Відавочнае-неверагоднае Мiр-гары. 21.by

Відавочнае-неверагоднае Мiр-гары

05.12.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Колiшняе радзiвiлаўскае ўрочышча вабiць сваiмi таямнiцамi

А даводзiлася вам калi-небудзь бываць на Мiр-гары? Не, гэта не ў швейцарскiх Альпах i нават не ў добра вядомым усiм паўднёвым узбярэжжы Крыма. Гэта ў малавядомай (на вялiкi жаль) беларускай глыбiнцы. Мiр-гара — найвышэйшы пункт зусiм не гарыстай Случчыны. Адшукаць "пiк" не так проста: узвышэнне знаходзiцца ў лесе практычна на мяжы трох раёнаў — Слуцкага, Старадарожскага i Любанскага. Пра гэтыя мясцiны даводзiлася чуць шмат загадкавага, яны быццам ахiнутыя вэлюмам легендаў. А таму — мне туды дарога...

 

"Слядок" дапамог

Старшыня Сорагскага сельвыканкама Анатоль Кавальчук нарадзiўся на Старадарожчыне, а ў гэты край разам з бацькамi пераехаў у 1948-м. Атрымлiваецца, што Анатоль Іванавiч можа правамерна лiчыць сябе насамрэч тутэйшым — усё ж такi больш чым 60 гадоў тут пражыў. Ажанiўся, выгадаваў дзяцей, гадуе ўнукаў — гэта яго родная зямля. Таму i iмкнецца пра яе даведацца як мага больш. Бо мясцiны сапраўды з вельмi багатай мiнуўшчынай.

— Вось, пабачце, — паказвае Анатоль Кавальчук, як толькi мы выязджаем з Сорагаў, — вунь, быццам востраў, тая самая Мiр-гара i ёсць (шчыра кажучы, у той момант я нiчога не ўбачыў акрамя лясных "хваляў" удалечынi. Але прыгледзеўся — сапраўды зялёны "востраў". — Аўт.). — Я лiчу, што яна ўтварылася ў той час, калi рухаўся ледавiк. Месца стратэгiчнае (быццам схаванае ад лiшнiх вачэй), нездарма спрадвеку прываблiвала людзей, якiя, напэўна, i сялiлiся тут. Гэта прыроднае гарадзiшча. Я яшчэ сам памятаю, якi вакол лес быў i рэчкi.

Паколькi куток такi патаемны, то i выдаваць iнфармацыю пра яго людзi не спяшалiся. Добрае сховiшча падчас лiхалецця, а таксама з даўнiх часоў — святое месца. Спярша як паганскае капiшча, дзе нашы продкi здзяйснялi абрады ў гонар сваiх багоў. Магчыма, напамiн пра тыя гады — таямнiчы камень, якi месцiчы называюць не iнакш, як "божы слядок". Ляжыць ён прама на полi памiж вёскамi Сорагi i Волашава. Не сказаць, што валун, аднак валодае цудадзейнымi якасцямi. Нездарма ва ўсе часы iшлi да яго людзi. На камянi насамрэч вiдаць паглыбленнi, падобныя на след чалавека, сабакi i ката (прынамсi, тутэйшыя жыхары кажуць менавiта так).

Да "божага слядка" заўжды прыходзiлi падчас засухi, каб вымалiць дождж. I гэта, мабыць, зусiм не прымхi, паколькi вядомы канкрэтны выпадак. Камень замiнаў падчас правядзення сельскагаспадарчых работ на гэтым полi — трактарысты скардзiлiся кiраўнiцтву: трэба зварочваць, што вельмi нязручна. I было прынятае рашэнне: "слядок" адсюль прыбраць i пакласцi каля дарогi. Вернiкi былi супраць i ўгаворвалi не чапаць святы камень. Аднак да iх меркавання не прыслухалiся... I, як вынiк, — тым летам здарылася страшэнная сухмень. Камень адразу вярнулi на месца i ў той жа вечар пайшоў моцны дождж. "Слядок" дапамог", — кажуць мясцовыя бабулькi. Напэўна, яны маюць рацыю, бо калi глядзiш на гэты камень, то быццам адчуваеш нейкую сiлу, якая ад яго струменiцца.

Там, дзе князi мiрацца

Камень, старажытнае гарадзiшча, а яшчэ, кажуць, вялiкая колькасць курганных могiльнiкаў побач. Усё гэта ўтварае нейкую даволi гарманiчную старажытную супольнасць, нагадвае пра той асяродак, у якiм жылi нашы продкi. Пад'язджаем блiжэй i паўстае слушнае пытанне: а чаму ж менавiта Мiр-гара?

— Такiмi камянямi, адзiн з якiх мы пабачылi, акрамя ўсяго iншага раней пазначалi межы асобных уладанняў, — ахвотна тлумачыць Анатоль Кавальчук. — Вось так, напэўна, можна вызначыць, што раён цяперашнiх Сорагаў у даўнiя часы быў памежным. Таму лагiчна ўявiць: тут нярэдка здаралiся i ваенныя канфлiкты. Адзiн з такiх, па паданнях, скончыўся на Мiр-гары, дзе два князi, якiя дасюль ваявалi памiж сабой, прыйшлi да паразумення. Адсюль i такая назва.

У мясцовым школьным музеi захоўваецца сведчанне, што гэтыя землi калiсьцi называлi ўрочышчам "Мiр-гара". I належалi яны Радзiвiлам. Мясцiны адметныя яшчэ i тым, што тут калiсьцi на верхавiне сасны людзi назiралi з'яўленне Багародзiцы. Менавiта таму Сафiя Слуцкая вырашыла пабудаваць на таямнiчай гары храм. Жаданне княгiнi было здзейснена — з'явiлася Пакроўская царква (у гонар Пакрова Найсвяцейшай Багародзiцы). Так што месца намоленае з даўнiх часоў. I заўжды прыцягвала да сябе. Тут праводзiлiся восеньскiя пакроўскiя кiрмашы, якiя сталi традыцыйнымi i збiралi вялiкую колькасць людзей. Прычым не толькi з навакольных вёсак — прыязджалi сюды i здалёк. Набыць сёе-тое цi прадаць, а таксама абавязкова наведаць царкву, пастаяць у паўзмроку са свечкай, памалiцца i адчуць палёгку на душы.

Сасна, вядома, не захавалася, але доўгi час заставаўся "божы пянёк" (месцiчы казалi, што менавiта ад таго дрэва). Да яго прыходзiла шмат вернiкаў. Таму Пакроўская царква не пуставала. Аднак з цягам часу храм пачаў прыходзiць у заняпад i зусiм разбурыўся. Тутэйшыя жыхары, паводле расповедаў сваiх дзядоў, узгадваюць: маўляў, гэта адбылося яшчэ да рэвалюцыi 1917 года. Пасля таго як царква разбурылася, месцiчы пачалi знаходзiць на схiлах Мiр-гары абразы. Казалi, што гэта нездарма, i людзi не пакiнулi па-за ўвагай гэты знак. Усёй талакой сабралi грошы i пабудавалi новую царкву.

Але гэты храм прастаяў нядоўга. Захавалася дакладнае сведчанне аб тым, што 7 лiстапада 1933 года ў гэтых мясцiнах забiлi мясцовага хлопца. Злодзея не злавiлi, але чамусьцi жыхары вырашылi, што ён мог хавацца ў царкве на Мiр-гары. Часы былi атэiстычныя i, нядоўга думаючы, храм папросту разабралi. I... перавезлi ў Сорагi, дзе будынак пераабсталявалi пад збожжасховiшча. Рашэнне па тым часе "тыповае" — з храма зрабiць сховiшча. Пасля тут быў клуб, а калi з'явiўся новы Дом культуры, то памяшканнi зноў адвялi пад сховiшча (на гэты раз — для райспажыўтаварыства). Толькi ў 1990-м будынак аддалi вернiкам. Зноў збiралiся ўсёй талакой, каб аднавiць зняважаны храм. Нарэшце пачала дзейнiчаць Свята-Мiхайлаўская царква, якая быццам нябеснымi далонямi ахiнае старую вёску i аберагае тутэйшых жыхароў.

НЛА не бачылi?

Па пакручастай сцежцы разам з Анатолем Кавальчуком уздымаемся на Мiр-гару. Вакол — практычна непарушаная чалавекам прыгажосць. Побач з узвышанасцю ў свой час iнтэнсiўна секлi лес, але сюды амаль не дабралiся. Па адной простай прычыне — праблематычна вывозiць драўнiну. У асобных месцах схiл вялiкi, на транспарце не ўзбярэшся. Хiба што толькi пехам цi ўзiмку на лыжах. Ды i тое трэба асцярожна, паколькi на спуску можна лёгка галаву зламаць.

— Адчуваеце, якое паветра, — звяртае ўвагу Анатоль Кавальчук (паветра i сапраўды больш чыстае, нават нейкае празрыстае, здаецца, больш халоднае, чым унiзе, дзе мы пакiнулi машыну. — Аўт.). — Хоць i не Джамалунгма, аднак для Беларусi — сапраўдная адметнасць. Ды i лес тут у натуральным стане, як i павiнен быць. Я заўжды ўзгадваю словы акадэмiка Дзмiтрыя Лiхачова: ён казаў, што прыродныя комплексы толькi тады маюць асаблiвую цiкавасць, калi там не праводзiлася i не праводзiцца нiякiх гаспадарчых работ. Дарэчы, такi прынцып распаўсюджваецца на асаблiва ахоўных тэрыторыях. А для звычайнага лесу гэта рэдкасць — можна лiчыць, што Мiр-гары ў нечым пашанцавала.

На месцы колiшняй Пакроўскай царквы напрыканцы 1990-х гадоў вернiкi ўсталявалi металiчны крыж. Як успамiн аб былых часах, ды i не забывайце, што гэтае месца сапраўды святое i намоленае. I людзi iдуць сюды, каб адчуць усё гэта. Пяць гадоў таму да крыжа на Мiр-гары прыязджаў пакланiцца i адслужыў тут малебен мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi, Патрыяршы экзарх усяе Беларусi Фiларэт. Усё гэта, вядома ж, нездарма. Шкада толькi, што няма той царквы, якую ўзвяла калiсьцi Сафiя Слуцкая, а пасля адбудавалi тутэйшыя вернiкi.

Многiя прыязджаюць на Мiр-гару, каб адпачыць. Непадалёк зроблены лаўкi i сталы. Аднак нейкага пастаяннага маршруту няма. Мiж тым, тут можна абуладкаваць проста шыкоўны аб'ект, якiм, упэўнены, зацiкавiцца шмат турыстаў. Не трэба нiчога i прыдумляць — такая прыгажосць наўкола i столькi ўсяго цiкавага можна даведацца! Схiлы Мiр-гары парослыя лесам i, блукаючы па маляўнiчых сцяжынках, быццам набiраешся моцы. Нават за некалькi гадзiн, праведзеных тут, зараджаешся душэўнай энергiяй i аптымiзмам.

А ўфолагi нават лiчаць Мiр-гару анамальнай зонай. У сэнсе: у гэтых мясцiнах, верагодна, схаваны рэшткi старажытных... пiрамiд. Засталiся нават сведчаннi аб НЛА: быццам бы непадалёк бачылi тры аранжавыя шары, якiя свяцiлiся. Таксама кажуць, што адшукалi незвычайныя па геалагiчным складзе камянi. Хутчэй за ўсё, гэта рэшткi акамянелых слядоў марскiх жывёл i датуюцца яны некалькiмi сотнямi мiльёнаў гадоў...

Так што з Мiр-гарой усё вельмi няпроста (як казаў некалькi адзiн з герояў Булгакава) i гэтыя таямнiцы не варта хаваць. Наадварот — трэба, каб як мага больш людзей прыехала да Мiр-гары. Каб адчуць вiдавочнае i неверагоднае гэтых выдатных мясцiн.

Мiкалай ЛIТВIНАЎ. Фота аўтара.

Слуцкi раён. 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Колiшняе радзiвiлаўскае ўрочышча вабiць сваiмi таямнiцамi А даводзiлася вам калi-небудзь бываць на Мiр-гары? Не, гэта не ў швейцарскiх Альпах i нават не ў добра вядомым усiм паўднёвым узбярэжжы Крыма. Гэта ў малавядомай (на вялiкi жаль) беларускай глыбiнцы. Мiр-гара — найвышэйшы пункт зусiм не гарыстай Случчыны. Адшукаць "пiк" не так проста: узвышэнне знаходзiцца ў лесе практычна на мяжы трох раёнаў — Слуцкага, Старадарожскага i Любанскага. Пра гэтыя мясцiны даводзiлася чуць шмат загадкавага, яны быццам ахiнутыя вэлюмам легендаў. А таму — мне туды дарога...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика