Уладзімір Макей: Толькі слабая ўлада баіцца прэсы. Для моцнай улады аб'ектыўныя, жывыя СМІ, неабыякавыя журналісты — гэта дапамога.... 21.by

Уладзімір Макей: Толькі слабая ўлада баіцца прэсы. Для моцнай улады аб'ектыўныя, жывыя СМІ, неабыякавыя журналісты — гэта дапамога...

12.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Некалькі дзён запар умельцы клавіятуры і мікрафона з 18 краін адкрывалі новае для сябе і перадавалі веды маладой змене, знаёміліся з Беларуссю і адно з адным, абменьваліся вопытам, дыскутавалі, прыходзілі да агульных высноў. Разам. Супольна. Насычаная праграма пятага, юбілейнага, Беларускага міжнароднага медыяфоруму дазволіла калі не ахапіць неабдымнае, то шмат зрабіць дык дакладна. Агульнасць праблем, задач, інтарэсаў і ў нечым нават менталітэту дазвалялі рабоце сотняў удзельнікаў ісці спарней. Вымагала гэтага і сама тэма — "Партнёрства дзеля будучыні". Па-сапраўднаму грунтоўны ўнёсак у скарбонку задзіночання. І словам (а ключавое слова, несумненна, — інтэграцыя), і справай.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір МАКЕЙ прапанаваў зрабіць міжнародны медыяфорум пастаянным і ў наступны раз правесці яго таксама ў Мінску.

— Сённяшні форум стаў выдатнай пляцоўкай для адкрытага, шчырага абмену меркаваннямі па любых пытаннях і даў магчымасць маладым журналістам набрацца вопыту ў мэтраў прафесіі, — сказаў ён.

  Уладзімір Макей адзначыў, што СМІ — найважнейшы інструмент фарміравання грамадскай думкі. Але, на жаль, яны ўсё часцей становяцца мацнейшай зброяй у палітыцы і эканоміцы, сродкам лабіравання і ўплыву. Разам з тым, рост уплыву СМІ не заўсёды суправаджаецца ростам адказнасці.

— Важна, каб у кругавароце буйных і дробных інфармацыйных падстаў СМІ знаходзілі час ацаніць саміх сябе, магчымасць задумацца пра сваю сапраўдную ролю і наступствы для дзяржавы і грамадства, — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі. — Журналістам варта ўзяць на сябе частку віны і за эканамічныя праблемы ў свеце. Далёка не заўсёды яны здараюцца з-за памылак і пралікаў дзелавога плана. Не апошнюю ролю адыгрываюць чуткі, якія тыражуюць СМІ, і такім чынам нараджаюць паніку ў насельніцтва.

Уладзімір Макей заклікаў СМІ ўстанавіць маральныя абмежавальнікі: "Тое, што здавалася трывалым, сёння знішчаецца, тое, што меркавалася як святыня, падвяргаецца абразе... Гэта недапушчальна. Калі СМІ не ў стане аднавіць баланс у грамадстве і трымацца традыцыйных каштоўнасцяў, яны не павінны хоць бы ўсё гэта знішчаць і зневажаць".

Кіраўнік Адміністрацыі звярнуў увагу ўдзельнікаў медыяфоруму на існаванне розных трактовак свабоды слова. Для адных — гэта магчымасць казаць тое, пра што яны думаюць, для іншых — магчымасць хлусіць і рабіць грошы на правакацыях і плётках.

— Сёння асабліва востра стаіць пытанне аб экалогіі інфармацыйнай прасторы, — упэўнены Уладзімір Макей. — Свабода павінна быць не "ад", а "дзеля". Глыбока памыляецца той, хто лічыць што СМІ — гэта праблема для ўлады. Толькі слабая ўлада баіцца прэсы. Для моцнай улады аб'ектыўныя, жывыя СМІ, неабыякавыя журналісты — гэта дапамога, крыніца ведаў болевых кропак грамадства. Сёння свабодзе слова перашкаджае не ўлада, а грошы і зашмат інфармацыі.

  Ствараць, а не разбураць, аб'ядноўваць, а не разрываць, збіраць, а не губляць — такія задачы ставілі перад сабой і шукалі спосабы іх вырашэння ўчора ўдзельнікі міжнароднага медыяфоруму.

— Правядзенне ў Беларусі такога маштабнага і значнага прафесійнага мерапрыемства, як міжнародны медыяфорум, сведчыць пра імкненне нашай краіны актыўна развіваць міжнароднае інфармацыйнае супрацоўніцтва, садзейнічаць кансалідацыі медыя-супольнасці постсавецкай прасторы, вырашэнню агульных праблем і задач, — зазначыў на пленарным пасяджэнні форуму міністр інфармацыі Беларусі Алег ПРАЛЯСКОЎСКІ. — Глыбока сімвалічна, што прадстаўнікі Расіі, усіх краін СНД і Балтыі, далёкага замежжа сабраліся ў Мінску ў год 65-годдзя Вялікай Перамогі. Гэта свяшчэннае свята, калі аддаюць даніну памяці пакаленню пераможцаў — тых, хто ў цяжкія гады ваеннага ліхалецця цаной усіх сілаў і нават уласнага жыцця адстаяў свабоду і незалежнасць Радзімы. Гэта самы лепшы прыклад сапраўднага патрыятызму і найвышэйшай адказнасці, адданасці свайму грамадзянскаму абавязку.

— Мы заўжды адкрытыя для добрых сяброў, гатовыя абмяркоўваць самыя складаныя і актуальныя праблемы, пашыраць гарызонты супрацоўніцтва, — запэўнівае кіраўнік інфармацыйнага ведамства Беларусі.

Ён перакананы, што СМІ "павінны больш актыўна ўключацца ў стваральныя працэсы, быць праваднікамі высокіх духоўных каштоўнасцяў, ідэй грамадскай кансалідацыі і супрацоўніцтва, талерантнасці і ўзаемаразумення — як на міждзяржаўным, так і на міжасабовым узроўні". Для сучаснага журналіста надзвычай важныя новыя веды і прафесійныя навыкі, пошук цікавых тэмаў і глыбіня даследавання, а таксама найвышэйшая сацыяльная адказнасць, увага і павага да сваёй аўдыторыі, — упэўнены міністр.

Пасяджэнне не абышлося без прыемных урачыстасцяў: наш калега з "Рэспублікі" Міхаіл Шыманскі атрымаў ганаровы знак Саюза журналістаў Расіі за заслугі перад прафесійнай супольнасцю. І без прыгожых алегорый: дэпутат Генадзь Давыдзька, старшыня асацыяцыі грамадскіх аб'яднанняў "Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў" выказаўся пра саюзнае будаўніцтва надзвычай трапна:

— Мы будаўнікі, у тым ліку будаўнікі Саюзнай дзяржавы — муляры, бетоншчыкі, да страхароў яшчэ далёка, кладаўшчыкоў шмат ды іншых будаўнічых спецыяльнасцяў. Ёсць, вядома ж, у нашым будаўніцтве двое кіраўнікоў. І самае галоўнае, каб гэтыя двое кіраўнікоў, на якіх мы глядзім і спадзяёмся, памяталі адно (і мы таксама павінны гэта памятаць): заказчыкам гэтага будаўніцтва з'яўляецца народ, і, дарэчы, інвестарам таксама. Вельмі хацелася б, каб наш форум скончыўся на аптымістычнай ноце, каб было такое адчуванне, што на будоўлю бетон падвезлі — доўга не было, і тут падвезлі!

Што тут яшчэ дадаць... Няхай так і будзе!

Адным з лейтматываў пленарнага пасяджэння медыяфоруму стала выказванне прэзідэнта даследчага холдынгу "Рамір" (Расія) Андрэя МІЛЕХІНА пра тое, што сёлета спаўняецца 18 гадоў дзецям, якія былі народжаныя ўжо не ў СССР, а ў новай фармацыі. У гэтага пакалення няма настальгіі па Савецкім Саюзе, і калі мы не перададзім яму тое лепшае, што было ў нашым сумесным жыцці і гісторыі — здольнасць разам вырашаць агульныя праблемы, узаемадзейнічаць, разумець і паважаць адно аднаго — тады ўсім нам, і ў прыватнасці, журналістам, ад якіх насамрэч залежыць нямала, грош цана.

— Праблем шмат, але сёння як ніколі важна шукаць тое, што нас аб'ядноўвае, — заклікаў у сваёй прамове першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта — Выканаўчага сакратара СНД Уладзімір ГАРКУН.

А аб'ядноўвае нас не толькі мінулае. Сёння працуе нямала сумесных праектаў, адным з якіх, дарэчы, з'яўляецца і V міжнародны медыяфорум у Мінску. Нездарма на ім прадстаўлены СМІ ўсіх колішніх рэспублік Савецкага Саюза. Уладзімір Гаркун нагадаў таксама пра тое, што ў 2009 годзе свет убачыла ўнікальная кніжная серыя "Класіка літаратур СНД", выданне якой падтрымлівае Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц Садружнасці. Яшчэ адзін прыклад — Моладзевы сімфанічны аркестр СНД, якім сёлета на канцэрце ў штаб-кватэры ААН дырыжыраваў Уладзімір Співакоў....

Пра тое, што колішнія жыхары адной краіны здольныя плённа супрацоўнічаць, казаў і намеснік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Сяргей ШУХНО. Бюджэт Саюзнай дзяржавы за гады свайго існавання павялічыўся ў два разы. Толькі за мінулы год Беларуссю і Расіяй было падпісана больш за 40 сумесных праграм.

Нават калі ёсць поспехі і сумесныя справы, жыхары нашых краін пра іх ведаюць недастаткова. Для гэтага мог бы быць карысным і спецыяльны часопіс, заўважыў выканаўчы дырэктар Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД Армэн СМБАЦЯН.

— Сёння чытачы чакаюць ад нас шчырай і праўдзівай інфармацыі, сумленнай і пазітыўнай яе інтэрпрэтацыі, а не інфармацыйных войнаў, — сказаў ў сваім выступе галоўны рэдактар газеты "СБ. Беларусь сегодня" Павел ЯКУБОВІЧ. — Прынцыповым з'яўляецца пытанне павагі да нашай краіны, яе палітычнага выбару і жыцця.

На жаль, заказную няпраўду, нібы па трафарэце, пішуць пра Беларусь не толькі журналісты краін далёкага замежжа, але і СНД. Прыходзіцца весці вострую і часам непрыемную палеміку ў абарону гонару Беларусі з калегамі, у тым ліку і з Масквы. Павел Якубовіч прывёў некалькі свежых прыкладаў з расійскіх выданняў, у якіх лічыцца добрым тонам пужаць чытачоў "жахлівымі" малюнкамі з Беларусі, якія не маюць нічога агульнага з рэальнасцю.

Удзельнікі медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні" заклікалі актывізаваць інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы з мэтай эфектыўнага супрацьдзеяння новым выклікам і пагрозам, забеспячэння міжнароднай бяспекі і справядлівага светаўладкавання. Гэты заклік сфармуляваны ў "Мінскай ініцыятыве", якую прынялі ўчора ў беларускай сталіцы журналісты і кіраўнікі розных СМІ з амаль двух дзясяткаў краін.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Зоя ВАРАНЦОВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некалькі дзён запар умельцы клавіятуры і мікрафона з 18 краін адкрывалі новае для сябе і перадавалі веды маладой змене, знаёміліся з Беларуссю і адно з адным,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика