Той, хто "Звязду" выпісвае, заўжды выйграе!". 21.by

Той, хто "Звязду" выпісвае, заўжды выйграе!"

26.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Падпіска-2012

Гэта ўжо за правіла: газета павінна не толькі прыходзіць да сваіх чытачоў, але і прыязджаць — што называецца — жыўцом. Каб пазнаёміцца, каб выслухаць заўвагі і прапановы, каб хоць неяк адзначыць (а то і аддзячыць!) тым, хто дзесяцігоддзямі захоўвае вернасць ёй, каб "узгадніць" свае планы.

Для гэтага з лёгкай рукі кіраўніцтва РУП "Белпошта" і ў рэдакцый газет-часопісаў, і ў чытачоў з'явіўся адмысловы дзень — рэспубліканскі дзень падпісчыка. У Мінску ён праходзіць на сталічным паштамце, і, безумоўна ж, заўсёды па-рознаму. Агульнае хіба тое, што ля стэнда "Звязды" пастаянна гучыць беларуская мова і часта смех (бо ладзіцца конкурс на лепшы анекдот альбо байку ў рубрыку "Алё, народ на провадзе!"). А яшчэ — і амаль заўсёды — тут нечым смачненькім пахне: цукеркамі, гарачай гарбатай, дамашнімі піражкамі альбо...

Учора (дзякуючы Ніне Мацвееўне Бурко, нашай падпісчыцы з вёскі Капланцы Бярэзінскага раёна) "Звязда" частавала хлебам-салам (прыгожым, салёным ды з лазовага кошычка)...

Частавала, праўда, не ўсіх, а толькі сваіх, так бы мовіць, — тых, хто размаўляе па-беларуску, тых, хто ведае нашу газету — чытае, афармляе на яе падпіску. Ці хаця б не выракаецца першай дзяржаўнай мовы, мае намер размаўляць і чытаць.

Такім чынам, з падачы Ніны Мацвееўны, у нас нават свежы рэкламны ход з'явіўся: маўляў, частуем усіх, хто падпішацца. Альбо... паабяцае.

Не будзем хлусіць, наведнікі паштамта ў чэргі не выстройваліся (ды і няма іх цяпер на галоўнай сталічнай пошце), але ж уважліва слухалі нас, усміхаліся, многія бралі звяздоўскія календары, каб жывучы па іх — гэта ж магчыма — аднойчы падумаць: "А чаму б не паглядзець, што гэта за газета? І чаму б не выпісаць?".

— "Звязду" я гадоў 15 пастаянна купляла ў шапіку, — дамаўлялася з кіяскёрамі, каб мне пакідалі, — распавядала мінчанка Марыя Мікалаеўна Падліпская. — Але ж, бывала, прыйду, а яны забыліся, альбо нехта іншы ўпрасіў, каб яму прадалі. Выходзіць, я без газеты засталася. Вось і падумала неяк, а навошта мне лішні боль галаўны — дамаўляцца ды пяць разоў на тыдзень у любое надвор'е да шапіка хадзіць. Я ж магу падпісацца, і газету мне дамоў прынясуць. Гады са два ўжо так раблю. Куды лепей стала. Атрымліваю ўсе нумары. Ды і карткі стала дасылаць на розыгрыш прызоў. А той, хто "Звязду" выпісвае, мне здаецца, заўжды выйграе!

Што праўда, то праўда. Адзінае, зазначым, нехта раней, а нехта пазней. Марыі Мікалаеўне пашанцавала падчас апошняга розыгрышу. Ды яшчэ і як!

— Мне, на жаль, ужо не трыццаць і нават не сорак, — прызнавалася жанчына. — Ёсць праблемы са здароўем. Таму ў апошнія гады я вымушана трымацца вельмі строгай дыеты, гатаваць сабе выключна на па́ры. Як я гэта раблю? Наліваю ў каструльку вады, кладу наверх друшлячок, накрываю яго накрыўкай. Вось і ўся мая параварка. А тут ці не Бог мяне пашкадаваў: прыз мне выпаў. Сапраўдная параварка! Чытаю — і вачам не веру! Унучка крычыць: "Ура, бабуля, ты цяпер не будзеш са сваім друшлячком па кухні хадзіць!" А ўсё дзякуючы газеце! Чытаю я кожны нумар — ад першых радкоў да апошніх, гатую шмат па вашых рэцэптах, лекавыя настойкі раблю — з дзівасілу, з дзьмухаўца... Шмат знаходжу цікавага... І сама, і дачка, і ўнучка. Яна ў шостым класе вучыцца...

І гэта, як падалося, добра, што дзяўчынка мае магчымасць штодня бачыць газету. Прычым не толькі ў людным інтэрнэтным варыянце, а менавіта ў папяровым. З ім, скажам так, дзедаўскім, зручна паляжаць на канапе, пасядзець у аўтобусе ці электрычцы, яго можна пяць разоў на тыдзень забіраць з паштовай скрынкі, выпісваць на пошце.

Дарэчы, каб прыцягнуць увагу да сваёй такой патрэбнай людзям працы, Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Белпошта" правяло конкурс на лепшае... пісьмо: ад дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў патрабавалася напісаць, што яны ведаюць пра пошту. Але найперш, вядома ж, падумаць, пашукаць інфармацыю ў інтэрнэце і іншых выданнях, проста схадзіць туды, каб на свае вочы ўбачыць, як там працуецца, распытаць паштавікоў...

— Працу нашых аператараў, нашых паштальёнаў лёгкай не назавеш, — гаварыла начальнік вытворчасці "Мінская пошта" Алена Уладзіміраўна Трубач. — Але ж яна вельмі цікавая, і на прадпрыемстве вельмі шмат людзей, якія прысвяцілі ёй свае жыцці, палюбілі і не змяняюць ні на якую іншую... Пошта (у тым ліку сталічная) вельмі зацікаўлена ў такіх вось кадрах. Згодны вучыць, згодны падтрымліваць... Толькі прыходзьце, толькі сумленна рабіце справу.

...У тым ліку (ад сябе дадамо) афармляйце падпіску на газету "Звязда", прыносьце яе ў паштовыя скрынкі і хаты — людзям, якіх мы шчыра паважаем, дзеля якіх працуем і з якімі з радасцю сустракаемся — у любых месцах, у любы час. І само сабой — у дзень падпісчыка.

Валянціна Доўнар, Таццяна Прус, Уладзімір Здановіч. Фота Марыны Бегунковай.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта ўжо за правіла: газета павінна не толькі прыходзіць да сваіх чытачоў, але і прыязджаць — што называецца — жыўцом. Каб пазнаёміцца, каб выслухаць заўвагі і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика