У цэнтры начнога знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства ў Віцебску - "аншлаг". 21.by

У цэнтры начнога знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства ў Віцебску - "аншлаг"

02.02.2012 10:34 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У цэнтры начнога знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства ў Віцебску - "аншлаг"


Цікава, што бяздомных могуць размясціць тут толькі пры іх згодзе. І нават падпісваюць адпаведныя дагаворы. У моцныя халады, зразумела, бяздомныя прыходзяць сюды значна ахвотней. Праўда, некаторыя з іх — толькі каб "перазімаваць". А потым — зноў да вольнага жыцця, зразумелага толькі ім, напоўненага сваімі "выгодамі" і нейкім таямнічым для нармальных людзей адчуваннем свабоды. А зімой у гэтай установе, можна сказаць, "аншлаг". Чаму б не пажыць? Тут цёпла, утульна. Па камфорце пражывання цэнтр смела можна параўнаць з атэлем.

Калі аўтар гэтых радкоў прыехаў у "дом для бамжоў" (менавіта так многія гараджане называюць цэнтр.А.П.), туды якраз прывезлі "партыю" патэнцыйных кліентаў. Калі б не "пакамечаны" выгляд гэтых грамадзян і міліцыянеры, якія іх суправаджалі, падумаў бы, што гэта турысты прыбылі для размяшчэння ў гасцініцу. Са сціплым багажом, які змяшчаўся ў сумках і пакетах, яны выходзілі з аўтобуса. Убачыўшы фотакамеру, некаторыя адварочваліся. Ці хаваліся за спіны менш сарамлівых.

Дырэктар Віцебскага гарадскога цэнтра часовага (начнога) знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства Мікалай Спірыдонаў сустрэў гасцей ветліва.

— Ну вось, сяброўка мая зноў да нас прыехала! — звярнуўся ён да самай "зорнай" госці. — Ну што, зноў пачнём новае жыццё? Ты ж такой прыгожай ад нас сышла. У новым адзенні.

У адказ — маўчанне.

— Вас ніхто не будзе сілай тут утрымліваць. Ёсць жаданне — адразу можаце пайсці. Праўда, думаю, гуляць будзеце нядоўга, — сказаў дырэктар. — Хто хоча атрымаць шанц і пачаць сваё жыццё з нуля? Падыміце рукі.

Спачатку паднялі рукі толькі тры чалавекі. Потым яшчэ, яшчэ...

— Калі не хочаце трапіць у "лётна-тэхнічны полк" (так дырэктар пажартаваў наконт абрэвіятуры лячэбна-працоўнага прафілакторыя), прапануем адумацца і паспрабаваць знайсці працу. А мы вам дапаможам.

Табу на прыход у нецвярозым стане 

Зараз у цэнтры жывуць 25 чалавек. А ўсяго ён адначасова можа ўмясціць каля сарака бяздомных. Усе яны перад тым, як пасяліцца, знаёмяцца з правіламі знаходжання. Табу накладзена на прыход у нецвярозым стане, як, зразумела, і на выпіўку ў самім цэнтры. Пастаяльцы павінны прывесці ў парадак свой знешні выгляд. Каб не заводзіліся "шкодныя насякомыя", мужчынам нельга адрошчваць бараду. Вусы — дазваляюцца.

У дзесяць гадзін вечара дзверы цэнтра зачыняюцца. А ў восем гадзін раніцы там нікога з жыхароў ужо не павінна быць. Днём усе разыходзяцца па інстанцыях афармляць неабходныя дакументы, шукаць працу, працаваць, калі знайшлі. З усімі пастаяльцамі заключаецца двухбаковы дагавор на пражыванне. Розныя гуманітарныя арганізацыі (напрыклад, "Чырвоны Крыж") дапамагаюць чым могуць: адзеннем, сродкамі гігіены. Каталіцкая царква арганізавала бясплатны абед. Сястра з касцёла раздае гарачую ежу. У цэнтры бываюць канцэрты, тут святкуюць Каляды, Новы год. Як расказаў дырэктар, нават вяселле справілі. Будучыя муж і жонка — з былых бяздомных. Пазнаёміліся ў цэнтры, закахаліся. Цяпер жывуць нармальным жыццём, працуюць.

"Атэль" у былым садку

"Дом для бамжоў" у Віцебску працуе на вуліцы Гагарына. Старажылы горада добра памятаюць, што ў гэтым доме № 88а раней быў дзіцячы садок. У цэнтры — больш за дзесяць спальных пакояў. Ёсць душавыя, добрая актавая зала з тэлевізарам. І кніжку можна ўзяць пачытаць у бібліятэцы, і свежыя газеты. Працуе медыцынскі пункт. У сталовай ёсць халадзільнік, электрапліта, мікрахвалевая печка, аднаразовы посуд. За парадкам сочыць міліцыянер. У цэнтры можна жыць да шасці месяцаў. У асобных выпадках — да года. Усе паслугі бясплатныя.

Як пажартаваў адзін з чыноўнікаў, які пабываў у цэнтры падчас яго адкрыцця, па ўмовах пражывання ўстанову можна смела параўнаць з "трохзоркавым" атэлем. На стварэнне цэнтра было патрачана больш за 1,2 мільярда рублёў. Замежныя вернікі фінансавалі набыццё ложкаў і абсталявання для апрацоўкі адзення. Дапамагалі таксама прадпрыемствы і арганізацыі.

Пагутарыў з навасёламі. Адзін, як высветлілася, родам з Сібіры. Усё скардзіўся, што нікому не патрэбны. А хто ж вінаваты? Дзеці, паводле яго слоў, ужо дарослыя, у былой жонкі — сваё жыццё. Мог бы пераехаць у Расію, ды з блізкімі стасункаў не падтрымлівае...

Другі даўно ўжо прыехаў жыць у Беларусь ажно з Туркменістана. Там і цяпер жывуць яго бацькі, браты, сёстры. Сказаў, што праблемы пачаліся пасля таго, як на віцебскім мясакамбінаце, дзе працаваў, папаўся на крадзяжы. Не пасадзілі, толькі вылічвалі грошы штомесяц з зарплаты. Дык выплаціў бы ўсё і жыў далей спакойна. Адказаў, што "палова" ва ўсім вінаватая — выгнала на вуліцу. Напэўна, з-за таго, што моцна піць пачаў... Цяпер збіраецца трохі "адпачыць" ды вярнуцца да родных. Безумоўна, пасля вуліцы тут, у цэнтры, як у раі.

З'есці, каб... сесці

Уладзімір Пранько, намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Віцебскага аблвыканкама, расказаў, што бяздомных перыядычна збіраюць і тлумачаць ім, як можна трапіць у цэнтр.

— У нашай размове бяруць удзел і прадстаўнікі сістэмы аховы здароўя, сацыяльнай службы, — растлумачыў Уладзімір Пранько. — Многія бяздомныя пасля аказання ім паслуг у санітарным прапускніку сыходзяць. З імі даволі цяжка праводзіць прафілактычную работу: толькі калі затрымалі за нешта... Цяпер дзейнічаем па-іншаму. Дамовіліся з кіраўніцтвам упраўлення аховы здароўя аблвыканкама пра выдзяленне месцаў у псіхіятрычных бальніцах (у наркалагічных аддзяленнях). Усім, хто сёння прыбыў у цэнтр, да гэтага прапанавалі палячыцца. І ўсе без выключэння з вялікім жаданнем пагадзіліся. Таму што халады прыйшлі, дык чаму б не аказацца ў нармальных, нават камфортных умовах? Усе гэтыя адзінаццаць чалавек пралячыліся ў Лепельскай псіхіятрычнай бальніцы, прайшлі поўны медыцынскі агляд. Бо кожны затрымліваўся і прыцягваўся да адказнасці за парушэнне правапарадку ў нецвярозым стане. І на падставе адпаведнага закона іх стан здароўя вывучылі медыкі. Фактычна раней гэтага не рабілася.

Цяпер, пасля лячэння, гэтым людзям лягчэй "уцягвацца" ў нармальнае жыццё ў цэнтры. І многае, зразумела, залежыць ад тых спецыялістаў сацыяльнай службы, якія павінны прапанаваць працу, паклапаціцца пра выдзяленне жылля. На кожнага бяздомнага завядуць спецыяльную прафілактычную "справу" ў адпаведнасці з заканадаўствам аб асновах дзейнасці па прафілактыцы. Толькі летась праваахоўныя органы накіравалі ў цэнтр больш за 100 чалавек. З іх каля трыццаці, як гавораць, "жалезна" зачапіліся за жыццё.

Сярод бамжоў ёсць, можна сказаць, рэдкія "кадры". Адзін, напрыклад, аж 56 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за дробныя крадзяжы. Заходзіць у краму, бярэ нейкі прадукт (сырок, у прыватнасці) і пачынае есці... За год адсядзеў 45 сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Хаця пры гэтым ні разу не прыцягваўся да адказнасці за ўжыванне спіртнога. Іншыя, калі прыходзяць халады, спецыяльна ідуць на злачынствы, каб трапіць у месцы пазбаўлення волі, дзе цёпла і кормяць.

Праблема з пашпартызацыяй

Гэтую праблему, бадай, можна вырашыць толькі на заканадаўчым узроўні. Як расказаў Уладзімір Пранько, існуе праблема з атрыманнем бяздомнымі пашпартоў. З адпаведнымі прапановамі зацікаўленыя службы аховы правапарадку павінны выйсці на адказных асоб розных узроўняў у тым ліку і рэспубліканскага.

Дарэчы, каб трапіць у цэнтр начнога знаходжання, бамжу патрэбна рэгістрацыя, якую неабходна атрымаць у тэрытарыяльным аддзеле па грамадзянстве і міграцыі. За рэгістрацыю, у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў, трэба заплаціць 7 тысяч рублёў (на момант нашай размовы. — А.П.). Акрамя таго, патрэбны пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Каб атрымаць пашпарт, трэба таксама заплаціць — 17 тысяч рублёў. Але паўстае пытанне: адкуль грошы, няхай і невялікія, у бяздомнага?

Па падліках супрацоўнікаў міліцыі, ва ўсёй Віцебскай вобласці пражывае сто бяздомных. Аналагічны віцебскаму цэнтр начнога знаходжання адкрыўся ў Оршы — у корпусе былой чыгуначнай бальніцы. Адначасова тут могуць размясціцца да 25 чалавек. Яшчэ адна падобная ўстанова ствараецца і ў Полацкім раёне. Што датычыцца глыбінкі, як адзначылі спецыялісты, бамжоў там няма. А калі з'яўляюцца, іх праблемы могуць, калі пастараюцца, вырашыць прадстаўнікі мясцовай улады. Не будаваць жа цэнтры ў кожным раёне для аднаго-двух чалавек? 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цікава, што бяздомных могуць размясціць тут толькі пры іх згодзе. І нават падпісваюць адпаведныя дагаворы. У моцныя халады, зразумела, бяздомныя прыходзяць сюды...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика