"Нам пашанцавала, што немцы не сталі страляць у немцаў". 21.by

"Нам пашанцавала, што немцы не сталі страляць у немцаў"

09.10.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Спецыяльны карэспандэнт Глеб ЛАБАДЗЕНКА павячэраў у Берліне з апошнім міністрам замежных спраў ГДР і распытаў у мэра Ляйпцыга, чаму ў 1989 годзе салдаты і паліцыя не сталі спыняць дэманстрантаў

"Калі ў тваёй краіне наступае гістарычны момант — ты мусіш рызыкаваць"

У гэтыя дні Германія святкуе 20 гадоў аб'яднання ФРГ і ГДР. Па запрашэнні ўрада Германіі я правёў тыдзень у Берліне, Патсдаме і Ляйпцыгу, каб падрабязней даведацца пра падзеі 20-гадовай даўніны. Адна з сустрэч праходзіла за вячэраю. Госцем быў легендарны чалавек — Маркус Мекель, апошні міністр замежных спраў ГДР.

— Я не заўсёды быў палітыкам, — распавядае спадар Мекель. — Да 1989 года я служыў евангелісцкім пастарам, потым кіраваў экуменічным адукацыйным цэнтрам пад Магдэбургам. Але калі ў тваёй краіне наступае гістарычны момант — ты павінен слухаць сваё сэрца, сваю генетычную памяць. Неабходна рызыкаваць, бо ведаеш, што, калі ўдасца нешта змяніць, — гэта будзе гістарычны паварот. У руху апазіцыі я браў удзел яшчэ з 1970-х гадоў. Гэта не сакрэт, што ў камуністычнай ГДР храмы былі ці не адзіным месцам, дзе людзі маглі збірацца і абмяркоўваць сітуацыю, думаць пра будучыню і спадзявацца. Таму ў пэўны час я вырашыў ісці ў палітыку, быў адным з ініцыятараў стварэння сацыял-дэмакратычнай партыі ў ГДР, потым быў яе другім спікерам, намеснікам старшыні, старшынёй. Калі рухнуў берлінскі мур, у ГДР адбыліся першыя свабодныя выбары. Яны мелі, хутчэй, фармальны характар: ужо было вырашана, што Германія аб'яднаецца, стане адной дзяржавай. Аднак для гэтага трэба мець часовы легітымны ўрад — каб ураду ФРГ было з кім дамаўляцца і падпісваць дакументы. Таму ў красавіку 1990 года прайшлі выбары — і я стаў міністрам замежных спраў ГДР. На шчасце, апошнім міністрам.

Гістарычная сустрэча на Каўказе ў ліпені 1990 года. У цэнтры — Міхаіл Гарбачоў, справа — Гельмут Коль.   Спадар Мекель прабыў на гэтай пасадзе ўсяго 4 месяцы — да аб'яднання. Але на ягоную долю выпала цікавая гістарычная місія. Многія дзяржавы не верылі, што ГДР вызвалілася з-пад камуністычнага прыгнёту. Таму Маркус Мекель асабіста наведваў сталіцы суседніх ды не толькі дзяржаў — каб афіцыйна заявіць, што ГДР ідзе на аб'яднанне з ФРГ.

— Выканаўшы тую місію, я пайшоў у дэпутаты, — працягвае спадар Мекель. — Быў дэпутатам бундэстага ад снежня 1990 па кастрычнік 2009 года. Займаў за гэты час пасады старшыні германа-польскай парламенцкай групы ў бундэстагу, намесніка спікера сацыял-дэмакратычнай партыі, 8 гадоў быў кіраўніком нямецкай дэлегацыі намеснікам старшыні і старшынёй палітычнага камітэта Парламенцкай асамблеі НАТА.

Цяпер Маркус Мекель адышоў ад актыўнага палітычнага жыцця, але шмат выступае ў розных універсітэтах, а таксама на канферэнцыях з лекцыямі на тэму гістарычных падзей 1989-90 гадоў.

Стол, за якім сядзелі Коль і Гарбачоў

У Міністэрстве замежных спраў нас сустракае чыноўнік — барон фон Рэйбніц. У фае міністэрства якраз адбываецца выстава, прысвечаная 20-годдзю яднання. Адразу кідаецца ў вочы самы незвычайны экспанат.

— Так-так, гэта менавіта той самы стол! — спаталяе нашу недаверлівую дапытлівасць барон фон Рэйбніц. — Вось, можаце параўнаць з фотаздымкам.

Перад намі — стол, высечаны з вялізнай дубовай калоды. Абапал — два крэслы, вырабленыя гэткім жа чынам. Побач — здымак, на якім менавіта за гэтым сталом сядзяць Ганс-Дытрых Геншэр (тагачасны міністр замежных спраў ФРГ), канцлер Гельмут Коль і генсек Міхаіл Гарбачоў. Тады, 16-17 ліпеня 1990 года, на Каўказе адбылася гістарычная сустрэча, якая канчаткова дала ход аб'яднанню. Напярэдадні Міхаіл Гарбачоў прыняў канцлера ФРГ Гельмута Коля ў Крамлі. Коль заявіў адразу: запрашэнне паляцець разам з Гарбачовым на Каўказ ён прымае толькі ў тым выпадку, калі ад аб'яднанай Германіі не запатрабуюць нейтралітэту. Маўляў, калі савецкі кіраўнік лічыць, што Германіі не месца ў НАТА, то нямецкая дэлегацыя неадкладна вылятае назад. Савецкі генсек не прымусіў чакаць з адказам: "Мы ляцім на Каўказ, спадар бундэсканцлер!".

Ужо на Каўказе нечаканы ход зрабіла жонка Гарбачова Раіса Максімаўна. Яна стала збіраць кветкі на полі, а пасля падаравала букет Гельмуту Колю. Гэта было своеасаблівым сігналам: абодва бакі настроеныя на станоўчы вынік перамоў.

— Тыя перамовы прынеслі свой плён, — кажа барон фон Рэйбніц. — Краіны дамовіліся пра шчыльнае супрацоўніцтва ў далейшым, пра колькасць нямецкага войска. Была дасягнутая і прынцыповая дамова пра вывад савецкіх войскаў з тэрыторыі Германіі. Разумеючы, што гэта патрабуе вялізных выдаткаў па адаптацыі вайскоўцаў на радзіме, ФРГ яшчэ да пачатку перамоў прапанавала Савецкаму Саюзу немалую кампенсацыю, а таксама пастаўкі харчовых прадуктаў. Пра памер той кампенсацыі гісторыкі спрачаюцца і сёння. Вядомая толькі лічба ў 300 мільёнаў нямецкіх марак, якую вылучыў Коль на прафесійную перападрыхтоўку савецкіх вайскоўцаў, якія вярнуліся на радзіму. Больш за тое, Германія паабяцала тады кампенсаваць выдаткі на будаўніцтва жылля для вайскоўцаў...

...Тагачасны дарадца Гельмута Коля Хорст Тэльчык напіша пасля ва ўспамінах: "Колькі агулам Германія заплаціла тады СССР — не мае ніякага значэння! Напрыклад, Гарбачоў мог сказаць: "Спадар бундэсканцлер, я згодны, але Федэратыўнай рэспубліцы гэта абыдзецца ў 50 ці 80 мільярдаў марак!" Ці змаглі б мы адмовіць?.."

Зялёны Пояс на месцы памежнай паласы

Нямецкі бок склаў праграму візіту журналістаў проста бліскуча! Яе галоўная асаблівасць — паказаць, як паўплывала аб'яднанне на самыя розныя сферы жыцця. У адзін з дзён візіту мы едзем на былую мяжу між Заходняй і Усходняй Германіяй. У колішняй памежнай зоне, дзе некалі патрулявалі вайскоўцы і перыядычна раздаваліся стрэлы па "парушальніках", цяпер "здымаюць вяршкі" эколагі.  

Маркус Мекель — апошні міністр замежных спраў ГДР.

— На працягу чатырох дзесяцігоддзяў Германію раздзяляла вусцішная мяжа — сотні і сотні кіламетраў калючага дроту, назіральных вышак, памежнай паласы і ўзброенай аховы, — кажа эколаг Дырк Адамс, які з'яўляецца намеснікам старшыні прыродаахоўнай арганізацыі BUND у Цюрынгіі. — Але адначасова для прыроды, для расліннага і жывёльнага свету гэтыя дзесяцігоддзі сталіся своеасаблівай перадышкай, адпачынкам. У гэтай паласе не вялася гаспадарчая дзейнасць, зямлю не труцілі хімікатамі, жывёл не стралялі, чалавек не ўздзейнічаў на навакольнае асяроддзе. У выніку мы атрымалі паласу працягласцю 1393 кіламетры, якая натуральным чынам за ўсе дзесяцігоддзі мяжы пераўтварылася практычна ў запаведнік — колькасць відаў жывёл і раслін тут цяпер больш за тысячу!.. Адразу пасля падзення Берлінскага муру на ўрадавым узроўні гэтая тэрыторыя стала ахоўвацца, як унікальная прыродная зона. Дзе-нідзе здараюцца выпадкі, калі праз Зялёны пояс пракладваюць дарогі — але інакш, бадай, нельга... Аднак разуменне важнасці гэтай зоны ёсць: урад нават выкупляе некаторыя прылеглыя да Пояса землі ў фермераў, каб такое суседства не шкодзіла экалогіі своеасаблівага запаведніка.

Сам Зялёны Пояс захаваў цікавы гістарычны экспанат — бетонныя дарожныя палосы, па якіх едзілі патрульныя машыны. Збольшага яны ўжо параслі хмызняком, але дзе-нідзе праступаюць яшчэ добра.

— У Поясе мы стараемся падтрымліваць той стан, у якім ён знаходзіўся ўвесь час існавання мяжы, — кажа Дырк Адамс. — Напрыклад, калі недзе дрэвы робяцца занадта вялікімі, мы іх ахайна прыбіраем. Бо тады парушаецца звыклы стан прыроды: на вялікіх дрэвах заводзяцца птушкі, якія ядуць меншых жыхароў хмызняку... Зялёны Пояс робіцца ўсё больш папулярным для турыстаў. У многіх месцах мы ўсталявалі інфармацыйныя дошкі. На іх пададзеная кароткая інфармацыя пра канкрэтную мясцовасць, а таксама нумар тэлефона, па якім можна пачуць на аўдыяінфарматары больш глыбокія звесткі.

20 гадоў таму эколагі падчас стварэння Пояса сутыкнуліся яшчэ з адной праблемай: камуністычная ГДР пакінула ў памежнай паласе тысячы мін супраць "парушальнікаў".

— Аднак нямецкія сапёры справіліся з задачай добра, ахвяраў, дзякаваць Богу, няма.

"Чалавек уцёк з ГДР і пабудаваў тут вежу, каб назіраць за сваім мінулым жыццём"

Прыкладна такую легенду апавядае нам бургамістр (мэр) Людвігштадта Ціма Эрхард, калі мы падыходзім да Цюрынгскай назіральнай вежы. Вышка мае 26,5 метра вышыні — як 9-павярховы дом. Яна і сапраўды збудаваная ў 1963 годзе для назіранняў — але збудавала яе дзяржава.

— З вышкі, што праўда, убачыць можна было няшмат, — кажа спадар Эрхард. — У асноўным памежную паласу ды некалькі паселішчаў удалечыні. Але сам факт: паглядзець на свае вочы на той бок — гэта было цікава для многіх.

Мы падымаемся наверх. Мне думаецца, што, апроч "жыцця там", людзям было проста прыемна падзівіцца на вельмі прыгожы навакольны краявід з пагоркамі і лагчынамі. Дарэчы, былая мяжа сапраўды выглядае, як "зялёны пояс": дрэўцы, якія параслі за мінулыя 20 гадоў, вылучаюцца па колеры ад іншых.

Непадалёк, у мястэчку Пробстцэла мы наведваем вялізны "Баўхаўз", альбо "Народны дом" — будынак 20-х гадоў мінулага стагоддзя ў асаблівым стылі ці то канструктывізму, ці то мадэрнізму. У любым выпадку будынак выглядае вельмі сучасным і цяпер. У катастрафічным стане яго выкупіў усяго за 15 тысяч еўра прыватны гаспадар, зрабіўшы тут атэль і адукацыйны цэнтр. На спецыяльным макеце нам паказваюць, як выглядала памежная паласа 20 гадоў таму (вышкі, калючы дрот, памежнікі), цяпер (вышка пакінутая як гістарычны экспанат, мяжа ўгадваецца слаба) і праз 20 гадоў (апроч вышкі — ніякіх нагадванняў).

Германа-германскі музей

Гучыць як "масла маслянае", праўда? Тым не менш, на віле Шонінген у Патсдаме нас вядуць менавіта ў такое месца. Тут можна ўбачыць колішнія таблічкі-папярэджанні пра памежную зону, кавалкі калючага дроту і шыпоў-вожыкаў з дарогі, форму памежнікаў. І нават табельны "макараў" гэдээраўцаў. Колькі жыццяў непавінных людзей ён забраў? Невядома, але нават паводабілі 1068 чалавек, якія спрабавалі вырвацца з гэтага "камле афіцыйных звестак за гады мяжы гэдээраўскія памежнікі зуністычнага запаведніка".

"Я ваджу экскурсіі не толькі ў дагледжаныя куточкі горада"

Для мяне асабіста фігура Міхаіла Гарбачова — спрэчная. Ягоныя заслугі ў развале Савецкага Саюза забываць нельга: дзякуючы гэтаму я ўсё свядомае жыццё з'яўляюся грамадзянінам незалежнай Рэспублікі Беларусь. Адначасова нельга забываць, што менавіта пад кіраўніцтвам Гарбачова ад мільёнаў людзей спрабавалі схаваць праўду пра Чарнобыль — у выніку на першамайскую дэманстрацыю 1986 года выйшлі сотні тысяч людзей, для многіх з якіх гэта скончылася калецтвам ці паскоранай смерцю.

Колішняя бетонная дарога для гэдээраўскіх патрульных машын у Зялёным Поясе.

Для немцаў Гарбачоў — адназначны герой. Днямі, да ўгодкаў аб'яднання, яму (разам з Гельмутам Колем і Джорджам Бушам-старэйшым) нават паставілі бюст у Берліне. Пра ролю Гарбачова згадаў і мэр (обер-бургамістр) Ляйпцыга Буркхард Юнг падчас нашай сустрэчы.

Варта нагадаць, што ў 1989 годзе ўсё пачыналася менавіта ў Ляйпцыгу. Тут, у царкве Святога Мікалая, збіраліся людзі, незадаволеныя камуністычнай уладай. І з кожным разам, кожны панядзелак, іх прыходзіла ўсё больш. Пакуль 9 кастрычніка 1989 года іх не сабралася пад 100 тысяч — людзі занялі ўвесь храм, плошчу абапал яго і прылеглыя вуліцы. Людзі са свечкамі ў руках пайшлі па горадзе — і паліцыянты, войска не спынялі іх. "Чаму?" — запытаўся я ў спадара Юнга.

— Ведаеце, асабіста я бачу тры асноўныя прычыны гэтага, — адказаў обер-бургамістр Ляйпцыга. — Па-першае, камуністычны ўрад ГДР не адчуваў больш поўнай падтрымкі СССР. Па-другое, камуністы не адважыліся зладзіць крывавую бойню пасярод Еўропы. І па-трэцяе, усе савецкія салдаты на загад Гарбачова заставаліся ў казармах, атрымаўшы ўказанне "не ўмешвацца". У выніку супраць дэманстрантаў выйшла 8000 паліцыянтаў і вайскоўцаў — але гэта былі таксама жыхары Ляйпцыга і ваколіц. І яны ўбачылі сярод дэманстрантаў сваіх сваякоў, сяброў, знаёмых, суседзяў. Дзякаваць Богу, немцы не сталі страляць у немцаў.

Апроч тэмы яднання, Буркхард Юнг распавядаў нам і пра сваю працу на пасадзе обер-бургамістра. Асабліва мне спадабалася адна ягоная фраза:

— Калі да мяне прыязджаюць дэлегацыі ці проста госці, я вяду іх паказваць не толькі ўзорна чыстыя і дагледжаныя вуліцы, але і праблемныя раёны, дзе дрэнныя дарогі, неадрамантаваныя дамы. "Паказуха" — гэта падман саміх сябе. І калі ты паказваеш толькі бляск — кожны разумны чалавек адчуе, што ты падманваеш...

Напрыканцы размовы пра яднанне обер-бургамістр распавёў нам байку пра ролю Гарбачова ў тым гістарычным працэсе. Маўляў, напярэдадні 9 кастрычніка кіраўніцтва ГДР ужо ведала, што заўтра будзе шматтысячная дэманстрацыя. На пад'ездах да Ляйпцыга паліцыя перахоплівала цэлыя аўтобусы людзей, якія ехалі з іншых месцаў, каб паўдзельнічаць у ёй. І вось ноччу гэдээраўскія правадыры кінуліся тэлефанаваць Гарбачову: што рабіць?! Слухаўку нібыта зняла Раіса Максімаўна, якая тройчы патлумачыла, што Міхаіл Сяргеевіч спіць. Аднак тыя так упрошвалі, што яна пайшла будзіць мужа. Што адказаў тады Гарбачоў гэдээраўцам, гісторыя замоўчвае. Але факт застаецца фактам: калі б СССР у асобе генсека падтрымаў тады гэдээраўцаў, яднанне Германіі адклалася б яшчэ на пэўны час.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота аўтара.

Берлін—Патсдам—Ляйпцыг—Мінск.

Р.S. Аўтар выказвае шчырую падзяку амбасадзе Германіі ў Мінску за цудоўную арганізацыю паездкі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыяльны карэспандэнт Глеб ЛАБАДЗЕНКА павячэраў у Берліне з апошнім міністрам замежных спраў ГДР і распытаў у мэра Ляйпцыга, чаму ў 1989 годзе салдаты і паліцыя не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика