Жаба ў бульбе для каханага мужчыны. 21.by

Жаба ў бульбе для каханага мужчыны

01.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Народны ансамбль "Чапурушкі" з аграгарадка Папоўка Слаўгарадскага раёна рыхтуе лепшыя жарты да 1 красавіка.

Нездарма гавораць, што гумар — гэта самая мяккая падушка паміж чалавекам і жыццём. З гумарам у "Чапурушак" усё ў парадку.

Усе жанчыны ў ансамблі — не проста сяброўкі, але і сваячкі. Кіруе "Чапурушкамі" Галіна Сяргееўна Малахоўская, культработнік з гучным голасам, агнявым характарам і актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Вельмі любіць жартаваць з  мужчын, і таму адна з канцэртных праграм калектыву складаецца з "бабскай гаворкі пра любоў у маладосці":

— Адна мужа ўспамінае: што за хлопец быў калісьці, а другая свайго лае — мне ж даў Бог за чорта выйсці!

Пры гэтым сама Галіна Сяргееўна лічыць свайго мужа лепшым у свеце, таму што без яго яна не мела б шанцаў справіцца з вялікай хатняй гаспадаркай і дзясяткам кароў.

  — Безумоўна, трэба бачыць твары мужчын у зале, калі мы выконваем гэтыя прыпеўкі. Яны ўсміхаюцца, спадзяёмся, што шчыра. Бо насамрэч мужыкі ў нас добрыя. Беларускі гумар усім блізкі, і прыпеўкі пра мужоў — гэта яго неад'емная частка.

Музычны кіраўнік ансамбля — Алена Аляксандраўна Слаўнікава, кума Малахоўскай і настаўніца музыкі па прафесіі. Жанчына адразу прызналася, што самае вялікае ўражанне ад 1 красавіка звязана ўсё ж такі са школай: калі вучні для жарту пасадзілі пад падлогу ката, які жаласна крычаў, а даставаць яго ўрэшце давялося з дапамогай спецыяльнага інструмента і навучаных спраўляцца з экстрэмальнымі сітуацыямі людзей.

Галоўная салістка "Чапурушак" — Марына Алегаўна Макаранка, сястра кіраўніцы. Яна старэйшая ўдзельніца ансамблю і яго "залаты голас". Марына Алегаўна — вядомая прыпевачніца. "Каб не пела, не спявала, дык даўно б памерла!" — гэта яна пра сябе. Менавіта Галіне Алегаўне належыць самы арыгінальны першакрасавіцкі жарт у Васькавіцкім сельскім клубе, пра які "чапурушкі" расказваюць хорам:

— Садзімся за стол і падаём у гліняных гаршках запечаную бульбу з мясам — любімую страву нашых мужыкоў. Адкрывае адзін накрыўку, з лыжкай у руцэ і добрым настроем, а там замест ежы сядзіць жаба лупатая. Аказваецца, Алегаўна, калі перабірала бульбу, знайшла жабу і вырашыла пажартаваць. Трэба было гэта бачыць! Дзве пары вачэй насупраць: ён вылупіўся на жабу, а жаба — на яго!

Маладзейшыя ўдзельніцы "Чапурушак" на такія даволі жорсткія жарты яшчэ не асмельваюцца і мужоў шкадуюць. Адна дзяўчына ўдзячная, што яе каханы даглядае дваіх дзяцей, пакуль яна гастралюе па Магілёўскай вобласці. Іншая прыдумала мужа браць з сабой:

— Ведаеце, часам мужчыны супраць таго, каб жонка спявала ды танцавала ў ансамблі. Маўляў, няхай лепей у хаце сядзіць. Дык я знайшла выйсце: на мінулыя Каляды разам з мужам выступалі. Ён быў цыганам — вельмі прыгожым і ўрэшце вельмі задаволеным.

— І ніякая цыганка майго мужыка не адаб'е! — ваяўніча запэўнівае "чапурушка". — Калі што, дык нёба сабе падрапае...

Дарэчы, назва "Чапурушкі" ў ансамбля са слаўгарадскай глыбінкі з'явілася ад першай песні, якую жанчыны спявалі.

— Ёсць такая старая беларуская песня пра кабету, якой муж даў волю: "А ўсе людзі лён пасеялі, а мая чапурушка і не задумлівала..." Чапурушка ў нашым разуменні — гэта жанчына, якая ўмее даглядаць сябе, прыхарошвацца!

Умеюць прыхарошвацца і цяперашнія "Чапурушкі". "Талерка залачоная па століку вярцелася. Прыдумайце, вучоныя, каб есці не хацелася!" — гэта, пагадзіцеся, адвечная жаночая праблема.

Боты на высокай шнуроўцы — самая актуальная мода: "Шчыруй, Алегаўна на дыскатэку збіраецца!" Для ўсіх абавязковая — яркая чырвоная памада.

— Але самае галоўнае — настрой! Калі б мы не любілі жарты і песні, то як бы выглядалі? — рытарычна пытаецца аптымістычная Галіна Малахоўская. — Вы ж разумееце, што такое вёска: гаспадарка, хата, дзеці... Але калі выходзім на сцэну, то я кажу дзяўчатам: "Трэба, каб на нас было прыемна глядзець!" Таму наша візітная картка — шчырыя ўсмешкі і добры настрой!

Загадчыца Васькавіцкага сельскага клуба і вядомая ўдзельніца "Чапурушак" Марына Анатольеўна Самусенка запэўнівае, што жыць у вёсцы стала больш весела: у аграгарадок сталі часцей прывозіць канцэртныя праграмы, ды і мясцовыя артысты актыўнічаюць, асабліва ў старадаўніх абрадах і спевах. "Чапурушкі" і самі шануюць традыцыі: іх сімвал — бела-чырвоны ручнік 1813 года, які ткала прабабуля кіраўніцы ансамбля для бласлаўлення маладых на вяселлі.

— Жыць цяпер сапраўды стала лепей, — шчыра гаворыць Галіна Малахоўская. — У нас цяпер ёсць добры клуб, а раней мы збіраліся ў "прымыльніку" сельсавета. А цяпер ёсць месца для дзяцей і дарослых, каб разгарнуцца і бавіць вольны час. Цяпер, паверце, для тых, хто хоча на вёсцы жыць па-сапраўднаму, ёсць магчымасць. Тут галоўнае, як настроены сам чалавек, ці ёсць у яго жаданне працаваць і потым весяліцца.

"Чапурушкі" з Васькавіцкага сельскага клуба збяруцца ў Дзень жартаў не ў канцэртнай зале, а за сталом сямейнага клуба. Будуць смачна есці, спяваць і жартаваць. У "Васькавіцкіх прыпеўках" раскажуць, чым славіцца слаўгарадскі край: напрыклад, сваёй бульбай, якую тут называюць "валютай". Тутэйшыя гаспадыні паабяцаюць не сквапіцца і прапануюць гасцям дранікі, сала і пальцам пханую каўбасу. "Паясі — дык весялей спяваецца!"

Будзе гульня ў пярсцёнак і мужчынскі конкурс "па тонкім лёдзе", дзе трэба перакладаць паперы і па іх бегчы да прыза. Дарэчы, прыз перадаецца каханай жанчыне з прызнаннем. "Ведаеш, а я дасюль цябе кахаю!" — аднойчы пачула і адна з "Чапурушак". І гэта ўжо — акрамя жартаў.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

Слаўгарадскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Народны ансамбль "Чапурушкі" з аграгарадка Папоўка Слаўгарадскага раёна рыхтуе лепшыя жарты да 1 красавіка. Нездарма гавораць, што гумар — гэта самая...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика