Як журналіст перакваліфікаваўся ў здатчыка другаснай сыравіны. 21.by

Як журналіст перакваліфікаваўся ў здатчыка другаснай сыравіны

11.11.2011 10:22 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як журналіст перакваліфікаваўся ў здатчыка другаснай сыравіны


Сусед па гаражы, былы кіроўца аўтобуса ў Гродне, а цяпер пенсіянер знайшоў "нішу" для паляпшэння свайго матэрыяльнага становішча: ён збірае і здае дзяржаве другасныя рэсурсы. Напрыклад, бутэлькі, якія не прымаюцца ў спецыялізаваных пунктах шклатары, ён па менш выгадных расцэнках, але ўсё роўна здае (як "бой") у нарыхтоўчыя пункты. Але галоўная ўвага — металалому, які Дзмітрый Мацвеевіч збірае, як правіла, у раёне нашага даволі буйнога гаражнага кааператыва. Суседзі па гаражах з усмешкай клічуць яго "санітарам". І сапраўды, хіба ж чалавек не робіць карысную справу для прыроды, зямлі, дзе не павінна абы-што валяцца? Акрамя таго, і для ўласнага бюджэту прыбаўка, і для дзяржавы, каб зменшыць яе патрэбу ў імпартных пастаўках металу і іншай сыравіны.

У нарыхтоўцы і здачы другасных рэсурсаў Мацвеевіч ужо як сапраўдны прафесіянал: ведае, дзе паблізу размешчаны прыёмныя пункты, рэжым іх працы па будных днях, у суботу і нават асаблівасці паводзін некаторых нарыхтоўшчыкаў. І ўжо не першы год, назбіраўшы чарговую партыю металалому (як правіла, да ста кілаграмаў), загружае яго ў свой, далёка не першай маладосці, але добра дагледжаны легкавік. Праўда, гэта яшчэ не гарантыя, што не будзе праблемы са здачай адходаў. У чым на ўласным прыкладзе і пераканаўся карэспандэнт "Звязды".

Шукаць металалом па наваколлі аўтару гэтых радкоў не прыйшлося, бо ва ўласным гаражы ўжо даўно мазолілі вочы старыя металічныя вароты. Таму трэба было толькі разрэзаць іх "балгаркай" ды пагрузіць у багажнік машыны. Даведваюся ў Мацвеевіча, куды лепш паехаць з гэтым металам (каб з пункту гледжання, так бы мовіць, транспартнай лагістыкі было недалёка ад гаража), і — уперад, папаўняць свой кашалёк і дзяржаўныя рэсурсы. Але з першага разу зрабіць гэта не атрымліваецца, бо работніца прыёмнага пункта паведамляе мне з "калегамі", якіх сабралася чалавек восем, што сёння метал не бярэ. Прычыну не тлумачыць, але, мусіць, няма грошай на разлік з кліентамі. Можа, паехаць у іншыя пункты? Але такая ж сітуацыя, кажуць бывалыя ў гэтай справе, і там. Таму прыходзіцца вяртацца ў гараж і выгружаць непатрэбны сёння метал.

Што далей? Мацвеевіч раіць не ставіць кропку на маім журналісцкім эксперыменце і зрабіць другую спробу пасля першага лістапада, тым больш што, паводле яго звестак, закупачныя цэны на метал павінны павялічыцца з паўтары да двух тысяч рублёў за кілаграм. І вось у суботу мы разам з ім на двух аўтамабілях зноў накіроўваемся ў пункт, дзе, як стала вядома майму суседу па гаражы, у гэты дзень павінны быць грошы на металалом. Гэтая кропка працуе з дзевяці гадзін, але, прыехаўшы за пятнаццаць хвілін, мы, мусіць, спазніліся, бо ўжо сабралася каля дзясятка аўтамабіляў, а таксама некалькі ручных калясак з металам. І ўпэўненасці ў тым, што ўсе пазбавяцца ад свайго тавару, нешта не адчуваецца. Асабліва калі даведваешся, што адзін са здатчыкаў заняў тут чаргу яшчэ з ночы.

Літаральна ў дзевяць гадзін прыходзіць супрацоўніца гэтага пункта і, яшчэ не адчыніўшы дзвярэй, папярэджвае, што сёння прыме не больш за тры тоны жалеза, і таму тым, хто напрыканцы калейкі, не варта марнаваць час. А калі грошай сёння на разлік не хопіць, то ці можна, здаўшы металалом, атрымаць іх пазней, каб зноў не траціць сілы на пагрузачную аперацыю і бензін? Не, такі варыянт немагчымы.

Мацвеевіч шкадуе, што не заняў чаргу раней. Але, тым не менш, мы вырашаем застацца: можа, усё ж пашанцуе? Бо не ва ўсіх жа столькі жалеза, як у кампаніі мужчын на трох машынах, чые аб'ёмы адразу, пэўна, перавысілі палову заяўленай прыёмшчыцай сённяшняй нормы. Была і дробязь у выглядзе, напрыклад, чыгуннай сметніцы. Праўда, з яе здачай у чалавека ўзнікла праблема. "Дзе ўзяў?" — цікавіцца работніца прыёмнага пункта. "У адной жанчыны, якой рабіў рамонт, засталася яшчэ з савецкага часу", — тлумачыць здатчык. "А ці не з Савецкай плошчы ўзяў?" — пытаецца прыёмшчыца пад рогат некаторых з прысутных. Зрэшты, тут не да жартаў. Тое, што выклікае падазрэнне з пункту гледжання законнасці набыцця і здачы, здаць немагчыма. У нашым жа выпадку знаходзіцца кувалда, і тут жа, ля прыёмнага пункта, сметніца пераўтвараецца ў кавалкі чыгуну. А некаторыя рэчы "легалізацыю" не праходзілі і зноў загружаліся ў машыны.

Як нярэдка бывае ў чэргах, і ў гэтым выпадку знаходзіліся ахвотныя абысці яе, але атрымлівалі рашучы адпор. А асаблівае напружанне ўзнікла тады, калі нешта здарылася з вагамі. Няўжо з-за гэтага сённяшняя прыёмка завершыцца? Але наладзілася.

...Прыкладна праз паўтары гадзіны даходзіць чарга і да нас. У выніку Мацвеевіч зарабіў каля 200 тысяч рублёў, а я — 160 тысяч. Нам пашанцавала, бо на гэтым прыём металалому ў той дзень быў спынены: пэўна, скончыліся грошы на разлік. Быццам і радавацца трэба "шчасліўчыкам". Але асадак у настроі, што ты быў не чаканым кліентам, які, па сутнасці, падстаўляе сваё плячо вырашэнню дзяржаўнай праблемы, а нейкім прасіцелем, усё ж застаецца. Хоць, верагодна, не ва ўсіх.

Дарэчы, макулатуру і выпрацаваныя аўтамабільныя акумулятары, у адрозненне ад жалеза, прымаюць без чаргі. Сыравіна таксама для нашай краіны даволі важная, яе даводзіцца нават імпартаваць. Але ж які ў гэтым выпадку заробак для здатчыкаў? Працягваючы журналісцкі эксперымент, ледзь не паўдня затрачваю на тое, каб выразаць і пакінуць сабе патрэбныя матэрыялы з газет і часопісаў, што сабраліся за даволі працяглы час, фармірую чатыры ўпакоўкі і накіроўваюся ў бліжэйшы ад дома прыёмны пункт другаснай сыравіны. Там зноў жа пераважаюць здатчыкі металалому, і зноў чуеш пра недахоп грошай для разліку з імі. Але макулатуру бяруць без чаргі. Кілаграм каштуе 200 рублёў, і мой заробак складае... 4 тысячы 500 рублёў. І паколькі пехатой з гэтай макулатурай да прыёмкі не дабярэшся, то застаецца толькі параўноўваць мой "прыбытак" з цяперашнім коштам аўтамабільнага паліва і талонаў на праезд у грамадскім транспарце...

Не матэрыяльнае, а, хутчэй, маральнае задавальненне атрымліваю хіба што ў мэблевай краме побач з нашым домам, дзе ўстаноўлена скрыня для збору выпрацаваных батарэек. Можа, пуста там, бо грошы не плацяць? Не, прыемна, што ты далёка не адзіны з гродзенцаў, хто клапоціцца аб экалогіі і далейшым выкарыстанні гэтых элементаў.

А ў пад'ездзе нашага дома нядаўна з'явілася аб'ява з запрашэннем здаваць старыя лямпачкі, якія змяшчаюць ртуць, у пункт пры ЖЭСе. Напэўна, калі назбіраецца іх шмат, трэба будзе не паленавацца завітаць і туды.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сусед па гаражы, былы кіроўца аўтобуса ў Гродне, а цяпер пенсіянер знайшоў "нішу" для паляпшэння свайго матэрыяльнага становішча: ён збірае і здае дзяржаве...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика