Святочны "кошык" у рукі і — на Камароўку. 21.by

Святочны "кошык" у рукі і — на Камароўку

29.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Усё! Вырашана: трэба ісці на Камароўскі рынак! Адцягваць няма ніякага сэнсу: у апошнія дні года часу можа не хапіць, зноў жа — перадсвяточны ажыятаж, натоўпы людзей. А прадукты паляжаць некалькі лішніх дзён, не паспеюць сапсавацца. Як і чым зараз затаварваюцца мінчане ў галоўнай "харчовай краме" горада?

.

..Прызнаюся шчыра: не вельмі люблю хадзіць па мясных радах, пабойваюся. Такі чалавек: здолее зачапіць які прадавец, спыніць — нешта куплю. Потым жонка патлумачыць, што не там і не тое. Таму адразу пераходжу да самага цяжкага для мяне моманту — іду ў крыты павільён, да тых самых радоў. Балазе, гаспадыня мая кавалак мяса ўжо даўно замарозіла, таму даводзіцца толькі імітаваць інтарэс, маўляў, выбіраю кавалак свініны для мяса па-французску.

Пакупнікоў зранку каля вітрын не так многа, падысці можна без праблем. Напэўна, у каго была магчымасць, закупілі мяса раней? Або будуць рабіць тое ў апошні момант? Праўда, даводзіцца памятаць пра магчымую памылку і спрабаваць ухіляцца ад заўсёднага: "Мужчына, давайце вам кавалачак добрага мяса падбяром!" Зацікаўлена вывучаю цэннікі: шыя — 65 тысячы рублёў за кілаграм, кумпяк — 55 тысяч, лапатка — 53 тысячы... Калі хоць бы крыху затрымаўся каля прылаўка, абяцаюць "скінуць". Будзем лічыць, што мяса купіў. (На язык ялавічны па 98 тысяч рублёў толькі аблізнуўся...)

Далей у нашым перадсвяточным спісе ідзе бройлер. Вось тут, у "птушыных" радах, пакупнікоў ужо больш, хоць вялікай таўкатні таксама не назіраецца. І закупкі ў іх перадсвяточныя, некаторыя відавочна бяруць не толькі для сябе, але і родным, сваякам. "Чырвоная" цана — 24 690 рублёў за кілаграм. Праўда, потым на выхадзе заўважыў такога ж бройлера, але па 23,6 тысячы. Дробязь, а прыемна, як кажуць. Дарэчы, для аматараў прыгатаваць на навагодні стол качку трэба рыхтаваць недзе каля 110-120 тысяч за тушку ў залежнасці ад вагі. Прадавалася гэтая птушка ў некалькіх месцах у крытым павільёне, а таксама ў адным месцы чамусьці на адкрытым рынку. Там прадавец больш акрэслена назваў цану — 60 тысяч рублёў за кілаграм. А паколькі мы яшчэ не сышлі з гэтых радоў, набываем яйкі. Ад першай мінскай птушкафабрыкі Д-1 яны ішлі па 8 410 рублёў за дзясятак. Гэтым самым дзясяткам і абмяжуемся, калі не будзем фаршыраваць яйкі, на салаты хопіць, так?..

З цвёрдым сырам выйшла нечаканая замінка. Выбар быў. Толькі цэны... Натуральна, хацелася разлічваць на меншы кошт. Але, пабегаўшы, знайшоў толькі галандскі валожынскай вытворчасці 45-тлустасці па 39,7 тысячы рублёў за кілаграм. Іншыя даходзілі да 59 тысяч. А літоўскія ўвогуле каштавалі па 115-150 тысяч рублёў за кілаграм... Пакуль не сышлі адсюль, кідаем у наш перадсвяточны "спажывецкі кошык" чатыры-пяць (не прападзе!) пачкаў маянэзу "Правансаль гарадскі". Па 200 грамаў, па 3280 рублёў за пачак. Танней, чым у краме каля дома рублёў на 200, але ж мы не спецыяльна па яго на Камароўку прыйшлі, проста скарысталі момант.

...У рыбных радах прыкладна тое ж, што і ў мясных: "Не праходзім міма, выбіраем смачны селядзец". І сапраўды, тлусты, слабасалёны. Цана на яго, як у інкубатары— 30 400 рублёў за кілаграм. Толькі ў аднаго ці двух прадаўцоў заўважыў цану 29 950. Што б яшчэ з рыбных далікатэсаў прыкупіць? Салёная скумбрыя па 70 тысяч, падвэнджаная па 90 тысяч, падаецца, будуць ужо лішнімі. 140-грамовая бляшаначка чырвонай ікры з Брэста па 62 тысячы або з Далёкага Усходу па 71,5 тысячы рублёў? Абмяжуемся "залатой сярэдзінай": возьмем 200-грамовую ўпакоўку слабасалёнай сёмгі або падвэнджанай фарэлі. Розніца невялікая: 30 тысяч за першую, адпаведна, на 3 350 рублёў больш за другую. Зробім бутэрброды з рыбкай. Для тых, каму не надакучылі бутэрброды са шпротамі, набыццё такой 160-грамовай бляшаначкі з Латвіі будзе каштаваць 10,8 тысячы. Гэта, дарэчы, амаль як у любой краме.

Неспадзяванка па цэнавым фактары чакала і з паўвэнджанай каўбасой. Смачная "Гаспадарская", за якую на мінулым тыдні прасілі 75 тысяч рублёў за кілаграм, цяпер сустрэла цэннікам 87,9 тысячы. Астатнія — хіба толькі што назвы розныя былі — каштавалі ад 75 да 104 тысяч рублёў. Пытанне пра каўбаску да святочнага стала неяк завісла ў паветры...

Перад тым, як скіравацца на адкрытую частку рынка па астатнія патрэбныя прадукты, варта было зазірнуць на другі паверх крытага павільёна — каб набыць нешта з салодкага. Каля крам пакупнікі не пераводзіліся. Што да цэн, дык, напрыклад, цукеркі "Сталічныя" прадаваліся па 89,4 тысячы рублёў за кілаграм. Гэтак жа, як і "Любімая Алёнка". "Грыльяж на арахісе" каштаваў 65 910 рублёў, "Белавежская пушча" — 80 890 рублёў за кілаграм.

...На адкрытай пляцоўцы, падавалася, людзі — і пакупнікі, і прадаўцы — былі больш усмешлівымі. Ці тое ўражанне было ад яркіх колераў садавіны і гародніны? Няма снегу, шэрань навокал, усе ў зімовым цёмным адзенні. А тут — жоўтыя лімоны, аранжавыя апельсіны і мандарыны, чырвоныя салодкія перцы, зялёная свежая цыбуля! Апошняя, дарэчы, прадавалася па 3,5 тысячы рублёў за 100 грамаў. Ну а мы — наш "кошык" у рукі, і па радах!

Самая танная бульба з убачанай — 1,8 тысячы рублёў. Не ведаю, як каму, а для мяне святочны стол без бульбы — і не святочны. Цыбуля прадаецца і па 2-2,5 тысячы за кілаграм, і за 3,5 тысячы. Вядома, рынак, спяшацца не варта. Бурачок — 3 тысячы, морква — 3,3-3,5 тысячы рублёў. Свежыя агуркі-памідоры прадаюцца практычна па аднолькавай цане — 28-30 тысяч. Салодкія балгарскія перцы — па 29-34 тысячы. Мандарыны з Абхазіі — ад 12 тысяч. Іспанскія апельсіны былі заўважаны па 14-16 тысяч рублёў, егіпецкія — па 17 тысяч. Натуральна, былі і больш высокія цэны, проста мы імкнуліся знайсці меншыя цэннікі не ва ўрон якасці. Скажам, той жа вінаград прадаваўся ад 11 да 18 тысяч (адпаведна, малдаўскі і турэцкі), а іспанскі — велізарны — і па 40 тысяч рублёў за кілаграм. На яблыкі — што на нашы родненькія, што на малдаўскія — нібы нейкі цэнавы "стандарт": або 9,5-10 тысяч, або 14 тысяч рублёў за кілаграм. Апошні варыянт пераважаў: і на салодкія плады, і на кіслыя. А самыя танныя яблыкі знайшоў у бабулі на месцах сезоннага рынку — 8 тысяч. А які Новы год без ананаса? Цэннік на яго — ад 20 да 30 тысяч рублёў за кілаграм. Улічваючы, што адзін добры заморскі плод будзе важыць каля двух кілаграмаў, цана пытання — ад 40 тысяч.

Затаварыўшыся як след садавіной і гароднінай, нельга не зазірнуць на імправізаваны "рыбны кірмаш" у канцы адкрытай пляцоўкі. Тут — некалькі машын ад розных рыбгасаў. Вялікіх чэргаў няма, але і прадаўцы без працы не стаяць. Элітны карп (па ім адразу відаць) прадаецца па 24 тысячы рублёў за кілаграм, адборны ідзе па 21,9 тысячы, рыбіны вагой ад 400 да 600 грамаў — па 18 тысяч. Побач можна набыць і таўсталобіка: буйнога амаль па 18 тысяч рублёў за кілаграм, трохі меншага — па 15 тысяч рублёў.

...У руках — цяжар, у партманеце... А гэта пры жаданні кожны можа самастойна падлічыць. Зыходзячы з патрэб і густаў. І з улікам таго, што мы рыхтуемся да аднаго з любімых (зімовых і ўвогуле) святаў.

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усё! Вырашана: трэба ісці на Камароўскі рынак! Адцягваць няма ніякага сэнсу: у апошнія дні года часу можа не хапіць, зноў жа — перадсвяточны ажыятаж, натоўпы людзей....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика