Падымаючыся на швейцарскiя вышынi. 21.by

Падымаючыся на швейцарскiя вышынi

29.12.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У той час, калi пачалiся калядныя святы, i насельнiцтва з асалодай праводзiла некалькi запар выхадных дзён, хакеiсты мiнскага "Дынама" ў рэжыме нон-стоп раз за разам выходзiлi на пляцоўкi розных гарадоў. 23 снежня "бела-блакiтныя" ў рамках чэмпiянату КХЛ прымалi маскоўскае "Дынама", а ўжо на наступны дзень адправiлiся ў Швейцарыю на прэстыжны турнiр "Кубак Шпэнглера".

Аб усiм па парадку. Гульня супраць масквiчоў, на наступны дзень пасля паядынку з рыжскiмi дынамаўцамi, яшчэ раз даказала, што чалавечыя сiлы не бязмежныя. Вытрымаць два запар вечары на высокiх хуткасцях i з пiльнай увагай у абароне — задача вельмi цяжкая. Трошкi асвяжыць склад быў заклiканы навабранец — абаронца Цернаўскi, якi раней выступаў за новакузнецкi "Металург". (Пачынае насцярожваць тэндэнцыя трэнерскага штаба: калi Хэнлан рабiў стаўку на фiнаў i канадцаў, то Андрыеўскi запрашае расiян i ўкраiнцаў, пакiдаючы ў фарм-клубе беларусаў). Самы пачатак яшчэ раз падкрэслiў меркаванне аб стомленасцi. Расiйская каманда, у якой сярод "першых скрыпак" i форвард нацыянальнай зборнай Беларусi Аляксей Калюжны, ведаючы, напэўна, аб традыцыйна моцным пачатку ў выкананнi гаспадароў, сама пайшла наперад. Мезiну давялося пару разоў паказваць узровень свайго майстэрства. На дванаццатай жа хвiлiне не па-абарончы ўпэўнена за чужымi варотамi згуляў Уэскат, якi выклаў пас на пятак Плату. Джэф кiнуў дакладна. 1:0 — i адчуванне, што не ўсё так проста складзецца ў гэты вечар для заезджых зорак. Аднак лёгкае пачуццё разляцелася на маленькiя кавалкi падобна да таго, як на пачатку другога перыяду рассыпалася чарговае шкло вакол пляцоўкi Палаца спорту. Пасля некалькiх хвiлiн паўзы Крысанаў, згуляўшы на дабiваннi, зраўняў лiк. Не згодным з такiм рухам падзей выступiў Андрэй Мiхалёў. Ужо на сямнаццатай секундзе апошняй дваццацiхвiлiнкi ён выдраў шайбу за варотамi i завярнуў "баброўскую" пятлю, накiраваўшы гульнявы снарад памiж шчыткоў Ерамеева. Тое, як змяняўся лiк далей, можна смела, нават зусiм не перабольшваючы, "спiсаць" на стомленасць "зубраў". У iншым выпадку яны наўрад цi празявалi б галявыя выпады Омарка i Камарова. Апошняму галявы пас аддаваў Вайнхандль, дарэчы, у нядзелю названы сярод 23 гульцоў шведскай алiмпiйскай зборнай.

"Бела-блакiтным" можна шчыра паспачуваць. Графiк гульняў у iх зараз фантастычна насычаны. З 22 па 30 снежня, а гэта 9 дзён, дынамаўцаў чакае шэсць выхадаў на лёд. У выпадку выхаду ў фiнал "Кубка Шпэнглера" — нават 7 за 10 дзён. Некалькi слоў пра сам турнiр. Ён быў арганiзаваны яшчэ ў 1923 годзе. I з таго часу швейцарскi горад Давос у калядныя днi традыцыйна прымае лепшыя еўрапейскiя каманды. Найбольшая колькасць перамог за гаспадарамi — 14. Зборная Канады, складзеная з паўночнаамерыканцаў, якiя выступаюць за еўрапейскiя клубы, перамагала 12 разоў. Мiнскае "Дынама" стала першай беларускай камандай, запрошанай на турнiр такога рангу. I адразу ж патрэбна было супрацьстаяць гаспадарам. Не сказаць, што яны моцна здзiвiлi. Гульня iх нечым нагадвала гульню зборнай альпiйскай краiны: моцна, старанна, нават выдрэсiравана, але без вялiкай фантазii. I канчатковы вынiк — 3:2 на карысць швейцарцаў — склаўся, трэба сказаць, кур'ёзна. Зрабiўшы дубль, Рэта фон Аркс нi ў адным з гэтых выпадкаў нават не кiдаў па варотах. На першай хвiлiне паядынку цэнтральны нападаючы ў сярэдняй зоне падстаўляў клюшку пад моцны пас партнёра, каб не дазволiць арбiтрам свiснуць пракiд, але гульнявы дыск па неверагоднай траекторыi паляцеў у бок не чакаўшага такога падвоху Коваля i прашмыгнуў яму памiж шчыткоў. У другi раз Рэта дапамог наш абаронца Антонаў, ад канька якога шайба папала ў свае вароты. Беларусы, цi ў гэтым выпадку будзе лепш сказаць — дынамаўцы, закiдвалi больш асэнсавана: i пасля камбiнацыi Варламава з Качатковым, i пасля праходу Ёкелы. На жаль, гэтага не хапiла для станоўчага вынiку, бо на 57-й хвiлiне, пасля выдалення Дзямкова, Навуменка прынёс перамогу сваёй камандзе.

Ужо на наступны дзень супернiкам мiнчан стаў нямецкi "Мангейм", толькi распачынаючы турнiр. У складзе нашай каманды не абышлося без зменаў. Трошкi адпачыўшы, на лёд вярнулiся Пелтанен i Плат. Месца ў варотах заняў Андрэй Мезiн. Калi казаць пра ход паядынку, трэба, безумоўна, адзначыць, што цiкавай гульня не была. Каманды старалiся, беларусы больш валодалi iнiцыятывай, але хуткасцi абодвум супернiкам не хапала. Першая шайба ж, наадварот, атрымалася на дзiва iмклiвай: выстаяўшы ў меншасцi, беларусы правялi хуткую "вертыкальную" атаку, напрыканцы якой Качаткоў вылажыў шайбу пад галявы кiдок Варламава. Шайба стала другой для ўкраiнца ў спаборнiцтвах. А вось на пачатку трэцяга перыяду ўжо немцы добра згулялi на дабiваннi, зраўняўшы лiк. Быць бы дадатковаму часу, каб лiтаральна праз дзве хвiлiны Кавыршын не вывеў беларусаў наперад. Свайго яны ўжо не саступiлi. Ёсць першая перамога!

Яўген ВАРАКСА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У той час, калi пачалiся калядныя святы, i насельнiцтва з асалодай праводзiла некалькi запар выхадных дзён, хакеiсты мiнскага "Дынама" ў рэжыме нон-стоп раз за разам выходзiлi на пляцоўкi розных гарадоў. 23 снежня "бела-блакiтныя" ў рамках чэмпiянату КХЛ прымалi маскоўскае "Дынама", а ўжо на наступны дзень адправiлiся ў Швейцарыю на прэстыжны турнiр "Кубак Шпэнглера
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика