступова я прыйшла да высновы, што не хапае тых, хто дапаможа падрыхтавацца да вяселля. Так і вырашыла адкрыць паслугі пракату, дзе нявесты і жаніхі маглі некаторыя свае клопаты даручыць нам. Праз некаторы час сюды дадала маскарадныя касцюмчыкі, вясельныя сукенкі. А потым, калі актуальным стала прыгожае афармленне залы, дзе святкуюць заключэнне шлюбаў, я і тут не магла застацца ў баку. Сёння ўжо дзеці першых маіх клінетаў ходзяць у школу…

З часам Галіне Тарасаўне пачала дапамагаць унучка Алёна. Менавіта яна пазнаёміла бабулю з камп’ютарным светам. А пазнаваць новае наша гераіня ніколі не баялася, таму і з «бяздушнай машынай» пасябравала хутка. Галіна Тарасаўна заўсёды на хвалі сучаснасці і цудоўна ведае, што цяпер у трэндзе, а што не, разумее, наколькі важная і прадуктыўная якасная прэзентацыя сваіх паслуг у сацыяльных сетках. Там жа яна бачыць водгукі на сваю працу, а яны толькі станоўчыя, нават кранальныя. Некаторыя «ўчарашнія» нявесты прызнаюцца: «Вы сталі для нас па-сапраўднаму роднай». Гэтая зваротная сувязь дазваляе смела рушыць далей, з энтузіязмам «брацца» за новае вяселле, тварыць… А некалі ў пачатку свайго творчага шляху жанчына зарабляла аўтарытэт без інтэрнетнага піяру, яе добра ведалі як прафесіянала і без усяго гэтага – адказнасць, шчырую адданасць сваёй справе відаць адразу. Таму даводзіцца нават выязджаць у Ляхавічы, Клецк, Столін.

У асноўным тое, якім чынам будзе аформлена зала, Галіна Тарасаўна прыдумвае сама. Але не застаюцца ў баку нявесткі, унучка. Канечне, у кожанага погляд свой. «Аднак у спрэчцы нараджаецца ісціна, і мы заўсёды прыходзім да агульнага рашэння», – кажа субяседніца.

ШЧОДРАЕ СЭРЦА

Бог нашу гераіню фантазіяй не абмінуў. І дар творчага погляду на ўсё, можна сказаць, перадаўся па спадчыне.

Вельмі прыгожа вышывала мама, ёсць такая здольнасць і ў сястры. Цяга да прыгожага, мабыць, у нас у крыві.

Асобнае месца ў жыцці і сэрцы Галіны Чумаковай займае вера. Свядома да Бога яна прыйшла пасля хваробы мамы і дагэтуль з ім. Галіна Тарасаўна не мала робіць для храма, займаецца дабрачыннасцю, але размову аб гэтым абарвала: «Няхай левая рука не ведае, што робіць правая».

А яшчэ Галіна Чумакова – дэпутат. Гэтай справай пачала займацца даволі спантанна: ведаючы аб энергіі і неабыякавасці да ўсяго і ўсіх, ёй прапанавалі паспрабаваць сябе на гэтай ніве. І тут яна змагла рэалізавацца, і тут заваявала давер.  «Канечне, я не ўсемагутная, але калі нешта ў маіх сілах – зраблю ўсё, каб дапамагчы». І пры гэтым жанчына лічыць, што звяртаюцца не часта: «Хацелася б больш. На жаль, у людзей мала веры ў шчырае жаданне аказаць ім дапамогу, а шкада». Вось такая ў Галіны Тарасаўны невычэрпная энергія…

Са слязьмі на вачах жанчына гаворыць пра суполку «Шчодрае сэрца», у якой прымае актыўны ўдзел.

Я дакладна ведаю, што на гэтым свеце шмат добрых людзей, неабыякавых да чужога гора, і завяраю ў гэтым вас. Калі некаму можам быць па-сапраўднаму карыснымі, радуецца душа. Сумеснымі намаганнямі мы робім некага шчаслівей. І ад гэтага становіцца лёгка і радасна…


… Кожны дзень Галіна Тарасаўна дзякуе Усявышняму за новы дзень, за магчымасць працаваць. Сядзець на лаўцы і пстрыкаць семечкі, як многія пенсіянеры, – зусім не пра гэтую жанчыну. У яе ёсць свой Сусвет, напоўнены любімай сям’ёй – мужам, дзецьмі, унукамі, шчырай верай, добрасумленнай працай, творчасцю, музыкай, бескарыслівай дапамогай таму, хто побач. І гэты сусвет, натуральна, межаў не мае…

Вікторыя ПРЫКОТА

(Visited 9 times, 9 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У свой час Галіна Чумакова літаральна збегла ад жыцця ў вялікім горадзе на чужыне – за некалькі гадоў так і
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика