Колькі мы зэканомілі на перапраўцы "Сітраэна" сваімі сіламі? - Перагнаць машыну з Літвы. Частка 2. 21.by

Колькі мы зэканомілі на перапраўцы "Сітраэна" сваімі сіламі? - Перагнаць машыну з Літвы. Частка 2

12.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Журналіст "Звязды" разам з сяброўкай выправіўся за мяжу па машыну. Задача амаль утапічная: выбраць добры варыянт і пры гэтым зэканоміць грошы.

Але перш-наперш мы сумяшчаем працу з адпачынкам — спім да дзясятай гадзіны, аглядаем гістарычную спадчыну Вільні (пра нашы аўтамабільныя прыгоды за мяжой чытайце ў нумары "Звязды" за 11 мая).

Ці не прывядзе такі легкадумны падыход да таго, што аперацыя "Перагоншчык" праваліцца?

З дапамогай інтэрнэту нам удалося знайсці, на першы погляд, добрую машынку з незвычайным рухавіком. Тут жа ў Вільні.

Што ж будзе, калі пабачым аўтамабіль жыўцом?

Працягваем аповед пра аперацыю "Перагоншчык"...

Набыць машыну ў Літве вы можаце некалькімі спосабамі. Напрыклад, на аўтамабільным рынку; самы буйны знаходзіцца ў Каўнасе. А таксама — на камісійных пляцоўках, якія ў Нямеччыне называюцца аўтахаўзамі. Вялікія пляцоўкі знаходзяцца ва Утэне і Таўраге.

Транзітныя нумары ў літоўскай "Рэгістрацыі аўтатранспарту" можна атрымаць за 20 хвілін   Аднак мы прыцэльваемся на прадаўца, які б з'яўляўся звычайным грамадзянінам Літоўскай Рэспублікі, а не прафесійным аўтагандляром. Таму, едучы на сустрэчу з прадаўцом Арунасам, вельмі на гэта спадзяёмся. Рынак і камісійныя пляцоўкі трымаем як запасны варыянт.

Аказалася, што патрэбны нам адрас знаходзіцца непадалёк ад вядомага гандлёвага цэнтра "Акропаліс". На камісійную пляцоўку прадпрыемства Арунаса не падобнае. Аказалася, што мужчына з'яўляецца дырэктарам фірмы па продажы электрычнага абсталявання для веласіпедаў.

— Добры дзень! Як даехалі? А вось і машына. Аглядайце, калі ласка,вітаецца Арунас за руку і паказвае на свой "Сітраэн С2".

Адразу ж заўважаю, што на машыне стаіць добрая гума, літыя дыскі, якія гаспадар сам паставіў у якасці цюнінгу.

Ззаду ўсталяваны "няродныя" фары. Але гэта не азначае, што машына бітая ззаду: Арунас прапаноўвае аддаць стары камплект фараў, бо новыя паставіў таксама з мэт цюнінгу. Машына не адпаліравана, ёсць некалькі пацёртасцяў і драпін, якія нескладана ліквідаваць сваімі сіламі. Кузаў трохі запылены, але па нанясенні фарбы відаць, што прынамсі ззаду і па баках машына не перафарбоўвалася. Рухавік працуе нармальна: невялікі шумок дае рэмень генератара, які так ці інакш трэба мяняць. Прабег, на першы погляд, відавочна адматаны — усяго пад 60 тысяч кіламетраў. Але на машыну ёсць сэрвісная кніжка з поўнай гісторыяй, прапісаны ўсе замены расходнікаў, паломкі.

Даведваемся, што машына была набыта ў эстонскім аўтасалоне, паездзіла тры гады і была прывезена ў Літву да Арунаса. Аглядаем сэрвісную кніжку (бо маем досвед у гэтай справе) і пераконваемся: прабег рэальны. Па шкле і рамянях бяспекі высвятляем, што "Сітраэн" і сапраўды выпушчаны ў 2006 годзе. Знаходка, а не машына. І тут Арунас шакіруе нас сваёй праўдай:

— Машына была бітая.

Як так? — пужаемся.

Калі я набываў яе, то ведаў пра гэта. Былая гаспадыня пабіла пярэдні бампер і пашкодзіла радыятар. Усё гэта заменена. Я пільна правяраў геаметрыю кузава, і аказалася, што ўсё ў поўным парадку. Прынамсі, такі мой пункт гледжання.

Я таксама ведаю, што машына можа быць бітая па-рознаму. Мой былы "Нісан Альмера" быў пашкоджаны куды больш сур'ёзна, чым гэты "Сітраэн С2", але я ад'ездзіў на машынцы паўтара года, і за гэты час увогуле нічога не паламалася.

Сядаем у "Сітраэн". Тут Арунас паказвае нам усе магчымасці рухавіка. Разганяе машыну да 6000 абаротаў.

"Звар'яцелы зэдлік" — так мы назвалі аўтамабіль пасля тэст-драйву.

Машына не проста рве, яна аказалася незвычайна ўстойлівай на паваротах.

У падвесцы — ніякага грукату.

І мы зразумелі, што спынімся на "Звар'яцелым зэдліку".

Пытанне адно: як збіць цану, калі ў машынцы няма да чаго дачапіцца? У межах аперацыі "Перагоншчык" мы прадугледзелі і гэты нюанс.

* * *

Першапачатковы кошт "Звар'яцелага зэдліка" быў 4100 еўра. Таргавацца быццам няёмка. Тады Крысціна тэлефануе бацьку — няхай ён збівае цану па тэлефоне.

Бацька сяброўкі бярэцца за такі занятак з вялізным задавальненнем. Такім чынам, цана з 4100 еўра апускаецца да 3900.

Мы гатовыя расплачвацца і вяртацца на Радзіму. Але на гадзінніку ўжо пятая гадзіна, і "Рэгістрацыя аўтатранспарту" зачынена.

Аформіць дакументы можна толькі заўтра.

А пакуль Арунас паказвае нам добрую зімовую гуму на "Сітраэн С2" і аддае яе разам з жалезнымі дыскамі задарма.

Гаспадар арганізоўвае для нас забаўляльную праграму. Дастае з гаража некалькі веласіпедаў, абсталяваных электрычнымі рухавікамі, і дае пакатацца. За гарбатай, у скляпеннях сваёй фірмы, Арунас распавядае пра планы: "Хачу прадаць яшчэ некалькі машын і набыць у Кітаі электрамабіль..." Ён распавядае пра сваю фірму, справы якой пайшлі ўгару, пра ўладу, "якая нашмат лепшая за савецкую, але зашмат лезе ў справы бізнэсу", пра сына, які з'ехаў працаваць у Нідэрланды, каб самастойна зарабіць на ўніверсітэт. За таварыскай размовай праходзіць яшчэ паўтары гадзіны.

Для чаго я падкрэсліваю гэтыя нюансы? Падобна на тое, што наш разлік набыць машыну ў прыстойнага чалавека спрацаваў. Такія законы жыцця: калі ты ставішся да іншых з павагай, то і сам натрапляеш на добрых людзей. Але пры гэтым трэба дзесяць разоў падстрахавацца. Натрапіць можна і на так званага "фуфлагона", які задурыць галаву і прадасць вам не машыну, а сур'ёзную праблему...

Ад Арунаса ідзём на кароткі шопінг, потым бавім час у кавярнях — ласуемся літоўскай нацыянальнай кухняй. Але моцна не рэлаксуем: заўтра адказны дзень — афармленне дакументаў, размытнёўка і перагон машыны ў Беларусь. Вяртаемся ў наш атэльчык.

Знялі машыну з літоўскага ўліку за 20 хвілін

Калі ты не займаешся перагонам машын прафесійна, то злёту даць рады неабходным дакументам не так проста. Але гісторыяй пра тое, што на мяжы чагосьці не хапіла, я не чуў. Забудзешся пра нейкія дакументы — нагадаюць.  Але, каб не было недарэчнасцяў, каб не страціць час, мазгі трымаем "у кучцы".

А дзявятай гадзіне мы ўжо цікуем на фірме ў Арунаса.

Першы важны дакумент, даведка-рахунак, для нас ужо падрыхтавана. Выязджаем у "Рэгістрацыю аўтатранспарту", дзе Арунас здымае "Звар'яцелага зэдліка" з уліку. У будынку шмат рускамоўных людзей. Відаць, гэта перагоншчыкі з Беларусі і Расіі. Ёсць казахі і пакупнікі далёкаўсходняй знешнасці.

Дык што, сакрэт у машыне ёсць? — загадкава пытаецца па-руску загарэлы мужчына (напэўна, узбек) у маладога літоўца.

Не, ніякіх сакрэтаў, — ніякавата дае прадавец дзяжурны адказ.

Абодва застаюцца задаволеныя, як пасля выкананага рытуалу...

Не паверыце, на афармленне нашых дакументаў спатрэбілася ўсяго дваццаць хвілін. І ў нас на руках — літоўскія транзітныя нумары і салатавы тэхнічны пашпарт, у які ўнесена імя і прозвішча маёй сяброўкі. Гэта другі неабходны дакумент. За афармленне заплаціў Арунас — так прынята.

З дапамогай адвёрткі прыкручваем транзітныя нумары да "Сітраэна".

Увага: не забудзьцеся забраць у прадаўца літоўскую страхоўку, якая таксама спатрэбіцца вам пры перасячэнні мяжы.

Непадалёк ад будынка "Рэгістрацыя аўтатранспарту" знаходзіцца мытня, дзе нам павінны падрыхтаваць трэці дакумент — "Дазвол на вываз машыны з Літоўскай Рэспублікі".

Аддаём Арунасу грошы, дзякуем такому інтэлігентнаму прадаўцу і развітваемся.

Які выбар зрабіць, каб доўга не стаяць у чарзе на мяжы?

Прыязджаем на мытню, аддаём усе дакументы супрацоўнікам, атрымліваем пропуск і заязджаем за шлагбаум. Чакаем доўга — больш за гадзіну. Вывучаем начынне "Сітраэна С2". Ёсць усё неабходнае — кандыцыянер, падагрэў сядзенняў, фары і дворнікі ўключаюцца аўтаматычна...

Урэшце да нас падыходзіць чалавек у форме, звярае нумар кузава, сыходзіць. А яшчэ праз дзесяць хвілін іншы супрацоўнік мытні прыносіць нам "Дазвол на вываз". Цікава, што ў гэтым дакуменце пазначаны канкрэтны прапускны пункт, праз які мы збіраліся перасекчы мяжу. Пра гэта ў нас спыталіся. Мы, у сваю чаргу, зайшлі на сайт Дзяржаўнага памежнага камітэта РБ (gрk.gоv.bу) і высветлілі, што на цэнтральным пункце пропуску "Каменны лог" чарга на ўезд у 60 машын. Таму выбіраем больш дробны прапускны пункт "Лаворышкес-Катлоўка", дзе, па звестках памежнікаў, у чарзе ўсяго 10 машын.

Супрацоўнік мытні просіць прабачэння за тое, што мы доўга чакалі. За афармленне дакумента трэба заплаціць 130 літ (каля 38 еўра). Расплачваемся і выязджаем у бок Бацькаўшчыны. Я спераду на "Опелі Астра", а Крысціна на "Звар'яцелым зэдліку" за мной.

Выпрабаванне размытнёўкай

Ад Вільні да нашага прапускнога пункта ўсяго 14 км. І, калі едзеш дадому, вельмі хочацца націснуць на педаль газу. Але аўтамабіляў з паліцыяй у Літве не менш, чым у нас. А правілы яшчэ як адрозніваюцца!

Напрыклад, максімальная хуткасць у населеным пункце не 60 км/г, а 50 км/г.

За горадам — тыя ж 90 км/г.

Калі на шашы вы перавысілі хуткасць больш як на 10 км/г, можаце заплаціць да 30 еўра штрафу. Калі перавысіце больш як на 20 км/г — можаце аддаць каля 90 еўра.

Увага! У Еўрасаюзе блізкае святло фар павінна быць уключана круглыя суткі. Калі забыліся ўключыць фары, вам паміргаюць кіроўцы сустрэчных аўто. Прышпілены павінны быць абсалютна ўсе пасажыры ў машыне.

З усіх гэтых прычын едзем па Літве надзвычай асцярожна. Непадалёк ад мяжы паліцыя на нашых вачах спыняе перагоншчыка з французскімі нумарамі. Яго штрафуюць на 100 літ за тое, што не атрымаў літоўскія транзітныя нумары. Прынамсі так нам патлумачыў гэты перагоншчык ужо на мяжы.

Прыбываем на пункт пропуску "Лаворнішкес-Катлоўка". Першымі з перагоншчыкаў становімся ў "чырвоны" канал. Адпраўляю Крысціну ў будку да мытніка. Той загадвае пераехаць у "зялёны" канал, стаць у агульную чаргу. Таму пад пільнымі позіркамі незадаволеных іншых аўтамабілістаў прапускаю сяброўку наперад.

Ну што, да дакументаў не чапляўся? Літы не прасіў? — пытаюся ў сяброўкі.

— Ды не, паглядзеў, пячатку нейкую паставіў і адпусціў, — здзіўляе мяне Крысціна. — Глядзі, машын нібыта няшмат, можа, не прастаім доўга...

Перад намі і сапраўды каля 10 аўтамабіляў. З іх — толькі адзін перагоншчык. Але я не спяшаюся цешыцца. Не так даўно па даверанасці праз гэты ж прапускны пункт пераганяў машыну для сваёй сястры. Літоўцаў прайшоў за паўгадзіны. А на беларускай мытні ў чарзе з шасці перагоншчыкаў прастаяў аж пяць гадзін.

Пакрысе падыходзіць наша чарга. Крысціна аддае ўсе дакументы літоўскаму памежніку, той правярае нумар кузава, спрабуе жартаваць і прапускае. Следам і я паказваю пашпарт і тэхпашпарт на свой "Опель", еду за сяброўкай.

Каля паўгадзіны стаім у чарзе ля шлагбаума на беларускім баку. Праз паўгадзіны праходзім чаргу і (о дзіва!) першымі заязджаем у "чырвоны" канал. Я растаможваю на сябе пару зімовых колаў, якія даў Арунас. Крысціна — "Сітраэн С2" і яшчэ адну пару колаў.

Бярыце кола і ўзважвайце, — па-беларуску загадвае мне мытнік.

Пара заважыла 28,6 кг.

Да 50 кг можаце ўвозіць бяспошлінна, — паведамляе службовая асоба і тлумачыць, як запоўніць дэкларацыю. А потым правярае па базе звестак, ці не зарабляю я перавозкамі гумы.

Адстраляўшыся, тлумачу сяброўцы, як скласці дэкларацыю наконт колаў. Крысціна, складаючы дэкларацыю на "Звар'яцелага зэдліка", нешта не пазначыла. Але страху вялікага няма. Супрацоўнікі мытні тлумачаць, як правільна скласці дэкларацыю, паказваюць, куды трэба дапісаць звесткі тэхпашпарта і даведкі-рахунка. Потым адпраўляюць у вялікі будынак, дзе ў акенцы "Беларусбанк" трэба аплаціць размытнёўку: у нашым выпадку 635 еўра па курсе Нацбанка.

Потым трэба зрабіць страхоўку на 15 дзён (15 тысяч беларускіх рублёў). Пасля транспартная інспекцыя ставіць пячатку на талоне, які далі пры ўездзе на беларускую мяжу.

З усім гэтым трэба вярнуцца да мытніка. Ён, у сваю чаргу, выдае "Пасведчанне на ўвоз у РБ транспартнага сродку" і "Мытны прыходны ордар".

Пасля ўжо памежнік глядзіць у талон, дзе пячатку паставіла "Транспартная інспекцыя", правярае салон "Звар'яцелага зэдліка" на наяўнасць кантрабанды і адпускае нас дадому.

Амаль неверагодна, але мяжу мы прайшлі прыкладна за тры гадзіны. Чаму так хутка? Па-першае, з-за сітуацыі на валютным рынку перагоншчыкі сёння працуюць не так актыўна. Па-другое, машыну мы пераганялі ў выхадны дзень. Па-трэцяе, скарысталіся дробным памежным пунктам пропуску. Рабіце свае высновы.

Да мытнікаў сёння не магу дачапіцца, прайшлі ўсё як па масле, — сустрэлі мы на запраўцы перагоншчыка на "Опелі Мерыва", які стаяў у чарзе за намі. — То парышся на мяжы дзень і ноч, то за гадзіну спраўляешся...

Шчаслівыя, паспеўшы нават адпачыць, едзем дадому. Засветла паказваем "Звар'яцелага зэдліка" сябрам і падлічваем, колькі зэканомілі.

Яўген ВАЛОШЫН.

Вільня—Лаворышкес—Мінск.

ЛІЧБЫ

У якую суму нам абышоўся "Сітраэн С2"?

Складаем дасціпную бухгалтэрыю аперацыі "Перагоншчык".

Кошт машыны — 3900 еўра.

Размытнёўка — 635 еўра (1587 см 3 рухавіка памножыць на 0,4 еўра).

Афармленне "Дазволу на вываз" у літоўскіх мытных органах — 38 еўра (130 літ).

Паліва — 57 еўра ("Опель Астру" заправілі на 38 еўра, "Сітраэн С2" — на 19 еўра).

Пражыванне ў атэлі — 50 еўра за два дні (хоць, калі б была патрэба варушыцца, уклаліся б у адзін дзень).

Харчаванне — 50 еўра за ўвесь час (хоць, калі б не хадзілі па кавярнях, выдаткі на ежу можна было б скараціць удвая).

Візы мелі службовыя, дзейная зялёная картка на "Опель Астру" была, таму выдаткі — 0 еўра.

Усяго — 4730 еўра.

Пераводзім гэтую суму ў долары (бо менавіта ў гэтай валюце машынамі гандлююць на беларускіх аўтарынках). Нават калі лічыць па не самым выгадным курсе, выходзіць 7095 долараў. Дадаём сюды выдаткі на тэлефонныя размовы (5 долараў) і атрымліваем 7100 долараў ЗША. Вось у якую суму нам стаў наш "Сітраэн С2" (2006 год выпуску, бензінавы рухавік — каля 1600 см 3, разгон за 200 км/г).

Канчатковыя выдаткі — 7100 долараў ЗША.

ПАДЛІКІ

Ці выгадным атрымаўся перагон машыны?

Як і чакалася, у беларускім інтэрнэце няма аб'яў па "Сітраэне С2", які б меў такі ж моцны рухавік. Але не звяртаем на гэта ўвагі і праглядаем усе бензінавыя варыянты 2006 года выпуску.

Знаходзім пяць прапаноў.

Увага! Самы танны варыянт — 8300 долараў ЗША. Самы дарагі — 9900. Зазвычай гандляры скідаюць каля 200 долараў ад пачатковага кошту. Таму падлічваем, што самы танны варыянт — 8100 долараў, самы дарагі — 9700.

А нашы канчатковыя выдаткі — 7100 долараў ЗША.

Атрымліваецца, што як мінімум мы зэканомілі 1000 долараў.

Пры гэтым, як аказалася, нечаканых укладанняў у "Звар'яцелы зэдлік" рабіць не трэба. Праверылі машынку на СТА. Вынік усцешыў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Журналіст "Звязды" разам з сяброўкай выправіўся за мяжу па машыну. Задача амаль утапічная: выбраць добры варыянт і пры гэтым зэканоміць грошы. Але перш-наперш...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика