У фае раённага Дома культуры аншлаг. На свята прыбылі найлепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, кіраўнікі, спецыялісты, адміністрацыя раёна, паважаныя госці. Сярод іх землякі, якія праслаўляюць родны край далёка за яго межамі. Абдымкі, успаміны, сэлфі на памяць на фоне выстаў-прэзентацый, дзе дэманстраваліся прамысловыя брэнды Міёршчыны, яе гістарычныя вехі і працоўныя подзвігі. Першыя крокі ў станаўленні раёна рабілі ветэраны, таму 80-годдзе для іх – вялікі і насычаны падзеямі перыяд.
У Леаніда Пухальскага, напрыклад, працоўная біяграфія паяднана з камбікормавым заводам. Неўпрыкмет пранесліся тыя 37 гадоў, калі прымаў удзел у яго будаўніцтве, наладжваў вытворчасць галоўным інжынерам, пасля ўзначальваў установу. На пасадзе дырэктара Леанід Альбінавіч спуску нікому не даваў, але тады ўсе імкнуліся працаваць на славу роднага краю і Радзімы. – Юбілей раёна – хваляванне і гордасць, што ёсць і мой уклад у яго развіццё, – не тоіць радасці пачэсны ветэран працы. – Хаця родам з Шаркаўшчынскага раёна, менавіта дзякуючы Міёршчыне адбыўся як грамадзянін і кіраўнік.
Выбіраючы гліняныя сувеніры, кіраўнік Апочацкага раёна Юрый Ільін і старшыня сходу дэпутатаў Алег Васілеўскі заўважылі: – Ужо не ўпершыню тут у гасцях. Едзем з задавальненнем і вяртаемся дадому з добрым настроем. Галоўная мясцовая вартасць – неверагодна чулыя і добразычлівыя людзі, якія любяць свой край. Цэнім міёрскую зямлю за самабытную прыроду, на гэты раз пад уражаннем ад знаёмства з прыгажунамі-аленямі ў Ніўніках. Жадаем Міёршчыне росквіту, далейшага шчаслівага жыцця яго жыхарам. Тым часам на сцэне дынамічна і чулліва загучаў аркестр баянаў і акардэонаў пад кіраўніцтвам Ігара Лаўца. З першых нот зала напоўнілася атмасферай любові да роднага краю, да куточка, дзе нарадзіўся і вырас, дзе сэрцу ўсё так міла і дорага.
Дзень нараджэння раёна – свята тых, хто стаяў ля яго вытокаў, хто пераняў эстафету і ўзяў на сябе адказнасць за яго далейшы лёс. Вядучыя Ірына Гушча і Леанід Касевіч перанеслі гледачоў у год заснавання раёна, ваенны і пасляваенны час, савецкую Міёршчыну. Прыводзілі найцікавейшыя факты з яе біяграфіі, называлі славутыя мясціны і прозвішчы слынных землякоў. Эстафету перанялі прадстаўнікі маладзейшага пакалення Яўгенія Шук і Макар Ажаль. Яны вялі дарогай падзей і дасягненняў ад 90-х да сучаснасці. На гэтым шляху таксама гучалі падзякі ўсім, хто ўклаў у развіццё раёна свае працу і талент, захаваў і памножыў найлепшыя традыцыі, смела будаваў планы і ўвасабляў іх у жыццё.
У святочнай прамове з нагоды 80-годдзя ўтварэння раёна старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў перш за ўсё аддаў даніну павагі мінуламу: як змагаліся мужныя воіны, будавалі мірнае жыццё працаўнікі. Чым жылі ўчора і што трэба зрабіць, каб заўтра стала найлепш. У тым зноў жа вялікае спадзяванне на таленавітых, старанных людзей, яны – вялікая каштоўнасць і рухавік прагрэсу. – Апошнія дзесяцігоддзі сталі свайго роду праверкай на трываласць таго, што стваралі, развівалі і бераглі папярэднікі. Тут ёсць чым ганарыцца. Так, згодна з дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла пабудавалі 12 аграгарадкоў. У 2007 годзе падалі прыродны газ у райцэнтр, у 2014-м ён прыйшоў у Дзісну. Газіфікаваны аграгарадкі Чэрасы і Узмёны. У 2018 годзе ўведзена ў эксплуатацыю цэнтральная раённая бальніца. Працягваецца будаўніцтва металапракатнага завода.
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў пацвердзіў, што для развіцця Міёрскага краю зроблена шмат, ёсць у яго будучыня. Новыя гарызонты адкрые металапракатны завод. Запуск вытворчасці пацягне за сабой не толькі развіццё прамысловасці, але і гандлю, сацыяльнай сферы, культуры, дазволіць палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў раёне.
– Пазітыўныя перамены адбываюцца і ў Дзісне, – гаварыў Уладзімір Уладзіміравіч. – Падведзены газ, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва станцыі абезжалезвання. У сакавіку распачнецца будаўніцтва дзевяцікватэрнага дома. Усё дзеля таго, каб у раёне заставалася моладзь, на змену старэйшым прыходзілі новыя кваліфікаваныя кадры.
Для паспяховага развіцця заўсёды важная работа кожнага: ад рабочага да спецыяліста. Заўважылі таксама, наколькі вялікая заслуга тых, хто ў розныя гады стаяў ля руля раёна. Пачэсныя госці і ўдзельнікі свята – былыя старшыні Міёрскага райвыканкама. За шматгадовую працу, вялікі ўклад ва ўсебаковае развіццё Міёршчыны Віктар Тарасевіч узнагароджаны Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў, Уладзімір Скавародка і Іван Паплаўскі – Ганаровымі граматамі аблвыканкама. Старшыня абласнога савета ветэранаў Сяргей Альсевіч асабліва падзякаваў працаўнікам, якія пранеслі любоў да роднай зямлі і прафесіі праз усё жыццё. Пачэснае званне «Заслужаны ветэран» пацвердзіў кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур.
У дзень нараджэння раёна адзначыла 80-гадовы юбілей Вера Іванаўна Кабяк з Басянкоў Язненскага сельсавета. Яе павіншаваў старшыня райвыканкама. Цёплыя словы адрасаваў і 70-гадоваму юбіляру, пісьменніку і паэту Славаміру Даргелю. Ураджэнец Міёршчыны жыве ў сталіцы, але бязмежна любіць міёрскі край. Яму прысвяціў нямала вершаў, чарговы прадэкламаваў са сцэны. Завочна цёплыя словы адрасавалі Лідзіі Мікалаеўне Аланцьевай – былому выхавацелю Александроўскага дзіцячага дома, пачэснай жыхарцы раёна, якая летась адзначыла стогадовы юбілей.
Са святам міёрскі край віншавалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўчук, дырэктар «Віцебскаблдарбуд», член Савета рэспублікі Уладзімір Мацвееў, намеснік начальніка Полацкага пагранатрада Міхаіл Харланчук, благачынны Міёрскай акругі протаіерэй Віктар Вабішчэвіч, канцлер Віцебскай дыяцэзіі рымска-каталіцкай царквы Віктар Місевіч, консул Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Сінція Паўра, старшыня думы Крустпілскага краю Латвійскай Рэспублікі Карліс Паберзс, сябры з Апочкі Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Паважаныя госці захапляліся душэўнымі мясцовымі жыхарамі, прыроднай і гістарычнай спадчынай краю. Наколькі багатая яна талентамі, маляўніча і поўна прадэманстравалі падзеі тэматычна і жанрава разнастайнага канцэрта. Душэўным і цёплым задумала сцэнарый свята рэжысёр РДК Вольга Борская. На ноце высокіх пачуццяў выступілі не толькі вядучыя, але і заслужаныя, калектывы «Мёрыца», «Азярніцы», «Язынка», «Дзісенчукі», салісты Тамара Якімёнак, Святлана Ішчук, Ігар Мятла, Святлана Бакевіч, Валянціна Пундзіс, Таццяна Бялевіч, Аляксандр Пахірка, Юрый Казлоў, Аляксей Конах, Дар’я і Яўгенія Шук, Уладзіслаў Сіманіс. Ярка і смела заяўляюць пра сябе артысты эстраднай студыі, вакальнага гуртка «Вems».
Пад прэм’еру песні на словы маладога паэта Аляксея Рачыцкага і музыку таленавітага Ігара Лаўца дружна перагарнулі ўжо 80-ую старонку міёрскай гісторыі. Наперадзе – вялікая будучыня. Задача ўсіх – не толькі прадоўжыць і захаваць традыцыі, гісторыю нашага краю, але і ўпісаць яркія новыя радкі ў яго біяграфію.
ПАВІНШАВАЛІ З 80-годдзем утварэння Міёрскага раёна:
Старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў. Старшыня Міёрскага райвыканкама 1973 – 1976 гадоў Віктар Карабань. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу другога склікання Наталля Ткачук. Кіраўніцтва Браслаўскага, Глыбоцкага і Верхнядзвінскага раёнаў, горада Наваполацка.