Нямецкі фонд выдаткоўвае Беларусі 300 тысяч еўра на праекты для пажылых людзей
09.10.2010
—
Новости Общества
|
Трэці конкурс праектаў, накіраваных на стварэнне ўмоў для рэалізацыі патэнцыялу пажылых людзей, аб'яўлены ў Беларусі 1 кастрычніка ў рамках праграмы "Месца сустрэчы — дыялог". На рэалізацыю гэтай праграмы германскі фонд "Памяць, адказнасць і будучыня (Фонд ЕVZ) выдаткоўвае 300 тысяч еўра, а яе каардынатарам у нас з'яўляецца міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Узаемаразуменне". — Мэта нашай праграмы, на якую мы штогод выдаткоўваем каля 300 тысяч еўра ў вашай краіне, — падтрыманне праектаў, якія дадуць пажылым людзям, у першую чаргу тым, хто пацярпеў ад фашызму, магчымасць сустрэцца ва ўтульнай абстаноўцы з прадстаўнікамі маладога пакалення, падзяліцца сваім жыццёвым вопытам, — кажа Элькэ Браўн, кіраўнік гуманітарных праграм германскага фонду "Памяць, адказнасць і будучыня". — Мы глядзім на пажылых людзей не толькі як на тых, хто мае патрэбу у дапамозе, але і як на тых, хто мае багаты жыццёвы вопыт і хоча падзяліцца ім. Удзельнікамі конкурсу на атрыманне грашовага гранта могуць быць не толькі грамадскія арганізацыі, але і дзяржаўныя ўстановы — тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага забеспячэння насельніцтва, школы, пасялковыя выканкамы, бібліятэкі, аддзелы культуры выканкамаў і гэтак далей. Як расказала Анжаліка Аношка, старшыня праўлення ГА "Узаемаразуменне", заявы на ўдзел у конкурсе трэба падаць да 30 снежня 2010 года, пасля чаго незалежнае журы іх разгледзіць і дасць рэкамендацыі наконт праектаў. Але канчатковае рашэнне пра выдзяленне сродкаў ці пра адмову будзе прымаць германскі фонд. Асноўныя крытэрыі, па якіх будуць ацэньвацца праекты, — адпаведнасць мэтам праграмы, ахоп мэтавай групы (пажылыя людзі, у першую чаргу — былыя вязні нацызму і ахвяры сталінізму), удзел у праекце моладзі, эканамічная абгрунтаванасць праекта і ўдзел валанцёраў. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у ГА "Узаемаразуменне" ці паглядзець на сайце www.mооv.bу. У папярэдніх двух конкурсах праектаў удзельнічала каля 40 арганізацый, але пераможцамі сталі толькі 14 у кожным з конкурсаў — у першым яны разам атрымалі 300 тысяч еўра, а ў другім агульная сума грантаў склала 360 тысяч еўра. — Мы працуем з людзьмі 1935-1940-х гадоў нараджэння, у якіх практычна не было дзяцінства, — расказвае Наталля Парэчына, каардынатар адукацыйных праектаў ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны", пра праект "Птушкам усе ўзросты пакорныя", які ў свой час выйграў грант на арганізацыю творчых майстэрняў, экалагічных экскурсій і практычных заняткаў з пажылымі людзьмі. — І калі мы пачынаем займацца з імі прыкладной творчасцю — у іх загараюцца вочы. Напрыклад, мы з бабулямі і дзядулямі рабілі дамкі для птушак і кармушкі. І сказалі: "Бабулі, вы, напэўна, пасядзіце, гарбаты папіце, а мужчыны хай малаткамі стукаюць". Яны не пагадзіліся — таксама ўзялі малаткі ды пілы, і ўсе бабулі будавалі кармушкі. Наогул, яны з кожным заняткам становяцца ўсё больш свабоднымі, жыццярадаснымі, актыўнымі і, што самае галоўнае — гаваркімі. Мы спачатку не ставілі мэты збіраць успаміны, але зараз бачым, як людзям хочацца імі падзяліцца. Яны ж таксама ў дзіцячым узросце перажылі вайну, ім ёсць што расказаць. Павел БЕРАСНЕЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трэці конкурс праектаў, накіраваных на стварэнне ўмоў для рэалізацыі патэнцыялу пажылых людзей, аб'яўлены ў Беларусі 1 кастрычніка ў рамках праграмы "Месца...
|
|