Завяшчанне, дарэнне ці рэнта?. 21.by

Завяшчанне, дарэнне ці рэнта?

26.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Брат майго мужа цяжка хворы. Яму патрабуецца догляд. Жонка брата памерла, дзяцей у яго няма. Акрамя майго мужа ў яго ёсць яшчэ чатыры сястры. Брат просіць яго дагледзець і кажа, што за гэта нам застанецца яго кватэра. Але я сумняваюся, напэўна ж, калі няма завяшчання, то і ў сёстраў будуць такія ж правы на кватэру, нягледзячы на тое — даглядалі яны яго ці не.

Наталля, Мінская вобласць.

Сапраўды, у сваіх разважаннях вы не памыляецеся.

Правілы атрымання спадчыны рэгулююцца раздзелам VІ Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ГК). Згодна з артыкуламі 1032, 1056 ГК, атрыманне маёмасці ў спадчыну магчыма па завяшчанні або па законе. Калі завяшчання няма, маёмасць перадаецца ў спадчыну па законе ў парадку чарговасці, прадугледжанай артыкуламі 1057—1063 ГК.

Спадчыннікі адной чаргі атрымліваюць спадчыну ў роўных долях (пункт 1 артыкула 1056 ГК).

Спадчыннікі кожнай наступнай чаргі набываюць права на атрыманне спадчыны ў тых выпадках, калі адсутнічаюць спадчыннікі папярэдняй чаргі, або яны былі адхілены ад спадчыны, не прынялі або адмовіліся ад яе.

Спадчыннікамі першай чаргі, згодна з ГК, з'яўляюцца дзеці, муж (жонка) і бацькі спадчынадаўца.

Дзяцей і жонкі ў брата няма. Калі няма таксама і бацькоў, то гэта азначае, што спадчыннікі першай чаргі адсутнічаюць і права на атрыманне спадчыны пяройдзе спадчыннікам другой чаргі.

Спадчыннікамі другой чаргі, згодна з артыкулам 1058 ГК, з'яўляюцца паўнародныя і непаўнародныя браты і сёстры спадчынадаўца.

Калі іх у брата пяцёра (ваш муж і чатыры сястры), то і права на атрыманне спадчыны будуць мець усе пяцёра аднолькавае — у роўных долях. Выключэнняў тут няма ні па ўзросце (хто старэйшы, хто малодшы), ні для таго, хто даглядаў спадчынадаўца. Тут усё залежыць ад саміх спадчыннікаў, іх узаемаразумення.

Спадчынадаўца сам можа загадзя паклапаціцца пра тое, каб яго маёмасць атрымаў менавіта той, хто будзе яго даглядаць. Для гэтага ёсць некалькі шляхоў. Адзін з іх — завяшчанне.

Грамадзянін мае права завяшчаць сваю маёмасць або яе частку адной ці некалькім асобам, як тым, хто ўваходзіць у кола спадчыннікаў па законе, так і іншым, чужым людзям, а таксама Рэспубліцы Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам. Тайна завяшчання ахоўваецца заканадаўствам. Натарыус, сведкі, якія прысутнічалі пры складанні завяшчання, і іншыя асобы не маюць права распаўсюджваць звесткі, якія ім сталі вядомыя ў сувязі з гэтым. Сам грамадзянін таксама мае права не паведамляць нікому аб змесце свайго завяшчання, аднак яму гэта не забараняецца.

Завяшчанне павінна быць складзена ў пісьмовай форме і засведчана натарыусам.

Права ўласнасці на завешчаную маёмасць на працягу жыцця грамадзяніна захоўваецца за ім.

Паколькі гэта так, грамадзянін можа ў любы час перадумаць і адмяніць зробленае ім завяшчанне цалкам або часткова, зрабіць новае завяшчанне. Завяшчанне, складзенае раней, адмяняецца наступным завяшчаннем поўнасцю або ў той частцы, у якой яно яму супярэчыць.

Такім чынам, у гэтым выпадку маёмасныя правы самога грамадзяніна максімальна абароненыя. У той жа час грамадзянін, якому маёмасць завешчана, не можа быць упэўнены ў тым, што пазней не было складзена іншае завяшчанне. Тым больш што гэта можна зрабіць нават у бальніцы. Завяшчанне, засведчанае галоўным урачом, яго намеснікам па медыцынскай частцы або дзяжурным урачом, згодна з артыкулам 1047 ГК, прыраўнавана да натарыяльна засведчанага.

Другім шляхам з'яўляецца дарэнне кватэры.

Дагавор дарэння адрозніваецца ад завяшчання тым, што права ўласнасці на кватэру або дом узнікае з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі гэтага дагавора ў тэрытарыяльнай арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю. Гэта азначае, што грамадзянін, які падарыў кватэру, страчвае права ўласнасці на яе ўжо цяпер і па гэтай прычыне пасля яго смерці кватэра не будзе з'яўляцца спадчыннай маёмасцю, бо, згодна з артыкулам 1033 ГК, у склад спадчыны ўваходзяць усе правы і абавязкі, якія належалі спадчынадаўцу на момант адкрыцця спадчыны (г.зн. яго смерці). У гэтым выпадку сваякі не змогуць прад'явіць прэтэнзіі на кватэру або яе частку, хіба толькі паспрабуюць даказаць несапраўднасць дагавора дарэння.

Для вашага мужа, магчыма, гэты варыянт з'яўляецца самым прымальным, аднак дарыцеля ён ставіць у поўную залежнасць ад яго. Падарыўшы кватэру, грамадзянін ужо не можа перадумаць і перадарыць яе каму-небудзь іншаму. Калі чалавек, які атрымаў кватэру ў дар пад вуснае абяцанне дагледзець дарыцеля, не будзе выконваць сваё абяцанне, то адмяніць дагавор дарэння будзе нельга. Пісьмова ж прадугледзець гэта ў дагаворы дарэння нельга, бо, згодна з Грамадзянскім кодэксам (артыкул 543, пункт 1), дарэнне — гэта перадача рэчы ва ўласнасць другому без сустрэчнага атрымання якіх-небудзь выплат за яе альбо іншай выгоды, а інакш гэта ўжо не дарэнне. Пры наяўнасці сустрэчнага абавязацельства такі дагавор можа быць прызнаны несапраўдным як мнімая або прытворная здзелка.

Трэці шлях — гэта заключыць прадугледжаны Грамадзянскім кодэксам дагавор, які рэгулюе менавіта такія, як вы пішаце, адносіны паміж бакамі і ўлічвае інтарэсы як уласніка кватэры, так і таго, хто яго даглядае.

Гэта — дагавор пажыццёвага ўтрымання.

Калі вызначыць сутнасць гэтага дагавора, дадзеную ў артыкуле 572, сваімі словамі, то па гэтым дагаворы грамадзянін, які мае патрэбу ў доглядзе, шляхам заключэння такога дагавора перадае сваю кватэру або іншую нерухомую маёмасць ва ўласнасць другога грамадзяніна, які абавязваецца яго даглядаць да яго смерці, прадастаўляць іншае ўтрыманне, прадугледжанае дагаворам. Такое ўтрыманне называецца рэнтай і можа ўключаць забеспячэнне патрэбы ў жыллі, ежы і адзенні, доглядзе хворага. Дагавор павінен вызначаць кошт усяго аб'ёму ўтрымання, пры гэтым аб'ём утрымання ў месяц не павінен быць меншым за базавую велічыню, памножаную на два (арт. 573 ГК). Кватэра можа перадавацца як бясплатна, так і за вызначаную бакамі дагавора плату (арт. 565 ГК).

Гэты дагавор падлягае натарыяльнаму засведчанню і дзяржаўнай рэгістрацыі ў тэрытарыяльнай арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю.

Права ўласнасці на нерухомую маёмасць пераходзіць да новага ўласніка пасля дзяржаўнай рэгістрацыі дагавора, але распараджацца нерухомасцю (прадаваць яе, дарыць і інш.) новы ўласнік можа толькі з папярэдняй згоды атрымальніка рэнты. Гэта прадугледжана ў мэтах забеспячэння выканання плацельшчыкам рэнты сваіх абавязацельстваў па прадастаўленні ўтрымання. У гэтых жа мэтах артыкулам 558 ГК прадугледжваецца, што атрымальнік рэнты набывае права закладу на перададзеную нерухомую маёмасць. Гэта права закладу таксама падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі.

Калі плацельшчык рэнты не выконвае свае абавязацельствы па прадастаўленні ўтрымання, доглядзе і інш., вызначаныя дагаворам, то атрымальнік рэнты мае права патрабаваць вяртання нерухомай маёмасці, якая была перададзена ў забеспячэнне пажыццёвага ўтрымання, або выплаты яму выкупнога кошту. Пры гэтым плацельшчык рэнты, які парушыў умовы дагавора, не мае права патрабаваць кампенсацыі сваіх расходаў, панесеных на ўтрыманне гэтага грамадзяніна.

Са смерцю атрымальніка рэнты спыняецца як абавязак па прадастаўленні прадугледжанага дагаворам утрымання, так і права закладу, а плацельшчык рэнты застаецца паўнапраўным гаспадаром атрыманай па дагаворы нерухомай маёмасці. Гэта маёмасць не будзе ўваходзіць у склад спадчыннай маёмасці.

Такім чынам, гэтым дагаворам прадугледжваюцца гарантыі для абодвух бакоў. Калі ў дагаворы канкрэтна прапісана, якое ўтрыманне павінна прадастаўляцца, то гэта абараняе як атрымальніка рэнты, так і яе плацельшчыка ад неабгрунтаваных прэтэнзій адзін да аднаго.

Перад вамі — тры варыянты: завяшчанне, дарэнне і дагавор пажыццёвага ўтрымання. Выбіраць шлях вырашэння праблемы — вам сумесна з братам вашага мужа. Атрымаць дадатковую кансультацыю і рэкамендацыю па гэтым пытанні вы можаце ў натарыуса альбо адваката.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Брат майго мужа цяжка хворы. Яму патрабуецца догляд. Жонка брата памерла, дзяцей у яго няма. Акрамя майго мужа ў яго ёсць яшчэ чатыры сястры. Брат просіць яго...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика