Жыхар вёскі Навумаўцы Ян Верабей - равеснік Шчучынскага раёна. Раскажам, як склаўся лёс гэтага чалавека. 21.by

Жыхар вёскі Навумаўцы Ян Верабей - равеснік Шчучынскага раёна. Раскажам, як склаўся лёс гэтага чалавека

15.01.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Заўтра, 15 студзеня, спаўняецца 80 год з моманту ўтварэння Шчучынскага раёна. У гэты ж дзень прыйдзе свята і ў дом жыхара вёскі Навумаўцы Яна Пятровіча Вераб’я. Свой 80-гадовы юбілей гэты сціплы, працавіты і прыстойны чалавек сустракае бадзёрым, пры выдатнай памяці, з аптымізмам і надзеяй на добрае. “Дык мы з раёнам равеснікі?!” – шчыра здзіўляецца і радуецца Пятровіч. І зусім не супраць успомніць сваё жыццё і працоўныя будні.

«Дастойны чалавек, а ўжо які працавіты!», – так коратка і ёмка ахарактарызавалі вяскоўца ў Васіліш-каўскім сельвыканкаме. Людзі ведаюць, што кажуць, бо жыццё Яна Вераб’я ў землякоў як на далоні. Ён з мясцовых, нарадзіўся ў суседніх з Навумаўцамі Баярах. Праўда, лёс выпаў яму зусім не баярскі. «Бацькі не памятаю, – уздыхае мужчына. – Мне было некалькі месяцаў, калі ён памёр». Матуля ўзваліла на свае плечы клопаты пра траіх дзяцей. Ноша, хоць і свая, але знясільвала, аслабляла арганізм, які аднойчы не змог справіцца з хваробай…



Саракавыя, пяцідзясятыя – няпростыя і для краіны, і для людзей. Ужо з 15 год Ян, адзіны мужчына ў сям’і, пайшоў у пастушкі – так зарабляў на жыццё. А ў 1959 годзе хлопца прызвалі ў армію. Адслужыў у Мурманску тры гады і чатыры месяцы, вярнуўся дамоў і адразу да брыгадзіра: «Дайце работу». Праз два тыдні той прапанаваў пайсці на курсы механізатараў. Пагадзіўся. «Вучыліся мы, а разам са мной былі і іншыя мясцовыя хлопцы, у Скрыбаўцах. Там і жылі, дамоў прыязджалі толькі на выхадныя. Чатыры месяцы заняткаў – і да працы», – прыгадвае Я.П. Верабей.
Кабіна ДТ-54 – першае рабочае месца ў калектыўнай гаспадарцы. «На гэтым трактары я араў, сеяў, культываваў. Мясціны ў акрузе нізкія, так што мой «датовец» без справы не стаяў. А зімой вазіў на палеткі торф з навакольных балот, – распавядае Ян Пятровіч. – Дванаццаць гадоў на гэтым трактары і адпрацаваў. І на рамонце ў майстэрні рукі абіваў, і ў полі наладжваў. Бывала, падсцелеш саломкі ці якую старызну пад спіну і круціш гайкі…».
Хоць Ян Пятровіч і носіць «крылатае» прозвішча, але з месца на месца не пералятаў, нікому не дакучаў. Толькі аднойчы адважыўся патурбаваць начальства просьбай: «Дайце «Беларуса». Даверылі. І так атрымалася, што гэты трактар і гэты чалавек не разлучаліся 22 гады. А калі механізатар аформіў пенсію (дарэчы, потым яшчэ два гады працаваў), кіраўніцтва саўгаса «Шчучынскі» вырашыла перадаць нястомнаму і сумленнаму працаўніку яго «жалезнага каня». Праўда, без прычапных прылад. Час быў няпросты, 90-ыя, лішніх сродкаў для іх набыцця ў сямейным бюджэце не знайшлося, таму, калі аб’явіўся пакупнік, з тэхнікай давялося развітацца, прызнаецца гаспадар .
Работа, работа і яшчэ раз работа… Яна забірала ў Яна Пятровіча большую частку сутак. «Працаваў ад цямна да цямна, – так вызначае ён сёння свае механізатарскія будні. – І ноч у полі заставала. Бывала, едзеш і хвалюешся, каб хаця прычэпшчык на павароце не зваліўся…».
Простымі словамі расказвае пра вечную мужаву занятасць жонка Ганна Станіславаўна:
– Купілі мы з ім гэту хату, прыйшлося крыць дах шыферам. Дык майго гаспадара з работы не адпусцілі – такі запатрабаваны і незаменны быў. Як пойдзе на працу – на ўвесь дзень. Возьме, бывала, з сабой абед, так некранутым назад і прынясе – за работай не знойдзе хвілінкі паесці…
Ян Пятровіч пагаджаецца: не ў яго натуры не тое што лайдачыць, нават у цянёчку пасядзець. Рукі заўжды патрабавалі занятку. Вось і цяпер, у свае 80, ён па-ранейшаму ў руху: трымае кабылку, нарыхтоўвае для яе корм, дапамагае жонцы ўпраўляцца з пярнатай жыўнасцю.
Ян Пятровіч і Ганна Станіславаўна (яна родам з вёскі Трудавая, што, заўважу, таксама сімвалічна) пражылі разам больш за паўстагоддзя. А прыкмеціў калісьці Ян сімпатычную Аню Слапік… на ферме, дзе тая працавала даяркай. То вядзерка з малаком паднясе, то корм за яе кароўкам падкіне… Заваяваў давер, упаў у вока, і сышліся яны на доўгі век. Калі ў маладой сям’і нарадзілася трое дзяцей, догляд за імі быў на матулі, пакуль бацька шчыраваў на саўгаснай ніве. Дачка і два сыны даўно дарослыя. Рэгіна жыве ў Брэсце, а Генадзь у Зенюках, працуе на Шчучынскай птушкафабрыцы. Абое маюць аўтарытэт, у іх добрыя сем’і і дастатак у дамах. А сярэдні сын Іван прыгадзіўся там, дзе нарадзіўся, застаўся жыць пры бацьках. Дзеці, чацвёра ўнукаў і праўнучка збяруцца, каб павіншаваць Яна Пятровіча з 80-годдзем. Юбіляр ужо і кафэ для такога выпадку замовіў. «Усіх спрасіў!», – радуецца ён. Нагода пабачыцца і павесяліцца надта ўжо добрая. І абавязкова будзе на гэтым вялікім зборы-банкеце прыгожая песня. Пеўчы дар і ў самога юбіляра, і ў яго жонкі, ды і ў многіх іншых прадстаўнікоў гэтай вялікай і дружнай радзіны. Так што спявайце, людзі добрыя, і жывіце доўга!
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заўтра, 15 студзеня, спаўняецца 80 год з моманту ўтварэння Шчучынскага раёна. У гэты ж дзень прыйдзе свята і ў дом жыхара вёскі Навумаўцы Яна Пятровіча Вераб’я. Свой...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика