Ёсць рэцэпцік!... 21.by

Ёсць рэцэпцік!..

26.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Курыца не птушка, Балгарыя не замежжа — казалі ў часы Савецкага Саюза. Вось ужо не ведаю — не была, а, шчыра кажучы, хацелася б. Сёння наша рубрыка для тых шчасліўчыкаў, якія збіраюцца гэтым летам наведаць марское ўзбярэжжа гэтага самага "не замежжа". І каб лягчэй было зарыентавацца ў незнаёмай краіне, прапаноўваю пазнаёміцца з некалькімі традыцыйнымі рэцэптамі нацыянальнай кухні. Стравы балгарскай кухні падобныя на стравы грузінскай, турэцкай і грэчаскай кухань. Многія балгарскія нацыянальныя стравы гатуюць на скары — вялікай печы з металічнай рашоткай. У балгарскай кухні шырока прымяняецца гародніна ў свежым і марынаваным выглядзе. Балгарскія кулінары цудоўна спалучаюць гародніну з рыбнымі, мяснымі, мучнымі, яечнымі і малочнымі прадуктамі. Характэрна для балгарскай кухні выкарыстанне кіслага малака, сыраквашы, брынзы і авечага сыру. Старалася выбраць самыя папулярныя стравы, якія падаюць ва ўсіх кавярнях і гасцінічных рэстаранах. Пакаштуйце, каб ведаць, што менавіта будзеце заказваць афіцыянту.

Салата "Шопская"

Салата для тых, хто любіць смачна паесці і пры гэтым хоча пахудзець.

Вазьміце : 1 балгарскі чырвоны перац, 2 памідоры, 1 агурок, 1 цыбуліну, 4—5 сталовых лыжак аліўкавага алею, 1 ст. л. сухога чаберу (не блытаць з чаборам).

Перац закінуць у гарачую духоўку на грыль прыкладна на 20 хвіл. калі ён стане мяккім, хуценька палажыць яго ў поліэтыленавы мяшок, каб астыў. Пасля ачысціць ад лупіны, нарэзаць саломкай. Пакуль перац гатуецца, памідоры нарэзаць сегментамі (нябуйна), агурок долькамі, цыбулю паўкольцамі і спырснуць злёгку яблычным воцатам. На талерку выкласці перамешаную гародніну, зверху добра пасыпаць брынзай, заправіць соусам (яблычны воцат змяшаць з аліўкавым алеем). Зверху пасыпаць сухім чаберам. Саліць не трэба.

Суп "Таратор"

Гэта асвяжальны "суп-напітак" у Балгарыі — неад'емная частка летняй трапезы, амаль кожны дзень...

Нам спатрэбіцца: 500 мл кіслага малака, 1 сярэдні свежы агурок, крыху перацёртых грэцкіх арэхаў, часнок на смак, 2—3 лыжкі сланечнікавага алею, кроп, соль.

Кіслае малако старанна размешваецца з халоднай вадой (вады павінна быць удвая больш, чым кіслага малака). Дадаецца нарэзаны на вельмі дробныя кубікі агурок, грэцкія арэхі, сцёртая ў кашку долька часнаку, дробна парэзаны кроп, соль, сланечнікавы алей, можна дадаць чорнага перчыку. Усё добра перамяшаць. Таратор вельмі добры халодным. Можна падаваць у кубках.

Гювеч па-фракійску

Гювечы — традыцыйныя стравы ў старадаўняй нацыянальнай кухні, пазычаныя з усходняй кухні. Назва іх паходзіць ад назвы посуду, у якім іх гатуюць — гліняныя "гювечы" бываюць у форме ўсечанага конуса ці прадаўгаватай формы. Страва запякаецца ў духоўцы.

Вазьміце: 500—600 г бараніны ці цяляціны, 3-4 сталовыя лыжкі расліннага алею, 3 морквы, 1 скрылёк сельдэрэю, 4—8 стручкоў перцу, 2-3 памідоры, 1 галоўку рэпчатай цыбулі, 1/2 шклянкі рысу, соль, чорны і чырвоны перац, 1-2 стручкі вострага перцу, пятрушку. Мяса нарэзаць на дробныя кавалкі і абсмажыць у разагрэтым тлушчы. Паслядоўна дадаць здробненую цыбулю, моркву, сельдэрэй і памідоры. Пасыпаць молатым чырвоным перцам, заліць невялікай колькасцю булёну ці гарачай вады і пакінуць на слабым агні да гатоўнасці мяса. Стручковы перац спячы, ачысціць ад скуркі і выдаліць насенне, дадаць да мяса разам са стручкамі вострага перцу. Пасля пасаліць, усыпаць рыс, паліць яшчэ раз невялікай колькасцю вады ці булёну і змясціць у духоўку да набухання рысу і выпарвання вадкасці. Пасыпаць молатым чорным перцам і падаваць да стала.

Плакія з карпа

Нам спатрэбіцца: 1 карп (каля 750 г), 1/3 шклянкі тлушчу, 4—5 цыбулін, 1 сталовая лыжка пшанічнай мукі, 3—4 чырвоныя памідоры, сланечнікавы алей, 1 лаўровы ліст, некалькі гарошын чорнага перцу, соль на смак.

Ачысціць карпа, прамыць, нарэзаць на парцыённыя кавалкі і пасаліць. Падсмажыць на тлушчы нарэзаную скрылёчкамі цыбулю. Дадаць муку і зноў падсмажыць. Пасля дадаць здробненыя на тарцы чырвоныя памідоры. Калі сок памідораў крыху выпарыцца, наліць гарачай вады, каб атрымаўся соус умеранай гушчыні. Пасаліць соус на смак, заправіць лаўровым лістом і некалькімі гарошынамі чорнага перцу і выліць на невялікую бляху. Зверху пакласці кавалкі рыбы, а паміж імі — нарэзаныя скрылёчкамі чырвоныя памідоры. Уліць 6 ст. лыжак сланечнікавага алею і запячы ва ўмерана нагрэтай духоўцы. Падаваць плакію трэба халоднай.

Бюрэк з мясам

Нам спатрэбіцца: 500 г ялавічыны, 50 г рэпчатай цыбулі, 50 г расліннага алею, 500 г слоенага цеста, перац чорны (молаты), соль — на смак. Для яечна-малочнай сумесі: 100 г алею, 3 яйкі, 200 г кефіру, 150 г мінеральнай вады.

Цыбулю нарэзаць дробнымі кубікамі і абсмажваць на алеі да размякчэння, астудзіць, злучыць з прапушчаным праз мясарубку мясам, соллю, перцам і перамяшаць. На дно змазанай алеем круглай формы для выпечкі выкласці 2-3 пласты цеста. Спырснуць цеста алеем, пакласці на яго мясную начынку. Выкласці пластамі цеста і начынку, якія засталіся, зверху пакрыць цестам, змазаць алеем, нарэзаць парцыённымі кавалкамі і заліць сумессю, прыгатаванай з кефіру, яек, мінеральнай вады і алею. Запячы бюрэк пры тэмпературы 200 °С на працягу 40 хвілін. Падаваць гарачым.

Бухты

Вазьміце: балгарскі ёгурт ("кіслае малако") — 0,5 л, 5 яек, 200 г цукру, 5 шклянак мукі, 1 чайную лыжку соды, соль на смак, алей для смажання.

У ёгурце размяшаць соду і цукар, дадаць крыху ўзбітыя яйкі, соль і муку. Вымесіць цеста. Раскатваць у пласт да таўшчыні 0,5 см. Нарэзаць ромбікамі. Смажыць у разагрэтым алеі. Падаваць цёплымі з ёгуртам.

Яблычная піта

Нам спатрэбіцца: 1 шклянка мукі, 1 шклянка цукру, 3 яйкі, 0,5 чайнай лыжкі соды, 4 яблыкі, маргарын ці масла, ваніль.

Яблыкі абабраць, нарэзаць кубікамі. Цукар, яйкі, соду ўзбіць, дадаць муку, ванільны цукар і перамяшаць. Пакласці яблыкі і зноў перамяшаць. Цеста вылажыць у змазаную маслам форму. Выпякаць у папярэдне разагрэтай да 180° духоўцы да залацістага колеру. Гатоўнасць праверыць драўлянай шпажкай.

Балгарскі анекдот Габравец з маленькім сынам садзіцца ў аўтобус. — Колькі будзе каштаваць білет для дзіцяці? — Дзеці — бясплатна! — А калі ён зойме цэлае месца? — Усё роўна бясплатна! — А колькі я атрымаю, калі вазьму яго на калені?

* * *

— Мама, можна мне выйсці ў двор і пагуляць з Пятром? — Не, ён — дрэнны хлопчык. — А тады можна мне выйсці і пабіць яго?

* * *

— Калі я цябе сустракаю, то адразу ж успамінаю пра Мітка! — сказаў адзін габравец другому. — Чаму? — Ён таксама вінен мне пяць леваў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Курыца не птушка, Балгарыя не замежжа — казалі ў часы Савецкага Саюза. Вось ужо не ведаю — не была, а, шчыра кажучы, хацелася б. Сёння наша рубрыка для тых...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика