Брама ў Еўропу. Што беларусаў чакае на польскай мяжы. 21.by

Брама ў Еўропу. Што беларусаў чакае на польскай мяжы

17.05.2010 12:27 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Многім з нас, едучы за мяжу ў заходнім накірунку, выпадае перасякаць польскую мяжу: на ўласным аўто, аўтобусе, альбо цягніку. Разам з інтэрнацыянальнай групай журналістаў карэспандэнт TUT.BY наведаў памежны пераход “Баброўнікі”, убачыўшы з сярэдзіны, як ахоўваюць крайні фарпост Еўразвяза.

Польскі памежны пераход “Баброўнікі”, што ў Беларусі часцей называюць “Бераставіца”, быў створаны ў 1991 годзе. З далучэннем Польшчы да Еўразвязу (2004) ён стаў адным з крайніх фарпостаў аб’яднанай Еўропы. З 21 снежня 2007 - мяжой Шэнгену.

Вынікам апошняй падзеі (працэдура атрымання віз стала складаней, а іх кошт для беларусаў вырас да 60 еўра) - рэзкае скарачэнне памежнага руху. “Баброўнікі” разлічаны на пропуск 10-12 тысяч чалавек, каля 3 тысяч легкавікоў і 800 вялікагрузных аўто за суткі. Калі да “шэнгенскай эры” памежпункт у абодвух кірунках перасякала 1,47 млн чалавек (2007), то цяпер 753 тысячы. Колькасць транспартных сродкаў скарацілася прыблізна на 60% і летась склала 478 тысяч.







У некалькіх дзесятках крокаў - беларуская зямля. 





Мяжа паміж Беларуссю і Польшчай праходзіць па рэчышчы ракі Свіслач.



Усе пераходы на знешніх межах Еўразвязу абсталяваныя радыёметрычнымі брамкамі, якія дазваляюць знайсці кантрабанду радыёактыўных матэрыялаў. Але здаралася, што сістэма пачынала рэагаваць на людзей, якія нядаўна праходзілі адпаведнае лячэнне.





У адмысловым свірне месціцца сканер MicroSearch, што дазваляе шукаць людзей, схаваных у замкнёнай прасторы грузавых аўтамабіляў.



Кошт гэтага абсталявання - 65 тысяч еўра. Аднак ад яго набыцця ў 2006 годзе не было зафіксавана ніводнай спробы нелегальнага правозу людзей.



100% грузавых аўто пасля сканеру праходзяць праз адмысловы рэнтген, якi прадухіляе рэчыўную кантрабанду - цыгарэты, алкаголь і іншае. Праўда, нейкіх дзіўных прадметаў кантрабанды польскія памежнікі не прыгадваюць, а найбольш незвычайнай называюць спробу правезці цыгарэты ў запасной шыне.





“Баброўнікі” абходзяць і кантрабандысты, і нелегалы, - з гордасцю кажа Анатоль Цімафейчук, камендант памежнага перахода, які лічаць ці не самым непраходным пунктам для законапарушальнікаў. - Таксама ў нас ёсць поўнае ўзаемаразуменне з беларускімі калегамі. Вось апошні прыклад. 30 снежня мінулага года атрымалі ад беларусаў інфармацыю аб тым, што ў нашым кірунку рухаюцца трое манголаў, у выніку чаго мы правялі аперацыю і затрымалі іх”.

У 2008 годзе памежнікі затрымалі ў “Баброўніках” 26 чалавек, якія імкнуліся нелегальна перайсці мяжу, у 2009 годзе - 11. Цікава, што перад уступленнем у шэнгенскую зону ў “Баброўніках” затрымлівалі па 117 аўто з нелегальнымі таварамі за год (2007). Аднак ужо ў 2008-м гэта лічба скарацілася да 98, у 2009 - да 50.



Для ўезду на тэрыторыю Польшчы працуе 5 ліній для легкавікоў і 6 - для грузавікоў.



У 2009 годзе ў Еўразвяз праз "Баброўнікі" ўехала 311 тысяч чалавек, выехала 442 тысячы. Дыпламатаў замежных краінаў у Польшчы не правяраюць, прэзідэнтаў - таксама, а вось, да прыкладу, супрацоўніка беларускай дыпмісіі ў Францыі чакае такая самая працэдура дагляду, што і простых смяротных.





Чаму беларусам і ўкраінцам нярэдка выпадае сутыкацца з нейкім пагардлівым, часам нават здзеклівым стаўленнем з боку польскіх памежнікаў? “Усё, канечне, залежыць ад канкрэтнага чалавека, - тлумачыць Анатоль Цімафейчук. - Мы працуем у гэтым кірунку. Аднак не трэба думаць, што памежнікі імкнуцца наўмысна сапсаваць вам настрой. Ёсць жорсткія патрабаванні закону і бяспекі, якія яны імкнуцца выконваць. Таму на кожнага новага чалавека яны глядзяць, як на патэнцыйнага кантрабандыста”.



Своеасаблівы "цэнтр кіравання палётаў": усходняя мяжа Еўразвязу пад кантролем. У 2007 годзе 1467 людзям быў забаронены ўезд у Польшчу, у 2009 - 794.




Мінск - Варшава - Баброўнікі.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт TUT.BY наведаў памежны пераход “Баброўнікі”, убачыўшы з сярэдзіны, як ахоўваюць крайні фарпост Еўразвяза
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика