"Галоўны ачаг баршчэўніку — на малой тэрыторыі. У старым садзе". 21.by

"Галоўны ачаг баршчэўніку — на малой тэрыторыі. У старым садзе"

12.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На працягу некалькіх дзён у рэдакцыю звярталіся жыхары аграгарадка Галоўчын Бялыніцкага раёна: дапамажыце, высякаюць сад! Тэлефанавалі розныя людзі, прычым, напал страсці імкліва павялічваўся. Рызыкуючы выклікаць незадаволенасць чытачоў (а гаворка ў выніку ад уласна саду пераходзіла і на іншыя праблемы вясковага жыцця), усё ж пастараемся засяродзіцца на канкрэтным пытанні — без эмоцый, выключна на падставе фактаў. У справе шмат падрабязнасцяў, аднак (паколькі і заяўнікі, і мясцовыя ўлады пра іх ведаюць) для шырокага кола чытачоў мы спынімся на галоўным.

Сад, як высветлілася, належаў СВК "Кудзін", яму больш за 30 гадоў. Што ўжо выклікала пытанні: чаму пратэстуюць вяскоўцы, якім ён не належыць — пры наяўнасці гаспадара, вольнага распара-джацца ім на свой погляд? Аднак пры паўторным тэлефанаванні нам распавялі, што зварот (які быў зачытаны па тэлефоне, як і распараджэнне райвыканкама аб арганізацыі работ па высечцы саду) да мясцовых уладаў падпісалі ўжо 53 чалавекі.

У звароце месцічаў гаварылася, што сад хоць і стары, але пладаносіць. Вяскоўцы прызвычаіліся выгульваць тут і рагуль, і коней, а хто і козачку навязваў паміж дрэў. Раней сад даглядала школа, але потым ёй даручылі такую працу ў іншым садзе, а чаму? Быццам бы існуе праблема з баршчэўнікам Сасноўскага, дык дзеля гэтага не трэба знішчаць сад. Ды і самі вяскоўцы гатовыя былі скінуцца, як кажуць, калі трэба, на сродкі хімічнай барацьбы з гэтай раслінай. Маўляў, сад высекуць, а потым усё роўна з тым баршчэўнікам змагацца ніхто не будзе. Ён і зараз пасярэдзіне вёскі буяе. Вось адтуль і пачыналі б барацьбу з той навалай. Дрэвы, паводле слоў заяўнікаў, могуць пладаносіць яшчэ гадоў 15. І чаму ўвогуле трэба высякаць менавіта гэты сад, у Галоўчыне, калі ў гаспадарцы ёсць яшчэ чатыры сады — у іншых месцах?..

Пасля другога звароту мы тут жа звязаліся з першым намеснікам старшыні Бялыніцкага райвыканкама Леанідам ЗАСЕМЧУКОМ з просьбай даць каментар па сутнасці пастаўленых вяскоўцамі пытанняў. Зноў жа, як і ў выпадку з чытачамі, апусцім некаторыя падрабязнасці, спынімся на галоўным. Як нагадаў Леанід Іванавіч, гаспадар сада — СВК "Кудзін" (дарэчы, на момант нашай гутаркі кіраўнік гаспадаркі прысутнічаў у кабінеце першага намесніка старшыні райвыканкама).

— Так, маецца яшчэ чатыры сады, але сад у Галоўчыне — самы стары, яму 36 гадоў. Калі і пачынаць высечку старых садоў, дык, лагічна, з самага старога, так? Безумоўна, пладаносіць такі сад можа і надалей, але — як тая дзічка ў лесе. Калі закранулі ўжо гэтую тэму пра плады... Летась з 1 100 тон яблыкаў, нарыхтаваных нашым раённым спажывецкім таварыствам, чвэрць прыпадала на Галоўчыцкі сельскі Савет, — патлумачыў Леанід Іванавіч. — Так, праблема баршчэўніку Сасноўскага існуе і яна даволі сур’ёзная. Урадам зацверджаная праграма барацьбы з гэтай навалай. Заданні па вынішчэнні расліны даведзеныя абласцям, адтуль — раёнам, а на ўзроўні апошніх канкрэтныя задачы пастаўленыя перад тымі ж сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, на землях якіх выяўленыя плошчы баршчэўніку. Дык вось, усяго ў раёне ім занятыя 24 гектары, з якіх 22 гектары прыпадаюць на тэрыторыю Галоўчынскага сельскага Савета. У сваю чаргу, з гэтай колькасці каля 70 працэнтаў прыпадае менавіта на стары сад. Ачаг менавіта там! На параўнальна невялікай тэрыторыі. Канешне, гэтая расліна сустракаецца і ў іншых мясцінах, але, паўтаруся, яго найбольшая колькасць — у садзе. Як вы думаеце, з чаго правільна пачаць барацьбу: з асобных экзэмпляраў, ці з месца найбольшай прысутнасці баршчэўніку. І вынішчэнне расліны трэба праводзіць неадкладна, літаральна ў бліжэйшыя тыдзень-два. А народ успрыняў усё ў "штыкі".

Як паведаміў далей Леанід Засямчук, было праведзена два сходы з удзелам вяскоўцаў, запрашалі прыродаахоўную інспекцыю, тлумачылі. На апошнім сходзе быў і сам суразмоўца.

— Увесь сад цалкам высякацца не будзе, але паміж дрэвамі зараз з цяжкасцю праходзяць касілкі. Потым будуць унесеныя хімічныя сродкі барацьбы з раслінай. Калі будзе наведзены парадак, у перспектыве на гэтым месцы будзе паша, — працягнуў далей суразмоўца. — Мы нават такі варыянт прапаноўвалі жыхарам. Бярыце, каму колькі патрэбна плошчы саду, дрэў — у карыстанне. Пішыце адпаведную заяву. Карыстайцеся, але і падтрымлівайце на гэтай тэрыторыі ў межах вызначаных граніц належны парадак, выкошвайце той жа баршчэўнік Сасноўскага. Словам, нясіце адказнасць за атрыманую тэрыторыю. Землеўпарадкавальная служба зрабіла падваравы абход і што вы думаеце? Ніводны жыхар вёскі не напісаў такой заявы!.. Вы ведаеце, што ў садзе была несанкцыянаваная звалка, якую ўтварылі насельнікі суседняй вёскі? Як такое магло здарыцца, калі па ўсіх сельскіх населеных пунктах камунгас збірае бытавое смецце ад насельніцтва. Гэта ж таксама пра нешта гаворыць.

Наступным днём мы змаглі пагутарыць і з кіраўніком СВК "Кудзін" Адамам САЧЫЛОВІЧАМ.

— Так, з 24 гектараў, захопленых у раёне баршчэўнікам, 22 гектары прыпадаюць менавіта на тэрыторыю Галоўчынскага сельскага Савета. Што тычыцца канкрэтна сада, там, можа, і не 70 працэнтаў папуляцыі расліны з тых агульных 22 гектараў, а 30 працэнтаў. Але справа нават не ў гэтых працэнтах, — распавёў Адам Пятровіч. — Сад у 2009 годзе быў спісаны з балансу гаспадаркі, апошнім часам ён быў засмечаны бытавымі, будаўнічымі адыходамі. Ну, і баршчэўнік — сапраўды праблема. Ён жа размнажаецца і вегетатыўным спосабам, і насеннем. Таму і пачалі высякаць сад — пакуль з краю... 

Каб скрупулёзна разабрацца ў скарзе вяскоўцаў, рэдакцыя звярнулася ў РУП "Інстытут аховы раслін Нацыянальнай Акадэміі навук". Мы задалі навукоўцам пытанне: 36 гадоў для сада ў тых умовах, пры якіх ён існаваў апошні час, у прыватнасці, пад доглядам школьнікаў, — гэта крытычна або не? Вясковыя жыхары настойваюць, што пладаносіць ён можа яшчэ гадоў 15...

— Пладаносіць сад можа і 100 гадоў — столькі, колькі будзе жыць, колькі будуць стаяць дрэвы, — адказаў нам намеснік дырэктара Раман СУПРАНОВІЧ. — Але прадукцыя з яго будзе нестандартная. Мяркуючы па вашых словах наконт догляду саду, кроны дрэў у ім, верагодна, высокія, самкнёныя, значыць, ніякія апырсквальнік туды не дастане... Такі сад, зразумела, больш падыходзіць для мясцовых жыхароў для выпасу ўласнай жывёлы. А ўвогуле зазначу, што ў краіне ёсць праграма пладаводства, якая прадугле-джвае раскарчоўку старых садоў. Дзяржава спецыяльна пад гэтыя мэты выдзяляе бюджэтныя сродкі. І потым там, дзе будзе палічана мэтазгодным, будуць па самых сучасных сусветных тэхналогіях закладвацца новыя сады. 

Пракаментаваць сітуацыю з баршчэўнікам Сасноўскага мы папрасілі загадчыка сектара кадастру расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук Беларусі кандыдата біялагічных навук Алега МАСЛОЎСКАГА. Наколькі насельніцтва адэкватна ўспрымае сітуацыю ў плане магчымай небяспекі ад папуляцыі расліны? У тым ліку і для сваёй жывёлы, якую людзі прызвычаіліся вадзіць на выпас у стары сад?

— У гэтай сітуацыі ёсць дастаткова сур’ёзная небяспека. Сярэдні рост папуляцыі за год складае ад 25 да 30 працэнтаў. Іншымі словамі, калі не знішчаць расліну, распаўсюджванне баршчэўніку за гэты тэрмін павялічваецца на трэць. Адна расліна за год дае больш за 10 тысяч штук насення. Калі баршчэўнікам занятая вялікая тэрыторыя, за год атрымліваецца насення больш, чым насельніцтва Беларусі. Ёсць два варыянты барацьбы з раслінай. Або ўзворванне, або кропкавае выкопванне. Для ўзворвання, натуральна, перашкодай з’яўляюцца дрэвы, калі мы гаворым пра сад. Але гэта самы эфектыўны метад, ён рэкамендаваны і Акадэміяй навук, і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, — сказаў Алег Мечыслававіч. — Што датычыцца жывёлы, дык яна, у адрозненне ад чалавека, абароненая ад апёкаў баршчэўніку. Аднак калі жывёла, тыя ж каровы, будзе ўжываць у ежу гэтую расліну, гэта прывядзе да пагаршэння якасці малака. У яго можа з’явіцца спецыфічны горкі смак. Па некаторых даследаваннях навукоўцаў з краінаў Балтыі, уключэнне ў рацыён баршчэўніку прыводзіць да бясплоднасці кароў. Ёсць, праўда, эфектыўная мера, якая на Захадзе выкарыстоўваецца як альтэрнатыва вышэйназваным метадам барацьбы з баршчэўнікам. Гэта выкарыстанне коз і авечак, няхай сабе і прыватных. Для іх расліна — ласая ежа. Статак коз або авечак — ёсць і канкрэтныя лічбы ў залежнасці ад тэрыторыі — запускаюцца на агароджаны ўчастак, дзе знішчаюць расліну. Гэта танны спосаб барацьбы з навалай. Дарэчы, менавіта таму — дзякуючы дзікім козам — баршчэўнік Сасноўскага не атрымлівае такога распаўсюджвання на сваёй радзіме, на Каўказе. Праўда, звестак, наколькі ўжыванне козамі і авечкамі ў ежу гэтай расліны можа адбіцца на якасці прадукцыі, пакуль няма.

...Два словы адносна эмоцый. Калі мы былі малыя, а дрэвы — вялікія. Калі мы выраслі, частку старых, стаўшых яшчэ больш высокімі дрэў высеклі, частку — адрэзалі да падабенства слупкоў. Так, што з узвышша, з плошчы, стала бачнай суседняя вёска. На ўваходзе ў алею дзяцінства паставілі камерцыйную краму, перагарадзіўшы праход. З цягам часу, нягледзячы на ўстаноўленыя лаўкі і зробленыя клумбы, тут пачалі збірацца толькі каб выпіць... Прама перад пасялковай бібліятэкай, закрыўшы яе, вырасла гмах-аўтакрама. Гэта з уласнага. Але такія прыклады знойдуцца ў кожнага. Не хачу сказаць, што ўсё змены — выключна да горшага. І тыя ж крамы вельмі патрэбныя. Але трэба разумець, што без іх, без зменаў, мы не зможам абысціся. Нельга пражыць усё жыццё ў тых умовах, што былі падчас дзяцінства..

Р.S. <І>Мы дамовіліся з першым намеснікам старшыні Бялыніцкага райвыканкама Леанідам Засемчуком, што пытанне застанецца на агульным  кантролі і ў выпадку неабходнасці мы зноў вернемся да гэтай тэмы.

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На працягу некалькіх дзён у рэдакцыю звярталіся жыхары аграгарадка Галоўчын Бялыніцкага раёна: дапамажыце, высякаюць сад! Тэлефанавалі розныя людзі, прычым, напал...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика