Фізіка і лірыка Жарэса Алфёрава. 21.by

Фізіка і лірыка Жарэса Алфёрава

12.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нобелеўскі лаўрэат правёў майстар-клас для гродзенскіх студэнтаў

Упершыню ў гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з лекцыяй перад студэнтамі і выкладчыкамі (і не толькі гэтай, але і іншых ВНУ горада над Нёманам, якія сачылі за інтэрнэт-трансляцыяй) выступіў лаўрэат Нобелеўскай прэміі, аўтар больш чым 500 навуковых работ і 50 вынаходніцтваў, акадэмік Расійскай акадэміі навук, замежны член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Жарэс Алфёраў.

Тэма лекцыі, здавалася б, была разлічана выключна на сённяшніх альбо будучых прафесіяналаў-фізікаў: "Паўправадніковая рэвалюцыя ХХ стагоддзя".

— Як спецыяліст у галіне паўправаднікоў і паўправадніковай электронікі, я лічу гэтую справу надзвычай важнай для ўсяго свету. І мне проста цікава аб гэтым расказаць маладому пакаленню, бо ёсць шмат такіх рэчаў, пра якія нельга прачытаць у кнігах. Спадзяюся, што гэта справа пакажацца вельмі важнай, а можа, і зацікавіць маладых людзей, — сказаў Жарэс Алфёраў журналістам перад пачаткам лекцыі.

Аказалася, што цікава было не толькі фізікам. Нават аўтар гэтых радкоў, вельмі далёкі ад паўправадніковых гетэраструктур і хуткіх опта- і мікраэлектронных кампанентаў (за распрацоўку якіх Жарэса Алфёрава ўзнагародзілі Нобелеўскай прэміяй) слухаў карыфея сучаснай фізікі, стаіўшы дыханне. Гэта была не проста лекцыя, а сапраўдны майстар-клас, калі аўдыторыя вучылася не толькі нанатэхналогіям.

Жарэс Алфёраў зазначыў, што вельмі рады зноў прыехаць на беларускую зямлю, дзе нарадзіўся. Ён заўсёды кажа пра Беларусь "наша рэспубліка" і лічыць, што "быць замежным членам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — гучыць трохі дзіўна". Потым Жарэс Іванавіч, паколькі знаходзіўся ў сценах універсітэта імя Янкі Купалы, прачытаў (без якіх-небудзь хібаў у беларускім вымаўленні) некалькі радкоў паэта: "А хто там ідзе, а хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе? Беларусы ...".

А што тычыцца непасрэдна тэмы лекцыі, то яна раскрывалася не толькі нейкімі вузкаспецыяльнымі схемамі, тэрмінамі — у асноўным праз факты, падзеі, асобы. І пры гэтым — без усякай "зоркавасці", з гумарам, а ў пэўным сэнсе і з самаіроніяй. Напрыклад, калі Алфёрава пасля лекцыі спыталі, ці можна задаваць яму пытанні, Жарэс Іванавіч паведаміў, што ў Стакгольме пасля ўручэння Нобелеўскай прэміі пытанняў лаўрэату не задаюць — "каб не паставіць яго ў тупік". Пасля чаго адказаў на пытанні, што тычыліся карысці ад нанатэхналогій для шэраговых грамадзян, а таксама яго стаўлення да рэформаў у адукацыі. Нельга, каб слова "рэформы" набывала, як здараецца, лаяльны сэнс, зазначыў Жарэс Алфёраў. Рэформы павінны ісці не зверху, а выспяваць знізу.

Выказаў наш знакаміты зямляк і сваю пазіцыю наконт атамнай энергетыкі. На яго думку, у сённяшніх рэаліях Беларусі, верагодна, трэба будаваць АЭС. Але будучыня (далёкая ці не надта?), лічыць Жарэс Алфёраў, — за атрыманнем электраэнергіі шляхам ператварэння сонечнай энергіі.

На развітанне "купалаўцы" падарылі Жарэсу Іванавічу сувенірны экзэмпляр кнігі "Дзікае паляванне караля Стаха", а потым многія студэнты хацелі з ім сфатаграфавацца, узяць аўтограф. Нікому адмоўлена не было.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Р.S. Жарэс Алфёраў стаў ганаровым прафесарам ГрДУ імя Янкі Купалы. Як паведамілі “Звяздзе” ў цэнтры масавых камунікацый універсітэта, на сённяшні дзень гэта званне прысвоена дзевятнаццаці вучоным-даследчыкам, выкладчыкам, грамадскім дзеячам. Сярод лаўрэатаў – Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, польскі кінарэжысёр Кшыштаф Занусі, рэктары ВНУ Расіі, Літвы, Польшчы, Германіі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нобелеўскі лаўрэат правёў майстар-клас для гродзенскіх студэнтаў Упершыню ў гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з лекцыяй перад...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика