Да «Гран-пры» — на крылах ластаўкі
14.07.2011
—
Новости Общества
|
Учора вечарам раскрылася галоўная інтрыга фестывалю — афіцыйна аб'явілі прозвішчы ўладальнікаў "Гран-пры" і іншых прэмій 20-га міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск — 2011". "Гран-пры" — 15 тысяч долараў і спецыяльны прыз "Ліра" — прысудзілі прадстаўніцы Беларусі Алёне Ланской. Яна таксама атрымала падарунак ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі — ноўтбук. Першую прэмію — 9 тысяч долараў — атрымаў спевак з Украіны Уладзімір Квасніца. Другую прэмію — 6 тысяч долараў — падзялілі на дзве часткі. Па тры тысячы долараў атрымалі Рута з Літвы і Давід Дэйл з Чэхіі. Трэцюю прэмію — 3 тысячы долараў — падзялілі таксама. Па 1,5 тысячы долараў атрымалі Крысціна Скарлат (Малдова) і Алішэр Карымаў (Казахстан). Расіянка Мары Карнэ, як і наша канкурсантка, атрымала ў падарунак ноўтбук ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Канкурсант з Латвіі Дайніс Скутэліс стаў уладальнікам спецыяльнай прэміі імя Уладзіміра Мулявіна, якая ўручаецца з 2003-га года. Усе астатнія ўдзельнікі конкурсу атрымалі спецыяльныя дыпломы фестывалю. Акрамя гэтага, некаторых удзельнікаў узнагародзілі іншымі "сланамі". Сярод іх прэмія ад тэлерадыёкампаніі "Мір", планшэт ад кампаніі мабільнай сувязі і іншае. Усе без выключэння былыя канкурсанты атрымалі ад спонсараў і партнёраў фестывалю розныя падарункі. Міністр культуры Павел Латушка, які сёлета ўзначальваў журы, перад уручэннем дыпломаў і прэмій адзначыў, што ўзровень удзельнікаў конкурсу быў вельмі высокі. Ён пажадаў 20 удзельнікам конкурсу з 20 краін творчага развіцця і паспяховага ўдзелу ў іншых конкурсах. Наша зямлячка Алена Ланская, якая прадстаўляе Беларусь на "базарным" конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011", па выніках двух конкурсных дзён атрымала 179 балаў. І гэта са 180 магчымых. У другі конкурсны дзень, калі канкурсанты выступалі ў суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, Алена скарыла сваім выдатным выступленнем усіх без выключэння членаў журы, якія паставілі ёй "дзясяткі" — вышэйшы бал. Алена спела песню "Белая ластаўка". Словы з гэтай песні: "Я за цябе малюся, Беларусь" у выдатным выкананні беларускай прыгажуні не маглі не крануць суровыя сэрцы членаў журы. Прадстаўнік Украіны Уладзімір Квасніца "зарабіў" за два конкурсныя дні 174 балы. Пасля выканання ў другі дзень песні "На жаль, так многа не паспеў сказаць" (чамусьці на рускай мове, а не на роднай) літаральна ўпаў на калені на сцэне Летняга амфітэатра.Прыгажун Давід Дэйл з Чэхіі і абаяльная Рута з Літвы набралі па 170 балаў. Прадстаўнік Казахстана Алішэр Карымаў і Крысціна Скарлат з Малдовы — па 168. Расіянка Мары Карэ набрала за два дні 167, як і прадстаўнік Балгарыі Дзімітр Атанасаў. А ці ўсё вы ведаеце пра пераможцу? З задавальненнем хочацца трохі расказаць пра Алену Ланскую. Родам з Магілёўшчыны. Пра ўзрост жанчыны, напэўна, узгадваць непрыгожа, але ж. Нарадзілася Алена ў Магілёве, 7 верасня 1985 года. Скончыла Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, дзе атрымала веды па нюансах банкаўскай справы. Працавала ў банку. Потым скончыла, зноў жа ў Магілёве, беларуска-расійскі ўніверсітэт (спецыяльнасць — фінансы і крэдыт). Яшчэ калі вучылася ў школе, выступала ў канцэртах. У 2000 годзе брала ўдзел у рэспубліканскім свяце "Дажынкі", у праекце АНТ "Песня года". А яшчэ наша прыгажуня — пераможца глядацкага галасавання тэлевізійнага праекта "Сярэбраны марафон", лаўрэат першай прэміі еўрапейскага музычнага конкурсу "Сарандэу-2008", які прайшоў у Балгарыі. У спісе перамог і першая прэмія міжнароднага конкурсу "Кубак Еўропы — 2009" (Расія). Яна — лаўрэат міжнароднага музычнага конкурсу маладых выканаўцаў папулярнай музыкі "Аtlаntіс Brееzе-2010"... Гран-пры на "базары" стала добрым працягам "зорнага шляху" абаяльнай дзяўчыны. Атрыманыя грошы Алена плануе патраціць на адпачынак, бо вельмі нялёгка дасталася ёй перамога на "базары", частку грошай у якасці ўдзячнасці падарыць тым, хто дапамагаў ёй рыхтавацца да конкурсу. Алена пасля двух удалых дзён выступленняў пажартавала, што ўрэшце хочацца нармальна паесці (і выспацца). Пры гэтым не адмаўляецца ад свайго асабістага плана скінуць пару кіло (навошта? і так такая стройная). Плануе паступіць у Акадэмію мастацтваў або Універсітэт культуры. Прыгажуня не замужам. Ёсць каханы, але хто ён, чым займаецца — дзяўчына не расказвае. Алена прызналася, што яна — эмацыянальны чалавек, але ў апошні час стараецца адразу папрасіць прабачэння ў тых, на каго здараецца павысіць голас. Наогул шчыра спрабуе нікому не рабіць ліха і ўпэўнена, што нябёсы за гэта ёй дапамагаюць. На "базары" за яе "хварэлі" сястра з мужам і іх маленькая дачка. Аляксандр ПУКШАНСКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора вечарам раскрылася галоўная інтрыга фестывалю — афіцыйна аб'явілі прозвішчы ўладальнікаў "Гран-пры" і іншых прэмій 20-га міжнароднага конкурсу...
|
|