Летам — зноў аншлаг. 21.by

Летам — зноў аншлаг

01.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Для набыцця пуцёвак на чэрвень-жнівень засталося ўсяго 2-4 тыдні

Сяргей ГРЫБ

Плануецца, што сёлета ў параўнанні з папярэднімі гадамі агульныя паказчыкі аздараўлення ў Беларусі не зменшацца. Пры гэтым, як паведаміў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, папярэдні прагноз такі: каля 800 тысяч грамадзян краіны атрымаюць пуцёўкі з дзяржаўнай датацыяй, а больш за 450 тысяч чалавек — набудуць іх цалкам за ўласныя сродкі.

Перш-наперш сродкі з бюджэту і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва будуць выдаткоўвацца на дзяцей. На працягу гэтага года ім плануецца прадаставіць каля 700 тысяч пуцёвак, і ў тым ліку 103 тысячы пуцёвак дзецям з "чарнобыльскіх" рэгіёнаў, а таксама 4,5 тысячы пуцёвак — дзецям-інвалідам і іх суправаджальнікам. Але "галоўнае" аздараўленне пройдзе ў кругласутачных і дзённых лагерах. Толькі падчас летніх канікулаў іх мае наведаць 418 тысяч школьнікаў.

Дарэчы, ужо разлічана: у сярэднім (з ваганнямі як у меншы, так і ў большы бок) кошт пуцёўкі ў кругласутачны аздараўленчы лагер сёлета складзе прыкладна 600 тысяч рублёў, прычым 280 тысяч з іх "аўтаматычна" пакрые дзярждатацыя. Апроч таго, захаваецца практыка "дадатковай кампенсацыі" адпачынку арганізацыямі і прафкамамі.

Яшчэ танней абыдуцца бацькамі іншыя "летнія" варыянты. Сярэдні поўны кошт аздараўлення ў дзённых лагерах складзе 135 тысяч, а ў так званых "профільных" лагерах з кругласутачным знаходжаннем — 145 тысяч рублёў. А памеры дзярждатацый — 120 і 125 тысяч рублёў адпаведна.

Паводле слоў Генадзя Балбатоўскага, асаблівых праблем з дзіцячымі пуцёўкамі сёлета не будзе. Іншая справа — дарослыя. Са стопрацэнтнай гарантыяй можна толькі сцвярджаць, што ў санаторыі патрапяць усе ветэраны вайны — зразумела, пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў.

Не сакрэт, што заўсёды найбольш прывабны шлях — аздараўленне праз Рэспубліканскі цэнтр. Прычыны тут дзве. Першая — ніжэйшы кошт пуцёвак у санаторыі. Так, з улікам прыкладна 9-працэнтнага падаражання адносна мінулага года, сёлета сярэдняя з улікам ступені камфорту "разбежка" можа быць значнай) цана на 18 дзён тут складзе крыху больш за 900 тысяч рублёў.

Другая прычына — магчымасць карыстання дзяржаўнымі датацыямі. Напрыклад, з 1 мая грамадзянам з даходам да 550 тысяч давядзецца аплаціць самастойна 20, а з даходам ад 1,1 да 1,6 мільёна рублёў — 55 працэнтаў поўнага кошту адпачынку. 100-працэнтная аплата прадугледжаная толькі для асобаў са штомесячным даходам звыш 5,5 мільёна рублёў.

Разам з тым, атрымаць дарослую "датаваную" пуцёўку змогуць далёка не ўсе. Для грамадзян, якія працуюць, запланавана выдзяленне толькі 33 тысяч такіх пуцёвак. Варыянт для астатніх — свабодны продаж. Прычым плаціць за пуцёўку ў такім разе давядзецца цалкам і, да таго ж, больш.

Сярэдні кошт адпачынку пры набыцці пуцёўкі ў свабодным продажы сёлета будзе вагацца ў межах 60-90 тысяч рублёў за дзень. І гэта яшчэ далёка не "столь". За дзень у некаторых найбольш прэстыжных і камфортных беларускіх здраўніцах можа аддаць ад 70-80 да 100 "умоўных адзінак" у эквіваленце. Прычым Генадзь Балбатоўскі зазначыў: для атрымання эфекту ад лячэння дарослы чалавек павінен знаходзіцца тут як мінімум 18 дзён.

Зрэшты, людзей, што жадаюць плаціць, знаходзіцца нямала. Можна сказаць, нават больш, чым трэба: гэтым летам нам прыйдзецца зноў сутыкнуцца з дэфіцытам.

Як заўважыў Генадзь Балбатоўскі, летась беларускія санаторыі наведала 130 тысяч замежных грамадзян. Толькі за пражыванне і лячэнне яны заплацілі 145 мільярдаў рублёў — перш-наперш гэтыя сродкі пайшлі на паляпшэнне інфраструктуры санаторыяў. Але сітуацыя аказалася неадназначнай — у значнай ступені застаўся незадаволеным попыт на пуцёўкі сярод беларусаў. Таму вырашана ўвесці пэўнае "неафіцыйнае" абмежаванне. Сёлета колькасць пуцёвак, якія здраўніцы прадаюць іншаземцам, не павінна перавышаць узроўню 30-40 працэнтаў. Адпаведна, астатняя "квота" прызначаецца для грамадзян нашай краіны.

— Цяпер агульная умяшчальнасць нашых санаторыяў складае 24,5 тысячы месцаў, — распавёў Генадзь Балбатоўскі. — Так, сёлета гэты паказчык крыху ўзрасце — дзякуючы рэканструкцыі турыстычнай гасцініцы "Нарач" і ўвядзенню ў эксплуатацыю новага корпуса санаторыя "Крыніца". Аднак нельга не прызнаць: кардынальна сітуацыю гэта не зменіць.

У якасці выйсця прапрацоўваецца варыянт супрацоўніцтва з прылеглымі да санаторыяў аграсядзібамі з тым, каб рассяляць у іх людзей, якія змогуць атрымліваць неабходныя працэдуры ў здраўніцах. Але тут узнікае праблема. Адлегласць ад большасці аграсядзіб да санаторыяў — значная. Як вынік, атрымліваюцца занадта вялікімі транспартныя выдаткі.

Што да стварэння новых "плошчаў", то тут асноўная цяжкасць — пошук сродкаў. Сапраўды, цяпер вывучаецца інвестыцыйны праект па заканчэнні закансерваванага будаўніцтва санаторыя "Вячэлле" на Ушаччыне. Аднак пакуль гэты прыклад з'яўляецца выключэннем. Вялікай зацікаўленасці ў "санаторным" бізнэсе, асабліва з боку айчынных дзелавых колаў, не назіраецца.

— Нельга скідваць з рахункаў і наступную акалічнасць: ствараць санаторыі можна толькі там, дзе ёсць прыродныя лячэбныя фактары, — падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі. — Перспектыўныя пляцоўкі тут яшчэ ёсць: нядаўна ў наваколлі пасёлка Відзы на Віцебшчыне знойдзены аналаг серавадароднай вады тыпу "мацэста". Па сутнасці, мы можам мець альтэрнатыву Сочы. Але зноў жа: для стварэння санаторыя патрабуюцца інвестыцыі. А гэта ў любым выпадку — час.

У Рэспубліканскім цэнтры робяць даволі канкрэтны прагноз — беларускія здраўніцы могуць прадаць усе свае пуцёўкі на лета ўжо да другой паловы красавіка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Плануецца, што сёлета ў параўнанні з папярэднімі гадамі агульныя паказчыкі аздараўлення ў Беларусі не зменшацца. Пры гэтым, як паведаміў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, папярэдні прагноз такі: каля 800 тысяч грамадзян краіны атрымаюць пуцёўкі з дзяржаўнай датацыяй, а больш за 450 тысяч чалавек — набудуць іх цалкам за ўласныя сродкі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика