Ветэран вайны стварыў прыватны музей Васіля Быкава ў Гродне
25.06.2010 13:57
—
Новости Общества
|
Звязда З Мікалаем Мельнікавым мы сустрэліся ў музеі - пакойчыку на Савецкай, 31, дзе з цяжкасцю змясціўся б двухспальны ложак... Мікалай Аляксандравіч сядзіць на крэсле пасярэдзіне пакоя - і, здаецца, можа не падымаючыся дацягнуцца да любога экспаната: савецкага пашпарта Васіля Быкава, асабістай ручкі, кававаркі пісьменніка... - Мікалай Аляксандравіч, стварыць прыватны музей - сур'ёзны крок, асабліва ў вашым узросце... - Такая ідэя ўзнікла ў мяне разам з баявымі таварышамі-ветэранамі пасля таго, як у 2003 годзе мы ездзілі ў Мінск на пахаванне Васіля Быкава. Па дарозе дадому мы прынялі рашэнне стварыць калі не музей, то хаця б куточак - Быкаў жа франтавік, і ў Гродне ён пражыў чвэрць стагоддзя. Аднак удалося назбіраць столькі экспанатаў, што атрымаўся сапраўдны музей, няхай і невялікі па плошчы. - А які афіцыйны статус мае музей? - Асобна - ніякага. Мы знаходзімся ў пакоі, які належыць нашай арганізацыі - Гродзенскаму гарадскому аб'яднанню ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сілаў. Мы вельмі ўдзячныя Ірыне Міхайлаўне Быкавай, удаве Васіля Уладзіміравіча. Большасць з таго, што тут ёсць, перадала нам яна - найперш гэта асабістыя рэчы пісьменніка. Вялікім гонарам і радасцю для нас, ветэранаў, стваральнікаў музея была падзея, калі на святкаванне 9 Мая ў гэтым годзе да нас прыйшло тры пакаленні нашчадкаў Быкава - сын Васіль Васільевіч, унук Яўген і маленькая праўнучка Лада. - Мікалай Аляксандравіч, а што менавіта натхніла вас на стварэнне музея Васіля Быкава ў Гродне? - Я лічу, што гэта вялікі пісьменнік, што сваімі творамі ён можа ўздзейнічаць на народ больш, чым нейкія арганізацыі. Сваімі творамі ён паказаў вайну, яе гераізм, мужнасць і барацьбу. - А вы асабіста былі знаёмыя з Быкавым? - Добра быў знаёмы. Не тое, каб блізкі быў, але быў знаёмы. Ён бываў у мяне, я рабіў усё, каб яго папулярызаваць. Прыязджалі сюды з Масквы настаўнікі, журналісты - я іх вёў знаёміць з Быкавым, яны пасля пісалі артыкулы, водгукі ў часопісы і газеты. - Кім вы працавалі? - Я працаваў у Гродзенскім універсітэце старшым выкладчыкам, пасля - загадчыкам кафедры рускай і замежнай літаратуры. Я кандыдат педагагічных навук, дацэнт, маю некалькі сваіх кніг... - Вы працавалі ва ўніверсітэце, Быкаў у газеце... А як вы тады пазнаёміліся, што вас звязвала?.. - Нас аб'ядноўваў адзін погляд на гісторыю, на вайну. Якая была вайна, чаму яна была такая. Нас звязвала праўда пра Беларусь - пра яе мінулае і сённяшняе. Мужнасць Быкава, ён сам для нас з'яўляўся прыкладам. Ён даў адказ на многія пытанні, звязаныя з гісторыяй, з вайной. - Якія вы бачыце перспектывы развіцця музея? Якім бы вам хацелася яго бачыць? - Зараз музей як бы прыватны - належыць ветэранскай арганізацыі. Усё, што мы здабываем, даводзіцца прабіваць сваімі сіламі. Мы хочам, каб музей быў дзяржаўны, каб ён меў больш вартае памяшканне, структуру, методыку - усё, што патрэбна сапраўднаму музею. Трэба сказаць, што ўлады цікавіліся нашым музеем, чыноўнікі бывалі ў нас, ухвалялі... Але пакуль ні да чаго не прыйшлі. Увогуле, я вам скажу, гэта крыўдна і незразумела, што Быкаў пражыў у Гродне столькі гадоў, напісаў тут свае славутыя творы - а яго памяць ніяк не ўшанаваная. Ні нармальнага музея, ні шыльды на доме, ні помніка, ні вуліцы... Дарэчы, Быкаву так і не надалі званне ганаровага грамадзяніна Гродна - лічу, што трэба зрабіць гэта хаця б пасмяротна. Я мяркую, што сёлета - у год 65-й гадавіны Вялікай Перамогі (а Быкаў - салдат той Перамогі!) - трэба ўшанаваць у нашым горадзе яго імя!.. КАМЕНТАР ЧЫНОЎНІКА "Мы прапаноўваем Мельнікаву некалькі варыянтаў" Гродзенскія ўлады пра сітуацыю ведаюць. Калі я назваў прозвішча Мельнікаў, то прэсавы сакратар аблвыканкама Віктар ЖАЛЕЗНЯКОВІЧ прадэманстраваў, што валодае сітуацыяй. - Гэтаму пытанню некалькі гадоў, - адказаў Віктар Паўлавіч. - Мы прапаноўвалі спадару Мельнікаву некалькі варыянтаў. Адзін - Музей Максіма Багдановіча. Рэч у тым, што ў тым доме, апроч музея, пражывае тры сям'і. І ў перспектыве мы хочам іх перасяліць, каб музей пашырыць. Але гэта справа не сённяшняга ці заўтрашняга дня, бо сацыяльнага жылля цяпер будуецца мала. Таму мы прапанавалі Мікалаю Аляксандравічу перадаць матэрыялы туды, каб прафесійныя музейшчыкі пачалі ствараць спачатку экспазіцыю, а пасля, магчыма, пашыраліся б і да паўнавартаснага музея. Іншы варыянт - музей "Гродзенскай праўды", які ўжо існуе і дзе таксама ёсць куточак, прысвечаны Васілю Быкаву. Таксама разглядаецца варыянт даць ветэранскай арганізацыі большы за цяперашні пакой, каб яны маглі пашырыць плошчу свайго музея. - Віктар Паўлавіч, а чаму ў Гродне, дзе Быкаў пражыў траціну жыцця, ягонае імя ніякім чынам пакуль не ўшанавана? - Я мяркую, што ў перспектыве гэта будзе абавязкова зроблена. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мікалай Аляксандравіч клапоціцца, каб праца не знікла — хоча перадаць свой музей дзяржаве. Таксама выступае з ініцыятывай, каб імя Быкава ўшанавалі ў Гродне — усё...
|
|