Сталіца крочыць за МКАД
25.03.2010
—
Новости Общества
|
Галоўная праблема — МАЗ Як паказаў пачатак года, у цэлым сталіца забяспечвае прырост паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Разам з тым, агульныя для ўсяго свету праблемы не абышлі бокам і Мінск, а асабліва няпростая сітуацыя склалася на МАЗе — сёлета аб'ём вытворчасці прадпрыемства складае прыкладна 70 працэнтаў ад узроўню І квартала мінулага года. Прычым МАЗ — завод асаблівы. Дастаткова сказаць, што тут працуе каля 28 тысяч чалавек. — Магчыма, галоўнай для буйных гарадоў сапраўды з'яўляецца сфера паслуг, але таксама не сакрэт: ніводная сталіца ў свеце не адмаўляецца ад буйной вытворчасці, — адзначыў в.а. мэра. — І выйсце для прамысловасці, і ў прыватнасці, для МАЗа — развіццё рэгіянальных эканамічных сувязяў. Нам удаецца адшукаць новыя кантракты на пастаўку тэхнікі — у Туркменістан, Азербайджан, Малдову, Венэсуэлу. Таму мы спадзяёмся: сёлета завод усё ж здолее выйсці на ўзровень "дакрызіснага" 2008 года. Гэта задача складаная, але яе трэба вырашыць — тым больш што на МАЗе "завязана" работа многіх прадпрыемстваў краіны. Дарэчы, выхад на знешнія рынкі — пытанне актуальнае для ўсіх. Адзін з прыкладаў. На працягу апошніх гадоў сталіца практычна закончыла аднаўленне свайго трамвайна-тралейбуснага парка, у хуткім часе тое ж зробяць і абласныя цэнтры. Надалей патрэба ў гэтай тэхніцы будзе мінімальнай, магчыма, за выключэннем новых распрацовак — трамваяў, падобных на хуткасныя цягнікі. Адпаведна, для айчыннага вытворцы трамваяў і тралейбусаў, прадпрыемства "Белкамунмаш", застаецца адзін варыянт — экспарт. Таму толькі летась завод спрабаваў знайсці сваю нішу ў 30 краінах і выйграў тэндары на пастаўкі ў Сербію, ва Украіну, у Расію. А цяпер разглядаюцца праекты стварэння сумесных прадпрыемстваў у Маскве, ва Украіне, у Германіі. Разам з тым, Мікалай Ладуцька перакананы, што для паспяховага прасоўвання за мяжу неабходна больш актыўна выкарыстоўваць новыя шляхі. І ў прыватнасці, гаворка пра магчымасці міжнародных электронных пляцовак. Што зрушыць чэргі? Не сакрэт, што стан эканомікі вызначае магчымасці вырашэння сацыяльных пытанняў. І ці не найбольш вострым з іх для сталіцы застаецца жыллё. Колькасць насельніцтва Мінска паступова набліжаецца да 2-мільённай адзнакі, і ў тым ліку за кошт міграцыі — скажам, летась на сталае месца жыхарства ў горад пераехала 25 тысяч жыхароў з іншых рэгіёнаў. Наўрад ці ёсць сэнс наракаць на міграцыю — для мегаполісаў гэта з'ява тыповая. Аднак толькі ў якасці канстатацыі: сталіцы не хапае больш чым 200 тысяч кватэр. Толькі ў інтэрнатах пражывае каля 33 тысяч мінскіх сем'яў. — Сітуацыя ўскладняецца тым, што за апошнія пяць гадоў сталіца практычна вычарпала запас інжынерна-транспартнай інфраструктуры, — адзначае Мікалай Ладуцька. — Для новых кварталаў, што ўзнікаюць фактычна ў чыстым полі, яе трэба ствараць з нуля. Так, нам удалося правесці рэканструкцыю дзвюх цеплаэлектрастанцый, але для забеспячэння новабудоўляў цяплом і электраэнергіяй гораду неабходныя яшчэ дзве ЦЭЦ. І ўсё гэта — выдаткі выключна бюджэту. Не менш складаная тэма — непасрэдна будаўніцтва жылля. У сувязі з гэтым, паведаміў в.а. мэра, у бліжэйшы час плануецца вярнуцца да сумеснага з Кітаем праекта па стварэнні новага завода па вытворчасці зборнага жалезабетону. Плануецца, што магутнасцяў завода хопіць на наступныя 20—25 гадоў. Адначасова в.а. старшыні Мінгарвыканкама заўважыў, што ніхто не супраць прыцягнення да будаўніцтва жылля замежных кампаній — гэта практыка сусветная, да таго ж замежныя кампаніі робяць укладанні ў інфраструктуру, купляюць беларускую тэхніку і будматэрыялы. Зноў жа распаўсюджаная ў іншых краінах з'ява — і выкарыстанне пазыковых сродкаў. На думку Мікалая Ладуцькі, нічога страшнага тут няма — галоўнае, зрабіць дакладныя эканамічныя разлікі. Прычым пазыковая сістэма павінна паспрыяць вырашэнню не толькі жыллёвай, але і іншых праблем — напрыклад, з медыцынскім абслугоўваннем. Пакуль у бальніцах горада не хапае 1200 ложкаў. Гэта пытанне плануецца зняць прыкладна за 4 гады. "Прыватны сектар" цалкам не знікне Пры супастаўляльнай колькасці жыхароў плошча Мінска ўдвая меншая, чым плошча Варшавы. Па сутнасці беларуская сталіца займае тэрыторыю, аднолькавую з 700-тысячнай Рыгай. А адсюль — і праблема залішняй "шчыльнасці". Можна сказаць нават больш: найбуйнейшаму гораду Беларусі не хапае земляў. Тым часам, паведаміў Мікалай Ладуцька, цяпер заканчваецца пакет узгадненняў з рознымі інстанцыямі рашэння аб пашырэнні гарадскіх межаў. У склад сталіцы ўвойдуць вёскі Шчомысліца, Тарасава, Дзегцяроўка, Ельніца, Новы Двор, мегаполіс працягне свой выхад за МКАД. Прычым ужо налета за межамі кальцавой аўтадарогі пачнецца пракладка інжынерных камунікацый, а ў 2012 годзе ў новых мікрараёнах будуць здадзеныя ў эксплуатацыю першыя дамы. Паралельна горад атрымае землі ў раёне Смалявічаў, Кургана Славы, Заслаўя, Лагойска для развіцця індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва — мяркуецца, што тут мінчане змогуць пабудаваць каля 12 тысяч дамоў. Пры гэтым не выключаецца варыянт падтрымкі такога будаўніцтва на ўмовах, аднолькавых для сельскай мясцовасці, — у тым ліку маецца на ўвазе льготнае крэдытаванне пад 1 працэнт гадавых. Разам з тым, в.а. мэра падкрэсліў: сёння пытанне аб зносе ўсяго "прыватнага сектара" і будаўніцтве на гэтым месцы шматкватэрнікаў ўсярэдзіне МКАД ужо не стаіць так адназначна. Знос будзе праводзіцца выбарачна — пад патрэбу ў тых або іншых сацыяльных аб'ектах. Перспектыўны напрамак — гатэль Мінск — перш-наперш сталіца, а, значыць, у любым выпадку горад, які будзе прыцягваць гасцей. Аднак тут узнікаюць свае нюансы. Паводле ўсіх стандартаў, зыходзячы з колькасці насельніцтва мегаполіс павінен мець як мінімум 10 тысяч гасцінічных месцаў. Але рэаліі іншыя: пакуль такіх месцаў усяго 4,5 тысячы. Сёння, паведаміў Мікалай Ладуцька, для патэнцыйнага будаўніцтва гасцініц у Мінску вызначаныя каля 40 пляцовак. Але тут сталіца спадзяецца на інвестыцыі. Прычым в.а. мэра заўважыў: выйграе той, хто зацікавіцца прапановай хутчэй — праз некалькі гадоў "прагал" будзе запоўнены цалкам. Кіёск не вернецца Рашэнне наконт камерцыйных шапікаў застанецца без змяненняў — чакаць іх вяртання не трэба. Як паведаміў Мікалай Ладуцька, у горадзе налічваецца больш за 2800 крамаў, так што праблем з набыццём тавараў узнікаць не павінна. Прычым гэта колькасць будзе ўзрастаць, у тым ліку, за кошт буйных гандлёвых цэнтраў. Нядаўна яшчэ адзін такі цэнтр адчыніўся ў Шабанах, а ў хуткім часе тое ж адбудзецца ў Чыжоўцы. Пад паркінгі — ільготны крэдыт? Рост горада заўсёды абвастрае праблемы з транспартам. Як нагадаў Мікалай Ладуцька, ужо зроблена транспартная развязка на вуліцы Кальварыйскай, распачатыя работы па вуліцы Маякоўскага. Праўда, будаўніцтва інфраструктуры "цягне" і дадатковыя нязручнасці — прыкладам з'яўляецца перакапаны праспект Дзяржынскага. Гэта звязана з будаўніцтвам метро, прычым планы тут застаюцца без зменаў: тры новыя станцыі ў напрамку раёнаў Паўднёвы Захад і Малінаўка павінны быць уведзеныя ў 2012-м, а яшчэ адна станцыя — у 2014 годзе. Адначасова за тыя ж чатыры гады на праспекце Дзяржынскага будуць пабудаваныя і тры транспартныя развязкі. У сталіцы — 630 тысяч аўтамабіляў, і гэта лічба працягвае ўзрастаць. А адсюль — і цяжкасці з паркоўкамі. Па сутнасці найбольш распаўсюджаным выйсцем тут застаюцца двары, але гэта — варыянт для жыхароў зноў жа нязручны. — На тэрыторыі сталіцы магчыма стварыць каля 250 тысяч месцаў для цывілізаванай паркоўкі аўтатранспарту, і работа ў гэтым напрамку вядзецца, — заўважыў Мікалай Ладуцька. — Але тут узнікае праблема: будаўніцтва месца ў паркінгу каштуе каля 10 тысяч долараў. Знайсці такія грошы большасці жыхароў цяжка, таму мы бачым ці не адзінае выйсце: зняць пытанне за кошт ільготнага крэдытавання. Прынамсі, разглядаць такі варыянт у дачыненні да сталіцы трэба. З іншага боку, Мікалай Ладуцька паведаміў, што на разгляд Савета Міністраў уносіцца прапанова забараніць на заканадаўчым узроўні паркоўку грузавікоў у сталіцы ў дварах і ўздоўж дарог. Дазволіць такую паркоўку плануецца толькі на свабоднай тэрыторыі прадпрыемстваў або на іншых тэрыторыях, якія фактычна нікім не выкарыстоўваюцца. Сяргей ГРЫБ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як паказаў пачатак года, у цэлым сталіца забяспечвае прырост паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Разам з тым, агульныя для ўсяго свету праблемы не абышлі бокам і Мінск, а асабліва няпростая сітуацыя склалася на МАЗе — сёлета аб'ём вытворчасці прадпрыемства складае прыкладна 70 працэнтаў ад узроўню І квартала мінулага года. Прычым МАЗ — завод асаблівы. Дастаткова сказаць, што тут працуе каля 28 тысяч чалавек. — Магчыма, галоўнай для буйных гарадоў сапраўды з'яўляецца сфера паслуг, але таксама не сакрэт: ніводная сталіца ў свеце не адмаўляецца ад буйной вытворчасці, — адзначыў в.а. мэра. — І выйсце для прамысловасці, і ў прыватнасці, для МАЗа — развіццё рэгіянальных эканамічных сувязяў. Нам удаецца адшукаць новыя кантракты на пастаўку тэхнікі — у Туркменістан, Азербайджан, Малдову, Венэсуэлу. Таму мы спадзяёмся: сёлета завод усё ж здолее выйсці на ўзровень "дакрызіснага" 2008 года. Гэта задача складаная, але яе трэба вырашыць — тым больш што на МАЗе "завязана" работа многіх прадпрыемстваў краіны
|
|